Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Калі пачынаюць звозіць жыта з поля ў гумно, то перад першым возам рассцілаюцьу варотах гумна абрус, у якім на Вялікдзень адвозілі ў царкву свянціць велікодны стол. Для гэтага ў добрых гаспадынь ёсць асобны абрус. I на гэты абрус кладуць беллявую качалку і па ёй вязуць жыта ў гумно. Пры сушцы першай ёўні агонь пад асеццю распальваюць сухой травой, свянцонай на Сёмуху і Купалле або ў леташні Макавей (1 жніўня).
Сяло Гарадзец
У Гомельскім павеце на «бараду» пакідаюць куст самага лепшага жыта; садзяцца ля яго і вяжуць чырвонымі ніткамі крыж з каласоў. Потым плятуць гаспадару вянок. Выпалаўшы «бараду», каб налета жыта было чыстае, і паліўшы яе вадою, каб не было засухі, рассцілаюць паміж калосся белую хусцінку, кладуць на яе лусту хлеба і пасыпаюць соллю. Потым збіраюць
палявыя кветкі і аздабляюць імі «бараду». Пасля гэтага жнеі кладуцца на зямлю, каб на будучы ўраджай жыта было добрае і калоссе гнулася да зямлі. Устаўшы з зямлі, жнеі мыюць рукі вадою, каб налета было чыстае жыта, і перавязваюць снапы травою або саломаю, каб на будучы год не парэзаць рук у час жніва. Пасля гэтага адпраўляюцца дамоў з вянком і крыжам. Крыж гэты і вянок разам з новавымалачаным жытам свенцяць у царкве 15 жніўня.
Калі па сямейных абставінах якая-небудзь слабая сям’я позніцца са жнівом, суседзі, што ўжо зжалі сваё, прыходзяць ёй на дапамогу: «Хадзіце к Пятру Сухарукаму на талаку!» Гаспадар дзякуе ім за дапамогу добрым абедам і частуе гарэлкаю.
Есць павер’і аб двухкалосных сцяблах-спарышах. Кажуць, калі жанчына з’есць двайны колас, яна непазбежна будзе мець двойню. Такія каласы даюць есці авечкам, каб яны прыводзілі па двое ягнят.
Вера ў моц заломаў, завіткаў, закруці ўсё яшчэ трымаецца. Робяць гэтыя заломы ведзьмы і чараўнікі, каб нашкодзіць гаспадару нівы. Звычайна гэта робіцца на досвітку.. Ведзьмы пры гэтым распранаюцца і робяць завіткі голымі, з распушчанымі валасамі.
...Пры малацьбе новага хлеба вараць густую кашу з розных круп. Пры гэтым лічыцца абавязковым і ўжыванне гарэлкі: «Сягоння абмалоткі, трэба па чарцы выпіць». Пры сканчэнні ж малацьбы ўсяго жыта гарэлку п’юць на таку ў гумне.
Віцебская губерня
Пры заканчэнні жніва тут таксама пакідаецца жменя каласоў, але завецца яна не «барадой», а «кустом». У Віцебскім павеце для «куста» пакідаецца дзесяць каласоў. Жнеі садзяцца наўкол «куста» і пачынаюць павольна палоць траву ў ім. Пры гэтым спяваецца песня пра спарыш. Затым бяруць акраец хлеба, сыплюць у сярэдзіну яго соль і кладуць хлеб пасярод выпалатых каласоў. Потым завіваюць каласы справа налева, і кожная жняя павінна некалькі разоў перакаціцца па гэтым завітым «кусце». Робіцца гэта для таго, каб на будучы год быў добры ўраджай і каб каласы ад цяжару хіліліся да зямлі. Пасля гэтага ўюць вянок і надзяваюць яго на галаву дзяўчыне-жняі. А калі сярод жней няма дзяўчыны, то вянок надзявае сабе на руку адна з жанчын. 3 поля жнеі ідуць з вянком у дом гаспадара нівы і спяваюць тую ж песню «Спарыш». Гаспадыня сустракае іх у сенях ля парога, бярэ вянок і дорыць тую, што прынесла яго, грашыма. Пасля гэтага ідзе пачастунак і спяванне песень.
У Себежскім павеце дажынкі спраўляюцца ў канцы жніва яравых. Калі каласоў (звычайна аўса) застаецца ўжо мала, іх даручаюць жаць адной дзяўчыне; потым з іх плятуць вянок і адзяюць на галаву той жа дзяўчыне.
