Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Да цераз сяло Багданаўскае Шло войска усё ж дзявоцкае. Да каменчане не здзівіліся, Што ў ,Багданаўцы нарадзіліся. — Бог ва.м даў, багданавачкі, Што ў вас кусты ўсё кляновыя, А вяночкі ўсе ж пярловыя.
А ў нас кусты ўсе лазовыя, А вяночкі ўсе ж бярозавыя.
Да не сячыце да зялёнага гаю, Да не рабіце да чысценькага поля: Ў чыстым полі да рута і васількі, А ў Багданаўцы дзеўкі-чарнабрыўкі. Да руту і васількі — у вяночку завяну, 3 чарнабрыўкаю свой век скаратаю.
Да каля куста сачавічанька густа, А каля дуба дуброва зялёна, Да па той дуброве да Агапка хадзіла, На ёй сукня ў дробненькія хваўды, Да любілі яе не нарокам, папраўды... Да каля куста сачавічанька густа, Хто ж тую сачавічаньку парве,
Той сабе красную панну вазьме. Наш Сямёнка сачавічаньку парве, Ен сабе красну панну вазьме.
Ой, пайду я, гдзе мне вясёленька, Шчо лето-зіма дзерава зялёненька. Майго бацюхны падворца вясёленька. Пайду я, гдзе мне не весела, Шчо лето-зіма дзерава не зелена, Майго свякраткі падворца не весела...
«Куст» па часе яго святкавання, па складзе ўдзельнікаў і песнях падобны на сербскія Краліцы і яшчэ больш па ўбранні і ўпрыгожанні падобны на іх жа Дадолы (але апошнія ў іх адбываюцца пазней, летам, калі яны выпрошваюць дождж).
Пятроў дзень (Пётра) таксама святкуецца... з кірмашамі, арэлямі, ігрышчамі. У народных песнях, праўда, хоць і гаворыцца, што Пятро адмыкае пятроўку, як Юрый вясну, але пятроўка гэта адзначаецца спякотай, якая знясільвае працаўнікоў, напрыклад:
А ў гародзе гардовійа, Цяжка хлопцам пятровіца...
Купала. У ім сабрана ўсё, што толькі ёсць у беларускіх сялян самага святочнага, таямнічага, цікавага, радаснага на працягу ўсяго лета, таму што ўвесь астатні час паглынае цяжкая праца пад спякотлівым сонцам сярод пяскоў і балот.
Вечарам 23 чэрвеня збіраюцца амаль усе жыхары хат і вёсак у гюлі, на горцы, каля ручая, рэчкі, вялікай ракі, выбіраюць найбольш прыдатнае месца. Верхаводзяць дзяўчаты, з імі нежанатыя хлопцы, адпаведна паруюцца, становяцца радамі, арганізоўваюцца ў карагод, гуляюць і замужнія маладыя жанчыны, а таксама бабулі, удовы, меншая роля адводзіцца астатнім, але ў цэлым жанчыны маюць перавагу. Дзяды і бабулі не гэтак актыўныя, але ўдзельнічаюць, п’юць, гуляюць, некаторыя з іх, як і зусім малыя дзяўчаты, застаюцца дома, няньчаць дзяцей і назіраюць за гаспадаркай. У хлопцаў-падлеткаў ёсць свае сябры, танцы і нават песні. Самы разгар свята — гульняў і песень — адбываецца ноччу на Івана. Робяць і прыбіраюць ляльку — чучала жаночае, носяць яе, танцуюць вакол яе, запальваюць, а потым топяць у вадзе. Купала — істота напалову мужчына, напалову жанчына, хоць гэта і ледзь прыкметна і вынікае перш за ўсё з песень. Сама лялька, аснова яе — гэта слуп або кол, да якога прымацоўваюць салому, лыкі, канапляныя вяроўкі, хвораст, бярозкі. Галоўнае, аднак, без
чаго нельга абысціся на Купаллі, касцёр, які гарыць і згарае да апошняга або яго заліваюць вадою. На касцёр ідзе (кідаюць) дуб, салома, каноплі, а таксама бяроза, сасна і ўсё, што ёсць пад рукою. Агонь у некаторых месцах здабываюць трэннем сухіх дошак, часта кляпчын з разбітых бочак, кублоў, вёдзер, іншага дамашняга посуду — усё гэта потым ідзе на агонь разам з лапцямі, анучамі, лыкамі, буркамі.
Праз касцёр або агонь пераскакваюць, але менш, чым на Украіне і ў іншых краях. Вакол кастра больш ходзяць, танцуюць, гуляюць. Замест кастра або каля яго часам гарыць бочка, стараюцца, каб была смаляная, выбіраюць месца на пагорку або на крутой гары.
