Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Пераганяюць жывёлу праз агонь для таго, каб асвяціць яе і захаваць ад «нячыстай сілы» і благіх людзей. Калі закапанае ў зямлю яйка аказваецца цэлым, то гэта добрая прыкмета: на працягу ўсяго лета ўся жывёла будзе цэлая і непашкоджаная. Замок кладуць для таго, каб замкнуць пашчы ваўкам і мядзведзям. Бязмен кладуць для таго, каб жывёла тлусцела і павялічвалася ў вазе. Якое значэнне мае сякера, мне не маглі растлумачыць самі беларусы на месцы. Але мною заўважана, што ў народзе бяруць з сабою сякеру ва ўсіх урачыстых выпадках, а менавіта: пры запасванні жывёлы, пры заворванні, засеўках і да т. п. Жывёлу абліваюць вадой для таго, каб яна была чыстая ад лішаёў і струпоў і каб не баялася камароў, мошак, аваднёў і сурокаў. Вышмаргнутая са страхі салома мае моц цягнуць жывёлу дамоў. Перакінутыя праз статак камяні ахоўваюць яе ад звяроў і «нячыстай сілы».
Абаронцам (апекуном) жывёлы лічыцца св. Юрый. Запасванне жывёлы прымяркоўваюць да гэтага дня, але калі вясна ранняя, то абрад запасвання здзяйсняецца раней, а ў дзень св. Юр’я выганяюць скаціну «на расу», г. зн. вельмі рана, каб не апала раса. Выганяюць скаціну на рунь, нават калі яна ўжо вялікая. У народзе думаюць, што гэта карысна для хлябоў і жывёлы. Некаторыя жанчыны, якіх лічаць за ведзьмаў, рана, распрануўшыся дагала, бегаюць з дайніцай і ручніком і так збіраюць з руні і травы расу. Існуе павер’е, што ведзьмы такой маніпуляцыяй перацягваюць да сябе спор з хлябоў і жывёлы, якая пройдзе па тым месцы, дзе сабрана раса на Юр’я. За такімі ведзьмамі строга наглядаюць на Юр’я і жорстка з імі распраўляюцца. Вядома, падобным чараўніцтвам займаюцца не толькі ведзьмы, але і чарадзейнікі, якія знойдуцца ў кожным паселішчы. Ужо адна сустрэча з чарадзейнікам у час запасвання гаўяда ці ў іншым падобным выпадку вельмі цяжкая
для простага чалавека і можа выклікаць працяглы прыгнечаны душэўны стан. Таму чарадзейнікаў стараюцца ўсёй грамадой задобрыць і зрабіць прыхільнымі сабе. He дарма кажуць: «Бога хвалі, але й чорта не гняві, бо ліхое і бога перамагае».
ЮР ЕЎ ДЗЕНЬ НА БЕЛАРУС!
23 красавіка — дзень св. Юр’я — карыстаецца ў беларусаў вялікай павагай. I цягнецца гэта з далёкіх часоў. Ужо ў XVII ст. гэты дзень набыў юрыдычны статус і да гэтага часу не страціў свайго значэння. У гэты дзень лічыцца абавязковым праведаць свае палі, інакш яны не дадуць ураджаю летам. 3 гэтага дня адлічваюць тэрмін найму сельскагаспадарчых рабочых, заключаюцца дагаворы на арэнду фальваркаў і г. д. 3 гэтага ж дня прыступае да выканання сваіх абавязкаў пастух, хоць у залежнасці ад стану надвор’я кароў могуць выпускаць на пашу і раней.
