• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    На Беларусі, у прыватнасці на Палессі, існуе асаблівая пашана агню. «Жаніцьба коміна» — гэта сляды культу духаўпродкаў, дзядоў, хатніка, які, паводле ўяўлення язычнікаў, звязваўся з агнём (Сварожычам) і жыў у сушні, на печы і пад ёй, у коміне. Гэта яму прыносіліся ахвяраванні — «ласошчы». Паэтычна ўспрымаецца цяпер абразок з песні «Вяселле коміна з працай». Абрад мог узнікнуць пры феадалізме, стаўшы цяпер архаічнасцю, на аснове даўнейшых традыцый пакланення агню. У нас вядомы і іншыя «жаніцьбы»: гульні «Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара», свята «Жаніцьба свечкі» і інш.
    «жаніцьба пасвета»
    На Тураўшчыне і Століншчыне яшчэ пасля Вялікай Айчыннай вайны некаторы час для асвятлення ў хатах ужывалі цяпер ужо забытыя пасветы. Пасвет — гэта невялікая металічная рашотка, падвешаная да столі пад спецыяльнай квадратнай адтулінай. Звычайна ніжэй яе ўмацоўваўся чатырохгранны драўляны комін, які да нізу расшыраўся. Каб дашчаты комін не загарэўся ад лучыны, яго абмазвалі чырвонай глінай і бялілі.
    Выраблялі і больш прасцейшыя дымаходныя трубы. Пад дзіркай у столі вешалі звычайны бяздонны мех, які ўнізе вянчаўся абручом. Тканіна таксама прапітвалася глінай і бялілася.
    Дым ад лучыны «выцягваўся» комінам на гарышча. Жар з пасвета падаў у пасудзіну з вадой, якая стаяла на падлозе. Калі пасвет доўга не выкарыстоўвалі, то мешкавіну скручвалі і чаплялі канец абруча за цвік на столі.
    Доўга на Палессі тапілі ў печах «па-чорнаму», г. зн. без комінаў, хаця першыя з іх — спецыяльныя цагельныя адводы над дахам — з’явіліся ў больш заможных хатах яшчэ пры феадалізме. Але, як успамінаюць старажылы, за кожны комін селянін павінен быў плаціць падатак. Таму ў некаторых старых хатах, хаця і вельмі рэдка, выкарыстоўвалі традыцыю ўмацавання коміна ад печы ў сцяне.
    Па язычніцкім вераванні нашых далёкіх продкаў, у хаце жыў хатнік (дамавік). Ен увасабляўся ў выглядзе агню, які палешуком асабліва шанаваўся. Можа, гэта сляды славянскага культу Сварожыча, які вядомы са старажытнай літаратуры.
    Аб пакланенні агню і святлу палешукамі, якія жылі на межах этнічных тэрыторый, асабліва пераканаўча гаворыць абрад «жаніцьба пасвета». У цэнтральным Палессі яго праводзілі на Сямёна, гэта значыць 14 верасня (1 -га па ст. ст.), калі пачынала рана цямнець і ў хатах трэба было паліць святло. У вёсцы Дзяржынск (раней Радзілавічы) абрад успомнілі нам у 1988 г. пажылыя жанчыны, якія раней жылі ў суседняй вёсцы Храпунь Столінскага раёна, былой заходнебеларускай тэрыторыі.
    Яны расказвалі: «Вырывалі з градкі васілька, такі бураковы цвет. I ўстаўлялі яго ў дзірку, зробленую ў палавінцы гарбуза. Потым адзін дзяржаў васілька, і ўсе за ім хадзілі кругом пасвета і спявалі або казалі:
    — Свяці, наша свяціла, Шоб агню нам не тушыла, Ш,об добра было прасці, ткаці I сяёць цяпло ў хаці.
    Як «жанілі пасвета», то спявалі:
    — Мой Сямёнку, Мой салавейку, Як табе харашэнька! Як зацвіла калінанька Да на лютам марозі. Пацалуймася, мая сванечка, Да на першым парозі.
