Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
дзяды
...Дзяды — свята продкаў, не звязанае з сонечным культам, прыпадала на восень, менавіта на першае лістапада. Дзісенскія крывічы ўрачыста абходзяць двое Дзядоў: веснавыя — Наўскі Вялікдзень і восеньскія — Вялікія дзяды [...] Наўскі Вялікдзень, веснавыя Дзяды, пасвячаецца толькі «наўцам», г. зн. новапамёршым (бацькам, братам, сёстрам, дзецям), а Вялікія дзяды пасвячаюцца цэламу роду, як толькі можа сягнуць памяць людская, і ў гэтым ёсць істотная розніца паміж веснавымі і восеньскімі Дзядамі.
Даўней восеньскія, Вялікія дзяды, абходзілі не паасобнымі сем’ямі, а родамі. Аб такіх родавых памінках апавядаў мой бацька, за якога яшчэ памяці, у 1840-х, 1850-х гадах, спраўлялі гэткія памінкі на Дзісеншчыне: Вангіны, Сарокі, Шышкі, Рублеўскія, Рымшы, Дземідовічы і інш. На гэткія Вялікія дзяды збіраліся зазвычай у дом найбагацейшай з роду сям’і ўсе дарослыя родзічы — ад найбяднейшага да найбагатшага, кожны са сваімі прыпасамі, і за агульным сталом спраўлялі вячэру. Вячэра пачыналася агульнымі малітвамі і спевамі за памёршых, якія прыпісвала царква. Скончыўшы малітвы, найстарэйшы з роду першы ішоў за стол і, запаліўшы абрадавую свечку, якая дагэтуль стаяла ўваткнутая ў карцы, напоўненым збожжам, гаварыў стоячы: «Святыя дзяды, просім за пачэсны стол!» Пасля гэтага Забіралі па старшынстве месцы за сталом усе пры тым бытныя. Абрадавыя на Дзяды стравы — гэта «юшнік» з крыві, вараны з мясам, каўбаса і аладкі. Размова за сталом вялася выключна аб памёршых «дзядах», г. зн. продках роду. Пачынаў яе найстарэйшы ў родзе пасля першай чаркі, якая ішла ўкругавую, звычайным чынам, што першага прашчура роду нашага было імя такое-та, жыў ён там-та, вызначаўся тым-та і г. д. Далей гаварылі аб бліжэйшых продках аж да апошніх. Пасля вячэры размова цягнулася да «трэціх пеўняў», апавядаліся прыгоды, характары продкаў, родавыя і звязаныя з родам успаміны і легенды.
Падобна вышэйзгаданым дробнашляхецкім Дзядам, абходзіліся Дзяды і ў сялянскіх родах, толькі з большай прымешкай язычніцкіх перажыткаў. Гэтак рашчынялі напярэдадні Дзядоў хлеб і пяклі яго абавязкова на сухіх лістах; калолі парсюка на дзень Дзядоў, і ўрэшце вечар прысвячаўся гутаркам аб дзеях продкаў [...]
За маёй памяццю, у 1880-х, 1890-х гадах, ужо ў Дзісеншчыне не святкавалі Дзяды родамі, а толькі сем’ямі. У маёй сям’і гэта адбывалася такім парадкам. Напярэдадні Дзядоў з самай
раніцы жанкі прымаліся за капітальную чыстку хаты і ўсіх гаспадарскіх статкаў. Вечарам уносілі дзяжу, ставілі яе на «крыжох», сярод хаты, пакрывалі чыстым абрусам і садзіліся за стол вячэраць. У час вячэры лічылі «дзядоў», г. зн. прыпаміналі ўсіх памёршых продкаў. У нас налічвалі іх да трыццаці. Пасля вячэры рашчынялі «дзядоўскі хлеб», і на другі дзень пяклі столькі бахонкаў, колькі налічылі «дзядоў». Раніцай ехалі ў царкву і там раздавалі бахонкі ўбогім, кожнаму па аднаму. Велічыня бахонкаў залежала ад заможнасці сям’і: сем’і багатыя пяклі вялікія бахонкі, а бедныя абмяжоўваліся «бондачкамі» з кулак велічынёй. На вечар бывалі запрошаны бедныя з суседства, чалавек да дзесяці, і пачыналася за агульным сталом вячэра. На вячэру прыгатаўлялі «юшнік» з крыві, а ў гады, калі не калолі на Дзяды падсвінка, то клёцкі з «душамі», г. зн. з загорнутымі ў цеста скваркамі, і аладкі з верашчакай або замест аладкаў каўбасы з сырой капустай і на заканчэнне «саламатка», г. зн. сушаныя яблыкі, ігрушы і ягады, вараныя на мёдзе, або замест «саламаткі» аўсяны кісель з мядовай сытой. Варылі на вячэру больш чым было трэба і рэшткі ,мяса, аладак і іншае дзялілі паміж беднымі: кожны вяртаўся дамоў з клункам, у якім заўсёды акрамя ўсяго іншага была пара каўбас.
Перад вячэрай маліліся з малітоўнікаў па памёршых, а пасля вячэры, пасядзеўшы і пагутарыўшы на тэмы, пахвальныя для продкаў сям’і, разыходзіліся. Адлівання лыжкі стравы пад стол ніхто з нашай сям’і не практыкаваў, хоць з запрошаных гасцей некаторыя гэта рабілі. Сядаючы за стол, «дзядоў» не прызывалі. Але ніякага начыння пасля вячэры са стала не збіралі і рэшткаў страў, што заставаліся ў місах,.не прымалі са стала.
3 пераказаў майго бацькі, чутых ад дзеда і старых людзей яго пакалення, з днём Дзядоў звязвалі яшчэ адзін цікавы абрад — гэта ўпісванне і выпісванне з сямейнай кронікі членаў сям’і. Нованароджаных упісвалі, а памёршых выпісвалі. Кронікі гэтыя вяліся на бэльках хаты ў «пачэсным» куце. У сваёй Дзісеншчыне я ўжо нідзе не бачыў гэткіх запісаў, але давялося мне іх пабачыць вясной у 1914 г. у Бельскім павеце, у сяле Кленікі (заходняя частка Гродзеншчыны). У старых хатах «пачэсны» кут тут зазвычай заняты глыбокімі выразамі ў яго бэльках тэкстам славянскім, напрыклад, гэткага зместу: «Рдся. рб. Бж. Міікола л. 1881. 20 іюл. 41900. 5 март.» або скарочана: «Антон 1830. 10 мая+1870. 2 авг.» Яшчэ жывых сем’янінаў на сцяне маюцца імёны і даты народзін і насупраць іх пакінута месца для ўпісання даты смерці. Вось жа, у дзень
Дзядоў, паводле апавяданняў, прыводзілі ў хату грамацея, які падобныя запісы вырэзваў на «пачэсным» куце, натуючы народжаных або памёршых асоб за мінуўшы год у дадзенай сям’і. Праўдападобна, гэты звычай весці сямейныя кронікі пашыраўся па ўсёй крывічанскай тэрыторыі, бо сляды яго, паводле пераказаў, сустракаюцца і ў Веліжскім павеце, але поўнасцю ён захаваўся яшчэ адзіна толькі ў Бельшчыне...
ВОСЕНЬСКІЯ ДЗЯДЫ Ў НЕЖКАЎСКАЙ ВОЛАСЦІ МАГІЛЁЎСКАГА ПАВЕТА
Дзядоў у сялян, як і паводле царкоўнага ўставу, чацвёра: Духаўскія, Змітраўскія, перад Масленым тыднем і Радуніца, а ў вёсках Навасёлкі і Васількі ёсць пятыя — перад Пакровам: Пакроўцы. У абрадах усіх гэтых дзён, акрамя Радуніцы, асаблівасцей няма, усе яны паміж сабой падобныя.
Калі прыйдзе дзень Дзядоў, то з самай раніцы на вёсцы можна паўсюль заўважыць жабракоў, на Дзяды іх звычайна запрашаюць. Аднак не для ўсіх іх прыём роўны: сяляне нашы заўсёды аддаюць перавагу таму з іх, хто карыстаецца славай лепшага спевака і чытальніка, «хто болі прычытвае і лепі пяе». Перш за ўсё ён чытае малітву па памерлых, потым за здаровых, а ў канцы, калі папросяць, і за жывёлінку. За гэта яму плацяць грашыма ад пяці да дзесяці капеек, а за жывёлінку асобна і часцей за ўсё даюць кавалачак «салца» ці «мясца», а не — дык два ці тры яйкі. Мукі жабракам не даюць і асабліва за заўпакойную малітву, бо нябожчыкам «будзя нылка на тым свеце».
Бабы ў гэты дзень мыюць стол, лавы, вокны, незасланы канец лавы стаіць збоку каля печкі і служыць падстаўкай для палацяў (г. зн. для нар): там будуць сядзець «дзяды», якія будуць памінацца, у чаканні вячэры; выціраюць і самыя нары. Пад вечар бабы пачынаюць паліць у печы, гатаваць стравы, пячы бліны. Да гэтага трэба дадаць, што ў вёсках Студзёнкі і Вішова першы блін рвуць на часткі і кладуць на вокны «для дзядоў».
Ведаючы, у якую пару рыхтуюць патравы, пастух выпраўляецца па вёсцы і, спыняючыся каля акна кожнага дома, пытае: «Гэй, гаспадыня! Ці пякла бліны? Прыслалі «дзяды» па бліны, свінкі па саланінкі, авечкі па яечкі, баранкі па соль, а кароўкі па сыр». Пры гэтым гаспадыні выносяць пастухам тое, што яны просяць. Некаторыя просяць так: «Хазяйка! Ці пякла бліны? Каб ласкава была, пастуху дала».