Св. Юрый лічыцца апекуном жывёлы і асабліва кароў. Яму ў гэты дзень служаць малебны, прычым акрапляюць «святой» вадой статак і хлявы. У сцены апошніх утыкаюць таксама галінкі свянцонай вярбы. У Гомельскім павеце напярэдадні Юр’я выводзяць першы раз коней на начлег, а ў дзень свята раніцай да пастуха выганяюць жывёлу на «Юр’еву расу». У Віцебскім павеце папярэдне абкурваюць жывёлу ў хлявах іванаўскай травой (асвячонай 24 чэрвеня) і запальваюць велізарныя свечкі. У Віцебскай губерні і ў паўднёвых паветах Магілёўскай губерні Грамніцамі называлі дзень 2 лютага — свята Стрэчанне. Назва гэта ўзята ад католікаў. Па пераемнасці ад уніятаў (яны ўспрынялі асобныя элементы абраднасці каталіцтва.— А. Г.) у цэрквах 2 лютага асвячаюць свечкі, якія і носяць назву грамнічных. Гэтыя свечкі спальваюць у час страшных навальніц — грому і маланкі, каб нікога не забіла і нічога не запаліла. Гэтай жа свечкай падкурваюць хворых і ў некаторых месцах даюць у рукі паміраючым замест перадвелікодных свечак, таму што, па павер’і, агонь гэтых свечак адганяе ад душы «нячысціка». Гэтыя ж свечкі запальваюць і ў Юр’еў дзень, калі выганяюць жывёлу ў поле, прычым у варотах хлява кладуць на зямлі яйка, цераз якое і праганяюць усю жывёлу з хлява, каб каровы сталі такія ж круглыя і поўныя, як яйка. Пасля яйка гэта падымаюць і аддаюць жабракам ці пастухам. Праганяючы жывёлу да пастуха, некаторыя гаспадары стараюцца перагнаць яе праз азімае аржаное поле, збіраюць пры гэтым з азімых расу і абмываюць ёю кароў, каб болей малака давалі і былі недаступны для ведзь-
маў. У Веліжскім павеце для таго, каб ведзьмы не адбіралі малака ў кароў, апошнім даюцца мянушкі не па масцях, а па тых днях, у якія яны цяліліся, напрыклад: Нядзеля, Панядзелак і г. д. Акрамя таго, клапатлівыя гаспадары прасвідроўваюць у першацёлак (маладых кароў, якія ацяліліся першы раз) дзірку ў адным з рагоў. Уліваюць у гэту дзірку ртуці і залепліваюць воскам ад грамнічнай ці перадвелікоднай свечкі. Да такой каровы ведзьма не асмельваецца прыступіцца. У Магілёўскай губерні пры першым выгане жывёлы ў поле прытрымліваюцца наступных абрадаў: бяруць лусту хлеба і з ім абыходзяць тры разы кругом каміна і гавораць: «Як печ стаіць на месцы, так каб і жывёла хадзіла на месца», пасля чаго аддаюць гэты хлеб з’есці жывёле. Назіраюць, каб першы выган жывёлы не прыйшоўся на тыя дні, у якія былі святы Каляд і Благавешчанне. Пасля малітвы бяруць хлеб, соль, яйка і сала і свянцонай вярбой гоняць жывёлу да пастуха і там аддаюць яму прынесеную правізію, кладуць у варотах на вуліцу замкнуты замок і цераз яго пераганяюць жывёлу і г. д.
Св. Юрый лічыцца гаспадаром дзікіх звяроў, і яны маюць права з’есці тую жывёлу, якую ён ім дазволіць. Дзень Юр’я строга святкуецца ў Беларусі ўсім народам, але спецыяльна ён лічыцца святам пастухоў. Кожны гаспадар надзяляе ў гэты дзень пастухоў хлебам, салам, яйкамі, гарэлкай, і яны, выгнаўшы жывёлу ў поле, наладжваюць там для сябе пачастунак і абавязкова пякуць яечню. Хоць першы выган жывёлы на пашу, як было вышэй сказана, адбываецца намнога раней Юр’ева дня, але пастухоўскае свята павінна ажыццявіцца толькі ў гэты дзень, пасля абеду, пры ўдзеле ўсіх пастухоў дадзенай вёскі, але без удзелу непастухоў, дапытлівых гледачоў, якія прыбылі на пастухоўскае свята. Калі тут будзе сама мала парушана абраднасць у гатаванні яечні, у абыходзе з ёй вакол сабранага статка, св. Юрый будзе лічыць сябе абражаным і аддасць статак і пастухоў у распараджэнне ваўкоў. Але ў Гомельскім павеце ў Юр’еў дзень посцяцца. На другі ж дзень статак гоняць падпаскі, а ўсе «вялікія пастухі» збіраюцца да старшага пастуха і наладжваюць гулянку.
У гэтым павеце, як толькі прыгоняць жывёлу на выган, усе моляцца, і ўжо пасля гэтага пастухі адпраўляюцца з жывёлай у поле да вечара. Затым у вёску запрашаецца прычт. Сяляне ставяць дзе-небудзь паблізу вёскі каля азімага поля кадушку з вадой, прычт перш за ўсё асвячае ваду, потым служыцца малебен св. Юр’ю. Пастухі да гэтага месца падганяюнь статак, і свяшчэннік акрапляе яго «святой» вадой. Пасля пачынаецца асвячэнне поля.
Св. Юр’ю моляцца гаспадары, калі карова заблудзіцца , і заначуе на пашы. Запальваюць свечку і просяць: «Святы Юрый, зберажы маю жывёлу ад звяроў і зладзеяў, вярні яе цэлай і здаровай».
