Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Сядзіць пісар за сталом, Носы павесіўшы.
— Ніц не будзе з мужыкоў, Гадаў тых не біўшы. А старшына з старастамі Аба ўсім талкуе: — Ах, пане старшына, На кручок бракуе!
Трэба ўзяці з кожнае хаты На кручок і на табаку, I не менша і не больша, Толькі па шастаку...
А ў час свята ды яшчэ такога вялікага, тым больш, тым больш, што там колькі ўгодна «тае як той каа казаў, добра ён каа казаў, што яна й параджае, яна й пахавае». Таксама звычайна беларус «праважае і Каляды», і Вялікдзень, і іншыя святы, і, адтуль выйшаўшы пасля «праводзін», ён паўп’яны прымаецца за сваю работу.
ВЯЛІКДЗЕНЬ У БЕЛАРУСАЎ ВІЛЕНСКАЙ ГУБЕРНІ
Свята Вялікадня па сваёй велічнасці рэзка вылучаецца з кола ўсіх свят... Святкаванне Вялікадня ранняй вясной, калі толькі што пачынае ажываць прырода пасля зімовага сну, надае гэтаму святу нейкае асаблівае значэнне. 3 наступленнем Вялікадня мы, так сказаць, развітваемся з зімой і сустракаем вясну ва ўсім яе харастве. Гэтым святам пачынаецца для земляроба многа палявых работ: трэба ўзараць поле пад яравыя, трэба яго засеяць, заскародзіць, трэба пасадзіць у агародзе, узараць зямлю пад азімыя пасевы для будучага года і г. д. Але ўсе гэтыя работы, якія павінны адбыцца, не страш-
ныя для нашага беларуса: ён любіць сваю адзіную карміцельку-ніву і, працуючы ў поце, выконвае тым самым сваё вялікае назначэнне перад людзьмі. Ен працуе з поўнай аддачай і любоўю. Усё гэта, блізка звязанае з часам святкавання Вялікадня, вылучае дадзенае свята з ліку іншых і надае яму нейкую асаблівую прыгажосць...
Яшчэ за тыдзень да Вялікадня пачынаецца падрыхтоўка да свята. Ужо на Вербніцу заўважаецца пэўнае ажыўленне з выпадку блізкасці свята, і слова «Вялікдзень» ва ўсіх на вуснах. Так як з Вербнага тыдня звычайна пачынаюць выганяць у поле жывёлу, пасцёбваючы яе свянцонай вярбой, то і склалася ў нашага народа наступная песня, якая выконваецца рэчытатывам:
Вярба б’е, He я б’ю. За тыдзень — Вялікдзень. Вярбовым дубцом, Ды самым канцом. Уставай рана Быдла гнаць. He забудзься Лусты ўзяць.
Пры вымаўленні гэтых слоў у сувязі з укаранелым звычаем сцябаюць адзін другога вярбой.
Увесь перадвелікодны тыдзень праходзіць у клопатах па частцы падрыхтоўкі да свята. Работы, асабліва для гаспадынь, мноства: трэба напячы, наварыць, насаліць рознай ежы на свята, трэба хоць раз у год і менавіта цяпер перад Вялікаднем зрабіць, так сказаць, генеральнае мыццё хаты: вымыць столь, сцены, сталы, лавы, вычысціць падпечак, дзе ўсю зіму зімавалі куры, ачысціць печ, а часам і пабяліць яе. Што тычыцца велікоднай ежы, то беларускія гаспадыні тут шмат не мудруюць, і ва ўсіх свянцонае бывае аднолькавае: яйкі, пафарбаваныя шалупіннем цыбулі, сыр, масла, пірагі, вяндліна, кілбасы, парасё, смажаная цяляціна — вось, здаецца, і ўсё. Але, гаворачы аб падрыхтоўцы да свята Вялікадня, мы павінны адзначыць два дні перадвелікоднага тыдня — чацвер і пятніцу. У «чысты» чацвер дзяўчаты звычайна ўстаюць вельмі рана, так за гадзіну ці за дзве да ўсходу сонца, каб памыцца халоднай крынічнай вадой. Гэта для таго, каб быць чыстай улетку і каб «загара» не прыставала. У «чыстую» пятніцу некаторымі выконваецца дужа дзіўны і недарэчны звычай. Калі ёсць у сям’і хлопчык 8—10 гадоў, то ён раніцай, калі ўсе яшчэ спяць, зусім
