Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Звяртае на сябе ўвагу разнастайнасць форм карагодаў: а) выканаўцы ідуць, цесна прыціснутыя адзін да аднаго, пры гэтым поўнасцю перакрываюць вуліцу; б) бягуць групамі насустрач адна адной; в) бягуць па вуліцы ў адзін бок (часта ад царквы, г. зн. ад больш высокага месца); г) бягуць парамі ўздоўж вёскі, узяўшыся за рукі (усе чатыры — у час ваджэння «стралы (сулы)»); д) кругавы (пасля выхаду за вёску) і, нарэшце, е) зусім унікальны, які адбываўся на зямлі, на краі поля: дзяўчаты пералазілі адна цераз другую (в. Нясвоеўка; гэта дзеянне не суправаджалася, зразумела, песняй; параўнайце, дарэчы, гэты абрад з названым вышэй сімвалічным актам апладнення зямлі).
Вартая ўвагі і геаграфія распаўсюджання «стралы». Па
нашых звестках, да цяперашняга часу абрад зафіксаваны прыблізна ў 40 пунктах 19 раёнаў 7 абласцей БССР, УССР і РСФСР. У Гомельскай — гэта Веткаўскі, Добрушскі, Гомельскі, Чачэрскі, Рэчыцкі, Лоеўскі, Кармянскі, Хойніцкі, Брагінскі, Светлагорскі і Петрыкаўскі раёны; у Брэсцкай — Лунінецкі; у Магілёўскай — Бабруйскі; у Мінскай — Барысаўскі, Мінскі; у Чарнігаўскай — Гараднянскі; у Жытомірскай — г. Радамышль; у Бранскай — Краснагорскі, Навазыбкаўскі, Клімаўскі. Зусім выразна на карце вызначаецца цэнтр (Веткаўскі і Чачэрскі р-ны Гомельскай вобл.) і перыферыя, прычым цэнтр размешчаны ў міжрэччы сярэдняга цячэння Сожа і Бесядзі — раёна, які ў апошнія дзесяцігоддзі прыцягвае ўвагу спецыялістаў розных галін славістыкі, а таксама некаторых балтыстаў.
Аналіз абрадавых дзеянняў, якія суправаджаюць карагоды, паказвае, што ў аснове «ваджэння стралы (сулы)», «пахавання стралы» ляжыць ахоўная магія, якая ўдзельнікамі абраду ўсведамляецца іншы раз яшчэ і цяпер: спяваюць дзеля таго, каб уберагчыся «ад Перуна» (в. Студзянец Кармянскага р-на), як бы «закапваюць молнію, каб не бліскала ў дзярэўні» (в. Казацкія Балсуны), і г. д. Ахоўны характар абрадавых дзеянняў пацвярджае і рад варыянтаў асноўнай песні «Ой, пушчу стралу»: «Ой, біла страла добрага молайца», «Убіла страла добрага молайца» (в. Неглюбка), «Ой, не бі, страла, добрага молайца» (в. Неглюбка), «Ой, не бі, страла, добрага молайца» (в. Стаўбун) і некаторыя іншыя. Аднак з цягам часу ахоўная магія, якая дайшла да нас, дарэчы, у класічна завершаным выглядзе (заклінанне — абрад — гульня), дапаўнялася аграрнай (у прыватнасці, карпаганічнай), а таксама любоўнай. Напрыклад, Ф. Д. Хамякова (в. Казацкія Балсуны) расказвае: «Каласкі, каторыя нясуць дамоў, за іконы кладуць са словамі: «Ляжыце, ляжыце, каласкі нашы, расцвітайце ў нашых косах... і любоў нашу разукрасьце». Магчыма, падобны полісемантызм звязаны з розначасовым адміраннем адпаведных з’яў духоўнай культуры, менавіта аграрных абрадаў, і ўключэннем іх элементаў у структуру абраду «ваджэнне стралы(сулы)», «пахаванне стралы» як найбольш цэласнага і эстэтычна значнага.
Паэзія «стралы» — выдатная эстэтычная з’ява. Ядром, зернем абраду з’яўляецца распаўсюджаная ў многіх варыянтах па ўсёй Гомельшчыне песня «Як пушчу стралу». Аналіз зафіксаваных некалькіх дзесяткаў варыянтаў гэтай песні дазваляе гаварыць пра значную эстэтычную эвалюцыю тэксту, які, відаць, пачаў сваё жыццё з заклікання: «Не ўбі, страла,
добра молайца». Трагізм сітуацыі, калі маланка забівае чалавека, спарадзіў баладныя элементы ў абрадавай песні, якія пазней аформіліся ў матыў «тры птушачкі на магіле забітага — маці, сястра, жонка».