У Веліжскім павеце ў гэты дзень пад вечар да пастухоў збіраецца вясковая моладзь — хлдпцы і дзяўчаты. Дзяўчаты прыносяць яйкі, масла, малако, а хлопцы — гарэлку, распальваюць агонь, над ім вешаюць кацёл і выліваюць у яго прынесенае малако, пасля разбіваюць яйкі і кладуць масла. Атрымліваецца своеасаблівая яечня ў вялікай колькасці. Зняўшы кацёл з агню, усе садзяцца кругом і ядуць гэту яечню. Пасля становяцца ў кружок, бяруцца за рукі і выконваюць юр’еўскія песні, якія распяваюцца да Міколіна дня.
У Гомельскім павеце існуе павер’е, што ведзьмы ў Юр’еў дзень адымаюць малако ў кароў. 3 гэтай мэтай яны выходзяць на світанні на поле і там цягаюць па расістай зямлі намётку. Калі яна стане мокрай, ведзьма ўцякае з поля дамоў, усяляк стараючыся, каб яе ніхто не заўважыў. I вось у далейшым, калі карова ўзыдзе на гэта месца, з якога ведзьма ўзяла расу, і з’есць той травы, то яна перастае даваць малако. Ведзьма ж з той намёткі выціскае так шмат малака, што яго хапае і на смятану, і на сыр, і на масла. Каб адпомсціць такой ведзьме, гаспадар (у якога карова пазбавілася малака) ідзе 24 чэрвеня да ўсходу сонца ў лес і заграбае ў мяшкі цэлы муравейнік. Прынёсшы яго ў вёску, ён перасыпае мурашкамі вуліцу ў канцы сяла, па якой ганяюць статак у поле. Як каровы пяройдуць праз рассыпаны муравейнік, то ў ведзьмы да паўдня ў назапашаным сыры і масле з’явяцца чарвякі ў такой вялікай колькасці, што робяць іх непрыгоднымі да ўжывання, і ведзьма вымушана выкінуць іх вон. Таму ведзьмы зорка сочаць у гэты дзень, каб хто-небудзь не перасыпаў мурашкамі вуліцу да ўсходу сонца.
У Віцебску на Юр’евай горцы знаходзіцца царква св. Георгія. Пры царкве пабудавана капліца, у якой маецца калодзеж з крынічнай вадой, якой прыпісваюцца лекавыя ўласцівасці, пераважна пры хваробе вачэй і болі галавы. У дзень св. Юр’я ў гэтай царкве святкуецца фэст. Пры велізарным зборы народу тут адбываецца ўрачыстае богаслужэнне з крыжовым ходам і асвячэннем вады ў калодзежы, пасля чаго тыя, хто моліцца, п’юць ваду і кідаюць грошы ў калодзеж. У гэты дзень на Юр’евай горцы наладжваюцца кірмашы і адбываецца народнае гулянне, якое заканчваецца толькі познім вечарам.
3 Юр’евым днём звязана шмат прыкмет. Вось некаторыя з іх: калі варона схаваецца на Юр’я ў жыце, то жыта добра ўродзіцца; за колькі дзён да Юр’я расцвітуць сады, за столькі
дзён да Пятра пойдуць жаць жыта; у Юр’еў дзень абавязкова павінен прайсці ці снег, ці дождж, інакш будзе сухое, неўраджайнае лета; снег ці дождж раніцай указваюць на ўраджай ранняга пасеву, у»поўдзень — сярэдняга, а пад вечар — позняга (да паўдня — мокрае лета, пасля паўдня — такая ж восень).
На працягу тыдня пасля ІОр’ева дня, пераважна ў аўторак ці ў чацвер, бываюць «бабскія разбрыкі» — святкаванне жанчын-гаспадынь. Калі да іх далучыцца «няўпраўная» гаспадыня, то гэтым яна загубіць усё дагэтуль зробленае на агародах. Тыя, хто святкуе, павінны качацца і, калі можна, куляцца. Звычайна гэтыя святкаванні (пры нешматлікай колькасці гасцей-мужчын) адбываюцца за вёскай ці за горадам і адрозніваюцца прыкметнай распушчанасцю.
Ў прамежак часу паміж Юр’ем і Міколіным днём нельга ставіць ні нават выпраўляць агароджы, інакш у аколіцы развядуцца ваўкі. Па той жа прычыне ў гэты час нельга рабіць асновы для красён ні нават перавозіць яе гатовай з вёскі ў вёску. У выпадку крайняй неабходнасці перамясціць аснову апошняя замыкаецца вісячым замком, каб замкнуць воўчыя зяпы.