• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    Па сканчэнні працы валачобнікі са здабычай вяртаюцца ў сваю вёску і збіраюцца ў хаце запявалы ці найбольш паважанага з падхватнікаў, а часам у гумне. Пачынаецца дзяліцьба. Пачынальнік аддзяляе ад усяго збору тое, што дадзена было яму асабіста. Затым лічацца асобна яйкі, кавалкі мяса, пірагоў, хлеба, і кожнаму валачобніку з кожнай «стацці» выдаецца аднолькавая доля, а ўсё, што застаецца ад роўнай дзяльбы, складае непатрэбны барыш запявалы. Нярэдка пры гэтым бываюць сваркі і бойкі: рускі чалавек нападпітку, асабліва на свята, рэдка адмаўляе сабе ў гэтай прыемнасці. Частка здабычы амаль заўсёды тут жа бывае і з’едзена; рэшта прыносіцца дамоў, у рэдкіх выпадках трапляе ў карчму. А яйкі бяруцца для так званага качання.
    НАРОДНАЕ СВЯТКАВАННЕ ЮР’ЕВА ДНЯ Ў ЗАХОДНЯЙ РАСІІ
    Свята св. Юр’я ў Заходняй Расіі абстаўлена, па народным паданні, шматлікімі цырымоніямі. У некаторых месцах (Мір — Мінская губ., Навагрудскі п.) у гэты дзень сяляне адпраўляюцца на могілкі і запрашаюць туды свяшчэнніка адслужыць ім паніхіду. Памянуўшы сваіх родных, яны з прынесенай загадзя ежай і гарэлкай застаюцца на могілках і там п’юць, ядуць, спяваюць песні па памерлых. Рэшткі ежы яны пакідаюць на могілках, думаючы, што мёртвыя выкарыстаюць гэта пасля таго, як яны пойдуць, таму што ў прысутнасці жывых мёртвыя не могуць есці. Гарэлку, калі застаецца, звычайна выліваюць на магілку з той мэтай, каб, прынамсі, абліць ёю мёртвага, які раптам, устаўшы пасля, не захоча яе піць.
    Дзень Юр’я лічыцца апошнім, у які можна яшчэ біцца яйкамі, што засталіся ад свята Вялікадня.
    Св. Юрый лічыцца ў сялян заступнікам жывёлы і асабліва коней. У ноч перад Юр’ем неабходна выводзіць коней у поле: гавораць, што ў гэты час з’яўляецца першая раса, якая вельмі карысная для жывёлы, асабліва для коней.
    У песні спяваецца так:
    Святы Юрай да ўрасіўся
    або
    Святы Юрай, божы ключнік, Вазьмі ключы. ідзі ў стайню,
    Вазьмі каня варанога, Ідзі ў поле ў чыстае, Адамкні зямлю, пусці расу.
    Або
    Юрай, уставай рана, Адмыкай зямлю, Выпушчай расу На цёплае лета, На буйнае жыта, На ядраністае, На каласістае, Людзям на здароўе.
    Дамовіўшыся з вядомым начлежнікам, якому гаспадар мае намер даручыць сваіх коней, спачатку ён з усёй сям’ёй становіцца перад іконай св. Георгія і моліцца, каб захаваць сваіх коней у цэласці. Пасля малітвы гаспадар бярэ столькі яек, колькі ў яго коней; тры разы абыходзіць вакол хлява, дзе стаяць коні, пасля кладзе іх пад парогам. Перахрысціўшыся тры разы, гаспадар адчыняе хлеў, уваходзіць туды, прымаўляючы: «Прыйшла Юр’ева раса, не дам вам аўса». Тры разы гладзіць іх рукой па ўсёй спіне, надзявае аброць, выводзіць з хлява і стараецца сам правай нагой стаць на парог хлява, дзе пакладзены яйкі: там, на думку сялян, знаходзіцца д’ябал, які ўсяляк імкнецца пашкодзіць коням і можа зрабіць гэта толькі напярэдадні Юр’ева дня. Стаць правай нагой на парог хлява — значыць зусім абяссіліць д’ябла, зрабіць яго для сябе бясшкодным. Вывеўшы коней з хлява, гаспадар перадае іх начлежніку. Разам з тым ён дае яму пару каўбас, кварту пшанічнай мукі, кусок сала, які-небудзь дзесятак яек і некалькі грошай. Начлежнік адпраўляецца ў раней ужо ўмоўленае з таварышамі месца, і там усе яны наладжваюць сабе пачастунак (в. Загор’е Сеннінскае — Мінская губ., Навагрудскі п.).