Але найвялікшае эстэтычнае напаўненне абрад «стралы» атрымаў у прымеркаванай да яго вялікай колькасці карагодаў. Вытокі іх — у магічных рытуальных дзеяннях, якім надавалася сакральнае значэнне. Паступова гэтыя дзеянні развіваліся да ўзроўню карагода як самастойнай эстэтычнай з’явы, унікальнай для нашага часу тым, што яна захавала непарушным сінкрэтызм старажытнага фальклору: сукупнасць мастацтва слова з музыкай, танцам, драматычным дзеяннем, гульнёй.
У некаторых сюжэтах карагодаў арганізуючым звяном з’яўляецца драматычнае дзеянне. Найбольш маляўнічае з іх — «Дрёма». Але класічнай і найбольш распаўсюджанай формай карагода «стралы» з’яўляецца рух па крузе спачатку злева направа па сонцы, а потым наадварот. Гэта прадыктавала і кампазіцыйную пабудову тэкстаў карагодаў, паэзія большасці якіх набыла ў сучасных запісах першаснае значэнне.
Тэматыка карагодных тэкстаў «стралы» ў большасці сямейная. У цэнтры іх вобраз жанчыны і яе ўзаемаадносіны з мужам і яго бацькамі, часцей са свякрухаю («змяёй лютаю, падкалоднаю»), успаміны-параўнанні з бацькоўскім домам.
Многа карагодаў «стралы» прысвечана любоўнай тэматыцы. He маючы выразнага тэматычнага адрознення, карагоды «стралы» ўяўляюць сабою своеасаблівую мастацкую структуру.
Кампазіцыйная пабудова іх тэкстаў строга падпарадкавана карагоднаму руху па крузе: гэта старажытная аднарадковая рытмічна дакладная страфа, характэрны заклікальны прыпеў «Ох і вой люлі» і паўтор другой часткі першага радка. Звяртае на сябе ўвагу эпічная паслядоўнасць часам значна разгорнутага развіцця дзеяння карагодаў, часта па прынцыпе вобразнага паралелізму, які ахоплівае ўсю кампазіцыю песні. У іх многа эпітэтаў-прыдаткаў («цвет-рамон», «снытачка-шчамяліначка»), сімволікі, трохкратных паўтораў. Шырокая насычанасць памяншальна-ласкальнымі суфіксамі стварае глыбока эмацыянальнае гучанне карагодаў. Тут сустракаюцца баладныя элементы. Прыкладам можа быць карагод «А што ж з-пад лесу, лесу цёмнага», дзе брат сястру вёў праз кладку і яна «ўтонула». Сястра просіць брата не браць у мора вады, не касіць травы, не рваць красачак, бо гэта адпаведна як кроў, каса і краса.
Рытмічная завершанасць карагоднай структуры песень «стралы» расквечваецца разнастайнасцю прыпеваў: «Ой і я ў люлі», «Ой лі, вой люлі», «Вой люлі, вой люлі», «Лёлюшкілёлі», «Ой лёлі, ой лёлі» і т. п., «Ох і я ў лелю», «Ой гей лелю», «Ох і я хмелю», «Ой і я мелю», «Ух і ой люлі», «Ой, лялей вада каля гарода».
Такім чынам, карагоды, прымеркаваныя да абраду «стралы»,— унікальная з’ява ў творчасці беларускага народа. Вытокі яе ўзнікнення — у старажытнай праславянскай пары. У сваім развіцці яна прайшла шлях ад утылітарна-практычных заклінанняў супраць маланкі да развітога карнавальнага народнага веснавога свята, якое было значна падоўжаным па часе (не менш за 40 дзён). Эстэтычнай вяршыняй яго стала вялікая колькасць самых разнастайных маляўнічых карагодаў.
[ДУХАЎСКІЯ СВЯТЫ]
Напярэдадні Духава дня ў Духаўскую суботу сеюць каноплі. Гэта робяць звычайна пад вечар, таму што пасля пасеву канопляў ужо больш нічога нельга рабіць, інакш каноплі не ўдадуцца. Затым ставяць зялёныя бярозкі і галінкі іншых дрэў перад вокнамі, адтаго і называюцца Духаўскія святы Зялёнымі святкамі. У Духаў дзень у сялян існуе звычай прыносіць у царкву кветкі і травы для акраплення «святой» вадой і захоўваць іх на працягу года. Сяляне абкурваюць імі свае хаты, жывёлу і пры надыходзе навальнічных хмар паляць на павольным агні для таго, каб прагнаць буру.
