• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    ЮРАЙ
    Бяруць каробку, жыта троху, булку, гарэлку. Ідуць па вуліцы на жыта і скачуць ды спяваюць:
    — Да святы Юрай,
    Дзе ж ты бываў?
    — Па памежках хадзіў,
    Жыта радзіў,
    Каб з каласочка
    Была жыта бочка;
    Каб з каласінкі
    Было паўасьмінкі.
    Спявалі і іншыя песні. Качаліся па жыце, каб жыта радзілася, скакалі. У зямлю нічога не закопвалі. На мяжу клалі кавалачак булкі і прыказвалі, напрыклад, так: «Каб бог даў да вырасла жыта, да спяклі булку, да смачная была...» Гэты абрад рабілі старыя замужнія жанчыны, а не маладыя.
    АБРАД ВЕСНАВАННЯ
    Хадзілі веснаваць у лес дзяўчаты. Яшчэ гаварылі, што хадзілі на «чырку». У лесе рабілі вяночкі з барвенку, упры-
    гожвалі іх перазімаваўшымі кісла-салодкімі журавінамі. Спявалі веснавыя песні:
    Ужэ вясна, ужэ красна.
    Чужыя жонкі ткуць кросна, А мая шэльма не ткала, Пад лёд мычкі таскала: — Плывеце, мычкі, валакенцам, А назад палаценцам.
    ВАДЖЭННЕ «СТРАЛЫ» («СУЛЫ») ВА ЎСХОДНІМ ПАЛЕССІ
    Зонай бытавання абраду ў канцы XIX — пачатку XX ст. было сярэдняе Падняпроўе і басейны рэк Сожа і Дзясны, г. зн. тэрыторыя паўднёва-ўсходняй Беларусі, заходняй Браншчыны і паўночна-ўсходняй Украіны. У некаторых месцах гэтага рэгіёна ваджэнне «стралы» ўдаецца назіраць і ў цяперашні час
    У в. Стаўбун Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці абрад, як і ў большасці месцаў усяго рэгіёна, прымеркаваны да свята Ушэсця і звязаны з першым выхадам у поле для агляду азімых хлябоў. У поўдзень прыгожа апранутыя жанчыны і дзяўчаты групамі збіраюцца ў розных канцах вёскі (з усіх вуліц) і пад спяванне «Стралы» ўтвараюць кругі. Некаторы час яны водзяць карагоды, затым выстрайваюцца ў шырокія рады (12—14 чалавек) і пад спяванне «Стралы», узяўшыся пад рукі, рухаюцца па цэнтральнай вуліцы да вялікай пляцоўкі каля перакрыжавання дарог у цэнтры вёскі. На працягу паўтары гадзіны, утварыўшы агульны круг (100 чалавек), яны водзяць карагод, узяўшыся за рукі (часам у карагод уступаюць дзеці, але яны не спяваюць). Затым вялікі круг раздзяляецца, унутры яго ўтвараюцца два кругі паменей, адна група заводзіць карагод пад песню «Я скакала, плясала», а другая — пад песню «Наша вуліца была шыракая». Нарэшце кругі спыняюцца, і жанчыны, разняўшы рукі і стоячы нерухома, пачынаюць пець «Стралу», прычым дзве групы пераклікаюцца адна з другой (анціфонныя спевы). Пасля выканання «Стралы» ўсе заводзяць так званы «крывы танок» (карагод змейкай) пад песню «А ў крывога танца не выведу вянца». У хуткім часе адна з жанчын гучным голасам усклікае: «Схадзіцеся ўсі, пайдзем у жыта!» Карагодніцы перастрайваюцца ў рады па 12—14 чалавек і накіроўваюцца да поля
    з азімымі. У сувязі з тым што да гэтага часу на плошчы сабралася многа людзей (каля 500 чалавек), групы адходзяць адна за другой, а за імі ўсе прысутныя.
    Шэсце працягваецца каля гадзіны, і на працягу ўсяго гэтага часу моцна гучыць і разносіцца далёка навокал напеў «Стралы», на які, пераклікаючыся ў анціфонных спевах, групы спяваючых выконваюць не толькі тэкст уласна «Стралы» («А ідзі, страла, да й удоўж сяла»), але і іншыя песні аналагічнага рытмаметрычнага ладу на гэты ж напеў. Калі ўсе падыходзяць да поля, з натоўпу выходзяць нямногія — толькі самыя паважаныя ў вёсцы жанчыны і лепшыя песельніцы — і водзяць карагод на ніве. Пасля некалькіх карагодных песень («Па садочку бег малойчык», «На гарэ лён, белы кужаль» і інш.) адна з жанчын заклікае сябровак: «Закопвайце стралу!» Карагодніцы прыгінаюць калоссе да зямлі, становяцца на калені і закапваюць у зямлю прынесеныя для гэтага выпадку дробныя прадметы — завушніцы, грабеньчыкі, шпількі, манеты, прыгаворваючы:
    Пайшоў гасподзь на небяса, Пацягнуў жыта за каласа.
    Лічыцца, што гэта дзеянне будзе садзейнічаць добраму росту каласоў і багатаму ўраджаю.
    У час «пахавання стралы» дзеці разбягаюцца па полі і перакачваюцца па ім са смехам. Завяршыўшы абрад, дарослыя спяваюць «падводныя» песні («Што гэта за валы па Крыму хадзілі» і інш.) і, перахрысціўшыся, паступова разыходзяцца. Песельніцы вяртаюцца ў вёску групамі са спяваннем «падводных» песень, прыпевак і іншых песень пазаабрадавага зместу (назва «падводныя» — ад мясцовага вызначэння манеры спявання — «падводзіць голас», якая адрозніваецца ад стылю выканання «Стралы»).
    Увесь абрад працягваецца каля шасці гадзін. Нягледзячы на такую яго працягласць і масавы збор народу, назіральнікі адзначаюць строгую паслядоўнасць усіх эпізодаў абраду і разам з тым неспадаючы эмацыянальны ўздым і энтузіязм усіх, хто ўдзельнічае ў карагодах, шэсці і спяванні песень на працягу ўсяго часу. Спантаннае (стыхійнае) разгортванне дзейства спалучалася з сігналамі распарадчыц абраду ў яго кульмінацыйных момантах — мясцовых сялянак М. Л. Зуевай, А. Л. Зуевай, Т. Д. Тараканавай, Ф. Ф. Халюковай. Трэба адзначыць таксама, што непасрэдныя ўдзельніцы абраду і шматлікія гледачы не змешваліся паміж сабой 2.
    Ужо ў апісаным абрадзе выяўляецца сувязь яго з аграрнай прадуцыруючай магіяй (першы выхад у поле, ваджэнне карагода непасрэдна на ніве, закопванне дробных прадметаў, якія належаць жанчынам і адносяцца да жаночага ўбрання, перакачванне дзяцей па полі), хаця ў ім праглядаюцца сувязі і з рэлігійным святам (перанос абраза Ушэсця, які папярэднічае абраду, загавор з упамінаннем бога), а таксама мадыфікацыя некаторых традыцыйных момантаў абраду, што будзе відаць пры супастаўленні яго з ваджэннем і пахаваннем «стралы» ў іншых абследаваных намі населеных пунктах рэгіёна.
    У в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна, па сведчанні мясцовых жыхарак — выканаўцаў песень, «стралу» пачынаюць вадзіць, калі «сныточка» расцвітае (ядомая парасоністая расліна — баршчавік, або снядок), у бліжэйшай да Балсуноў вёсцы Загляддзе — на Вялікдзень. Карагоды пад спяванне «Стралы» і іншых песень тут цягнуцца ўсю вясну, прычым жыхары і Балсуноў, і Загляддзя часта сыходзяцца разам, але сам абрад развітання з вясной адбываецца адзін раз, калі робіцца агляд палёў у час пачатку каласавання азімага жыта. Тады ж у апошні раз выконваюць і «Стралу»3. Адну з дзяўчат прыбіраюць і ўпрыгожваюць (кветкамі, істужкамі), і калі, прайшоўшы па вёсцы пад спяванне «Стралы», усе падыходзяць да азіміны, яна выбягае наперад, іншыя яе даганяюць, штурхаюць, яна падае, і ўсе разам з ёю перакочваюцца па азімых 4. Пасля гэтага пачынаюць вадзіць карагоды і гульні, а вяртаючыся дадому, спяваюць песні («Ой ты, ц-іхі Дунай», «Не ўстаяла белая бярозачка над вадою», «Вы сады ж мае, садочкі», «Ты чорная смародзіна» і інш.). Прыйшоўшы ж дадому, утыкаюць узятыя з поля каласкі ў жылым памяшканні над дзвярыма.
    У в. Барталамееўка Веткаўскага раёна прыбіраюць і хаваюць у жыце не дзяўчыну, а ляльку (з ануч), а сам абрад цяпер называюць «праводзіны вясны».
    Жыхары в. Барталамееўка расказваюць: «...Пайдзём усе па вуліцы з краю ў край і пяём «Як пушчу стралу», а таксама другую за «Стралой» — «Мы на сена ідзём, мы на новае» (у нас называецца гэта на сена хадзіць)». Загадзя сярод удзельніц абраду выбіраюць «пана» і «паненку», якія адпаведным чынам прыбіраюцца: дзяўчына, якая стварае вобраз «пана»,— у мужчынскае адзенне, «паненка» — у святочную сукенку (галаву ўпрыгожваюць вянком, істужкамі). Абедзве ідуць наперадзе натоўпу, у руках «паненкі» — каробка з лялькай. Абышоўшы ўсю вёску, спыняюцца каля поля з азімымі і ўтва-
    раюць круг, у цэнтры якога знаходзяцца «пан» і «паненка». Пад песню-баладу «Паня пана неўзлюбіла» водзяць карагодную.гульню. Затым адна з жанчын выкопвае ямку ў полі, у якую пад песню «Песенька (?) мая маленькая,//Схаваю цябе к налецей(ку)» хавае ляльку і галосіць над ёй, развітваючыся да наступнай вясны:
    Лялечка мая мілая,
    Да схавала я цябе к Ушэсцейку, К Ушэсцейку, к налецейку, Ка такому врэмю, як сёлета, Прыйду к табе з сахою Да буду гаварыць з табою, Мая міленькая лялечка, Ой, ой, ой!5
    Пахаваўшы ляльку, вяртаюцца ў вёску пад песню «У лузі, у лузі калініца стаяла». Развітаўшыся такім чынам з вясной, у Барталамееўцы вяснянкі больш не спяваюць, збіраюцца вечарамі і выконваюць іншыя песні — «Лета» або «Ладун» (апошняя назва па прыпеве: «Па вуліцы, па шырокай,//Ладун, ладун па шырокай»),
    У в. Янава Веткаўскага раёна на Ушэсце, па словах выканаўцаў, «вядуць стралу закапываць у жыта», дзе качаліся па азімых і закопвалі ў зямлю розныя дробныя прадметы (шпількі, ланцужкі, манеты) пад спевы з «гуканнем»:
    Павяду стралу да й удоль сяла, Ой і ой лёлі, да й удоль ся... У!
    Закапаю стралу да й у жыцейка, Ох і ой 'лёлі, да й у жыцей... У! Ты ляжы, страла, да налецячка, Ох і ой лёлі, да налеця... У!6
    Жыхарка гэтай вёскі і выканаўца песень Л. X. Ісачанка (1920 г. н.) расказвае: «Прыходзе Ушэсце. Ну, урані вытапліваем печы, і часоў у 11 —12 сабіраюцца бабы. Ну, ідом па сялу, пяём. Папаём — пайдзём «стралу» закапываць у жыта. У жыце там хто валяецца, хто перакідаецца. Пагуляем у жыце, закапываем «стралу»: ну, хто шпільку, хто дзве капейкі, хто як... Кагда закапывалі — не галасілі, усе смяялісь, радавалісь. Дамой ідзем, пяем «падводныя» песні»7.
    У в. Прысна Веткаўскага раёна абрад, які спраўляўся на Ушэсце, называўся «праводзіны вясны»; яе ўвасабляла палка, абвітая крапівой і кветкамі, якую тапілі ў рацэ, але характэрна, што і гэтаму абраду надавалі значэнне «шчоб расло жыта» і пры гэтым спявалі «Стралу»8.
    У Бранскай вобласці РСФСР «стралу» вадзілі не на Ушэсце, а на Юр’я (вясенняга Ягорыя), да якога тут быў прымеркаваны першы выхад у поле, і закопвалі ў зямлю дзявоцкую стужку, якая таксама называлася «стралой»9. Аднак у некаторых месцах Браншчыны, напрыклад у в. Верашчакі Навазыбкаўскага раёна, «адкопвалі» «стралу» на Вялікдзень (г. зн. пачыналі яе спяваць), а «закопвалі» на Ушэсце — апошні раз вадзілі карагод і, нарваўшы траву, кідалі яе праз галаву '°.
    Характэрна, што ў рускіх сёлах Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці (у былых стараабрадавых слабодах), а таксама сярод стараабрадавага насельніцтва Бранскай вобласці ваджэнне «стралы» ўспрымалася як грэх, хаця вясеннія карагоды і цудоўныя карагодныя песні тут заўсёды бытавалі (яны добра памятаюцца і выконваюцца да гэтага часу). Гэты факт непрыняцця «стралы» перасяленцамі яшчэ ў большай ступені выяўляе мясцовы, лакальны характар абраду, характэрнага толькі для аўтахтоннага насельніцтва ўказанага рэгіёна.