Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Вярнуўшыся з царквы дадому, беларус у крузе ўсёй сваёй сям’і разгаўляецца свянцонымі яйкамі і кулічом, а затым каштуе ўсе іншыя стравы і свянцонае, якое захоўваецца цэлы тыдзень да Фаміна тыдня. Дарэчы, лічым патрэбным адзначыць адну асаблівасць у звычаі беларускіх сялян. Кожную раніцу на працягу ўсяго светлага тыдня яны перш за ўсё ядуць свянцонае, пасля снедання ці абеду свянцонай ежы нельга
каштаваць — грэх. Абрус, якім накрыты стол са свянцоным, захоўваецца недатыкальным на працягу ўсяго года: ён нібы ахоўвае ад граду, і таму пры з’яўленні градавых хмар рассцілаецца на дварэ. Косці ад свянцонага мяснога закопваюцца ў зямлі на нівах, таму што гэта садзейнічае добраму ўраджаю. Гэтыя ж косці засцерагаюць сабак ад шаленства. У Дзісенскім павеце Віленскай губерні косці і рэшткі мясных страў, пачынаючы са скуркі каўбасы, не аддаюцца ні кошкам, ні сабакам — грэх, яны свянцоныя — і спальваюцца ў печы. У Дзісенскім павеце на першы дзень Вялікадня няможна пазычаць агонь у суседа, інакш будзе перанесена ўсё багацце ў дом таго, хто мае патрэбу ў агні. Заўважым яшчэ, што нашы сяляне-беларусы свята шануюць звычаі і паданні даўніны. У першы дзень Вялікадня няможна ў печы распальваць агонь, інакш будзе пажар.
Разгавеўшыся ў сябе дома, гаспадары не наведваюць у першы дзень свята суседзяў, таму што хто-небудзь з апошніх падумае, што такія госці жабруюць, г. зн. што, не маючы ў сябе «свянцонага», жадаюць паесці яго ў заможных суседзяў. Уся сям’я, за выключэннем дзяцей, сядзіць у сябе дома, надзеўшы святочнае адзенне.
Хлопцы на Вялікдзень збіраюцца ў вялікія гурты валачобнікаў і пад вокнамі кожнай хаты спяваюць шмат розных песень, сярод якіх надзвычай цікавая наступная, якая сваім зместам складае, так сказаць, царкоўна-сельскагаспадарчы каляндар і да гэтага часу выконваецца ў Дзісенскім павеце Віцебскай і Барысаўскім Мінскай губерні:
Ішлі, прыйшлі валачобнікі, Іграючы, спяваючы, Добрага пана шукаючы. — Добры вечар, пане гаспадару! Чы спіш, чы ляжыш, пане гаспадару? Калі ж да спіш — бог з табою, Калі ж не спіш — ходзь за мною. Адчыні вакно, паглядзі на двор. На тваім дварэ стаіць шацёр Навюсенькі, бялюсенькі, А ў тым шатрэ — залатое крэсла. На том крэсле сам бог сядзіць, Перад богам усе святыя Шыкуюцца, рахуюцца:
Катораму святу наперад пайсці. Святыя Саракі наперад пайшлі, Святы Аляксей сохі чэшаць, Святое Благавешчанне заворваець, Святы Вербіч вярбу пасвянцаець, Чысты чацвер ячмень засяваець, Святое Вялічка з красным яечкам.
Першы дзень пірагі маюць, А сярэдні дзень пагуляюць, А паследні дзень выпраўляюць. Радаўніца статак запасываець, Святы Юрай, божы пасол, Да бога пайшоў
Да ўзяў ключы залатыя, Адамкнуў зямлю сырусенькую, Пусціў расу цяплюсенькую На белы свет і на ўвесь свет. Святы Барыс бабы сеець, Святы Мікола па межах ходзіць, Жыта родзіць, Урасіўся, умачыўся, Пад залаты пояс падапхнуўся. Святы Ушэственнік жыта выплываець, Святая Сёмуха гнаі возіць I бога просіць.
Святы Дзевятнік жыта раўнуець, Святая Дзесятуха жыта красуець, Святы Іван пчолы садзіць Пад пералазам, Па шэсцера разам.
Святы Пётра жыта спеліць, Святы Кузьма сярпы робіць, Святы Паўлюк граблі робіць, Святы Дзям’ян сена грабіць, Святы Барыс снапы зносіць, Святая Ганна дамоў возіць, Святы Спас жыта пасвянцаець, Святая Прачыстая папары мяшаець I жыта засяваець, А другая ёй памагаець, Святое Узвіжанне з поля збіраець, Святы Міхайла з халодным ветрам, Святы Пакроў зямлю пакрыў, Зямлю лістом, а воду лёдам, Святы Юрай грудай гвоздзіць, Святы Мікола снегам мосціць.