    Магчыма, раней выконваліся як спецыяльныя абрадавыя песні, так і прыстасоўваліся вясельныя. У абрадзе' прымалі
    ўдзел дзяўчаты, якія ў гэты вечар «запрадалі». Каля пасвета за грэбнямі, прадучы, спявалі многія пазаабрадавыя песні, слухалі бываліцы, жарты, гулялі на вечарніцах з хлопцамі.
    ІБАГАЧІ
    У Ігуменскім павеце Багачом называюць Ражство багародзіцы (8 верасня), і апошняя назва амаль невядома народу.
    У жыцці земляроба гэта самая шчаслівая пара — пара адноснага дастатку, калі ў бедняка ёсць хлеб на стале, а ў багатых, «як князі, скірды шырока сядзяць, падняўшы галовы». Адсюль зразумела, чаму народ называе Багачом свята, што супадае з часам канчатковай уборкі хлеба і гаспадарчага багацця...
    Галоўную ролю ў абрадзе гэтага свята адыгрывае «багач», або «багатца». Гэта лубка жыта з устаўленай у яе васковай свечкай. «Багач» стаіць на працягу цэлага года ў хаце гаспадара, на покуці, пад абразамі. У гэты дзень свечка запальваецца. Запрашаецца святар для служэння малебна, які адбываецца перш-наперш у тым доме, дзе стаіць «багач». Потым гаспадар услед за светаром нясе «багача» ў наступны двор, дзе іх сустракаюць гаспадары. Для сустрэчы ставяць на дварэ стол, накрыты белым абрусам, устаўлены лубкамі жыта, пшаніцы, ячменю ці іншага збожжа. «Багач» ставіцца на стол да збажыны, і служыцца кароткі малебен. Святар і ўсе, хто яго суправаджае, запрашаюцца ў хату для пачастунку, прычым «багач» ставіцца на покуці. I так абыходзяць па чарзе ўсе дамы. Збажына, якой сустракалі «багача», ідзе на карысць прытча.
    На другі канец вёскі зганяюць усю жывёлу і, калі абойдуць усе двары, абносяць «багача» наўкол статка. Пасля гэтага адносяць яго ў хату чарговага гаспадара, дзе ён і застаецца цэлы год. Ен, паводле павер’я, прыносіць у дом багацце і шчасце.
    У некаторых мясцовасцях жыта і воск для «багача» збіраюцца з усёй вёскі і падмяняюцца толькі тады, калі «багач» па чарзе абыдзе ўсе сяло ці калі свечка згарыць. А ў іншых месцах жыта і свечка падмяняюцца штогод чарговым гаспадаром, прычым жыта для гэтага вымалочваецца з першага зажыначнага снапа. У апошнім выпадку падмененае «багачовае» жыта змешваецца са звычайным і ўжываецца на насенне. Падрыхтоўка свечкі суправаджаецца агульнай вячэрай усіх удзельнікаў і асобнымі песнямі, што нагадваюць дажынкавыя.
    СВЯТА БАГАЧ
    К гэтаму часу заканчваюцца палявыя работы, асабліва сяўба, чаму і склалася ў беларусаў прымаўка: «Багач, кідай рагач і з агарода проч». Гэта асенняе свята. Хлопцы выглядаюць дзяўчат, дзяўчаты знаёмяцца з хлопцамі. Цёткі ды кумкі распытваюць пра тую ды пра іншую дзяўчыну. Дзяўчаты купляюць чырвоныя хусткі, пацеркі і чакаюць жаніхоў. У некаторых прыходах вяселлі бываюць пераважна ўвосень да Каляднага посту.
    [БАГАТНІКІ
    Багатнік — вялікае свята. Усе святкуюць, бо чаму не святкаваць, калі, дзякаваць богу, к таму часу на полі ўжо ўсё пераробяць, а дома дзела можа пачакаць; у кожнага е свежы хлеб, е якое-небудзь курча ці ягня. Е такія, што навараць піва або якое саладухі, е лішняя паўасьмінка збожжа, каб купіць гарэлкі,— можна святкаваць, бо ўсяго е багацька. Мо затым і гэтае свята завуць Багатнікам, што к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата.
