Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Крыта, крыта!
Поўна, сыта! Божа, памажы, Хлеба ўрадзі’
Маладзіца падае снапок гаспадыні, якая дарыць яе грашыма і палатнінай; потым разам з дзяўчатамі падыходзіць да гаспадара з паклонам. Гаспадар частуе іх гарэлкаю і запрашае на дажынкі. Тым і заканчваецца пакрыванне поля.
Пакрыванне поля робіцца амаль у кожнага селяніна Віцебскай і Мінскай губерняў; думаюць, што ў выпадку нездзяйснення гэтага абраду ўборка хлеба будзе няўдалая.
Зажынкі. Праз два дні пасля пакрывання поля ідуць зажынкі. Вечарам, на захад сонца, гаспадарова дачка разам з сяброўкамі адпраўляецца на поле. Выходзячы з дому, яны спяваюць:
Выпраўляюцца малажайкі На спраўленне зажынак, Паглядзець на дабро гаспадаркі Да прыняць поўны жыта абірак... Да гатоў жа, гатоў, гаспадыня, Сустрэчанне ім шчырае, Рашчыняй, калі ёсць, скрыня Да бяры нясі мёд з вырая...
Гаспадыня ім дае яечню, сыр і гарэлку, з чым дзяўчаты і адпраўляюцца на поле *. Прыйшоўшы на месца жніва і падсілка-
* Чаго не з’ядуць і не вып’юць, тое закопваюць на тым месцы, дзе зжата жыта для снапка.
ваўшыся, дзяўчаты зразаюць па каласку і звязваюць невялічкі снапок, які вядомы пад назвай гаспадара-снапка; потым акрапляюць яго гарэлкаю і з ім адпраўляюцца ў гаспадарову хату, прыпяваючы:
Г алубок-снапок Нажалі малажайкі Да іх белыя ручайкі. Месяц месячыку!
Свяці ж нам дарожачку: Што б мы не зблудзілі, Снапочка не згубілі, Бо наш снапок красны, Як месячык ясны, Яшчэ высшы ад плота, Яшчэ дарожшы ад злота, Яшчэ высшы ад гары, Ясней ад зары.
Увайшоўшы ў хату, гаспадарова дачка з паклонам падносіць бацьку снапок-гаспадарок. Гаспадар, падкінуўшы ўверх снапок, ставіць яго на покуці пад абразамі; пад снапок кладзе чатыры медныя манеты і кланяецца.
Паставіўшы гаспадар-снапок, гаспадар частуе дзяўчат гарэлкаю, а гаспадыня дорыць іх пшанічнымі булачкамі; дзяўчаты спяваюць:
Слаўся, гаспадарку, слаўся, Што малажаек не стыжаўся, Як яны не стыжалі, Ніўку тваю зажыналі...
Затым дзяўчаты разыходзяцца. Пры развітанні гаспадар з гаспадыняй запрашаюць іх на дажынкі. Зажыначны снапок захоўваецца «на куце», пад абразамі, да Прачыстай; напярэдадні яе снапок абмалочваюць і зерне прыносяць у царкву для свянцання; гэтым жа зернем засяваюць свежаўзаранае для азімага хлеба поле — некаторыя на Прачыстую, а іншыя на другі ці на трэці дзень пасля свянцання; пры засеўках звоняць манетамі, якія былі пакладзены пад снапком...
Дажынкі. Дажынкі бываюць розныя: багатыя і небагатыя. Для лепшага ўяўлення пра гэты абрад апішам дажынкі заможнага селяніна, якія адрозніваюцца ад панскіх дажынак тым, што пры першых захоўваецца больш народнасці і прастаты, чым пры другіх. Дажынкі ў сялян маюць аблічча старажытнаславянскага быту і знакаміты свабоднай нязмушанасцю жыцця...
Звычайна ў той дзень, калі назначаецца канчатковая ўборка жыта, збіраюцца на полі пэўнага селяніна (па запрашэнні яго дачкі ці жонкі напярэдадні дажынак) мноства жней, большай часткай бясплатна пажаць, адзіна радзі таго, каб павесяліцца ў гасціннага гаспадара. Колькасць жней залежыць ад гаспадаровай гасціннасці або прыхільнасці да яго суседзяў. Некаторыя жнеі прыходзяць нават незапрошанымі і з другіх вёсак... Гаспадар вельмі рады такім жнеям і іх старанне цэніць больш за гатоўнасць запрошаных работніц. На дажынкі збіраюцца большай часткай бясплатна; платных жа жней збіраюць у такіх выпадках, калі ў адзін і той жа дзень назначаюцца дажынкі ў некалькіх гаспадароў, а між тым чаму-небудзь пэўнаму гаспадару трэба неадкладна скончыць уборку жыта ў гэты самы дзень.
