Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
На памінках больш за ўсё звяртаюць увагу на тое, каб прыгатаваць як мага болей разнастайных страў, сярод якіх абавязкова павінна быць вараная галава — свіная ці баранова, у крайнім выпадку хай сабе і курыная — усё адно пеўня ці курыцы. Галава гэта ў памінальным абрадзе займае даволі значнае месца.
Пасадзіўшы гасцей за памінальны стол, гаспадар бярэ ў адну руку свечку, загарнуўшы яе ў блін, а ў другую — булку хлеба і абносіць іх тры разы вакол пастаўленай на стале галавы, памінаючы ўголас па імёнах не толькі ўсіх памёршых родных і блізкіх, але нават і тых, што раней жылі калі-небудзь на цяперашняй яго зямлі, запрашаючы іх словамі: «Прыбывайце к гэтаму сталу!» Седзячы за сталом, усе госці [...] адліваюць з чарак на стол некалькі кропель, прыгаворваючы: «Прыбывайце!»
Па заканчэнні памінальнай вячэры на стале на ноч пакідаюць усе стравы, нічога не прыбіраючы: з нажамі, лыжкамі і інш., у поўнай перакананасці, што нябожчыкі прыйдуць уночы і пакарыстаюцца запрашэннем.
СУЦЭЛЬНЫЯ АПІСАННІ АБРАДАЎ I ЗВЫЧАЯЎ ГАДАВОГА КОЛА
ПРА ЗВЫЧАІ ПІНШЧЫНЫ
«Куст». У канцы лютага, як толькі сонейка пачне крыху цяплей паглядаць на зямлю, пакрытую скамянелым снегам, вяековая моладзь адразу збіраецца купкамі каля хатак, пляскае ў далоні і вясёлаю песняю кліча вясну. Сонца стане ўздымацца яшчэ вышэй, цяплейшым позіркам паглядзіць на зямлю, растане снег, трэсне, не вытрымае на рэках лёд, шырока і радасна пабяжыць веснавая вада, залье даліны і палі, пабяжыць у лясы. Гаспадар, які возіць сена сваё са стагоў з лесу на валах або конях, ледзь паспявае. Над разагрэтай сонцам пясчанай магілаю заспяваў жаваранак, узмахваюць крыламі патрывожаныя над перасохлай раллёю сівыя галубы, заклекатаў бусел на сваім гняздзе, заплакала, загаласіла над вадою кнігаўка, загаспадарыла над магільнымі дамавіннымі дошкамі рухавая пліска. Распусціла пупышкі-коцікі вярба, высыпала, узышла зялёная траўка. Веснавыя песні ў гэты час гучаць на ўсю ваколіцу: спяваюць іх на лодках, дубах-шугалеях і вываратах, што плаваюць на вадзе; пераганяючы жывёлу на пашу, перавозячы на сухія астравы або сплаўляючы што-небудзь. Чуваць песні ў лесе, дзе гоняць смалу і дзёгаць, і чуваць на раллі. Hi назойлівыя камары, ні куслівыя слупы мошак у паветры не заглушаюць яе. У песнях гэтых ужо чуецца заклік кахання, гучыць смутак па страчанай цнатлівасці, якая даражэй за золата, і падае ўжо свой голас нядоля. Песень велікодных, або так званых валачобных, тут няма. He ўдалося мне тут пачуць таксама і песень юраўскіх. Аднак на другі дзень Зялёных святак тут спяваюць песні пры абрадзе, які называецца «куст». Іменна ў гэты дзень збіраецца вясковы гурт дзяўчат, выбіраюць з гурту маладзейшую дзяўчыну, якая мае ўсяго 10—12 гадоў, і ўбіраюць яе шырокім зялёным поясам з кляновага лісту. Пояс некалькі сажняў даўжыні. Ім укрываюць лоб, абвіваюць шыю, твар, плечы і рукі, не прывязваючы яго, аднак, да стану, і ўсю постаць да нізу, крыху ніжэй каленяў. Лісце пояса, якім абкрываюць дзяўчыну, кладзецца адзін на адзін, поўнасцю закрывае дзяўчыну і ператварае яе ў зялёны рухомы куст. Слова
«куст» — гэта назва ўмаёванай жрыцы. Паставіўшы яе наперадзе, за ёю становяцца парамі маладыя жанчыны, потым старэйшыя дзяўчаты, за імі малодшыя, а ў канцы — дзеці. «Куст» са сваім доўгім «хвастом» з песнямі ідзе вуліцаю па вёсцы, заходзіць да гаспадароў або ідзе ў двор. Прынятыя там, спяваюць удвая больш і з песнямі танцуюць на свежым паветры. Танцоры дзеляцца на дзве супрацьлеглыя лініі. Яны то збліжаюцца, то адыходзяць на сваё ранейшае месца, ідуць парамі па крузе або робяць адзін агульны круг. Другі, заўважаны пры «кусце» пінчукоў танец лічыцца важнейшым і абавязковым для гэтага абраду. Ен выконваецца з удзелам саміх жанчын (адна з адною або жанчын з мужчынамі) і з падскокамі жанчын да поўнага знясілення. Пасля танцаў і спеваў з атрыманай узнагародай — напіткамі і ежай — «куст» вяртаецца ў вёску. Тут жа выбіраюць для сябе хату і гаспадару дома аддаюць усё прынесенае. «Куст» заходзіць сюды, а за ім увесь хвост са словамі:
«От тут кусту да піты, і есты даці, От тут кусту да на станцые стаці!»