    [ПАКРОВЫ)
    Пакровы — канец лета і восені. 3 Пакроў ужо часамі лажыцца снег і наступаюць замаразкі. Пастухі кідаюць пасціць гаўядо, бо яны наймаюцца толькі з Юр’я да Пакроў. Да Пакроў не то што прыбрана з поля, але і з агародаў. Цяпер ссякаюць капусту ды яе шаткуюць ці галоўкамі соляць ды квасяць у кадушках. Лён ужо даўно сохне пад гумном ці дзе-небудзь пад капяжом. Цяпер толькі трэба яшчэ падсушыць у сушні ці ў хаце на печы ды церці. Гэта ўжо дамовае дзела жанок. 3 Пакроў пачынаецца самая лепшая пара ладзіць вяселлі, каб яшчэ да Піліпаўкі зрабіць лад. 3 Пакроў дзеўкі збіраюцца ў гурбу ды радзяцца, дзе атаўбавацца на вячоркі, дзе рабіць ігрышчы. А тут самы большы клопат — хлопцаў бяруць у салдаты. Хлопцы ходзяць п’яныя, гуляюць перад канцом, пяюць песні да прашчаваюцца з дзеўкамі. Ніколі так хлопцы не любілі моцна, як цяпер, ніколі не рвалася так сэрца, як цяпер, на прашчанні. Дзеўкі ходзяць да знахарак варажыць, ці застанецца любы, ці не. А жытка пачынаецца цёмная, бы й асенняя ночка.
    дзяды...
    ...Багата ў якіх мясцовасцях існуюць яшчэ дахрысціянскія жалобныя абрады. На Піншчыне, хоць і часткова, яны захаваліся і па сённяшні дзень, іх адзначаюць у лістападзе пад назвай «Дзяды». Ужо нават сам лістапад прыносіць разважлівыя думкі пра тое, у чым выяўлялася жыццё і на нашых вачах перастала быць жывым: на палях востра тырчыць адно толькі ржышча пажатага збожжа; ні тут, ні ў лесе не чуваць болей песень; ні на дрэве, ні пад ім не напявае пастушок, пажоўклае і пачырванелае лісце аблятае з калісьці зялёных вершалін і смутна ўсцілае ўзгалоўе паміраючай прыроды на зімовы сон. Ціха і глуха: спевы птушак заціхлі, толькі стракаты дзяцел адгукнецца, куе па лону высахлага дуба, толькі часам пачуеш галасы адлятаючых журавоў, смутныя, як пахавальны плач. Хмура і панура: не відаць сонца, ад нябёс да зямлі навісла густая імгла. Толькі доўгім вечарам і ўночы праясняецца неба полымем зарыва, ці то ад смаляных печаў, ці ад агнёў, рассыпаных далёка па балотных травах і запаленых для паляпшэння багністай сенажаці. Можна сказаць, што гэта зарыва, запаленае пры пахаванні прыроды. Але на сенажацях сабранае сена ўзносіцца шматлікімі стагамі, на палях стаяць, як хаты, у доўгіх радах сцірты са збожжам, і ў сялянскія двары плённая восень натрэсла з поўнага рога і зерня, і гародніны. У сялянскіх хатах спакойна, добры дух; сяляне маюць час успомніць пра сваіх продкаў, якім яны абавязаны жыццём, бадзёрым здароўем і ўласным набыткам, якія і бога хваліць, і жыць на свеце іх навучылі; цяпер яны маюць час адплаціць доўг удзячнасці душам сваіх продкаў дзякуючы абраду ў гонар іх памяці і спраўляюць Дзяды.
