Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
— Вясна красна, шчо нам вынесла? — Нам вынесла саху, барану, Старым бабкам пасядзеннечка, Маладыцам красенца ткаці, А дзяўчаткам да й пагуляці.
Гэта песня вельмі добра вызначае занятак мужчын, старых баб, маладых жанчын і дзяўчат з надыходам вясны.
У Вербную нядзелю, віншуючы са святам, б’юць свянцонаю вярбою і гавораць:
He я б’ю, вярба б’е...
Таму, каго віншуюць, жадаюць:
He будзь санлівы, Да работы лянівы, He будзь завіслівы, А будзь здароў, як вада, Расці, як вярба, Будзь шмыткі, як пчала, Будзь багаты, як зямля.
Жніво. Уборка збажыны — важная падзея ў жыцці селяніна: хлеб — крыніца яго жыцця і дабрабыту, хоць пан і абірае селяніна. Жывучы па звычаях сваіх бацькоў, селянін, хавальнік народнай мудрасці, адзначаў заканчэнне палявых работ рознымі абрадамі. Аб гэтым абрадавым характары палявых песень мы цяпер і хочам сказаць некалькі слоў.
Жніво ў тутэйшым краі пачынаецца ў першыя дні ліпеня, жнуць звычайна жанчыны і дзяўчаты, і жнуць жыта не зусім спелае, лічачы, што з такога жыта будзе бялейшай мука.
Дажынкі бываюць сялянскія і панскія; адрозненне заключаецца ў тым, што на сялянскіх больш натуральнасці, даўніны і шчырасці. Дажынаюць жыта найчасцей «помаччу». Старэйшая жняя размяркоўвае месцы, дзе каму жаць, таму яна называецца пачынальніцай, а ўсе астатнія — памагальніцамі. Гаспадар частуе «помач» абедам і падвячоркам. Але галоўнае ў дажынках песні:
Жніся, загоне, жніся!
На мяне не дзівіся!
У мяне загон шырокі, Араў ратай бязбокі.
Або ж мяне падаждзіце, (2) Або дайце Антона Падагнаці загона;
Або ж дайце Грыця, Грыц на мяне падзівіцца.
Калі жнуць апошні загон, то кожная жняя адкладвае па каласку для аднаго агульнага снапа — дажыначнага. Потым дзяўчаты сыходзяцца да гурту і выбіраюць прыгажэйшую сярод жней — «багіню», галаву якой упрыгожваюць вянком з жыта, у рукі ёй даюць дажыначны сноп, накрыты доўгім белым пакрывалам. Потым ідуць з поля, скачуць і спяваюць песні. Гаспадар, пачуўшы песні жнеек, выходзіць з хаты ім насустрач з хлебам і соллю. «Багіня», пакланіўшыся гаспадару, кладзе яму да ног дажыначны сноп (гаспадыня апырсквае яго свянцонай вадою), а вянок перадае яму ў рукі. Потым усе ўваходзяць у хату. Дажыначны сноп разам з зажыначным ставяць на покуць, пад іконы, дзе і стаяць яны часта ўвесь год, а вянок вешаюць на бажніцу. Пасля гэтага пачынаюцца частаванне, песні, музыка і танцы.
Калі дажынкі спраўляюцца ў пана, то ўся вёска ідзе да яго на двор. Пан бярэ ад «багіні» вянок, дае ёй грошы і аблівае вядром вады. Потым пачынаюцца полькі, вальсы, мазуркі — танцуюць толькі панскія госці. Хто-небудзь з больш кемлівых і смелых сялян гаворыць да пана прамову з усялякімі алегорыямі. Сяляне ў гэты час спяваюць песні.
АБРАДЫ I ЗВЫЧАІ СЯЛЯН
На некаторых сваіх святах сяляне прытрымліваюцца звычаяў, устаноўленых спрадвеку, асабліва гэта заўважаецца на Юр’я, 23 красавіка. У гэты дзень кожны гаспадар бярэ невялікі хлябец, спечаны напярэдадні, а з ім косткі ад велікоднага
стала (ад свянцонага) і абходзіць сваё азімае поле. У розных месцах на полі ён закопвае гэтыя костачкі, а з хлебам прыходзіць у царкву і бласлаўляе яго. Потым хлеб гэты спажываюць дома, пакідаючы толькі выразаныя трохвугольныя кавалачкі, якія засушваюцца і захоўваюцца да Юр’я ў будучым годзе. Кавалачкі гэтыя на Юр’я раніцай разломваюць і даюць paraTafl жывёле і авечкам. Затым, як і ўсюды, жывёлу апырскваюць «святою» вадой і выганяюць у поле галінкамі вярбы, асвячонымі ў Вербную нядзелю.
Жанчыны, гонячы жывёлу разам з пастухамі, спяваюць песні, якія пачынаюцца словамі: «Божа мой! На Юр’еву расу— бычка напасу, божа мой!»
Вялікі пакутнік Георгій (Юрый) лічыцца тут апекуном пастухоў і пасеваў. Самі сяляне гавораць, што яны менавіта для таго закопваюць на пасеяным полі костачкі, каб бог ахоўваў іх пасевы ад граду і чарвякоў. Па гэтай жа прычыне з асаблівай стараннасцю адзначаюць Благавешчанне. У гэты дзень можна толькі варыць і лічыцца вялікім грэхам што-небудзь пячы. Таму на гэтае свята не пякуць ні хлеба, ні пірагоў, а падрыхтоўваюць усё раней. А калі даведаюцца, што якая-небудзь гаспадыня раніцаю пякла што-небудзь, то паважаныя жанчыны, сабраўшыся з усёй вёскі, выводзяць віноўную на вуліцу ў адной кашулі і абліваюць яе вадою. Робяць гэта дзеля таго, каб дагадзіць богу, каб ён дараваў грэх і не паслаў на ўсю вёску градабой.
Засцерагаючыся ад граду, нічога не робяць на чацвёрты дзень пасля так называемага нараджэння Хрыста (28 снежня), у сераду. Тыя, што жывуць каля рэк і азёр, шануюць дзень 17 сакавіка, дзень Аляксея, божага чалавека, лічачы яго засцерагальнікам ад утаплення людзей і жывёлы. 3 такімі самымі мэтамі адзначаюць і моцна шануюць дні Міколы Цудатворца 9 мая і 6 снежня.
У некаторых мясцовасцях Вілейскага павета дзеля засцярогі ад непрадбачаных здарэнняў у гаспадарцы святкуюць дзень св. Еўдакіі 1 сакавіка. На Івана, 24 чэрвеня, прыносяць у царкву пахучую траву і кветкі, каб іх абпырскалі «святою» вадой. Гэтае пахучае зелле маюць у кожнай вёсцы і замест фіміяму абкурваюць ім свае дамы і будынкі, асабліва пры набліжэнні цёмных хмар.
6 верасня прыносяць у царкву для блаславення каласы жыта і пшаніцы, перамешаныя з кветкамі, як першыя зямныя плады. У іншых мясцовасцях гэты звычай адзначаецца 15 жніўня. Гэтыя благаславёныя зярняты дома потым змешваюць з насеннем, прыгатаваным да азімай сяўбы.
Свята Купалы адбываецца ноччу 24 чэрвеня. Вечарам уся вясковая моладзь збіраецца на двор абранага ёю распараджальніка свята, «урадніка», які пачынае займацца падрыхтоўкай: загадвае ўсім ісці па вёсцы, збіраць усялякую ўсячыну — старыя чобаты, анучы, лахмоцце, рыззё, луб, кару сасновую, лапці і г. д. Калі назбіраюць гэтага хламу вялізную кучу, тады бяруць у аднаго гаспадара каня, у другога колы, у трэцяга цягу, у чацвёртага аглоблі, у пятага шворан і г. д. Склаўшы воз, пачынаюць вывозіць увесь гэты хлам на поле, куды прызначана, і скідваюць усё ў адну кучу. Звожанне гэтае адбываецца часам і днём да прыцемак. Але вечарам ужо ўся моладзь — хлопцы і дзеўкі — ідуць на гэтае месца, склікаючы пад вокнамі ўсіх жадаючых. Па дарозе да месца ігрышча рвуць траву, горкі палын, усе як адзін падпяразваюцца і, узяўшыся за рукі, спяваюць песні накшталт наступных:
На святога Яна Дзевачкі зелле капалі. А што ж гэта за зелле? Чырвонае карэнне, Гэта зелле купальнае, Дзявоцкае гулянне, Дзецюкова ўздыханне. Ходзіць Ян па вуліцы, да й памалу, Просіць дзяўчат на Купалу. Сягодня Купала, заўтра Ян, Завець ён, наш добры пан. Вы, дзевачкі, шчасліва доля, Вы, дзевачкі, свая воля.
Маладзіцам нету долі, Маладзіцам нету волі і г. д.
Досыць, досыць, нявестачкі, Красавацца вам на Яна. — Ой, татулька, я маладая, Пусці ўзвелічаць Яна.
— Няхай ідуць усе дзеўкі Узвялічаць святога Яна. — Ой, татулька, і я пайду, Можа зёлку якую найду, Дзіця вазьму я на ручку I другога да й за ручку, Ой, прынясу я да й букаўку, Святаянску першу зёлку, Да й наторкну над сваім ганкам, У сянёх і пад вакошкам, А над ложкам, над дзіцяці, Буду долі яго пільнаваці.
— Ой, нявестка, ўсё няпраўда, He хадзі, не нада, не нада!
Нас слухай, людзей старых. — Ой, татулька, не ў нас адных, Па ўсім свеце гэты прыметы, Ці хто жанаты, ці бяздзетны, Ой, на Яна зёлкі збіраець, Да цэрквы святой прынашаець, Ой, буроцкаю ці ўдоўкаю, А стары дзед кароўкаю. Як першы раз у поле гонюць, А іх вярбой паганяюць, Святым зеллем падкураюць, Божа дрэўкам да й мятай. Пусці ж, татулька, няхай пайду, Усякай зёлачкі я найду. Купальнічка заспяваю, Святога Яна ўзвелічаю. Ой, нету, нету Купальнічка Да Яна над вашага Яначка: Пяшком на вулку не выходзіць, Ен на коніку выязджаець, Сабе дзеванькі выглядаець. Сам жа ён едзець на коніку. Дзеваньку вязець на возіку. Сам жа ён едзець у атласе, А дзеваньку вязець у пакрасе. Сам жа ён едзець, як жар гарыць, Дзеваньку вязець, як цвет цвіцець.
Прыйшоўшы да назначанага месца, кучу гэту падпальваюць, і агонь гарыць увесь час. У непагадзь зараней робяць шатры з толькі што ссечаных зялёных дрэў, а добрым надвор’ем убіваюць некалькі зялёных дрэў у зямлю, як быццам яны тут і раслі. Гаспадыні прыносяць сякую-такую яду, а гаспадары віно. Усё раскладваюць каля агню. Закусіўшы крыху, адны пачынаюць спяваць і танцаваць, другія п’юць і закусваюць, трэція шукаюць папараці або грошай. Калі касцёр моцна разгарыцца, тады «ўраднік» аддзяляе хлопцаў ад дзяўчат і разводзіць іх па абодва бакі ад кастра — хлопцаў на адзін бок ад агню, а дзяўчат на другі.
Пастаўшы гэтак, адны насупраць другіх, пачынаюць скакаць праз агонь. Спачатку скачуць дзяўчаты, і хто з іх не пераскочыць, тую называюць ведзьмаю. Пасля дзяўчат пачынаюць скакаць і хлопцы. Пры іх пераскакванні дзяўчаты спяваюць прыпеў:
Цяпер Купала, заўтра Ян, ...Кідаю хлопцаў цераз баркан.
А хлопцы спяваюць:
Цяпер Купала, заўтра Ян, ...Кідаю дзевак цераз баркан.
Прыпеў гэты працягваецца да таго часу, пакуль яны скачуць. Тым часам прыходзіць на ігрышча самая старая бабуля па агонь. Яе вяртаюць, каб яна, узяўшы агонь, не магла непрыкметна пайсці не злоўленая. Як толькі яна возьме агню, за ёю пачынаюць гнацца і сцябаць палыном да таго часу, пакуль не знікае «ведзьма». Прагнаўшы яе, моладзь зноў пачынае гуляць да позняй ночы. Есць, аднак, і такія (найчасцей старыя), хто, магчыма, уступаючы моцным павучанням і ўнушэнням, не ўдзельнічае ў гэтым ігрышчы і часта і моладзь сваю не пускае гуляць. Але найчасцей віноўныя ў гэтым свёкар і свякроў:
Дзіця плачэць у калысцы, Свёкар бурчыць у запечцы, А свякроўка дай на палу, Памагаець свёкру майму.
Па народных уяўленнях, ноччу на Купалу ўсе жывёлы і дрэвы размаўляюць паміж сабой. Калі іх падслухаць, шмат аб чым можна даведацца і зрабіцца знахаром. Ў «нячыстай сілы» таксама шмат спраў у гэты час. Невыпадкова ж нячысцікі раз’язджаюць на конях, калі толькі паспеюць іх захапіць дзе-небудзь. Таму ў гэту ноч сяляне не выводзяць коней на начлег, а трымаюць дома. Скарб, схаваны ў зямлі, выходзіць на паверхню ў розным абліччы — нібыта ён агонь, воўк і інш., але ўзяць яго не проста, патрэбна адвага і мужнасць, таму што «нячыстая сіла» ўсяляк ахоўвае яго, палохае і марочыць галаву смельчакам, заводзіць іх у балота, нетры, часам здымае чобаты, мяняе адзенне лепшае на горшае і да т. п. Адны толькі знахары дабіваюцца свайго.