Гэта значыць: «Тут кусту і есці і піць, тут кусту гаспадаром быць!» Гаспадар наладжвае частаванне, пасля якога зноў танцы і песні аж да ранку. Песні, якія можна пачуць пры гэтым абрадзе, мала даюць для яго тлумачэння, надзвычай ён старадаўні. У гэтых песнях расказваецца, аднак, пра красную дзяўчыну, пра дуб у зялёнай дуброве, гучыць просьба, каб зялёны гай не высякалі, а красная дзяўчына належыць таму, хто павырывае густую сачавіцу каля куста, г. зн. кветкі, якія там растуць. У іншых «куставых» песнях, якія прыкметна яшчэ менш звязаны з абрадам, гаворыцца пра каханне, жаданне пэўнага, такога, а не іншага шлюбу, успамінаюцца вялікія разлівы вады і бура, якая панесла і човен і вясло, а таксама журба пра шчасце і долю. Песні і «куставыя» і ўсе астатнія ад Зялёных свят да самага Яна або да Купалы, што тут спяваюць, самі жыхары называюць песнямі Тройцы, г. зн. што яны адносяцца да свята Тройцы. А сам «куст», або дзяўчына ў зялёным убранні, належыць аднолькава і да жаночай і да мужчынскай постаці, бо само слова «куст» на тутэйшай мове — мужчынскага роду.
Купала. 23 чэрвеня (па ст. ст.) у пінчукоў і цяпер яшчэ можна бачыць абрад, які называецца «Купала». У гэты дзень яны накладваюць груду хворасту і іншага смецця і рэшткаў, найчасцей з лазовага скарыстанага абутку, або так званых
пасталоў, зверху ставяць закончаны лучнік — своеасаблівы драўляны комін, праз які цэлы год дым з хаты пад страху выходзіў, запальваюць гэту падрыхтаваную груду, агонь вырываецца, і дымнік накіроўвае іскры высока ўгору. Моладзь, дзяўчаты і хлопцы, пляскаюць у далоні, скачуць праз гэты агонь, крычаць: «Купала! Купала!» Спяваюць песні і танцуюць дзенебудзь на выгане гэтак жа, як і пры святкаванні «куста», кружачыся парамі або асобна, падскокваючы ўверх аж да поўнай знямогі. Хлявы абтыкаюць крапівою, завешваюць грамнічнымі свечкамі і свянцонымі зёлкамі для засцярогі ад ведзьмаў, якія, паводле іх думкі, адбіраюць у кароў малако, а вароты каля хат упрыгожваюць вянкамі. Страх перад ведзьмамі распаўсюджаны і далёка вядомы. Бясспрэчна, што ў канцы чэрвеня каровы прыносяць малака менш. У гэты час паараны ўжо ўсе ўзгоркі, узняты папары, застаецца менш выгодных пашавых угоддзяў, ды і вужы ў многіх месцах высмоктваюць у кароў малако. Сам бачыў на ГІіншчыне, як вуж у статку на пашы, абкруціўшыся вакол нагі ў каровы, смактаў малако... Па тых або іншых і досыць простых прычынах удой малака ў гэты час змяншаецца, а людзі выдумалі ведзьму, якая адбірае малако і малочныя прадукты.
Як і ў іншых месцах, на Піншчыне думаюць, што ў поўнач напярэдадні Яна зацвітае на некалькі хвілін невялічкая кветка папараці, і той, хто знойдзе яе, даведаецца пра ўсе схаваныя скарбы, пра мінулае і будучае, пра ўсе чалавечыя сакрэты. Тыя, хто вельмі хоча знайсці кветку папараці, ідуць гэтай ноччу ў лес і чакаюць шчаслівую хвіліну, калі яна раптам успыхвае і падае, як упала аднойчы ў лапаць таго казачнага селяніна; а яны ўжо не дурні, памянялі лапці на боты, каб не згубіць кветку, якая дапамагае адкрываць таямніцы і знаходзіць багацці, не зрабілі так, як той казачны селянін — шчаслівы на адну хвіліну, і потым зноў, небарака, застаўся, якім быў. Такім чынам, ноч напярэдадні Яна, паводле ўяўленняў нашых людзей, можа прынесці чалавеку невычарпальныя багацці. Уяўленне гэтае агульнае для славян і літвінаў.
Дажынкі. У ліпені пачынае налівацца золатам на палях збажына. Жаваранак вырасціў сваёю нястомнаю песняю жыта, яно выспела, і ён змоўк. Буйныя і цяжкія каласы на лепшых дагледжаных загонах і дробныя, невялікія на худасочнай зямлі кланяюцца прахожым і просяць, каб іх зжалі і выратавалі ад пякучага сонца. Сялянкі бяруцца за сярпы і пакідаюць хаты. Адна бярэ з сабою ў кашолку грудное не сціхаючае дзіця; другая замыкае драўлянай засаўкай дзверы свайго памяшкання, а сама вылазіць праз малое акно ў святліцы; іншая,
менш здагадлівая пакідае сваю хатку з дзецьмі адчыненай, не зважаючы на тое, што можа воўк які за хатай ужо чакае гэтай хвіліны. Есць жа прыкрыя выпадкі з дзецьмі, пакінутымі ў час жніва дома без усялякага нагляду. Жнейкі, пачаўшы першую жменю «з богам», жнуць старанна і ахвотна; сонца прыпякае, пастаяннае віханне са жменяю да ночы стамляе, а звон сярпоў не спыняецца; падхопленыя адна за адной жмені з каласамі ляцяць, мільгаюць вакол галавы, кладуцца, і песня над полем гучыць, разносіцца па ўсім полі. А калі ўжо дажынаецца жыта, пакідаюць ад яго куст, прыгожы, на некалькі жменяў. Абраная жнейкамі дзяўчына абхоплівае яго пад самыя каласы чырвоным поясам і зжынае на ўкос вярхі, а салому ад каласоў таксама зжынае. Каласы яна аддае таварышкам на вянок для гаспадара, а салому раздзяляе на дзве палавіны і кладзе накрыж на пожні, а наверх буханку хлеба з соллю. Калі вянок гатовы, тая ж выбраная жнейка з песнямі надзяе яго сабе на галаву. Па абодва бакі ад яе становяцца дзве іншыя такія ж дзяўчыны, у другім радзе стаяць яе памочніцы-спявачкі, потым усе астатнія жнейкі з сярпамі на плячах, і так весела з песнямі ідуць у двор. Там з адпаведным віншаваннем гаспадару выбраная дзяўчына перадае яму свой вянок. Гаспадары з радасцю прымаюць сваіх працавітых жнеек і робяць для іх банкет з танцамі.
ЗЕМЛЯРОБЧЫ КАЛЯНДАР
Калядкі. Абрад гэты адбываецца ў калядныя святы. Каляднікі звычайна падыходзяць пад акно, спяваюць і ўсхваляюць гаспадара, гаспадыню, дзяцей, жадаюць ім усялякага дабра і заканчваюць словамі:
Ці кажыце спяваці, Ці каляды даці?
Гаспадар па свайму жаданню дае або грошы, або штонебудзь з ежы.
Вельмі падобныя да калядак шчадроўкі, або Шчодрыя вечары. Шчодрым вечарам называецца вечар перад Новым годам. Абрад выконваецца тымі ж каляднікамі. Ад калядак шчадроўкі адрозніваюцца запевамі:
Добры вечар, Шчодры вечар!
Пажаданні такія:
На новае лета Радзі, божа, жыта, Жыта, пшаніцу, Гарох, сачавіцу, Ў клуні ўмалотна, Ў дзежцы ўзыходна.
Ксяндзы ў гэтыя дні наведваюць сваіх прыхаджан, якія дораць іх па магчымасці, і гэта называецца «ксёндз едзе па календзе», г. зн. ксёндз едзе па каляду.
[Сустрэча вясны.j Сустрэча вясны распачынаецца спяваннем вяснянак: