Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Іх шукаюць ад самага ранку па ўсіх корчмах, і там, як на біржы, заключаюцца ўсе пагадненні, пры гэтым часам выпрош-
ваецца адтэрміноўка на некалькі святочных дзён — пагуляць на ігрышчах. Многія гаспадары сярэдняга класа і ўладальнікіарандатары застаюцца ў гэтыя дні без чалавека ў людской і вымушаны самі паіць сваю жывёлу, бывае, звяртаюцца за дапамогаю да пасрэднікаў, каб наняць парабкаў. Іншы раз парабак і наймецца, а на наступны дзень дае драла...
На ігрышча збіраюцца пераважна парабкі, хлопцы і дзеўкі — у карчму, дзе пад гукі безупынна пілікаючай скрыпкі моладзь адтопвае свае самыя няхітрыя танцы, у якіх хлопец паказвае ўсю сваю размашыстасць і ўдаласць ускідваннем ног, а ангажыраваная больш сціпла, пад такт,— з нагі на нагу то паднімаецца, то апускаецца, як качка.
Для разгульных калядных дзён маюцца розныя песні, напрыклад:
Пайшла Каляда калядуючы, За ёю дзеўкі жабруючы. Адна просіць, другая носіць. Пакінь прасіць, цяжка насіць. Перайшла сяльцо — дастала яйцо, Перайшла другое — згубіла і тое, Перайшла трэцяе — згінула сама. От і Каляда.
Напярэдадні Новага года спраўляецца тлустая куцця, або Шчадруха. Тут вось і выступае элемент міфалагічны, агульнаславянскі: варажыць. Асабліва дзеўкі варожаць пра сваё замужжа — рознымі спосабамі. Напрыклад, кожная кідае сабакам аладкі, і чыю першую яны схопяць, тая і спадзяецца выйсці раней замуж. Або падымаецца дзеўка, бярэ і нясе бярэмя дроў (колькі абхопіць), скіне іх і лічыць: калі выявіцца цотны лік пален — да пары, то быць ёй у пары, пад вянцом, а не — аставацца ў адзіноце. Або яшчэ дзяўчаты, як у нас гавораць, апалаюць чаравікі, г. зн. набяруць поўныя начоўкі (карытцы) чаравікаў і апалаюць іх, як пшаніцу, вытрасаюць ад пылу — чый раней чаравік выскачыць, тая і спадзяецца раней выйсці замуж. Больш заўзятыя нявесты падыходзяць пад вокны падслухоўваць, што раней будзе сказана ў хаце: «Бывай здароў» або: «Сядзь, пасядзі». Калі першае, то прыкмета добрая — прыйдзецца пакінуць бацьку, родную хату і ісці замуж; калі ж насуперак чаканням пачуецца, як нецярплівая маці ў хаце раптам прыкрыкне на свайго неўгамоннага дурасліўца: «Да сядзь, каб ты макам сеў!» — то дзяўчына, як апараная, уцячэ ад акна, прыйдзецца, маўляў, сядзець у дзеўках.
Напярэдадні Вадохрышча многія маюць звычай прыходзіць з пасудаю ў царкву па ваду, якая ў народзе гэтак і называец-
ца: Іарданская. Ваду гэту захоўваюць на працягу ўсяго года, лічаць, што яна не псуецца, п’юць яе нашча, асабліва хворыя. Да самага вечара ў гэты дзень многія нічога не ядуць. Увечары ядуць так званую бедную куццю, г. зн. самую сціплую, посную. У дзень свята Вадохрышча збіраецца вялікае мноства людзей — ідуць хрэсным ходам на «Іардан», зладжаны на крынічным вадаёме, і тут, яшчэ калі асвячаецца вада, многія ўжо стаяць напагатове, з апушчанымі на вяровачцы збанкамі, каб з-пад жыватворнага крыжа, які апускаецца ў ваду, набраць асвячонага струменя.
На шостым тыдні ад Каляд — свята Стрэчанне, называецца яшчэ «Грамніцы». Гэта ўжо ўплыў каталіцтва, якое ў гэты дзень устанавіла асвячаць васковыя свечкі, па-касцельнаму Грамніцы, на той падставе (як адзначаецца ў Катэхізісе езуіта Лоіцкага, 1784 г., выданне Віленскай акадэміі), «што громяць яны сілу нячысцікаў, каб не прыносіла шкоды громам, маланкаю, праліўным дажджом і градам, якіх бог не затрымлівае і якімі лёгка карыстаюцца чараўнікі і чарадзейнікі». Народ са свайго боку верыць, што такія свечкі карысна выкарыстоўваць для адгону ведзьмаў ад кароў, да якіх яны падпаўзаюць нібы ў выглядзе жаб, узбіраюцца па нагах да вымя і высасваюць малако. Але грамнічная свечка, прымацаваная да вушака ў хляве, не пускае ведзьмаў... і сляды бяссільнай злосці іх астаюцца на згрызеным воску свечкі. Самае падыходзячае ўжыванне асвячонай свечкі — у час расставання з жыццём, і таму праваслаўныя свяшчэннікі не адмаўляюцца асвячаць свечкі прыхаджанам у дзень Срэценія (Стрэчання), але тлумачаць пры гэтым народу, што лепш за ўсё сабе на апошні дзень падрыхтаваць свечку, асвячоную ў «чысты» чацвер. Праз напамінак праваслаўных пастыраў звычай асвячаць грамнічныя свечкі выводзіцца. За тры дні да Срэценія адзначаецца прысвятак пад назвай Васіля. У дзень Агаф’і прыносяць асвячаць хлеб з натыканымі кавалачкамі солі. Паводле звычаю, гэты хлеб «зачэпліваюць на рожкі карове, каб сурокаў не баялася». Калі здарыцца пажар, хлеб кідаюць або ў агонь, каб патух, або ў чыстае поле, каб туды накіраваўся вецер. Звычай асвячаць хлеб Агаф’і засвоены ад католікаў і невядома чаму, але знікае. На адзінаццатым тыдні ад Каляд адзначаецца прысвятак пад назваю Саракі, і калі не ў высакос, то выпадуць у той жа дзень тыдня, што і Срэценіе. Гэта свята пераважна пчаляроў. На Саракі робяць клёцкі з цеста і кідаюць іх у вар. 3 сарака клёцак адну раніцаю ядуць, і калі мароз, то спадзяюцца, што яшчэ сорак маразоў будзе. Хлопчыкі раніцою босыя выходзяць на двор і спрабуюць перакінуць праз страху сорак
трэсак: калі ўдала перакінуць, то, маўляў, будзе ўдача на знаходку птушыных гнёздаў, што вельмі цікава для пастушкоў.
На наступным, дванаццатым, тыдні ад Каляд святкуецца прысвятак пераважна надрэчных сялян і рыбаловаў — дзень св. Аляксея, у які збіраецца на споведзь больш за 500 чалавек. Народ прыкмячае, што калі Саракі на адзінаццатым тыдні былі, дапусцім, у чацвер, то на дванаццатым дзень Аляксея выпадзе ў пятніцу, а на трынаццатым — Благавешчанне ў суботу.
Сапраўдны вясенні для народа дзень — вясенні Юрый. Ужо напярэдадні з вечара на вуліцы вітаюць вясну песнямі. Свята Юр'я выпадае на семнаццатым тыдні ад Каляд і на тым дні тыдня, калі не высакос, на які выпалі Каляды. На Юр’еў дзень сяляне строга захоўваюць пост дзеля жывёлы.
3 Юр’ева дня пачынаюцца абедні за гаспадарку і малебны за жывёлу. У гэты дзень сяляне раніцаю абыходзяць нівы з пірагом, гарэлкаю, селядцом; мужчыны абтыкаюць мяжу костачкамі, зберажонымі ад велікоднага стала, калі гэта ў Велікодны тыдзень; маладзіца, якая выйшла гэтай зімою замуж, накрывае ўсходы жыта палатном (што, дарэчы кажучы, паўтарае яна зноў над зжатым снапом), а дзяўчаты, іншы раз спецыяльна запрошаныя спяваць Юр’я, абыходзяць ніву з песнямі. Затым на мяжы ў полі п’юць і закусваюць у гонар заступніка сваіх статкаў і гаспадаркі. Вось адна з песень:
Юрый, ўставай рана, Адмыкай землю, Выпускай расу На цёплае лета, На буйнае жыта, На ядраністае, На каласістае, Людзям на здароўе...
Потым заклікаюць гаспадара «выходзіць на вулачку» і жадаюць яму:
Піва рабіць — сына жаніць,
Гарэлку гнаць — дачку замуж даваць.
На дваццатым тыдні ад Каляд вельмі шануецца Міколаў дзень (9 мая), а напярэдадні Міколава дня, 8 мая, адзначаецца, як гавораць у народзе, Міколаў бацька (бацька — маецца на ўвазе тут апостал і св. Іаан Багаслоў). На дзень Мікалая пастухі і начлежнікі спраўляюць на начлезе балёк (вечарынку), як і на дзень св. Духа.
На 26-м тыдні ад Каляд святкуецца дзень Івана Купалы. Напярэдадні гэтага дня, ноччу, сяляне, бывала, палілі агні
(чаму патуралі нярэдка і памешчыкі) і праз гэтыя агні скакалі, кругом танцавалі, спявалі песні, найбольш брындзюшкі. У гэту ноч простанароддзе знаходзіцца пад чарамі міфаў. Напрыклад, у народзе не сумняваюцца, што ў гэту ноч можна знайсці кветку папараці і з ёю скарбы, а калі праляжыш у папаратніку, то гавораць, што можна ўсё тады ведаць, што робіцца па свеце. «Але хто ж яго ўлежыць»,— прызнаюцца шчыра. He сумняваюцца, што ў гэту ноч надзвычай шныраюць ведзьмы, пярэваратні і ўся «нячыстая сіла», і многім людзям уяўлялася нават, быццам яны чулі на свае вушы, як у гэту таямнічую ноч пад песню начлежнікаў скакаў невідзімкаю, відаць, благі (слова, невядома чаму, адпавядае нячыстаму, нядобраму; благое дзіця — нягоднае), таму што ўсе з аднолькавым жахам чулі, як штосьці такое «ўзбегла на мосцік, стукала, топала, ляскала, пляскала і потым закружылася ў лесе, аж лаза ламалася і начлежнікі прыціхлі».
Зараз з распаўсюджаннем адукацыі і вызваленнем ад прыгону звычай дурэць ноччу на Купалу часткова адмірае, таму што ашчадней стала з дрывамі і няма з чаго раскладваць агні.
На Іванаў дзень, паводле павер’я, сонца, узыходзячы, «іграе». Значна больш займаюцца сяляне ў гэты дзень тымі мерамі, якія прынята робіць у гэты час супроць ведзьмаў і «нячыстай сілы». Для гэтага ўтыкаюць пад вокнамі і хатнімі дзвярамі галінкі дубу, рабіны, асіны, крапівы. У царкву да абедні прыносяць вялізныя вянкі і пукі зелля, што засталося яшчэ ад Дзевятніка, і асвячаюць, каб абкурыць ім ад перапалоху, болі, падзіву і да т. п. Каля хат ставяць на доўгіх кіях венікі, і гэтымі венікамі ў першы дзень Каляд, Вялікадня, Пяцідзесятніцы вымятаюць хату, каб не было ў хаце зарокаў на дзяцей.
На 27-м тыдні ад Каляд — свята Пятра. У гэты дзень многія дзеля поснай ашчаднасці прыносяць у царкву сыр і хлеб на карысць прычту. Вось для ўзору дзве песні, што спяваюць на Купалу і Пятра:
Божа мой! Да ў гародзе гардовіца. Божа мой!* Цяжка дзецюкам Пятровіца.
Ідзіце, дзецяткі, гарду рваці, Лягчэй будзе Пятра ждаці. Рвалі гарду, не вырвалі, Ждалі Пятра, не прыждалі. Рэчка, па рэчцы чаўночак плыве, Да у-ў том чаўночку белы малойчык Кудзеркі чэша, перачэсуе.
Плывіце, кудры, да маёй мілай,
* У пачатку кожнага радка і ў канцы гучыць прыпеў «Божа мой!»
Паслухайце, што міла гаворыць, Чы ўспамінае, чы праклінае? — Ох, мілы мой, глуміўся мной, Сеяў палынь на маём сэрцы Да клаў агні на маіх плечках, Рабіў скрыпкі з маіх ручак, Увязываў каня да маіх косак, Пушчаў рэчкі з маіх вочак.* — Мілая мая, няпраўда твая, Я сеяў палынь у чыстым полі, Я клаў агні ў шчырым бары, Увязываў каня ў белай бярозы, Я пушчаў рэчкі крынічныя, Я рабіў скрыпкі з белай ліпкі. Пятрова ночка невялічка, Я, маладзенька, не даспала, He даспала, шнуры сукала, Сукала шнуры ядвабныя, Я й сяму-таму запрадавала, Сваяму міламу дорага давала, Сяму-таму па засцежцы, Сваяму міламу на падвязкі.
На 30-м тыдні ад Каляд, за 5 дзён да Барысава дня, у той жа дзень тыдня, што і свята Пятра, прыходзіцца святкаваць дзень св. прарока Іллі, якога вельмі шануе народ. У гэты дзень абавязкова чакаюць навальніцу, у час якой, мяркуюць, Ілля ездзіць па небе. За сем дзён да Спасаўскіх запускаў адзначаецца дзень Барыса і Глеба, на які сяляне не дазваляюць сабе цяжкай працы, напрыклад араць, жаць. Многія маюць не толькі імя Барыс, але і прозвішча. На наступны дзень пасля Барыса ўшаноўваецца св. Ганна (25 ліпеня). У гэты дзень многія ў прыходзе лічаць сваім абавязкам ісці за 15 вёрст у Вілейскі павет у прыпісаную царкву, што знаходзіцца ва ўрочышчы Вострава Хольхельскага прыхода, дзе шануецца цудатворная ікона; і там, пасля споведзі, ахвяруюць па 20 капеек на памінкі.