• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    У гэту ноч расцвітае папараць. Хто знойдзе яе, той будзе ўсё ведаць. У некаторых месцах захавалася наступнае распаўсюджанае паданне. Работнік-парабак нейкага гаспадара, блукаючы па лесе і шукаючы коней, зачапіў нагою папараць, кветка адарвалася і ўпала яму ў лапаць. Работнік стаў усёзнаючым, раптам даведаўся, дзе яго коні, дзе схаваны якія скарбы, што каму зрабілі ведзьмы, як можна адрабіць і інш.
    Але, прыйшоўшы дамоў і здзіўляючы ўсіх сваім дагэтуль небывалым знахарствам, ён, седзячы на падлозе, стаў разувацца, адкруціў аборы, лапаць упаў, а з ім разам і кветка папараці, і знахарства яго скончылася. Тут толькі людзі бывалыя, знахары-няпромахі здагадаліся, у чым справа: кінуліся глядзець лапаць. Гасцей было шмат. У агул.ьным замяшанні нехта Сцяпан схапіў кветку і пабег з дому. Праз некалькі дзён даведаўся аб гэтым пан, I Сцяпана войт паклікаў да пана. Пан загадаў аддаць кветку. Сцяпан аддаў, і пан яе сабе ўзяў...
    Ведзьмы ў гэту ноч таксама не спяць, адымаюць у сваіх нялюбых суседзяў ад кароў малако. Для гэтага яны ўпотай збіраюць на чужых агародах расу і даюць піць яе сваім каровам. На чыіх агародах раса сабрана, каровы тых гаспадароў зменшаць малако. Але ёсць супроць гэтага сродак жахлівы для ведзьмаў. Гаспадыня, заўважыўшы, што малако ў яе кароў зменшылася, бярэ цадзілку і варыць яе са святаянскім зеллем у гаршку. Ведзьме, якая збірала расу, зробіцца дрэнна: яна абавязкова прыйдзе і будзе прасіць чаго-небудзь: рэшата, сечкі і г. д., але не трэба нічога даваць і не дазваляць, каб яна падняла што-небудзь з зямлі, нават трэску ці пясок. Толькі ў такім выпадку ведзьма нічога не зробіць, стане сохнуць, хварэць і абавязкова памрэ.
    На Івана сонца, узыходзячы, «іграе», г. зн. з аднаго звычайнага сонца робіцца некалькі сонцаў, якія верцяцца адно каля аднаго, разыходзяцца і зноў зыходзяцца ў адно звычайнае. Раніцаю на Івана сяляне, як мы вышэй гаварылі, ідуць па траву і кветкі, ірвуць іх, нясуць у царкву і асвячаюць у час абедні. Гэтыя травы атрымліваюць назву святаянскага зелля і захоўваюцца да наступнага года. Адны з іх лічацца лякарствам ад некаторых хвароб, іншыя засцерагаюць ад чараўніцтва або служаць прыкметамі дабрабыту на будучае. Так званыя букоўкі, або багаткі, утыркаюць у сцяну і па іх адгадваюць пра будучае шчасце і спаўненне надзей: калі зацвіце, дык добра, а калі засохне ў тым выглядзе, як сарвана і ўваткнута, дык прадвяшчае няўдачу.
    Сяляне вераць у сімпатычныя сродкі некаторых траў і кветак. Так званыя кветкі «купальні» і ўласна святаянскія служаць сродкам узбуджэння пачуцця адданасці і кахання ў іншых асоб. Калі які-небудзь хлопец закахаецца ў дзяўчыну і, перамагаючы ўсе перашкоды, стараецца ажаніцца з ёю, то звычайна гавораць: відаць, яна дала яму святаянскага зелля, разумеючы пад гэтым не ўсе наогул кветкі і травы, якія таксама называюцца святаянскімі, а менавіта адзін з гэтых відаў кветак.
    Куцця. Слова «куцця» ў сялян атаясамліваецца з тымі днямі, калі адбываецца святочная вячэра. Назву гэту яна атрымала, відаць, ад куцці, якую гатуюць у гэтыя дні. Такіх свят усяго тры: напярэдадні Каляд, перад Новым годам і перад Вадохрышчам. На калядную куццю гатуюцца стравы з усялякага роду жорнавых круп: гароху, пшаніцы, ячменю, грэчкі і некаторыя з іх падсалоджваюцца мёдам. На куццю перад Новым годам гатуюцца мясныя стравы, а перад Вадохрышчам зноў посная ежа, толькі не ў такой колькасці, як перад Калядамі. Першая і трэцяя куцця — посныя, другая — багатая.
    У гэтыя дні і больш за ўсё на першую куццю варожаць і прыкмячаюць. Перад Калядамі вечарам, падрыхтаваўшыся да свята, засцілаюць стол сенам, накрываюць абрусам, ставяць посную ежу і вячэраюць. Гэты звычай захоўваецца і ў вышэйшых колах грамадства. У час вячэры і пасля яе, яшчэ не ўстаючы з-за стала, выцягваюць з-пад абруса па адной сяннінцы і па яе даўжыні адгадваюць, які высокі вырасце лён. Пасля вячэры робяць назіранні, ці пратоптаны па дварэ снежныя сцяжынкі да чорнай зямлі і ці блішчыць блакітнае неба зоркамі. Першае сведчыць паказальнікам добрага ўраджаю грэчкі, а другое — шчаслівым і багатым прыплодам дамашняй жывёлы. Гэтыя назіранні робяцца пераважна на багатую куццю.
    Дзяўчаты напярэдадні Каляд адгадваюць свой лёс. Выбягаюць на двор і прыслухоўваюцца, як брэшуць сабакі: у якім баку пачуюць брэх, адтуль і жаніх прыедзе. Падслухоўваюць размовы пад вокнамі суседзяў. Калі пачуюцца словы: «садзіся», «астанься», «пачакай», «яшчэ рана», «яшчэ паспееш» і да т. п., дык гэта азначае, што дзяўчына, якая падслухоўвала, у гэтым годзе яшчэ не выйдзе замуж. А калі скажа хто-небудзь: «ступай», «засядзеўся» і да т. п., то да каго б ні адносіліся гэтыя словы, дзяўчына з радасцю вяртаецца дадому. Калі будзе гаворка пра свяшчэнніка, свечы або пра дошкі, то дзяўчыну чакае смутная доля: або яна, або той, хто захоча да яе сватацца, павінны памерці.
    Вяртаючыся з падслухоўвання, дзяўчаты, асабліва тыя, якія не падслухалі нічога пэўнага, яшчэ раз спрабуюць адгадаць свой будучы лёс: схапіўшыся наўгад у якім натрапіцца месцы за частакол або плот, вымяраюць яго да канца сажнямі, г. зн. колькі можна захапіць выцягнутымі рукамі: калі апошні сажань прыпадзе на цотны лік, то дзяўчына радуецца, да яе будуць сватацца, а няцотны лік засмучае дзяўчыну. Акрамя такога адгадвання, хапаюць як мага больш дроў на сваім двары, прыносяць у хату і лічаць — цот або няцот. Вывады тыя самыя. У той час як моладзь перад Калядамі займаецца адгадваннем свайго лёсу, працалюбівыя гаспадары стараюцца і клапоцяцца аб тым, каб быў зроблены пачатак усялякаму рукадзеллю і ўсім дамашнім работам, таму што з першага дня Каляд і да Вадохрышча наогул нельга нічога пачынаць, калі што яшчэ не распачата. Таму ў гэты вечар падрыхтоўваюць матэрыял для прадзення льну — кудзелю — і пачынаюць прасці, матаць клубкі, віць вяроўкі, сукаць ніткі, шчапаць лучыну і да т. п. He гнуць толькі абручоў, абадоў і палазоў, таму што такі занятак у гэты дзень мае шкодны ўплыў на прыплод дамашняй жывёлы: усё будзе нараджацца з крывымі нагамі 294
    і іншымі недахопамі. He вяжуць таксама памяло (яно вяжацца са свежых зялёных сасновых галінак). Тыя, хто не выконвае гэтага правіла, наклікаюць на свой дом пажар ад грому. Чым болыны наматаюць клубок, тым лепш: такія будуць і качаны капусты; але намотваць клубкі трэба старанна, роўна, гладка і моцна, бо ў адваротным выпадку валы будуць слінявыя, г. зн. з рота будзе цячы сліна, будуць не моцныя ў плузе або ў іншай рабоце. Звязваюць яшчэ або спутваюць ногі стала, каб жывёла не пераскоквала плятнёў і не таптала пасеваў і каб не ўцякалі пчаліныя раі.
    Сена, што ляжала пад абрусам у час вячэры, а ў некаторых месцах і астаткі ежы аддаюць раніцаю свойскай жывёле. Насенне, якое высыпалася на стале ад усялякай травы, з сена, старанна збіраюць і змешваюць з насенным збожжам, спадзеючыся, што гэта будзе засцярогай ад галаўні ў будучых каласах.