Прыйшлі Калядкі — Гаспадарам парадкі. Святая Васілля Дзяжу мясіла, Пірагі пякла, і рагатыя, і багатыя. Святое Вадохрышча ваду пасвянцаець, Людзей пакрапляець.
Святыя Грамніцы свечкі пасвянцаюць. Прыйшлі Саракі да другіх Саракоў: Дай, божа, гаспадарам здароўя, Дай, божа, каб жыта радзіла На ніве — капамі, а ў гумне — скірдамі, На таку — умалотна, а ў арудзе — спорам, А ў арудзе — намолам,
У дзяжы — падходам, а ў печы — ростам, На стале — сыццём!
А вось яшчэ адна цікавая па сваім змесце песня валачобнікаў, якая выконваецца ў Навагрудскім павеце Мінскай губерні. Яна спяваецца ў гонар сына:
Да ляцяць, ляцяць два галубочкі,
Да нясуць па жалудочку.
Дзе жалудочкі палі, Там два дубы сталі. Між тых дубоў да Дунай цячэ, На тым Дунаі чаўнок плыве, У тым чаўнаку — малады паніч, Малады паніч — душа Васілька Пад Ноўгарад пад’язджае, Турчат выклікае.
— Выйдзі, выйдзі, пан турчанін!
Пан турчанін не выходзіць.
— Мы тваіх служак не прымаем,
Мы твой горад расстраляем, Расстраляем, разрубаем Да стрэлкамі ператычам, К сабе паненку пераклічам!
Валачобнікам-спевакам падаюць праз акно фарбаваныя яйкі, булкі, сыр і ўсялякую ежу.
He кажучы аб тым, што ўсюды ў Паўночна-Заходнім краі існуе звычай пры хрыстосаванні абдорваць адзін другога яйкамі, адзначым арыгінальны звычай у Кобрынскім павеце: дарослыя дзяўчаты-нявесты абдорваюць маладых хлопцаў некалькімі парамі яек, а тыя ў сваю чаргу абдорваюць іх у час сельскіх свят, калі бываюць кірмашы, звязкай маленькіх смаргонскіх абаранкаў. Такі абмен падарункамі раўназначны прызнанню ў каханні паміж дзяўчынай і хлопцам.
3 другога дня Вялікадня сяляне наносяць візіты адзін другому па чарзе, ад суседа да суседа, у кампаніі з другімі, што працягваецца да самай Велікоднай суботы, г. зн. цэлы тыдзень. У гэты апошні дзень селянін паступае ў сваёй абрадавай форме так, які ў першы дзень свята Вялікадня. Разгаўляюцца раніцай свянцонымі яйкамі, прычым прымаўляюць: «Яйкам адгавелісь, яйкам і закончым».
Закончыўся Велікодны тыдзень, і сяляне чакаюць Радаўніцы, якая наступае ўслед за Вялікаднем, каб на хмогілках са сваімі бацькамі і дзядамі пахрыстосавацца.
ВЕЛІКОДНЫЯ АБРАДЫ I ЗВЫЧАІ Ў ВЁСЦЫ
Толькі паспела прырода ачнуцца ад доўгага зімовага сну, як усе — і старыя і малыя — рыхтуюцца з радасцю сустрэць вялікае веснавое свята — Вялікдзень.
Вельмі важную ролю ва ўяўленнях сялян іграе велікоднае яйка, атрыманае ад каго-небудзь першым. Яно быццам бы не псуецца на працягу ўсяго года і мае цудадзейную сілу. 3 самім так званым хрыстосаваннем звязана нямала забабонаў: калі, напрыклад, на першае прывітанне «Хрыстос уваскрэс» не адказаць «Ва ісціну ўваскрэс», а задумаць якое-небудзь жаданне, то яно абавязкова здзейсніцца. Гэта павер’е сярод сялян трымаецца асабліва ўпарта. Вяртаючыся пасля велікоднай службы дамоў, народ любуецца ўзыходзячым сонцам (па павер’і, яно «іграе» ў гэты дзень на небе і раздзяляе агульную радасць і прыроды і людзей у сувязі з адраджэннем жыцця). Існуе таксама звычай: на першы дзень Вялікадня мыцца ў вадзе, у якую пакладзены срэбныя і залатыя рэчы і чырвонае яйка, каб увесь год быць багатым і такім чыстым і прыгожым, як яйка. Маці гладзяць чырвоным яйкам (якое вынуць з вады) па твары ўсіх дзяцей, каб яны былі заўсёды румянымі і чырванашчокімі, а значыць, і здаровымі. Старыя расчэсваюць у гэты дзень валасы с пажаданнем, каб у іх было столькі ўнукаў, колькі валасоў на галаве.
Ва ўсе тры дні свята маладыя хлопцы групай чалавек 10—15 з запявалам, ці пачынальнікам, на чале ходзяць па вёсках і маёнтках з валачобнымі песнямі, якія напамінаюць калядкі, і распяваюць іх пад вокнамі, а часам заходзяць у хату з мэтай, каб іх пачаставалі. За свае песні валачобнікі абдорваюцца гаспадарамі і печаным і вараным, а часам яны атрымліваюць нават і грошы, якія пасля дзеляць паміж удзельнікамі хору. Нярэдка групу валачобнікаў суправаджае музыкант са скрыпкай ці гармонікам, а раней — з дудой.
3 гэтага часу ў вёсках пачынаюцца першыя вясеннія карагоды і гульні, якія заканчваюцца на Фамін тыдзень, а затым наступае так званая «красная горка» — час вяселляў і першага веснавога гуляння на адкрытым паветры.
ВЕЛІКОДНЫЯ ПЕСНІ НА МІНШЧЫНЕ
ВАЛАЧОБНІКІ
Калі прыйдзе Вялікдзень — свята вясны, сонца і адраджэння ўсяго, што прагне жыць маладым і буйным жыццём, а .дагэтуль спала летаргічным сном,— у гэты час і ў шэрай прыземленай душы беларускага люду будзяцца стыхійныя пробліскі паэзіі і радасці жыцця.
У гэты час, паводле старадаўняга звычаю, гурты святочна
прыбраных падлеткаў і дарослых хлопцаў, а часам і старэйшых мужчын — валачобнікі — ходзяць ад вёскі да вёскі, ад двара да двара са спевамі і музыкай; яшчэ перад захадам сонца распачынаюць сваё вясёлае валачэнне, каб закончыць яго позна ноччу ў якой-небудзь прывілеяванай вясковай хаце або ў больш гасцінным двары. Зрэшты, валачобнікам усюды і ўсе рады; кожны ахвотна слухае прымеркаваныя да акалічнасцей і асоб спевы, пераплеценыя заліхвацкай, хоць не вельмі гарманічнай, музыкай, кожны адчувае абавязак надарыць спевакоў ці то грашыма ці велікоднымі спецыяламі, шчодра падрыхтаванымі вясковымі гаспадынямі.
Гэтыя валачобныя спевы вельмі разнастайныя ў кожнай ваколіцы. Першапачатковы змест, аднак, у іх заўсёды застаецца той самы — гэта радасць вясны, услаўленне вясны і ўсіх святых божых дароў, якіх яна з’яўляецца прадвесніцай, а пазней — лета ўрадлівага: селянін жыве толькі з плёну зямлі, таму таксама адзіна і перш-наперш з ёй разам жыве, з гэтай маці сваёй і карміцелькай. Адсюль гэта ўрачыстае ўгляданне ў пераломную хвіліну вясны. Адсюль тая расчуленасць і захапленне, і паэтычнасць строгай рэалістычнай сялянскай песні, калі гавораць аб вясне і яе будучых хлебных дарах. Адсюль гэта абрадавае манатоннае заканчэнне кожнага веснавога спеву:
Проціў лета песня спета, Проціў лета ўрадлівага, Проціў року шчаслівага.
Валачобныя песні не спяваюцца на чыстай беларускай мове: гэта мешаніна народнай гаворкі з «пальшчызнай», у якой уплыў гэтай апошняе сягае нават канцовак і цэлых выразаў — жыўцом польскіх пры існаванні раўназначных беларускіх. Сведчыць гэта, што спевы, зместам сваім звернутыя галоўным чынам да «двара» і «пана», мусілі былі аднолькава падлягаць пераважнаму моўнаму ўплыву таго ж двара, але ўплыву дабравольнаму адзіна вышэйшай культуры; ніякага прымусу тут быць не магло, калі роўна даўней, як і цяпер, польскія памешчыкі на Літве стала карыстаюцца «беларушчынай» у зносінах з народам і мовы сваёй яму ў цэлым не навязваюць. Які моцны павінен быў быць некалі той уплыў, калі дагэтуль захаваліся ў спевах такія выразы і азначэнні:
1) «шлі да свэга пана, як да гетмана»;