Збіраюцца на поле, як толькі рассвітае, і, калі жней шмат у параўнанні з невялікім участкам пасеянага жыта, жнуць паволі, не спяшаючыся; калі ж жней мала, жнуць як мага хутчэй, каб дажаць усё жыта.
Старшая між жнеямі размяркоўвае месца, каму дзе жаць, усе падпарадкоўваюцца і ахвотна выконваюць яе распараджэнні... Старшую называюць пачынальніцай, а астатніх памагальніцамі.
Прыступаючы да жніва, пачынальніца запявае:
Наша ніўка залатая, Нашы сярпы вострыя, Наш пан гаспадар налягае, Што б мы не былі чорствыя...
Памагальніцы працягваюць:
— Ой, чыё ж то поле Зажаўцелае стаіць? — Янукова поле Зажаўцелае стаіць! Жнейкі маладыя, Сярпы залатыя... Да зялён бор, зялёны Над усімі барамі, Да славен наш гаспадар Над усімі гаспадарамі. У нашага гаспадара Куна на дварэ іграе, Сабаля вызывае: — Саболю, саболю! Пагуляем з табою.
Развесялім свайго гаспадара I гаспадыню маладую, I чалядку вясёлую.
Калі ж жнуць на панскім полі, спяваюць наступную песню:
Золата маё, золата На таку малочана, На стале насыпана. Хто золата палічыць, Той на чужу старану не паедзець... Да наш пан маладзенькі На чужынку не паедзець, Пашлець служку маладога I каня варанога.
Конік будзе гарцаваці, Служка паганяці. Наш пан маладзенькі, Пад ім конь вараненькі, Выехаў на ніўку У шчаслівую гадзінку, Стаў жнеек лічыць, Стаў бога хваліць: — Слава табе, божа, Маё жыта будзе ў стозе.
Песні складаюць галоўную асаблівасць дажынак. Hi адзін абрад не багаты так песнямі, як абрад дажынак. I ўсе гэтыя песні болыц або менш маюць адносіны да той нагоды, з якой іх спяваюць.
Дык вось праз некаторы час (не больш двух гадзін), нажаўшы па дзесятку снапоў, жнеі спяваюць наступную песню, у якой гаворыцца, што яны ўжо сто коп нажалі:
Добрая ніўка была, Сто коп жыта зрадзіла I яшчэ хваліцца, Што на капу калоссе валіцца... Запрагайце волы, Паедзем да дубровы Хвойкі выцінаць, Копкі падпіраць.
Калі настае час полудня (10 ці 11 гадзін раніцы), гаспадары прыносяць усякай ежы і піцця: на гэты раз нічога не шкадуюць...
Полудзень цягнецца гадзіны дзве: вясёлая шумная гаворка, звонкі рогат, песні, жарты, плясканне ў далоні не змаўкаюць на працягу ўсяго полудня. Полудневыя, або, так сказаць, застольныя, песні не маюць асобага значэння. Прыводзім адну для ўзору:
Ой, паслала мяне маці Спелае жыта жаці,
Ой, нуце, жнейкі, He будзьце санейкі! Ой, я жытка не жала, У баразёнцы ляжала, Ой, нуце...
Наехалі чужы жнейкі, Нашлі мяне ў баразейке, Ой, нуце...
Зажурылася Кацярына, Што не зжата жыціна, Ой, нуце...
Праз твае русы валосы Выкасілі ўсе пакосы, Ой, нуце...
Цераз твае чорны бровы Выкасілі ўсе дубровы, Цераз твае белы рукі Выкасілі ўсе прылукі I жыціну выжалі, I Кацярыну палюбілі. Ой, нуце, жнейкі, He будзьце санейкі, He рана пачалі, Трэба, што б багата уцялі...
Пасля абеду бяруцца зноў жаць і зноў з песнямі. Гадзіны цераз тры па полудні гаспадары прывозяць падвячорак з халоднай стравы і закускі. Як пры абедзе, так і ў час падвячорка гаспадары частуюць жней гарэлкаю.
Пад вечар жнеі дружна бяруцца за працу і, падганяючы адна другую рознымі прыказкамі і прымаўкамі, спяваюць песню:
Ой, мілы божа Нам дапаможа? Ці не выжнем? Сонейка нізка, Вячэрайка блізка, Ай, не выжнем! Пташкі злятайце, Снапочкі знашайце, Ай, мілы божа Нам дапаможа? Ці не зносім? Саколікі злятайце, Копачкі складайце, Ой, мілы божа Нам дапаможа? Зязюлейка кукуе, Копачкі рахуе, He злічыць!