    Багатая куцця перад Новым годам і посная перад Вадохрышчам не суправаджаюцца такімі абрадамі, як першая. Дзяўчаты варожаць, але ўжо без таго запалу і без той упэўненасці, якая натхняла іх перад Калядамі. Багатая куцця мала адрозніваецца ад святых вечароў. Уся розніца толькі ў багацці мясной ежы і віна.
    Вадохрышчанская куцця адзначаецца сваімі рэлігійнымі асаблівасцямі. Да вячэрняга асвячэння вады захоўваецца самы строгі пост і нават пасля, на вячэры, не стараюцца піць і есці: няма віна і такой колькасці страў, як на першых дзвюх. Асвячонай вадой гаспадар абпырсквае дом і ўсе каля яго прыбудовы, а крэйдай надпісваюць тры крыжыкі на верхніх дзвярных і аконных вушаках, на свірнах, хлявах, на вуллях, упэўненыя ў тым, што надпісаныя крыжыкі праганяюць «нячыстую сілу», засцерагаюць ад чараўніцтва і захоўваюць у добрым стане ўсё жывое, што знаходзіцца па-за гэтымі крыжыкамі... Рэшткі крэйды захоўваюцца як лекавы сродак ад болю ў жываце.
    Каляды. Кожны гаспадар забівае перад Калядамі адкормленага яшчэ з восені кабана або вепрука. Пра гэтага кабана гавораць: «забілі каляду» або «забілі к Калядзе». Гэтыя словы намякаюць часткова на ахвяру язычніцкаму богу Калядзе, або Ляду (Ладу). Пэўнасць такой здагадкі пацвярджаецца яшчэ тым, што звычай забіваць кабана перад Калядамі абавязковы для кожнага селяніна. Магчыма, у язычніцкія часы гэта было ахвярай Калядзе, або Ляду. Цяпер Калядамі сяляне называюць першыя дні свята. Калі гавораць «каляда», то пад гэтым словам разумеюць усё, чым надзяляюць тых, хто ходзіць па хатах з песнямі. Каляднікам, якіх гаспадары звальняюць са службы або якія самі
    пакідаюць гаспадароў, паводле звычаю, даецца невялікі хлеб і маленькі кумпяк або пара каўбас, і гэты дар таксама называецца калядою.
    На другі дзень Каляд для ўсіх работнікаў і работніц заканчваецца тэрмін службы, і калі хто хоча, каб у яго яшчэ год служылі, то павінен рабіць новы ўгавор. I пагэтаму гаспадары стараюцца да гэтага часу задобрыць тых са сваіх слуг, якіх хочуць пакінуць на наступны год: іх усяляк частуюць, дагаджаюць, «спагадваюць» ім ва ўсім. Работнікі са свайго боку ведаюць сабе цану, выказваюць сваю крыўду, незадаволенне, ідуць да бацькоў, сваякоў або знаёмых, прымушаюць упрошваць сябе, часам нават даволі доўга. Адсюль і прыказка: «На святы Сцяпан усякі сабе пан». Нарэшце ў карчме або ў хаце, выбранай каляднікамі для свайго часовага прытулку, іх частуюць гарэлкаю, і тут жа заключаюцца ўзаемныя абавязацельствы. Пры гэтым спяваюць:
    Аддай пане, каляду, Ужэ я ад цябе пайду. Пайшла каляда калядуючы. Каляда! Каляда! А за ёю хлопчыкі жабруючы, Пайшла каляда па ляду. Каляда! Каляда! Рассыпала каляду, Ой вы, дзевачкі, не гуляйце, Да ідзіце каляду пабірайце.
    У Лявона куццю таўкуць, Куць, куць, куць, ой, куццю таўкуць...
    Пане-гаспадару, Ты з божага дару, Маеш хлеба-солі 1 ўсяго даволі. Гаспадыня гладка, А ты ж наша матка, Беражы ж ты гасцей, Штоб ездзілі часцей. Насі толькі фляжку Альбо і біклажку. У масле курыцу, А хоць і паляндвіцу. Добра нам гасціці, Даюць есці, піці. Адна толькі крыўда, Што сваё насіці. Каб адзежу далі I так частавалі, To б дадому I не падумалі. Славен панічу,
    Ой, чым жа ён славен?..
    А мужычыная горкая доля, Горкая доля кварта гарэлкі, Кварта гарэлкі. цэбар мёду. Кварта гарэлкі на выпіванне, Цэбар мёду на пагулянне. Пойдзем мы, гуляючы, Вашы дары і богу яўны, I людзям слаўны.