голы вымятае з хаты смецце і зносіць яго ў хлеў, дзе знаходзіцца жывёла. Паводле народнага павер’я, гэта робіцца для таго, каб увесь год у хаце не было блох. У Вялікую суботу ўся падрыхтоўка да свята павінна быць закончана: хата ўнутры і знадворку ўся ачышчана, велікодная ежа згатавана. Беларусу застаецца заняцца сабою: памыцца, «ачысціцца», прыбрацца да светлага свята. Напальваюць агульную для ўсёй вёскі лазню і ідуць туды «ачышчацца»; спачатку — мужчыны, а пасля іх — жанчыны. Велікодная ежа складваецца ў спецыяльны кораб, сплецены з саломы, у той іменна кораб, з якога сеюць, чаму і называецца гэты кораб «сявенька», а калі ён лубяны, то «лубянка». У суботу свяшчэннік па раней аб’яўленым маршруце аб’язджае больш населеныя вёскі свайго прыхода і асвячае ежу. Пры гэтым, па ўкаранелым звычаі, свяшчэннік надзяляецца ад кожнай сям’і валачобным, г. зн. пафарбаванымі яйкамі. У гадзін восем ён вяртаецца дадому з прыхода, і прыкладна ў гэты час пачынаецца ў царкве чытанне апостальскіх дзеянняў... Пасля заканчэння службы свяшчэннік выходзіць на цвінтар і, праходзячы каля рада расстаўленых сявенек, асвячае ежу, якую ён не паспеў асвяціць напярэдадні. Пасля гэтага ўсе збіраюцца дадому. Пачынаецца страшэнная мітусня (беганіна). Справа ў тым, што ўсякі імкнецца трапіць у сваю вёску першым і раней другіх разгавецца. Гэта таму, што, па народным павер’і, у таго будзе лепшы ўраджай і той раней таксама закончыць палявыя работы... Разгаўляюцца абавязкова пры поўным зборы ўсёй сям’і і прытым у сваёй хаце. У сувязі з гэтым адбываецца часта, што пры такой паспешнасці псуюць збрую, воз і яго прыналежнасці ці што-небудзь губляюць.
На першы дзень Вялікадня не дазваляецца ніякіх асаблівых увесяленняў, і ўсе стараюцца быць дома... «Увесь год будзеш цягацца, калі на першы дзень пацягнешся»,— гаварыў наш беларус. Хіба толькі моладзь дазваляе сабе якое-небудзь увесяленне ці гульню. На гэта глядзяць прабачальна, скрозь пальцы, бо, вядома, маладосць — буйнасць...
На другі дзень Вялікадня пачынаюцца велікодныя ўвесяленні. Увесь вясковы люд дзеліцца на тры катэгорыі: на катэгорыю старых людзей, на катэгорыю хлопцаў і дзяўчат і на катэгорыю дзяцей. Усе весяляцца па-свойму і адпаведна ўзросту. Старэйшыя заняты частаваннем, балакаюць, вырашаюць пытанні, якія тычацца гаспадаркі, а вечарам не супраць зайсці і ў карчму, якая для беларуса служыць і клубам, і залай пасяджэнняў, і кухмістарскай, і чым хочаш. Але болей усяго весяліцца моладзь. Адным з самых звычайных увесяленняў
служаць качэлі. Качэлі ладкуюць часцей за ўсё ў гумне, куды збіраюцца хлопцы і дзяўчаты. Гушканне суправаджаецца жартамі, песнямі, а часам ігрой на гармоніку. Весела і прывольна моладзі: тут няма вока старэйшых, і ўсім дыхаецца вельмі свабодна. Вось які-небудзь хлопец штосьці хітра шэпча сціплай дзяўчыне. Ен, відаць, не раўнадушны да яе, ды яго бацькі не толькі не дазваляюць яму жаніцца на ёй, але нават і сустракацца з ёю. I раптам на свята, у крузе, дзе весяліцца моладзь, яны сустрэліся, забіліся іх маладыя сэрцы, і вось яны вядуць сардэчныя размовы, і ім ніхто не перашкаджае, ніхто за імі не назірае:
А я цябе бачыў,
Як ты бычкі гнала, He смеў цябе зачапіць: Матуля стаяла.
А вось агульная харавая песня, якая выконваецца ў час гуляння моладзі:
Як я цябе да не бачу, Я па табе дзень-ноч плачу. Як я сяду блізка цебе, Мне здаецца, што я ў небе. Як я цябе пацалую, Тры дні ў губах слодасць чую.
Выключна велікоднай забавай служыць гульня ў яйкі, якая мае дзве разнавіднасці: біццё і качанне з горак. Перш чым біцца яйкамі, звычайна іх мацуюць, г. зн. выпрабоўваюць іх моц пастукваннем яек аб зубы. Гульня гэта шырока распаўсюджана не толькі сярод моладзі, але і паміж старымі і дзецьмі. Выйграе яйка той, у каго яно будзе мацнейшым і таму не разбіваецца аб другое. Калі ў каго-небудзь яйка акажацца вельмі моцным, то ён «выбівае», г. зн. выйграе, яек вельмі шмат. Іншы шчаслівец набярэ іх цэлую шапку і, ззяючы ад поспеху, спяшаецца дадому, робячыся прадметам зайздрасці іншых. Пра яго шчасце весткі зараз жа разносяцца па ўсёй вёсцы: «Не чуў, куме, якое шчасце выпала Міхасю: паўкапы яек выбіў!»
3 горкі качаюць яйкі па раней наладжанай дарожцы. Тут выйграе той, чыё яйка далей закоціцца (а ў некаторых месцах — чыё «выбівае» другое.— А. Г.).
Але верхам усіх велікодных забаў для беларусаў з’яўляецца ігрышча — гэта, так сказаць, танцавальны вечар, які наладжваюць звычайна ў карчме. На ігрышча збіраецца не
толькі ўся моладзь, але і старыя, каб паглядзець, як іх дзеці гуляюць, ды і пагаманіць са знаёмымі. Звычайна знаходзяць якога-небудзь скрыпача і пад яго музыку вытанцоўваюць часам далёка за поўнач. Гарэлкі на ігрышчах п’юць мала, а болей усё піва, якога часам выпіваюць вялікую колькасць. На другі і трэці дзень Вялікадня па вёсках ходзяць валачобнікі (ад слова «валачыцца»). Гэтак называюцца велікодныя славельшчыкі-спевакі. Валачобнікі захаваліся толькі на Беларусі, таму што гэты велікодны звычай даўно ўжо прапаў у маларасійскай вёсцы, а ў Велікарасіі яго, здаецца, ніколі не існавала, таму што апошняе гэта свята праслаўляецца і апяваецца аднымі толькі духоўнымі асобамі.
...Народная беларуская паэзія прадстаўляе цэлы вялізны раздзел валачобных песень. Для ўзору мы прывядзём некалькі з іх, запісаных у розных месцах Віленскай губерні. Так, у гонар гаспадара спяваюць:
Добры гаспадару, васол дачакаўшы, Дай табе божа, добры гаспадару, Сыны гадаваці й дамы будаваці, Лічыць тысячамі, даваць мільёнамі. Твае добры дзеткі, як у полі кветкі, А твая чэлядка вясела і гладка, Твой конь пасля працы, як жарабец, скача, Кароўкі, цяляткі, авечкі і ягняткі, Качкі, качаняты, куры і курчаты.
Твая ніва дужа ўрадліва: Чаго ні пасееш, то ўсяго імееш. Авёс, ячмень, грэчка — з кожнай капы бочка. Картофля, цыбуля, як гарматна куля. Жыта і пшаніца і ўсяка пашніца.
Мы цябе віншуем і шчасцем жалуем. Проціў лета песня спета, Проціў Юр’я на здароўе.
Просім даць мы валачобнага — Капу яек нам для кожнага. Капу-ні-капу, а паўкапы — мала, Вынесі ты сорак коп, Каб нам усім стала!
У гонар гаспадароў наогул спяваюць наступную песню:
Ой, ці дома пане гаспадару? Ой, віно ж, віно зеляно!* А хоць дома, не акажацца, У казловыя боты абуваецца, Пойдзе ў поле жыта глядзець. А на гарэ — пахілілося,
А ў даліне — у трубы павілося. Густа, часта, як на небе зоркі. Дай табе божа ў добрым здароўі Дамоў звазіць і ў тарпы злажыць. А дай божа ў тарпе — прыкладна, На таку — умалотна, У арудзе — прысыпна, У млыне — прымольна, У дзяжы — падыходна, У печы — румяна, На стале — сытна, На стале — сытна, У сям’і — змірна.
Пане гаспадару! He тамі гасцей, А дары іх барздзей: 3 вялікіх паноў — па сто рублёў, 3 меншых паноў — хоць па трыццаць. Пачынальніку — па дзесятнічку, Механошы — па тры грошы, А музычыне — горкая доля, Горкая доля — кварту гарэлкі, Сыру — на тарэлку, пірог — на закуску. Гаспадыня! Твая рэч — скавародку ў печ, А па еланінку — у клець.