    Народнае паданне расказвае, якім чынам св. Юрый зрабіўся заступнікам жывёлы. Аднойчы бог склікаў усю жывёлу пад вялікі дуб (дзесьці пад канец свята, па выказванні сялян). Тут разам з богам былі і ўсе святыя, за выключэннем аднаго Юр’я, які не паспеў з’явіцца да гэтай урачыстасці з-за далёкай дарогі. Ззаду за святымі стаяў «нячысты дух». На гэтым сходзе бог прызначаў кожнаму класу створаных істот асобную ежу, якая каму падабаецца. Д’ябал выпрасіў ^ля сябе ў бога авёс, жадаючы, такім чынам, быць панам над коньмі. У гэты час падаспеў і Юрый і стаў прасіць у бога і яму даць штонебудзь з яго тварэнняў. Бог даў Юр’ю асот. Юрый стаў
    прасіць у бога чаго-небудзь лепшага. Бог заўважыў яму: калі адбярэш у д’ябла, то будзе твой авёс. Юрый, не трацячы ні хвіліны, паспяшаўся апярэдзіць д’ябла і засеў непадалёку ад той нары, праз якую чэрці прабіраюцца з пекла на гэты свет і назад. Д’ябал, каб не забыцца, што назначыў яму бог, пастаянна гаварыў: «Авёс, авёс, авёс». А тут Юрый выскачыў з-за куста і крыкнуў нечакана: «Ага!» Чорт перапалохаўся, пачаў калаціцца, пляваць: «Цьфу, забыўся нават, што гаварыў!» «Ты паўтараў — асот»,— падказаў яму Юрый. Д’ябал стаў гаварыць «асот» замест «авёс» і адправіўся ў сваё царства. Юрый паспяшаўся да бога і быў назначаны апекуном жывёлы і ў сваё распараджэнне атрымаў авёс. Таму пастухі лічаць вялікім няшчасцем не пабыць у гэты дзень у царкве, а сяляне не наварыць аўсянага кісялю. Падобны погляд на Юр’я выражаецца і ў народных песнях.
    Напярэдадні свята Юр’я гаспадыні ў некаторых месцах пякуць хлеб, так званы каравай, абгортваюць яго пасля абрусам і аддаюць гаспадару. Узяўшы каравай, гаспадар кладзе яго ў кашэль (торбу з кары бяросты). Устаўшы на другі дзень як можна раней, гаспадар бярэ кашэль з караваем, адпраўляецца ў дарогу і абыходзіць усё сваё поле. Прыйшоўшы да апошняй паласы, дзе расце жыта, гаспадар дастае каравай, кладзе яго ў жыта і параўноўвае вышыню жыта з караваем. Калі каравай схаваецца ў жыце, то жыта, гавораць, у гэтым годзе будзе добрае. Прачытаўшы тут жа малітву, гаспадар адпраўляецца дадому. Калі ён вяртаецца дадому так рана, што ў сям’і не ўсе яшчэ ўсталі, то ён сам крыху адпачне, а пасля, калі ўсе падрыхтуюцца да снедання, разразае каравай на порцыі па колькасці членаў сям’і, і ўсе разам пасля малітвы снедаюць. Адведаўшы «святога хлеба», гаспадар спяшаецца ў царкву памаліцца св. Юр’ю з мэтай захавання яго жывёлы.
    У другіх месцах гэтыя цырымоніі завяршаюцца крыху складаней, болей урачыста.
    Спёкшы каравай, гаспадары часам з сям’ёй раненька, абавязкова не еўшы, адпраўляюцца ў абход сваіх палёў. Акрамя каравая яны бяруць з сабой гарэлку, каўбасы, яйкі, косці ад той ялавічыны, якую асвячалі на свята Вялікадня. Косці захоўваюцца ці ў натуральным выглядзе, ці ў выглядзе попелу пасля таго, як іх спаляць. Прыйшоўшы на поле, гаспадары часам качаюцца самі па жыце, каб акрапіцца «Юр’евай расой», а пасля качаюць свае караваі. Абыходзяць свае нівы з песнямі: «Юрый, уставай рана, адмыкай зямлю» і інш. На мяжы поля віншуюць сваю ніву. «Добры дзень, ніва святая,— гавораць сяляне,— віншуем з хлебам і соллю і святым Юр’ем, каб бог
    і Юрый пацешылі надвор’ем, ураджаем і здароўем». Гаспадару пры гэтым жадаюць піва варыць, сына жаніць, гарэлку гнаць, дачку замуж аддаваць. Пасля гэтага тут жа пачынаецца баляванне. Выпіваюць прынесеную гарэлку і закусваюць. Касцямі, калі яны ў натуральным выглядзе, абтыкаюць мяжу; калі ж яны захаваны ў выглядзе попелу, то апошнім абсыпаюць тыя месцы, на якіх расце асака. Думаюць, што пасля гэтага не будзе расці пустазелле.