Пасля гэтага адпраўляюцца да гаспадара нівы. Дзяўчына ў вянку ідзе наперадзе, а жнеі з сярпамі на галовах услед за ёю. Прыйшоўшы да гаспадара, дзяўчына схіляе галаву; гаспадар здымае вянок, уносіць яго ў хату і кладзе на бажніцу, а потым дзякуе жнеям і частуе іх віном і закускаю.
ЗАЖЫНКІ
Зажынкі даўней рабілі найчасцей у суботу пад вечар. Гаспадыня, выходзячы на поле, брала з сабой хлеба, солі і сыру, прыйшоўшы, клала гэта ўсё на край нівы і, узяўшы ў рукі серп, зразала першую жменю, звязвала яе і клала на зямлю, а наверх хлеб, соль і сыр. Нажаўшы яшчэ з дзесятак снапоў, вярталася дамоў, пеючы зажыначныя песні праз усю дарогу. У вёсках рабіць зажынкі гаспадыні выходзілі грамадой, па дварах гаспадыня ішла з кампаніяй маладзіц і дзяўчат. Хлеб, соль і сыр прыносяць дамоў разам з зажынам (у іншых месцах называюць першую жменю «гаспадар»). Хлеб кладзецца на стол, а зажын ставіцца «на куце» і абвязваецца або спаясываецца белым ручніком. Сям’я і госці садзіліся за стол і вялі банкет, які частагуста канчаўся танцамі. У сямейных хатах матка або бабка ішла рабіць зажын разам з дочкамі, нявесткамі і ўнучкамі.
ДАЖЫНКІ
Канчаючы жніво, адна частка жней зразала жменю жыта з каласамі і пачынала спяваць «раёк», другая частка асобна ад іх садзілася перад пакінутым кустком жыта і памагала спяваць, а адна з дзяўчат (ні маладзіцы, ні старой бабе гэта не гожа рабіць) палола «роя»: вырывала траву з недажатага кусціка. Канчалі палоць і віць вянок разам. Калі вянок ужо звіты, тады тая, што палола, вырывала адну саломіну і звязвала ў адно ўвесь кусцік каля самых каласоў, што называлі «раёвай», або «спарышовай», «барадой», а ў сярэдзіну кусціка клалі хлеб і соль.
Скончыўшы гэту работу, усе разам уставалі, і тая дзяўчына, што завівала «бараду», брала вянок з рук тых, што плялі, надзявала сабе на галаву і ішла наперадзе, а ўсе з ёю, спяваючы
«раёк» і іншыя жніўныя песні. Падышоўшы да хаты гаспадара, жнеі спыняліся і канчалі песню. Да іх тады падыходзіў гаспадар і прасіў у хату, а тая дзяўчына, што заплятала «роя», ускладала яму на галаву вянок, жнеі акружалі гаспадара і разам з ім уваходзілі ў хату. Гаспадыня ў сенях спатыкала іх з хлебам і соллю і чаркай гарэлкі. Гаспадар вянок перадаваў гаспадыні, кладучы на хлеб і соль. Пасля першага частунку жней сям’ю і ўсіх, хто прыйшоў, садзілі за стол на багатую вячэру. Пасля вячэры прыходзілі музыкі, і пачыналіся гульні і танцы да позняга часу.
ЗАЖЫНКІ I ДАЖЬіНКІ
У час зажынак маці клала ў жыта каравайніцу, каб жыта было ўмалотным. Маці выжынала вакол каравайніцы і рабіла снапок, які называецца «гаспадар». «Гаспадара» прыносілі ў хату і ставілі на покуці. Ен тут стаяў, аж пакуль не ехаў першы воз са снапамі ў ток. Тады маці рассцілала ў варотах абрус, клала хлеб-соль і «гаспадарыка». Конь з-возам пераязджаў па абрусе. Маці тут жа брала з абруса «гаспадарыка» і несла ў ток, каб яго першым паставіць у застаронак. А пасля да яго ставіліся іншыя снапы.
Часта «гаспадарыка» зажыналі з загона жыта, што ў агародзе, каб з поля не несці.
Маці дажынала жыта. I з гэтых каласоў пляла вянок, які прыносіла ў хату і ставіла пад абразы. Пры малацьбе першым малацілі вянок. Апошнім абмалочвалі «гаспадарыка».
Калі маці, жнучы жыта, ні разу не парэзала руку, дык серп абвязвалі саломай, як падзяка сярпу, што не парэзаў жняі руку.
«жаніцьба коміна»
Сёлета ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна нам прыгадалі, што перад зімой «коміна жанілі». Абвязвалі комін ці пасвет істужкамі, запальвалі лучыну і потым вечарамі пралі кудзелю.
