Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
г) У Гродзенскай губерні паўсюдна жытнія сцябліны, што прызначаны для апошняга снапа, таксама не звязваюцца да таго часу, пакуль гаспадыня пры песнях жней не заўе так званай «барады», для чаго і пакідаюцца знарок недажатымі крыху сцяблін, у прамежках якіх старанна выполваецца трава і кладзецца невялікая луста хлеба з соллю. Затым гаспадыня перавязвае сцябліны чырвонай ніткаю і падразае сярпом пры самым карэнні, пасля чаго яна, трымаючы пучок жыта ў левай руцэ, правай кідае серп уверх і крыху ўбок і кладзе гэты пучок у сярэдзіну нязвязанага снапа, які цяпер і звязваецца ў двух месцах: зверху, ніжэй каласоў, і знізу, у звычайным месцы. Гэты сноп не прывозіцца возам разам з іншымі, а забіраецца з поля выбранай жняёй, хоць не заўсёды ў самы дзень дажынак. У гумне яму адводзіцца ганаровае месца. Напярэдадні ж Спаса (6 жніўня) гэты сноп абіваюць, а на самога Спаса свенцяць, і тады яго зерні скарыстоўваюць для засеўкаў.
У Лашанскай воласці той жа губерні і павета, калі дажынаюць жыта, таксама ў канцы поля, пры мяжы, пакідаюць невялічкую лапінку нязжатага і кажуць: «Трэба пакінуці звяром, бо калі не было на свеце гэтым жыта, то звяры пачалі прасіць бога чаго есці, а бог ім кінуў жменьку жыта, штоб яны памялі, і адгэтуль распладзіўся хлеб». Затым робяць вянок з каласоў, палявых кветак, прыносяць яго дамоў і ставяць на покуці.
Калі дажынкі бываюць у пана, то хоць вянок робяць таксама з жыта, але пры перанясенні яго захоўваецца асобая
цырымонія: яго надзяваюць на галаву самай прыгожай дзяўчыне, і ўзначаленыя ёю астатнія жнеі адпраўляюцца ў панскі двор, спяваючы ўсю дарогу прымеркаваныя да гэтага выпадку песні. Калі жнеі падыходзяць да панскай сядзібы, то пан або пані ці абое разам выходзяць да іх насустрач, бяруць вянок з галавы дзяўчыны і хто-небудзь з іх надзяе на галаву сабе. У гэты час хто-небудзь з дворні раптам вылівае цэлае вядро халоднай вады на галаву дзяўчыны, што несла вянок. Пан дарыць яе грашыма, а часам звыш таго і хусткай.
ЗАЖЫНКІ I АБЖЫНКІ
Прыйшла прыпарніца, і з раніцы да вечара вясковы люд потам абліваецца, не ведае стомы, рук не складае. Скрыпіць воз, звініць каса, іржуць коні, брэшуць сабакі, нясуцца песні, пануканне коней не змаўкае. Здаецца, людзі зусім забылі пра свае хаткі, хлявы, свірны — усё апусцела...
Жанчыны з вёскі Перунова сабралі таганы, павесілі калыскі на плечы і пайшлі на ніўкі — доўгія палоскі... Перш чым за справу брацца, трэба ж спачатку ў бога благаславіцца. I ў вёсцы Перунова гаспадыня Зося Змітрачыха стала рыхтавацца да зажынак. Нельга ж наваліцца на ніву нахрапам, як гэта робіцца ў паноў і шляхты. Таму бог і гневаецца на людзей, што яны забылі старасвецкія ўстаноўкі, таму і карае дажджаміўтопамі, градам, навальніцамі.
Зося становіцца на покуці і шэпча малітвы. Спачатку найсвенчай матцы, пасля Міколу з Юр’ем і, нарэшце, Спасу з Пакровам. Яна хутка шэпча, баючыся, каб не збіцца і не пачынаць дарэмна спачатку. Потым кланяецца, уздыхае. I, падняўшыся з каленяў, Зося лезе ў вугал, здымае ікону, укручвае яе ў велікодны абрус. Цяпер застаецца дастаць скавароднік з печы і ўзяць акраец хлеба з соллю: сустрэць, прывітаць ніўку, як сустракаюць добрага чалавека. Гаспадыня спяшаецца, абувае чаравікі, якія ляжалі ў куфры і толькі па вялікіх святах даставаліся.