Патравы на Дзяды тыя самыя, што і на пахаванні, толькі ў каго часта паміраюць дзеці, то для іх пякуць «ладкі», каб жывыя дзеці не паміралі.
Перад вячэрай мыюцца ў лазні і, калі ўсе памыюцца, тады ставяць на палок вядро чыстай вады з чыстым венікам — «для дзядоў». Менавіта так трэба рабіць, сцвярджаюць сяляне, таму што памерлыя мыюцца ўсяго толькі чатыры ці пяць разоў у год і толькі на гэты час іх адпускаюць. Расказваюць пры гэтым розныя анекдоты, якім яны цалкам вераць [...] У «дзедаўскую» суботу не варта позна мыцца ў лазні. Гаспадары лазняў нават так робяць: калі хто-небудзь з тых, хто мыўся, у гэтыя дні ў лазні надта затрымаецца там, яго проста выганяюць адтуль, кажучы: «Пусціця ўжо нябожчыкаў».
Калі ўсе вяртаюцца з лазні, гаспадыня вымае з печы чыгуны з патравамі і ставіць іх на лаву супраць печы менавіта ў тым парадку, у якім яны будуць ставіцца на стол: тыя, якія пададуць спачатку, ставяць бліжэй да стала, якія потым — крыху далей і г. д. Гаспадар у гэты час запальвае грамнічную свечку перад бажніцай, і ўсе моляцца богу. У вёсцы Студзёнкі ў час малітвы хто-небудзь са старэйшых членаў сям’і бярэ чарапок ад гаршка, кладзетуды некалькі гарачых вугольчыкаў, а зверху траву, асвячоную ў Духаў дзень, і ёй абкурвае гаршкі з патравамі, стол з лыжкамі, хлебам і кубкамі і ўсю хату. Запаленая свечка гарыць да таго моманту, пакуль не з’ядуць кануна. Патравы на Дзяды бываюць наступныя: канун, поліўка, малако, клёцкі, яечня і каша. Мяса таксама лічыцца асобнай ядой. Колькасць страў абавязкова павінна быць няцотная. Падаюць іх на стол у намечаным вышэй парадку, толькі мяса з поліўкі часам пакідаюць на канец або ядуць адразу ж пасля поліўкі. Усе стравы ядуць з блінамі замест хлеба. Як толькі госці і члены сям’і пасядуць за стол, іх пачынаюць частаваць канунам [...] За сталом неабходна паспытаць абавязкова ўсе стравы, іначай нябожчыкі будуць злавацца. Першую лыжку ці хоць бы некалькі кропель ад кожнай стравы трэба выліць на стол. Лыжку за кожным прыёмам ежы неабходна класці на стол, каб ёй елі «дзяды», а класці лыжку трэба абавязкова выемкай не ўніз, а ўверх, іначай нябожчыкі перавернуцца ў магілах тварамі ўніз, і калі хто памылкова ці па нявопытнасці пакладзе лыжку ніцма, старэйшыя папраўляюць гэту памылку з адпаведнымі заўвагамі. Калі падчас вячэры што-небудзь з ежы ўпадзе са стала ці з лаўкі, то таго падымаць няможна: «Ето нехта есці хоча». Падымацца з-за стала па заканчэнні вячэры варта ўсім адразу; калі хто выпадкова паспяшаецца ўстаць раней за іншых, той хутка памрэ. Калі пасля вячэры прыбіраюць стол,
прымаюць таксама бліны з акна. Лыжкі, непамытыя, звязваюць ніткай і кладуць на лаве пад абразамі. У час вячэры ніякая адзежына не павінна вісець на курчыне (шастку)...
ЗМІТРАЎСКІЯ ДЗЯДЫ Ў МЯСТЭЧКУ ЗАСЛАЎЕ МІНСКАГА ПАВЕТА
Памінанне памёршых адбываецца ў нас хоць і ў розны час, але большай часткай восеньскай парой і пераважна ў кастрычніку. Прычыну неадначасовасці ўстаноўленых для памінак дзён нават у адным і тым жа прыходзе адзін селянін растлумачыў мне так: калі цар Дзмітрый пайшоў на вайну з нявернымі, дык ён, праязджаючы па розных мясцінах, прасіў праваслаўных хрысціян маліцца за ўпакой душ тых воінаў, якія па волі божай загінулі на вайне. Вось з таго часу ўстаноўленыя памінкі шмат у якіх вёсках адбываюцца не ў аднолькавыя дні, таму што цар Дзмітрый не ў адзін і той жа час праязджаў па розных вёсках.