Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
У Пінскім павеце 23 чэрвеня, напярэдадні св. Іаана Прадцечы, жанчыны вешаюць па хлявах крапіву і вянкі з асвячоных траў. Каровам прывязваюць да рог трошкі солі, хлеба і пасвячоныя свечкі, якія называюцца грамнічнымі. Усё гэта робіцца для таго, каб зберагчы жывёлу ад паморку і каб русалкі і ведзьмы не адымалі малака ў кароў. Вечарам дзяўчаты і маладыя мужчыны збіраюцца за вёскай на якімнебудзь узгорку і раскладваюць кастры... Кастры гэтыя з надыходам змяркання запальвае моладзь (дзяўчаты і хлопцы); танцуюць вакол іх, спяваюць песні ў адзіночным выкананні ці,
трымаючыся за рукі па парах, скачуць праз агонь. Калі ў час скакання праз агонь у закаханай пары рукі не разыйдуцца, то гэта добрая прыкмета — і вяселле іх у гэтым жа годзе павінна адбыцца. У другім выпадку — не. Смех, крыкі, песні, загарэлыя твары сялян, асветленыя полымем палаючых кастроў, і наогул усе абставіны гэтага свята надаюць яму надзвычай фантастычны і маляўнічы выгляд.
На другі дзень перад світаннем збіраюцца глядзець, як сонца выходзіць з купальні. У Багеміі і Польшчы свята гэта носіць назву Собаткі; у галіцкіх русінаў, маларусаў і беларусаў — Купала; у сербаў — Іванне. У Ноўгарадскай губерні святкуецца пад назвай Собаткі. У Польшчы перад запальваннем кастроў мужчыны і жанчыны збіраюць розныя травы. 3 гэтых траў дзяўчаты плятуць вянкі і пускаюць на ваду — чый вянок патоне, той у гэтым годзе не выйдзе замуж. У некаторых месцах Беларусі ў гэты вечар забіваюць у зямлю кол, абкручваюць яго саломай і пянькой, а наверсе навязваюць вялікі пук саломы, які называецца «купала». Кол запальваюць і бегаюць кругом яго, кідаючы галінкі бярэзіны і гаворачы: «Каб мой лён такі вялікі быў, як гэтая бярэзіна». У Сербіі гэтага ж дня ці ў дзень св. Іааца вешаюць у хатах і хлявах вянкі, каб выгнаць «нячыстых духаў», ці дамавых. Таксама паляць кастры, спяваюць розныя песні і інш.
Прывядзём тут купальскія песні, якія выконваюцца ў Пінскім павеце. Яны нешматлікія і большай часткай гумарыстычныя:
— Купала, Купала, Дзе ж ты зіму зімавала? Дзе ж ты лета летавала? — Зімавала ў пірэйку, Летавала ў зеллейку.
Цяпер Купала, заўтра Ян, Кідаў бес ведзьму цераз паркан. Купальнае ночы
Выдраў бес ведзьме вочы і інш.
Ноч з 23 на 24 чэрвеня лічыцца самай таямнічаю. У гэтую ноч, па народным павер’і, расцвітае папараць. Хто сарве кветку гэтай расліны і будзе насіць пры сабе, той будзе шчаслівы, багаты і атрымае ўсё, што захоча. Але здабыць яе вельмі цяжка: у самую поўнач, калі яна павінна раскрыцца, надыходзіць мацнейшая навальніца, зіхаціць бліскавіца, гром б’е за громам, і таму, хто асмельваецца сарваць кветку, здаюцца розныя пачвары (страшыдлы), якія імкнуцца ўсяляк перашкодзіць задумам чалавека. Каму ўдаецца сарваць кветку,
павінен, не аглядваючыся, ісці дадому і не звяртаць увагі на пагрозы ні на зманлівыя абяцанні, якімі ведзьмы стараюцца прымусіць чалавека аглянуцца. Інакш кветка ў адзін момант прападзе.
Есць паданне, што аднаму селяніну папала кветка ў абутак, і тады ён мог ясна бачыць тое месца, дзе закапаны скарб. Але, як амаль заўсёды ў такіх выпадках хто-небудзь з’яўляецца, каб загубіць шчасце чалавека, так і тут трапілася ведзьма і прапанавала яму новыя боты. Мужычок абрадаваўся і прыняў прапанову. Але, на жаль, надзяваючы боты, упусціў запаветную кветку, а з ёю і ўсё шчасце.
У гэту ж ноч збіраюцца з усіх бакоў усялякага роду «нячыстыя духі», ведзьмы на Лысую гару ў Кіеве і прыязджаюць туды звычайна на лапатах, качэргах, а часам і на рагатай жывёле, а таму ў гэтую ноч гаспадары ўзмацняюць нагляд за сваім статкам.
ДЗЕНЬ ІВАНА КУПАЛЫ Ў ЗАХОДНЯЙ РАСІІ
Hi адзін дзень у годзе не абстаўлены, здаецца, такімі забабоннымі расказамі, як Купала (24 чэрвеня па ст.ст.). У гэтых расказах, праўда, ёсць шмат падобнага са светапоглядам велікарускім і наогул славянскім, але, думаем, падобная з’ява даказвае толькі супольнасць заходнерусаў з астатнім велікарускім светам. Гавораць, што ноччу на Купалу душы памёршых (русалак) прачынаюцца ад доўгага сну і купаюцца. Пасля, калі ўзыдзе сонца, яны быццам сушацца пры яго цяпле і святле. Калі сонца нібы ў тумане, то русалкі, значыць, закрылі яго. Раніцаю ў дзень Івана Купалы звычайна, на думку народа, «іграе» сонца. Гавораць, што яно раздзяляецца на шматлікія рознакаляровыя кругі, якія то сыходзяцца, то разыходзяцца, ствараючы пры гэтым цудоўную гульню колераў. Асабліва дзеці цікавяцца, каб убачыць падобную з’яву, і ўстаюць для гэтага па магчымасці раней. Але звычайна нічога не бачаць ці бачаць толькі тое, што намалюе ім іх настрой, вядомым чынам іх уяўленне. У іншых месцах проста гавораць, што немагчыма бачыць, як «іграе» сонца. Яно не дазваляе, кляне — вы, маўляў, людзі, цэлы год сорак раз гуляеце, дайце мне пагуляць хоць адзін раз.
На Купалу дзяўчаты і хлопцы збіраюць рознага роду кветкі, травы, наломліваюць галінак дубу, рабіны і ўсё гэта прыносяць пасля ў царкву, каб асвяціць. 3 асвячонай зелені ўюць вянкі і захоўваюць іх як сродак супраць нашэсця ліхой сілы.
Думаюць, што ў гэты дзень здзяйсняецца якісьці пераварот у свеце, цяпер быццам расхаджваюць па зямлі ведзьмы, духі. Дрэвы, звяры і наогул усё жывое нібы вядуць паміж сабою гаворку і г. д.
Гавораць, што ўсе гэтыя цуды можна бачыць, можна зразумець гаворку звяроў, знайсці скарб, варта толькі дагледзець, як будзе цвісці папараць, якая, на думку сялян, цвіце ў ноч на Купалу, і авалодаць гэтай кветкай. Апошняе дастаецца надзвычай цяжка. Перад захадам сонца трэба пайсці ў лес і абавязксва ў такую глуш, куды ніякім чынам не можа пранікнуць спеў пеўня, якога, на думку народа, моцна баіцца д’ябал. Адшукаўшы прыгоднае месца, дзе, зразумела, павінна быць і папараць, чалавек уладкоўваецца на ўсю ноч. У гэты час яму неабходна чытаць «боскую» кнігу пры запаленай «грамніцы», таму што д’ябал будзе прымаць усе меры, каб як-небудзь напалохаць яго і як бы выбіць з занятай пазіцыі. Ен будзе кідацца на чалавека ў выглядзе розных звяроў, будзе, відаць, затапляць яго вадою, падпаўзаць да яго ў выглядзе страшных змей, будзе пазбаўляць слыху пранізлівым гікам і піскам. Чалавеку будзе здавацца, што на яго валяцца велізарныя дрэвы, і ўсё гэта для таго, каб толькі прымусіць яго да ўцёкаў. Патрэбны, гавораць, незвычайная прысутнасць духу і цвёрдасць волі, каб устаяць супраць падобнага наслання. Гавораць, быццам бы і д’дбал быў неразумным, пакуль не авалодаў кветкай папараці. Таму ён і баіцца так, каб чалавек не падзяліў яго веды. Сродкам супраць яго нападкаў, акрамя малітваў, з’яўляецца яшчэ і наступнае: трэба абрысаваць круг вакол сябе крэйдай, якая была асвячона ў «дзень богаз’яўлення». Д’ябал ніякім чынам не пераступіць гэтай свяшчэннай лініі.
Расказваюць, што нейкаму шчасліўцу ўдалося авалодаць кветкай папараці. Было гэта так. У аднаго чалавека напярэдадні Купалы заблудзіліся валы. Ен пайшоў шукаць іх у лес ды і сам заблудзіўся. Трапіў ён у такую глуш, што не меў магчымасці ісці далей, і паняволі прыйшлося 'прыпыніцца, каб адпачыць. Выявілася, што, заблудзіўшыся, лёг сярод папараці. Ноччу, калі адцвіла папараць, а цвіце яна, па ўяўленні народа, адно імгненне, кветка яе папала селяніну ў лапаць. Прачнуўшыся, селянін адчуў сябе зусім іншым чалавекам. Ен разумеў шапаценне дрэў, чуў, што гавораць у яго дома, бачыў усё, што там адбываецца, як бы перад сабою, бачыў тое месца, дзе знаходзяцца яго валы, бачыў багацці зямлі, скарбы. Ен вырашыў пайсці за валамі, хутчэй загнаць іх дамоў і адправіцца адкрываць скарбы. Ужо ён гнаў дамоў валоў,
але тут адчуў, што горача яго нагам, і, каб аблегчыць сябе і хутчэй дабрацца дамоў, ён скінуў лапці, не падазраючы, што ў іх знаходзіцца галоўная і адзіная прычына яго ўсёбачання. Скідаючы лапці, ён выпусціў з іх магічную кветку і ў тую ж хвіліну згубіў усе свае веды і разуменне: стаў ранейшым селянінам з няясным успамінам аб нядаўняй сваёй унутранай вялікасці.
У гэты дзень асабліва баяцца, каб ведзьмы не сапсавалі кароў. Яшчэ задоўга да гэтага паміж гаспадынямі ідзе размова, што хутка, маўляў, наступіць час змяншэння малака. Думаюць, што ведзьмы тады збіраюцца ў адно месца на Лысую гару ў Кіеве і там раяцца, куды і якая з іх павінна адправіцца за малаком. Паколькі некаторыя гаспадары ў гэты час выганяюць сваю жывёлу на пашу вельмі рана, то ведзьмы дзейнічаюць тут наступным чынам. На луг, дзе пасуцца каровы, яны з’яўляюцца таксама рана, бяруць ручнік, цягаюць яго па pace і гавораць, паказваючы на тую карову, у якой жадаюць адабраць малако: «Як раса ўбывае з-пад ручніка, так каб убыло малако ў гэтай каровы» і «Як раса ўбіраецца ў мой ручнік, так няхай і малако пераходзіць ад гэтай каровы і ўбіраецца ў вымя маёй каровы». Пасля ведзьма выкручвае ручнік і ваду, што з’явілася, дае выпіць карове. Малако пасля гэтага будзе ўбываць і пяройдзе да каровы ведзьмы. Гавораць, што іншы раз хтосьці пайменна ўсіх кароў заве ў лес. На гэты кліч каровы моцна рвуцца. Значыць, тут ёсць ведзьма. Трэба ўсімі сіламі не пускаць туды кароў: інакш ведзьма іх сапсуе.
Каб хоць колькі-небудзь засцерагчы сваіх кароў ад такога зла, іх пояць часам расою, сабранай у агародзе, або пераганяюць жывёлу праз раскладзены агонь. Яшчэ мацней баяцца сяляне, каб ведзьма не забралася да кароў у хлеў. 3 гэтай мэтай яны стараюцца як бы перагарадзіць ёй усе шляхі да свайго жылля. На варотах кладуць крапіву, каб ведзьма апяклася, а часам забіваюць касу, каб яна адрэзала сабе хвост. У хлявах затыкаюць усе дзіркі і шчыліны, над дзвярыма ў хляве вешаюць свечку, якая была асвечана ў царкве. Гавораць, што ведзьмы яе баяцца, і хоць са злосці грызуць яе, але перагрызці не могуць. На вуглах вешаюць вянкі з асвячонага зелля, вешаюць іх таксама ў дзвярах, кладуць на стрэхі, на вокны. Шчыліны ў дзвярах затыкаюць, таму што думаюць, быццам ведзьмы пераварочваюцца ў яшчарак і жаб і такім чынам могуць забрацца ў хлеў. На лбе ў кароў намазваюць дзёгцем крыж. Ісціну існавання ведзьмаў сяляне пацвярджаюць мясцовым паданнем.
У дзень Іаана Прадцечы сяляне наказваюць пастухам, каб
на гэты раз яны не пераганялі сваёй жывёлы «праз мяжу», г. зн. праз тую мяжу, якая аддзяляе палі адной вёскі ад другой: там, гавораць, збіраюцца ведзьмы, пераварочваюцца ў жаб і, падпоўзшы пад кароў, адбіраюць малако. Аднойчы дамовіліся некалькі хлапчукоў не паслухаць сваіх гаспадароў і пагнаць жывёлу ў забароненае месца «за мяжу». Адзін хлопчык, назіраючы за жывёлай, заўважыў, што паміж каровамі поўзае вялізная жаба. Ен зразумеў, што гэта ведзьма, узяў палку, завастрыў яе, быццам долата, і, наблізіўшыся да жабы, сказаў: «Ах ты, ведзьма, ты прыйшла за малаком да маіх кароў, вось я цябе пачастую!» Ен прыцэліўся і так лоўка стукнуў па жабе палкаю, што адсек ёй пярэднюю лапу. Параненая жаба запішчала і папаўзла без нагі. Хлопчык расказаў аб гэтай гісторыі сваім равеснікам. Яны пасмяяліся, пажартавалі — на гэтым усё, відаць, і закончылася б. Але калі гэты хлопчык вярнуўся вечарам з жывёлай дадому, то тут жа яму сказалі, што нядаўна хтосьці яго хроснай маці адсек руку. Успомніўся хлопчыку той выпадак, і ён тут жа паспяшаўся наведаць сваю хросную маці. He паспеў ён уступіць у хату, як старая, сабраўшы апошнія свае сілы, схапіла качаргу і здаровай рукою шарахнула малому па галаве. «Ах ты, шалун, неслух,— сказала яна,— ты прыйшоў яшчэ сюды здзекавацца нада мною? 3-за цябе я адыходжу на той свет!» Усе, хто прысутнічаў, былі здзіўлены падобным відовішчам і прасілі хлопчыка растлумачыць ім прычыну такога прыёму яго хроснаю маці. Хлопчык, зразумела, расказаў, што здарылася ў полі з несапраўднай жабай. Хатнія даведаліся, што была ў іх за старая. Хутка яна сканала, а паданне пра яе захавалася.