Пасля паўдня дзяўчаты адпраўляюцца ў лес завіваць вянкі. Яны бяруць з сабою яйкі, саланіну, кілбасы, а часам і гарэлку і, спражыўшы яечню і закусіўшы, прымаюцца завіваць вянкі. Кожная выбірае дзве невялікія бярозкі і, звязаўшы іх верхавінкі ў выглядзе вянка, праходзіць пад ім і спявае:
Пойдзем, дзевачкі, у луг гуляць, Зялёных вянкоў завівайь. Заўём вянкі на ўсе святкі,— На ўсе святкі, на ўсе празнічкі.
Пры гэтым варожаць: калі вянок не ссохне да часу, калі трэба развіваць яго, то гэта добры знак, а калі рана ссохне, то «благая прыкмета». Затым зрываюць са сваіх бярозак зялёныя галінкі, робяць з іх вянкі і спяваюць:
А мы вяночкі завілі, Гарэлачку папілі I яешаньку паелі.
Вянкі гэтыя дзяўчаты ўскладаюць сабе на галовы і, несучы іх такім чынам да рэчкі, спяваюць:
Выхвалялася бяроза, Што ў яе лісточак зеляненік, Што ў яе ветвінкі да долу. Як зачуў, пачуў серый дуб,— He хваліся, кажыць, бярозе. He сама бяроза расціла, Расціў бярозу гасподзь бог, Зялёны лісточак — дожджычак. Выхвалялася дзевачка, Што ў яе саянчык да долу. Як зачуў, пачуў дзяцінка: He сама дзевачка спраўляла, Спраўляла табе мамачка. А ў мяне касіца да пояса. He сама касіцу расціла, Расціла касіцу мамачка.
За рэчкаю, за быстраю Чатыры дваркі, А ў тых дварках — Чатыры кумы;
Вы кумачкі, галубачкі, Куміціся, любіціся, (2) Любіце й мяне!
Пойдзеце вы ў зялёны сад, Вазьміце й мяне;
Сашчыпіце па цвяточку, Сашчыпіце й мне;
Саўеце вы па вяночку, Савіце і мне;
Панясеце на ціхі Дунай, Вазьміце вы й мой; Кінецесвае вяночкі, Кіньце вы і мой.
А ўсе вянкі паверх плывуць, А мой патануў;
А ўсе дружкі з пахода йдуць,— А майго нямаш.
Падышоўшы да рэчкі, усе кідаюць свае вянкі ў ваду і па іх варожаць аб будучыні. Калі вянок плавае па вадзе — добры знак, калі ж вянок патанае — благі. На Заговіны перад Пятровым пастом, а ў іншых мясцінах і ў дзень Пятра і Паўла дзяўчаты ідуць у той самы лясок «развіваць вянкі», мяркуючы,
што дрэва будзе праклінаць тую, якая не разаўе свайго вянка. Гэта таксама суправаджаецца песнямі, частаваннем і карагодамі.
ВЯНКІ [РУСАЛКЦ
На Беларусі ж у адзін з дзён Зялёных святак так званыя русалкі, якія жылі ў рачных зараслях, выходзілі з вады і аж да св. Пятра (29.6) бегалі па жыце. У той дзень збіраўся люд па гаях, прылеглых да жытніх загонаў, і дзяўчаты вілі вянкі з бярозавых галінак. Вілі іх для сябе і для сваіх найбліжэйшых, якім жадалі варажыць на шчасце. Азываліся дуды, і прысутныя спявалі песні аб тым, як русалкі ўзлазілі на дуб, грызлі кару, падалі і пабіліся. Пасля звівання вянкоў скакалі каля дрэў і пляскалі ў ладкі. Потым найстарэйшая з кабет садзілася на зямлю з пуком крапівы, прывязанай да кія, прыкідвалася, што прала і задрамала. Дзяўчаты ж, узяўшыся за рукі, танцавалі вакол яе спяваючы. Нечакана жанчына зрывалася, падскоквала як найвышэй і крыўляючыся сцёбала танцорак крапівой па руках. Уцёкі, пагоня, разлягаўся смех. Заканчвалася гульбішча частаваннем гарэлкай і яечняй.
Вянкі павінны былі вісець у лесе аж да наступнай нядзелі, г. зн. да св. Тройцы, а тыдзень той называўся Русальным тыднем. Увесь гэты час на вёсцы нельга было гарадзіць платоў, ні ўпраўляцца з баронамі. Калі ж які-небудзь гаспадар не трымаўся гэтых засцярог, то за кару ў яго радзілася хатняя жывёла рознага выродлівага выгляду: з дзвюма галовамі, з незлічонай колькасцю ног або без іх і да т. п. Нельга было таксама пляскаць у далоні, а ні купацца ў рэчках. Бо было гэта велікоднае свята русалак, якое належала святкаваць разам з імі, каб не наклікаць на сябе іхняга гневу.