Ой, мілы божа Нам дапаможа?
Сонейка нізка, Вячэрайка блізка, He злічыць!..
Нарэшце, калі дажынаюць ужо апошні загон, кожная са жней адкладае па каласку для аднаго агульнага снапа, так званага дажыначнага. Сабраўшы такім чынам дастатковую колькасць каласоў і звязаўшы дажыначны сноп, жнеі дзеляцца на дзве палавіны: старыя і замужнія жанчыны зносяць і складаюць у копы снапы, а дзяўчаты, сабраўшыся ў кружок, доўга раяцца, каго выбраць багіняю (талакою). Выбраўшы ў багіні прыгожую сяброўку, жнеі-дзяўчаты дажынаюць пакінутую лапінку жыта і з гэтага сплятаюць вялікі вянок і аздабляюць яго рознымі кветкамі і стужкамі.
Старыя жнеі спяваюць:
У нас сягоння вайна была, Усё поле зваявалі.
Змялі поле мяцёлкамі, Ідзём дамоў вясёлкамі. Ніўка, ніўка, ніўка, Аддай нашу сілку.
Мы свайму гаспадару Да зрабілі славу: Жытачка нажалі, У снапы павязалі, У копы паскладалі. Мы свайму гаспадару Да зрабілі славу. Ой, гаспадарачку наш! Дажыначкаў час!..
У гэты самы час дзяўчаты-жнеі, дажынаючы жыта для вянка, спяваюць:
Канец ніўцы, канец!
Упляцём гаспадару вянец, Да ўжо жніво ў канца, Нуце, дзевачкі, да вянца! Кружыліся, кружыліся, Ужо мы жытка дажаліся, Дажаліся дзевачкі Да яснага сонейка.
Звіўшы вянок, дзяўчаты ўскладаюць яго на галаву «багіні», а ў рукі даюць дажыначны сноп, пакрыты доўгім белым пакрывалам. Потым дзяўчаты абкружаюць яе ланцужком і скачуць, прыпяваючы:
Кружком, дзевачкі, кружком, К гаспадару з паклонам.
He самі мы ідзём, Мы вяночак нясём. У нашай гаспадыні Поўна хлеба ў адрыні, Трэба пакланіцца, Штоб к ёй дабыцца.
У гэты час да дзяўчат далучаюцца старыя і замужнія жнеі, і, узначаленыя «багіняю», усе разам адпраўляюцца да гаспадаровай хаты. Пры гэтым спяваюць:
Да гудзець поле, гудзець, Багіня з поля ідзець. Гаспадарку, не ўлякайся, У святлічку не схавайся. Выкаці бочку піва, А другую гарэлкі...
Мы жнейкі не жаўнеркі, He пап’ём усёй гарэлкі. Наша гаспадыня міла Дасць нам белага сыра. Сіва пава лятала, Крыламі двор мятала, Спадзявалася вянца Да свайго гумянца!
Песні не моўкнуць усю дарогу. Праходзячы праз вёску, жнеідзяўчаты прытанцоўваюць, старыя пяюць:
Будзь сяло весяло, Бо мы вянок несямо 3 добрага жыта, Вельмі красавіта...
Потым усе разам спяваюць:
Адчыняй, гаспадару, свой двор, Бо вядзём увесь жніўны збор. Ай, нажалі, навязалі копачак, Як на небе звёздачак...
Спраў жа нам, гаспадару, дажынкі, Бо мы страцілі для цябе свае сілкі. Адчыні нам хатку, Упусці багіню-матку.
Забі нам, гаспадару, барана,
Забі нам вялікага быка,
Забі нам свае гускі, He пажалуй цялушкі!..
He крыйся ж, гаспадару, перад намі,
Бо мы відзім цябе вакнамі.
Выйдзі да нас, Выкупі вянок у нас!..
Гаспадар і гаспадыня, пачуўшы песні жней, выходзяць з хаты і сустракаюць іх на дварэ хлебам-соллю. «Багіня» выступае наперад і, пакланіўшыся гаспадару, кладзе ля ног яго дажыначны сноп, які гаспадыня акрапляе «святой» вадою, а вянок перадаюць яму ў рукі, прыгаворваючы:
— Паздароў, божа, гаспадару! Прыняслі табе вянок з шырокага поля, з ядронага жыта. Гаспадар свайго гаспадарства не страціць, нам за вянок заплаціць, хоць чырвоныя боты для нашай ахвоты — жыту на ўраджай, гаспадару на доўгі век. Гаспадару вянок, а нам гарэлкі збанок!
Гаспадар бярэ вянок з паклонам «багіні», а гаспадыня дорыць ёй грошы і боты...