    На Піншчыне напярэдадні Дзядоў, альбо вячэры для мёртвых, гаспадыні старанна прыбіраюць свой дом, усю рухомую маёмасць, расстаўляюць па кутках усе гаспадарчыя прылады, каб тыя не заміналі ў хаце духам, што збіраюцца прыйсці сюды на бяседу. Назаўтра амаль усёй сямейнай грамадой ідуць на могільнік, падаюць на магілы, плачуць уголас і моляцца за сваіх мёртвых. Вярнуўшыся дадому, мітусяцца ў падрыхтоўцы да памінальнай вячэры, і да самага яе надыходу на працягу цэлага дня ніхто нічога не есць. Вечарам засцілаюць стол белым абрусам, пасярэдзіне яго запальваюць гарэлку для нагадвання пра пякельнае полымя [...] кідаюць соль на распаленае вуголле, каб пачуць мову яго таямнічага трэску. Асвяціўшы стол васковай свечкай, ставяць на яго боб ці гарох з мядовай сытой, поліўкамі з рыбы і мяса — кіслымі і прэснымі, сма-
    жанай саланінай, аладкамі, яечняй з каўбасамі, кашай прасяной ці грачанай, малаком макавым і кіслым. Пасярод страў ставяць на стале булку хлеба і нарэзаным хлебам ці малымі боханамі абкладваюць вакол стала так, каб тры булачкі былі ў рад адна каля другой, на пачэсным месцы стала. Тут жа, каля гэтага пачэснага месца ці на покуці, вешаюць драўляную шабельку і пры ёй (калі няма кап’я) — качаргу ў выпадку, калі хтосьці з гаспадароў служыў у войску. Прыгатаваўшы багатую для продкаў вячэру, каб іх духі ў колішнім іх доме шчодра прыняць і ўсім дагадзіць, адчыняюць вокны і дзверы, старэйшыя з сям’і абыходзяць дом навокал, моляцца, паглядаючы ў бок могільніку, і запрашаюць мёртвых. Вярнуўшыся ў хату, у цішыні садзяцца воддаль стала і прыглядаюцца да ўяўнай бяседы духаў. Калі, па разуменні гаспадыні, духі, нарэшце, насыцяцца, яна падае знак, гаспадар садзіцца за стол і запрашае сям’ю і астатніх вячэраць. Гаспадар пачынае першы, зачарпнуўшы ад сыты з бобам або гарохам, ці так званай куцці, і першыя яе лыжкі адлівае для памёршых у асобную пасудзіну; за ім тое ж робіць гаспадыня, потым пачынаюць есці ўсе астатнія. Такім жа чынам гаспадар з гаспадыняй адліваюць духам і частку з усіх іншых страў. 3 кашы, акрамя аддзеленай ужо для памёршых часткі, кладуць для іх яшчэ трошкі за акно, з боку двара. Пасля заканчэння ўрачыстасці частка страў, выдзеленая для духаў, аддаецца дзецям, каб не палохаліся навальніц, маланак і перуноў, другія выносяць сваёй жывёле, а іншыя — птушкам, пакідаючы на даху свайго дома, або нясуць на рэкі, азёры ці сажалкі і выліваюць для падсілкавання тых душ, якія рассталіся з целам праз ваду. Рэшткі страў ад гэтай бяседы некаторыя нясуць таксама на могільнік, дзе разам з сабранымі жабракамі заканчваюць вячэру. Яшчэ некалькі дзесяткаў год назад падчас святкавання Дзядоў завязвалі вочы смялейшай і спецыяльна выбранай для гэтага дзяўчыне ці жанчыне і саджалі яе на слуп, укапаны ў падлогу каля печы. Гэта жрыца, цэлы дзень перад тым не еўшы, прыглядалася да душ, якія ўваходзілі ў хату, стараючыся пазнаць у іх сваіх знаёмых і родных; бачыла ў сваім уяўленні, як душы далёкіх сваякоў і сяброў дружалюбна набліжаліся да тых, хто сядзеў за сталом, палохалася выгляду постацей душ, не вядомых яе дому і чужых і абцяжараных пракляццем за крыўды і прысваенне чужога. Убачыўшы постаці гэтых непрытульных агрэсіўных душ, жанчына палохалася, часам, страціўшы прытомнасць, валілася на зямлю, палохаючы тым самым астатніх.