Як вядома, комін — гэта вялікая труба, сплеценая з лазы і вымазаная глінай, якая прымацоўвалася да адтуліны ў столі хаты. Пад трубой вешалі пасвет (лучнік) — патэльню ці квадрат металічнай рашоткі, дзе гарэла лучына, што асвятляла хату селяніна ў асеннія і зімовыя вечары.
3 усяго дзесятка вядомых нам запісаў абраду лепшым і паўнейшым нам уяўляецца публікацыя П. В. Шэйна «Жаніцьба
коміна», матэрыялы даслаў у 1883 г. настаўнік Пінскага рэальнага вучылішча В. Л. Грудніцкі. Каб уявіць і зразумець старажытны абрад пакланення агню, мы друкуем фрагменты той публікацыі.
«У горадзе Пінску і яго навакольных вёсках здаўна існуе звычай штогод 1 верасня рабіць абрад пад назвай «жаніцьба коміна...»
Прыгатаваўшы ўсё неабходнае для вячэры, гаспадыня абвязвае комін і лучнік новымі ручнікамі, а моладзь прыбірае іх кветкамі. Стол накрываецца новым абрусам і ставіцца пры самай печы ці пад лучніком. Як толькі на дварэ сцямнее, у хату збіраецца ўся сям’я...
Гаспадар гаворыць вялікае пажаданне накшталт наступнага:
«Паздароўтэ, дзедуся, бабусю, дзядзька, дзеткі, чаляднічкі, прыяцеляў і дабрадзеяў!.. Зашчытыты худобку: коныкі, волыкі, кароўкі для дыток і ўсякую скацінку. Зарадыты хлебец, жыта, пшэныцю і ўсяку пашныцю. Зашчытыты пчолкі, вынесь іх на красну весну!.. Дайтэ чэлядачцы ахоту раненька ўставаты, пры світлі працоваты. Дайтэ, штоб нашаму роду не было пераводу...»
Калі ўся сям’я паспее закусіць, павесялее і ва ўсіх развяжуцца языкі, гаспадыня прыносіць у фартуху семкі (гарбузікі), сыпле іх на комін, а на стол кладзе «ласошчы»: пернікі, бублікі, яблыкі, гнілушкі, каліну, журавіны. А гаспадар прыносіць міску мёду — свежых сотаў. Моладзь збірае рассыпаныя семкі і бярэцца за салодкае. Тады гаспадыня прапаноўвае моладзі праспяваць жаніху, коміну, вясельную песню.
Ой, прыйшлі ж ночанькі доўгенькі, Пасвіты ж нам, коміну біленькі. Мы ж цябе квіткамі ўбіралы, Бервяночкам, рутай аперазалы. Праца наша — дзіўка гарненька, Палюбыты коміна радзенька. Мы ж цябе будзема жаніты, Жаніты — квас, піва, мёд піты. Светы ж, каміночку, ясненька, Пабуджай чэлядачку раненька: Шыты, прасты, ткаты маладым, А падарачкі збіраты старым. Каміночку, ты нам спагадай, Кручу, верчу і буры праганяй, Дым і сажу нясы варагам, Світ, ахоту і радасць пашлы нам. Гаспадыня наша, паглядай, Піва, квасу, мёду падлівай.
Старэйшыя ў сям’і часта перапыняюць спяванне благаславеннямі накшталт наступнага: «Каб так рана ўставалы і шчыра працавалы, як голасна співалы!..»
Варта заўважыць, што з невялікай колькасці запісаў абраду мінулага стагоддзя тэкст песні зафіксаваны толькі ў гэтым, пінскім. Запісы паказваюць, што «жанілі коміна» два разы на год: «на Сямёна» (1 верасня), у некаторых мясцінах крыху раней ці пазней, калі з надыходам восені пачынала рана цямнець, і вясною на Фаміным тыдні (тыдзень пасля Вялікадня), калі дні станавіліся даўжэйшымі.
Пры гарэнні лучыны можна было не толькі рабіць, але і чытаць. Крапіўка (адзін з псеўданімаў Алаізы Пашкевіч) назвала дзіцячы часопіс «Лучынка», каб несці святло дзецям у шырокім значэнні гэтага слова. Яна пісала ў 1916 г.: «Праз многа стагоддзяў у нас на Беларусі свяціла лучынка. Яшчэ і цяпер дзе-нідзе ў вёсках збіраюцца на попрадкі з кудзелямі дзяўчаты, маладзіцы: песні спяваюць, казкі баюць. Старэйшая з кабет або нехта з дзяцей ахоўвае дзеда-лучніка: то вугаль абтрасе, то свежую лучынку пакладзе. Мігаюць іскры па хаце. Пры пламеньчыку складна родная песня плыве, казка баецца».