Агонь заліваюць кубламі (чан, цэбар з вечкам) і вёдрамі: часам распальваюць яго на вадзе, на плыце; рэдка цяпер купаюцца перад раніцай; замест купання ўжываецца лазня — ужо як сродак ачышчэння пасля купальскіх гулянняў. Разам з тым каля купальскіх кастроў, паблізу ад іх, у полі робяць сенцы, кусты, шатры з зялёнага галля, сучча. Само месца, дзе збіраюцца, абгароджваецца зялёнымі дрэўцамі, бярозкамі, калочкамі ў выглядзе зялёнага тыну, плятня. Гэтым адзначаецца мяжа свяшчэннага, запаветнага месца.
Да абраду адносяцца і купальскія песні, знарок узмоцненыя прытупваннем, стукам — гэта знаходзіць водгалас і ў прыпеве купальскіх песень. Там, дзе ёсць яшчэ дуда або можна яе дастаць,— без яе не абыходзяцца, пры ёй і дудар, і скамарох са скокамі, а калі няма — хоць скрыпка.
Ва ўбранні святкуючых галоўная ўвага звернута на жаночую галаву і абутак. Лапаць адыгрывае вялікую ролю ва ўсім абрадзе, у песнях і паданнях Купалы. Пачастунак складаецца з сыру, тварагу, прэсных перапечак — бабак (з тоўчаным канапляным семям, цыбуляю, часнаком, вострай зялёнаю прыправай), халоднага квасу, яечні і верашчакі, якая падрыхтавана з сала і мяса. Уся астатняя ежа на гэтым свяце, за выключэннем верашчакі, раслінная. Гарэлкі — як найбольш. I ў сувязі з тым што народу збіраецца шмат, то, вядома, выпіваюць цэлыя барылкі. Пусты, паламаны посуд потым гарыць у агні. Вядомае сваёй параўнальнай устойлівасцю ў маральных адносінах сямейнае жыццё беларусаў калі і адхіляецца дзе-небудзь у горшы бок, дык іменна ў час святкавання Купалы.
Значную ролю ў купальскую ноч адыгрываюць ведзьмы (чараўніцы). Па народным уяўленні, яны адпраўляюцца ў гэту ноч на Кальварыю (лац.)— Лысую гару, лобнае месца. Адпраўляючыся, садзяцца на коней і мучаць іх сваёю яздою. Каб не здарылася гэтага, беларусы развешваюць вянкі і асвячоныя
травы на канюшнях, моцна замыкаюць іх, вартуюць, не выганяюць коней на начлег, у поле і г. д. I ўсё-такі раніцаю коні быццам бы вельмі ўстрывожаныя, з іх валіць пар, у іх зблытаны грывы і да т. п. Ведзьма ў гэту ноч доіць чужых кароў, папярэдне напойваючы іх расою з агародаў; сама п’е малако ў склепе, есць сыр і ўсё малочнае. Засцярогай супраць вядзьмарства служаць вянкі і святаянскія травы, якімі ўпрыгожваюць рогі ў жывёлы, якія растыкаюць і развешваюць у хлявах, па вуглах і г. д., асабліва ластавіца, ластаўнік, вешаюць над дзвярыма забітую сароку, лучыну крыжам, грамнічную свечку і да т. п. Але ёсць яшчэ больш моцны сродак. Гаспадыня бярэ цадзілку і варыць яе ў гаршку разам са свянцоным зеллем... Ведзьма прыходзіць у хату і звычайна просіць пазычыць вядро, цэбар, рэшата. Яе ўжо чакаюць. I калі яна чаго-небудзь не ўхопіць, не «пазычыць» — хоць пясчынкі, то будзе сохнуць, хварэць і памрэ. Лепшы ласунак на Лысай гары, калі толькі паспеюць дастаць, нехрышчонае дзіця. I таму ведзьма прыкідваецца перад светам павівальнай бабкай і ходзіць па хатах. Нярэдка ведзьма становіцца Стрыгаю. Гэта жанчына вялікага росту, з расплеценымі валасамі, худая, з зялёнымі кашачымі вачамі. Сустрэўшыся з ёю, цяжарная жанчына абяцае ёй і за сябе, і за сваю радню дагаджаць ва ўсім. I сапраўды дагаджае. Інакш Стрыга можа нарабіць шмат бяды: яна можа падмяніць прыгожае дзіця на вырадка, калеку або і зусім забіць, разбіць дзіцячую галаву на вачах у маці аб камень. Ведзьмы заломваюць у купальскую ноч жыта ў полі «на чатыры вуглы». Часам пад заломку кладуць вугаль, лушпайку ад яйка і кавалачак зямлі. Вугаль азначае, што гаспадар пагарыць, лушпайка — што абяднее, зямля — што памрэ. Гэта палохае сялян яшчэ больш.
Зелле, кветкі і травы ў купальскую ноч збіраюцца наогул усе, якія толькі патрэбны для рознага ўжывання, у тым ліку для вянкоў, лякарства і ежы: гэта лепшая пара. Але, як усюды ў славян і ў глыбіні Расіі, у Беларусі ёсць травы і кветкі, якія належаць выключна да купальскіх: рута, васілёк, дзягіль; багаткі, саладушка, буйрак, бурашнік; ластавіца, кураслеп, лапух; быліца; расходнік, браткі і больш за ўсё — папараць. Яна цвіце, паводле падання, толькі адзін раз у год незвычайнай цудоўнай яркай белай кветкай менавіта ў гэту ноч...
3 сеяных і агародных раслін найбольшую ролю адыгрываюць на Купалу лён, каноплі, цыбуля, часнок. 3 дрэў у песнях і купальскім абрадзе ўпамінаюцца вярба, рабіна, дуб, бяроза, на захадзе — ліпа, елка, сасна; з кустоў — горда, гардовачка (радовачка).
3 птушак асабліва актыўныя зязюля, сарока і ластаўка: птушкі наогул у гэтую ноч гавораць паміж сабою і з людзьмі. Дрэвы, асабліва дубы, пераходзяць з месца на месца, гавораць з кветкамі, галлё.м, шумяць.
Мову ўсяго жывога, раслінную і птушыную, можа пачуць толькі той, хто знойдзе кветку папараці...
Рэкі, па перакананні рыбаловаў, робяцца серабрыстымі.
Раніцай на золку ўсё павінна скончыцца купаннем. Пасля купання ўсе ідуць глядзець узыход сонца: яно «іграе» ў гэту раніцу, «дрыжыць», пераліваецца, раздзяляецца на некалькі частак, кругоў, якія разбягаюцца, разыходзяцца, зноў зыходзяцца ў адзін круг.
Раніца 24 чэрвеня — пералом, пасля якога наступае ўжо Іван (Ян).
Найбольш характэрныя купальскія песні:
То-то!
— Хто ў нас на дзеўкі лас? То-то!
— Да ў нас Яначка на дзеўкі лас, То-то!..
Сягоння Купала, заўтра Ян! Будзе, дзецюкі, ліха вам...
Купала наша, Купала! Дай нам катлы золата! Вот салодушка цвецёць; Я ўсяду пры ёй, Праначую пры ёй, Падсцерагу красачку, Сарву папыратку, Буду багач — багатыр: Закуплю я весь свет, He пайду я на прыгон і буду спаць у клеці Лепшы майго пана!
На гарэ дуб’ё пагарэла, На вуліцы дзецюкоў пагалела: Ідзіце, дзенюкі, дуб’ё тушыць Да рашотамі воду насіць!
«Каляда» па-беларуску вымаўляецца з націскам на апошнім складзе (Каляда, Калядкі, Калядзіца). Мяркуючы па песнях, гэта вышэйшая істота, якую, як і Купалу, чакаюць, сустракаюць, частуюць і г. д. Абрысы яе вельмі цьмяныя, невыразныя. Істота гэта двухполая: мужчынска-жаночая, менавіта КалядаАўсень, Каляда-Таўсень, Каляда-Мароз, гэтаксама, як КупалаІван...
Больш выразна яна выглядае ў святочным абрадзе.
КАЛЯНДАР ПАВОДЛЕ НАРОДНЫХ ПАДАННЯЎ
1
...Народныя святы складаюць у паўсядзённай практыцы пакуль што адзіны спосаб уліку часу, таму што ў народзе не шмат хто ведае назвы месяцаў і размеркаванне часу па календары, а найчасцей вызначаюць час гэтак: за два тыдні да калядных Запустаў нарадзілася Настуля, праз гэтулькі дзён пасля Каляд парабак прыступіў да працы, за гэтулькі дзён да Міколы сеяў тое ці гэтае, пасля Прачыстай выйшла замуж праз столькі і толькі часу і да т. п. Народная гаспадарчая метэаралогія таксама моцна звязана са святочнымі днямі, да якіх прымацаваліся пры пэўных акалічнасцях розныя прыкметы, забабоны, прымхі, спецыфічныя абрады, таму што на народныя паданні наклалі свой адбітак і жывое асяроддзе каталіцызму, і застарэлая унія, і агульнаславянская міфалогія, хоць вядучую ролю і адыгрывалі элементы праваслаўя.