Спяшаецца Зося на ніву з іконай, з хлебам-соллю і з грамнічнай свечкай. Прывіталася з ніўкай, перахрысцілася і аджала тры жмені. Гэтыя жмені яна перавязала ў маленькі снапок і будзе захоўваць за абразамі на покуці, каб зберагчы хатку ад усялякага ліха. А хлеб і скавароднік Зося захоўвае да вячэры, каб сям’я паспытала зажатага хлеба і сказала: «Дай, божа, у гэтым годзе хлябец сабраць і другога года дачакаць». А як выйшла Зося зажын зажынаць, то і іншыя вясковыя гаспадыні
паспяшаліся на ніву: нельга ж адставаць. Адстанеш — не паспееш разам з усімі зжаць, а вяскоўцы жывёлу пагоняць, палоску, што засталася, патопчуць. Вось глядзіце: пачынаючы ад закутнай канавы, у пачатку кожнай палоскі стаяць жанчыны і робяць такія ж зажынкі, што і Зося, а затым памалу вяртаюцца дамоў з пучкамі жыта ў руках.
Як зажынкі, так і абжынкі — справа чыста жаночая. Мужчыны тут не завадайлы. Іх справа — талокі склікаць, каля зямлі хадзіць. У жніве выяўляецца здольнасць і кемлівасць жанчыны. Хто з сярпом зможа далей адысціся ад саперніц, тая хутчэй і замуж выйдзе. Вось хоць бы перуноўскіх дзяўчат узяць: Малання і Сазонава пляменніца ва ўсіх стаяць на віду. Жаніхоў ім не шукаць. Вядома, якія іх рукі ў жніўнай працы.
Мужчыны ведаюць цану жаночай працы ў гэты час. А таму шануюць сваіх жанчын, хваляць іх, і часцяком можна сустрэць гаспадара, які нясе ваду з калодзежа ці які выбірае бульбу, хоць гэта і лічылася жаночай працай.
Час жніва і цяжкі, і вясёлы. Надта цяжка, у каго дзеці малыя. Трэба забіраць іх з сабою на ніву, ставіць для іх таган, закалыхваць і спяшацца да жанчын, a то спознішся і застанешся ў «хвасце». Свякроў патачкі не дасць. Паглядзіце і прыслухайцеся, як сварыцца Зося на сваю нявестку Кацярыну.
— Што ж ты зноў каля мальца возішся,— крычыць яна на нявестку.— Засне, калі захоча...
А хлопчык паўгодзіка яшчэ на свеце не пражыў. Маленькі, худзенькі, з васковым колерам твару. Ен ужо даўно глядзіць на паповы сані. Колькі бяссонных начэй правяла Кацярына, сама спала з твару, абяссілела і цяпер ледзь-ледзь на нагах стаіць. Але што рабіць! He будуць жа хлебам карміць, калі ў гэты гарачы час будзеш дома сядзець.
— Ах, мой божа, не спіць малы... I рада была пайці,— апраўдваецца яна.
— Ды ты так, галубка мая, і да вечара дасядзіш,— яхіднічае свякроў.— Хто ж твой «хвост» дажынаць будзе?
Кацярына паспяшалася даць соску хлопчыку, падцягваючы таган з калыскай бліжэй да «хваста», і пачала даганяць жанчын. А сонца пячэ. Шум, гоман увышыні. Песні жанчын і дзяўчат перамяшаліся з плачам дзяцей, з трэлямі жаваранкаў, з крыкам кнігаўкі, з гойканнем пастухоў, з гудзеннем цэлых мірыядаў аваднёў і мошак...
Побач з перуноўскімі палоскамі расстаўлена «панская змена» — ляхаўская. Тут жнуць курылаўскія, мартынаўскія і захватаеўскія жанчыны. Цяпер ужо і на ляхаўскіх палях не бывае такога шуму, як раней. Цяпер жнуць не падзённа,
а падзесяцінна, таму можна бачыць жанчын не суцэльнай сцяной, а ўраздроб па розных канцах шырокага панскага поля. 3 ляхаўскіх палёў і панесліся жніўныя песні, перш чым перуноўскія жанчыны паспелі «наладзіць галасы»:
He пайду дамоў, Я тут заначую, Журбы не пачую.
«Не пайду дамоў»,— пела некалькі галасоў на ляхаўскім полі.
Лягу спаці Я пад калінаю, Да пад зялёнаю Лягу спаці!
Скарай, божа, Мужа ў дарозе, Свякроў на парозе, Скарай, божа!
Мужа пірагамі, Свякроў перунамі А ўбій, божа.
— Што ж вы, галубкі, не спяваеце,— гаворыць Сапроніха на перуноўскай паласе.— Бачыш, як заліваюцца ляхаўскія.