    Ці яшчэ: абыходзяць палі з асвячонай вярбой. Пасля ў пэўным месцы ўтыкаюць яе ў зямлю з той надзеяй, што гэтым абароняць (засцерагуць) ніву сваю ад граду. Каб пазбавіцца ад граду, звяртаюцца яшчэ і да такіх сродкаў: калі ўбачаць градавую хмару, адломваюць некалькі галінак асвячонай вярбы, бяруць рознага роду травы (зелле), асвячоныя ў дзень Іаана Хрысціцеля ў мінулым годзе, на «зельную», і кідаюць усё гэта ў гарачае вуголле: думаюць, што хмара пасля гэтага пройдзе без шкоды.
    Сярод сялян у некаторых месцах захоўваецца паданне, чаму неабходна ў дзень св. Юр’я рабіць абход сваіх палёў. Гавораць, што калісьці было зроблена такое распараджэнне, што калі сын не заб’е свайго састарэлага бацьку ў той час, калі сам можа быць гаспадаром, то сам ён ад грамадства павінен падвергнуцца гэтай долі. Аднак здарылася так, што адзін добры сын вельмі быў прыхільны да свайго бацькі, і ў яго ніяк не падымалася рука зрабіць злачынства. He хацелася ў той жа час і самому падвергнуцца цяжкай долі. Вось любячы сын схаваў свайго бацьку ў склеп, распусціў тады ж слух, што ён забіў яго. Справа была ўладжана. Сын між тым пастаянна наведваў свайго бацьку, прыносіў яму ўсё неабходнае для жыцця і карыстаўся яго парадамі. Атрымалася, што ў гаспадарцы не стала жыта для сяўбы ды і недзе было купіць яго. Сын звярнуўся за парадай да бацькі, як быць у дадзеным выпадку. Бацька параіў яму пайсці набраць саломы, якою накрыты хаты, добра перамалаціць яе і пасля рассеяць па полі. Сын так і зрабіў. 3 прыходам вясны сын пайшоў паглядзець, што робіцца на яго ніве, якія ўсходы, але там, на яго здзіўленне, хоць шаром пакаці, нічога не было. Засмучаны, сын ізноў пайшоў да бацькі, паведаміў яму сваю тугу і гора. Бацька сказаў, што ён у дзень св. Юр’я павінен пайсці на поле, абысці яго, а пасля паслухаць, што будзе гаварыць жыта. Абышоўшы поле, сын прыклаў вуха да зямлі і стаў слухаць, улёгшыся на загоне. Жыта як бы гаварыла яму: «Пасунься ты, тут сядуць тры», што быццам бы ўказвала на будучыя густыя ўсходы. Сапраўды, жыта ўрадзілася
    надзвычай добрае, кусцістае на заглядзенне ўсім суседзям. Удзячны сын адкрыў, у чым тайна... Усе, вядома, пранікліся глыбокай павагай да старога і рашылі болей не забіваць сваіх бацькоў, а на Юр’я абыходзіць палі і слухаць, што гаворыць жыта.
    У некаторых месцах яшчэ водзіцца звычай, каб маладзіца, якая выйшла ў тую зіму замуж, накрыла ўсходы жыта палатном. Пасля гэтага п’юць і закусваюць у гонар заступніка статкаў і гаспадаркі. Яшчэ часам некалькі дзяўчат пякуць вялікі каравай і ў суправаджэнні хлопцаў нясуць яго з урачыстасцю над галавой. Заходзяць з віншаваннямі да ганаровых гаспадароў і не дзеля частавання, а дзеля чэснага пажадання, каб удзельніцам абраду болей не давялося хадзіць з караваем на Юр’я, а пашчаслівілася да наступнага года выйсці замуж. Хлопцы выкупляюць каравай у складчыну рубля за паўтара і менш. Пасля ўсяго наладжваецца агульная закуска і выпіўка.
    Па надвор’і ў дзень Юр’я гаспадары варожаць аб поспеху ў гаспадарцы. Калі ў Юр’еў дзень ідзе дождж (густы, вялікі), то, гавораць, будзе расці вялікае жыта. Калі дождж будзе толькі крапіць, то будуць увесь год каровы даіцца. Калі будзе раса, то будзе ў дастатку коням аўса.
    3 заходнерускімі юр’еўскімі павер’ямі і прыкметамі маюць шмат агульнага і велікарускія. На Юр’я раса — не трэба коням аўса. Юрый запасвае кароў. Юрый — свята пастухоў. «Юр’ева раса» — ад сурокі, ад сямі хвароб. Будзь здароў, як «Юр’ева раса»... Юрый вясну пачынае, Юрый работы пачынае, Юрый і канчае. На Русі два Юр’і: халодны (26 лістапада) і галодны (23 красавіка) і інш.