— Маланка, пачынай! — крычаць дзяўчаты.— Ты самая карагодніца. Без цябе і песня не песня...
I зацягнула Малання такую песню, а бабы на ўсіх палосках падхапілі:
Звалілася свякроў з тыну Да ў зялёную крапіву. He жаль жа мне свякровачкі, Да жаль жа мне крапівачкі. Крапівачка — зялёная, Свякровачка — шалёная. Крапівачку — на нівачку, Свякровачку — у магілачку. Крапівачку паліваць буду, Свякровачку праклінаць буду.
Надышла хмарка, і раптам паліўся дождж. На ляхаўскім таксама заспявалі жанчыны:
Закурыўся дробны дожджык, Па чыстаму полю закурыўся.
Затужыўся мой родны татулька, Па майму бяздоллю затужыўся.
He курыся, дробны дожджык, Па чыстаму полю не курыся.
He тужыся, мой родны татулька, Па майму бяздоллю не тужыся!
* * *
Яшчэ пастухі не паспелі кароў ад сяла адагнаць, яшчэ сонца з-за возера не паказалася, яшчэ драч не закончыў сваёй аднастайнай песні, яшчэ паны ляхаўскія толькі другі сон бачылі, а перуноўскія бабы ўжо прыйшлі на «свае» (панскія) палоскі і прыняліся старанна за работу. Усе перуноўцы рашылі абжынкі сягоння наладзіць, каб не марыць голадам скаціну на папары. Дый панскі прадстаўнік гаварыў, што сабярэ на сягоння баб шмат і абавязкова закончыць работу на аржаным полі. Надвор’е не надзейнае, баран уніз пайшоў — дождж хутка будзе...
Hi Маланні, ні Зосі, ні Ганулі сягоння на перуноўскіх палосках не відаць. Пайшлі яны на заработкі на ляхаўскае поле. Ад таго і ўся весялосць сярод цяжкай працы перайшла да ляхаўцаў. He стала Маланні, і бабам маркотна стала. «Няма нашай забаўніцы,— гаварылі перуноўскія жнеі,— не будзе каму абжынкі адпець». Добра яшчэ, што палоскі сумежныя з ляхаўскім по.іем, і жанчынам можна сысціся на абед разам, можна і песнямі перакінуцца. Усё-такі не так будзе цяжка гнуць спіну пад палячымі праменнямі сонца. Песню заспяваеш — з душы камень зваліцца.
Добра, калі поле народам усеяна: працавіты сілу пакажа, лянівы людзей пасаромеецца, а хто са жней у «хвасце» застанецца, таму і зімой гэты грэх прыпомняць.
Ляхаўскія жанчыны стаяць суцэльнай сцяной. Дзесяткі рук падымаюцца ўгору са жменямі каласоў, дзесяткі рук схопліваюць у самага кораня спелае жыта, рэжуць вострымі сярпамі, дзесяткі рук вяжуць цяжкія снапы, нагінаючыся да самай зямлі і сціскаючы каленямі вязьмо...
Дужая, спрытная, маладая і прыгожая Малання (на твары ніякай цені стомленасці не было відаць, толькі ўсмешка не зыходзіла з яе твару, жарты, смех, песні суправаджалі, здаецца, кожны яе рух) тут жа зацягнула песню:
Ясна сонца!
Я на цябе не нагледжуся,
Віна твая вялікая, Ясна сонца!
1 дзесяткі жанчын злілі свае галасы з голасам Маланні ў наступных словах песні:
Што ты рана ўсходзіш, Позненька заходзіш, Рана ўсходзіш!
Халодная раса пала, Пусці, паня, дамоў рана: Нашы дамы далёкія, У нас мамкі няродныя, У вароціках пераймаюць, Па вадзіцу пасылаюць. Вядзёрачкі дубовыя, Перавёсла шаўковыя, Наша доля далёкая, Узмежачкі высокія.
I песня шырокай хваляй палілася ад возера да самага лесу і там замёрла далёкім рэхам... Жанчыны перавялі дух і паглядзелі на сонца. Яно ўжо паднялося вышэй лесу і, як бы любуючыся, заглядвала ў возера. Аблівала яно сваімі пякучымі праменнямі і нівы, і баб. Жанчыны перавялі дух, выцерлі потныя твары, паправілі касынкі, і з многіх грудзей вырваўся міжвольны ўздых... Толькі Прузына (амаль яшчэ падлетак), якая прыйшла толькі другі раз на заработак, адстала амаль на сажань ад баб. Яна, пачырванеўшая, стаяла і гатова была заплакаць. Але Малання падышла да яе і хутка стала жаць, напяваючы песню: