• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    год. Калі па календары значыцца літара (ключ) А, то яшчэ год будзе прыстойны, літара В — добры год, а калі Е — то ўсё [паесць] — і скаціну, і людзей. Калі рыба ловіцца ў вялікай колькасці, то чакаюць галоднага года, па прыказцы: «Калі рыбна, то голадна». Калі пчала не выходзіць з вулля да Благавешчання, то будзе добрае ўраджайнае лета, а калі пакажацца раней, то дрэннае, скупое. Багаты пакос і цёплая восень прадвяшчаюць доўгую зіму і недахоп кармоў згодна са словамі прыказкі: «Калі выкасіш заванькі (гнілыя лужкі), то і вымяцеш застаранкі (апарожніш гумно)». Пасля вялікіх ягад чакаюць жорсткую зіму, а як «мокры май — лета як гай».
    Пра пагоду робяцца меркаванні таксама пераважна па назіраннях над птушкамі, жывёламі і іншымі прыкметамі. Напрыклад, свіргун (берасцянка, зяблік) спявае на цяпло, свішча на холад. Пігаўка (кнігаўка) на дождж прысядае па полі. Кулік, наадварот, на пагоду пакідае сваё балота і лятае па полі. Драч на пагоду задзіраецца вечарам. Шэрая варона часам прылятае да вады — на дождж; гусі і качкі перад непагодай неспакойна палошчуцца ў вадзе і крыкліва гагочуць; тады ж і ластаўкі прыпадаюць над вадой. Калі ж у працяглую непагадзь несціхана зашчабечуць вераб’і і заспяваюць пеўні, то можна чакаць наступлення пагоды, усё роўна, як і калі куры раней сядуць. Снягір зімою спявае на снег, завею і слоту.
    Да гэтага можна дадаць і іншыя прыкметы адносна пагоды. Харавое кваканне турчакоў (жаб) з прыемнаю трэллю ў вячэрні змрок прадвяшчае ясную пагоду. Такую ж пагоду прадвяшчаюць няспыннае лятанне кажаноў пасля захаду сонца, жвавы палёт і гудзенне хрушчоў і іншых жукоў. На дождж і непагоду, наадварот, жабы квакаюць крыкліва і непрыемна, мухі, камары і блохі дакучаюць назойліва і нязносна. Калі пчала вечарам вяртаецца позна ў вулей, то трэба чакаць дажджу; а калі ў самы захад сонца сядзіць у вуллі, то, трэба думаць, будзе пагода. Калі ў надвячэрнім змроку рыба іграе і плёскае па паверхні вады, то гэта прыкмета добрай пагоды, а калі выскоквае і над вадою ловіць мошак, то гэта на дождж і непагоду. Чакаюць дажджу і калі з рыбы, забітай вострай прыладай, доўга цячэ кроў. Калі наготкі раніцаю раней разгорнуць венчыкі сваіх кветак, то чакаецца пагода, калі пазней, каля поўдня, то, наадварот, дождж, навальніца. Марозны іней на траве прадвяшчае дождж, а вялікая раса з раніцы і вечарам, без ветру — пагоду. Угадваюць яшчэ пагоду па свяцілах, узыходу і захаду сонца, па хмарах і да т. п. Напрыклад, калі абрадзіўся месяц або сонца (туманны круг каля свяціла), то будзе мяцеліца; радужны туман каля месяца паказвае на вецер, непагоду,
    слупы каля сонца — на марозы. А ў летні час узыход сонца са слупамі азначае пагоду. I наадварот, калі пры ўзыходзе сонца румяны шар яго здаецца большым, чым звычайна, чакаецца вецер, навальніца, дождж. Калі пры захадзе сонца і на супрацьлеглым баку з усходу паказваюцца хмаркі, або сонца хаваецца за хмарку, або выходзіць пад хмарай, то ўсё гэта абяцае непагоду. Яркае зіхаценне зорак прадвяшчае пагоду, цьмянае — процілеглае надвор’е; зарніца — пагоду; багатка (вясёлка) прадказвае працяг дажджу. Першы гром вясною — прыкмета сапраўднага цяпла. Хто першы раз пачуў, як гром грыміць, павінен адразу праз галаву куляцца, каб грому не баяцца.
    Акрамя таго, пагоду вызначаюць па санлівасці ў чалавека і хатніх жывёл, па звонкім і глухім гуку ў лесе, па празрыстай і мутнай вадзе, па прамым і непрамым дыме, накірунку ветру, па сырасці на розных прадметах і іншых фізічных з’явах; усяго не пералічыць... Некаторыя гаспадары акуратна, па два-тры разы ў дзень, запісваюць у сшытак свае назіранні надвор’я ў зімовы час і робяць свае вывады аб тым, якая будзе пагода ў летнія часы, прымяркоўваючы прыкладна дні лістапада да майскіх дзён: завея — навальніца, снег — дождж, мароз — пагода і да т. п. Многія заблыталіся і кінулі гэты занятак.
    ...Асабліва зменлівая тэмпература апошніх майскіх дзён: пасля першага вясенняга цяпла настаюць халады і маразы. «Вот май,— гавораць у народзе,— валам дай, а сам на печку ўцякай...» Або: «Да святога Духа не скідай кажуха, а па святым Духу — у тым самым кажуху...» Але горш за ўсё, што пастаянна заўважаецца змяненне клімату да больш нізкай тэмпературы. Зімы становяцца даўжэйшымі і халаднейшымі, а лета карацейшым. Ужо на Аляксея рыба не разбівае хвастом лёд. На Благавешчанне буслы прыляцяць ды нярэдка, застаючы яшчэ снег на гнёздах, адлятаюць ізноў на ніз (раўніна на поўдзень ад Валожына). Старыя сцвярджаюць, што раней зімы былі карацейшыя, а як «Кацярына забрала край, лета стала карацейшае». Многія памятаюць, як на Параскеву (28 кастрычніка) бульбу капалі на полі. Даўно калісьці быў такі год, што многія гаспадары праз паншчыну спазніліся пасеяць азімыя і сеялі пасля першага снегу перад самым Новым годам. Старыя гавораць, што быццам былі такія гады, што на Юр’я вясною каласавалася азімае жыта.
    ...Нарэшце, варта прывесці арыгінальны спосаб вядзення ў народзе храналогіі. Народ не прызвычаіўся адмяраць час па гадах, але як на працягу года прымяркоўвае тыдні да вядомых свят, не ведаючы месяцаў, так на сваім вяку прымяркоўвае гады да вядомых падзей у сваім жыцці. Толькі які цяпер
    год, многія ведаюць, а пра мінулае ніхто з сялян не ведае, у якім годзе ён нарадзіўся і колькі яму гадоў. Стары, напрыклад, спасылаецца на тое, што «як Кацярына Ольшч забірала», то ён быў ладным пастушком і памятае, як першы казацкі полк ішоў. Такіх старых застаў я ў прыходзе каля сямі; цяпер яшчэ жывуць трое. Пажылы селянін спасылаецца на тое, што ўжо «ва французы» (у айчынную вайну) ён араў і да т. п. 3 пазнейшых падзей народ спасылаецца на першае паўстанне, на памятны кірмаш, «як змярзалі людзі», на халеру (як зміралі людзі), на памерыю (як размяжоўвалі грунты), на голад, які адбыўся пасля таго, як ланцуг (межавы) прайшоў па зямлі; таксама на памор жывёлы і іншыя няшчасці. 3 бліжэйшых да нас падзей спасылаюцца на час, калі выйшаў маніфест на волю, калі быў панскі мяцеж, калі прайшла камісія (зямельная), пасля якой зноў быў галодны год, таму што ланцуг прайшоў па зямлі, калі былі пажары і калі асвячалі цэрквы.
    Пра пару года ўспамінаюць па тым, кросны тады снавалі для палатна ці яшчэ толькі пралі; палолі ў агародах ці касілі, жалі; адным словам, па святах або па работах жыва ўспамінаюць вядомы выпадак і падзею.
    СЛЯДЫ ЯЗЫЧШЦТВА Ў СВЯТАХ, АБРАДАХ I ПЕСНЯХ
    Дзедка свінку ўбіў, Дзедка беленькую, Свінку пегенькую. Ай да бож’я Каляда! Прылятай к нам з высака, Раз у жаланны год.
    Як Сербія і Балгарыя, так аднолькава і Беларусь адзначаецца сярод іншых славянскіх земляў багаццем міфалагічных паданняў і песень, якія спяваюцца тысячы гадоў, хоць некаторыя ўжо з хрысціянскім «налётам», але галоўны змест якіх і больш за ўсё нават самыя выразы несумненна адносяцца да часоў язычніцтва. He толькі паданні і песні пераконваюць нас у гэтым, але і абрадавыя звычаі, якія тояць у сабе шмат ніцяў, што звязваюць сучаснасць з даўнейшым мінулым.
    Мы пераканаемся ў гэтым, калі прасочым цэлы год жыцця беларуса ў яго народных святах, звычаях, абрадах і павер’ях.
    Пачнём з Каляды, самага паэтычнага і старадаўнейшага са славянскіх свят, якое мае несумненна міфалагічнае значэнне, свята, якое да гэтага часу добра захавалася ў Беларусі і ўсюды адзначаецца.
    Каляда, або Калядкі, святкуецца з 24 снежня па 1 студзеня, у некаторых месцах працягваецца нават да Вадохрышча. Каляда цалкам адпавядае сербскаму божышчу, нованароджанаму богу, які ў гэтым сэнсе вельмі блізкі да таінства беларускай Каляды. Абраднасць адрозніваецца, але сутнасць тая ж — нараджэнне новага божышча (сонца), перамога святла над цемраю, першае радаснае свята сонца, урачыстасць павароту сонца. Але нават і ў абрадавых звычаях ёсць сёе-тое агульнае. Як у беларусаў, так і ў сербаў і ў іншых многіх славян калонне да Лады кабана, свінні, парасяці лічыцца неабходнасцю. Народная песня, прыведзеная намі вышэй, недарма гаворыць: «Дзедка свінку ўбіў».
    Мы не станем разважаць пра паходжанне слова «каляда», або «коляда». Пра гэта шмат ужо гаварылі нашы этнолагі. Што датычыць Беларусі, тут Коляды, Калядкі ўласна азначаюць каляднае свята. Гэтым жа словам называюць таксама ўсё, што дораць прыходскаму свяшчэнніку, які, па старадаўнім звычаі, наведвае кожны дом, як панскі, так і сялянскі, у час свята, адчаго і гавораць: «Ксёндж (або non) едзе па календзе». «Хадзіць або бегаць па календзе» — значыць збіраць святочныя дары (больш за ўсё што-небудзь са свініны). Калядою называюць таксама дары, якімі гаспадар надзяляе свайго наёмнага парабка (работніка), калі той пакідае ў яго службу, таму што на другі дзень Каляд, па прынятым з даўнейшых часоў звычаі, гаспадары і работнікі разлічваюцца, або заключаюць новыя ўмовы, або расстаюцца. Адсюль і прымаўка: «На святы Cunnan кажды сабе пан» (26 снежня св. Сцяпан у рускіх католікаў).
    Міфалагічнае значэнне каляды відавочна са старадаўняй песні, якую і да гэтага часу спяваюць у Пінскім павеце. Яна атрымала шырокую вядомасць. Многія этнографы звярнулі на яе асаблівую ўвагу. Вось самае галоўнае з гэтай песні:
    Ого-го, козынька, Ого-го, сера, Ого-го, бела!
    Выскачыў ваўчок, Казу за бачок, А ваўчанята За казянята.
    Мудрая козынька Дагадалася,—
    У ніцыя (нізкія) лозанькі Захавалася:
    — Я ж не баюся
    Hi ў полі лаўца. Hi ў лесе стральца.
    Адно баюся
    Старога дзеда. Сіва барада, Той мяне заб’е 3 тугога лучка, 3 правага плячка.
    Беларус сярод марознай зімы з мяцеліцамі і завірухамі,— калі дні ўсё карацеюць і ноч хавае ад яго прыгажуню-прыроду, калі прарочае выццё ваўкоў, якія (гэтаксама, як завыванне буры) даходзяць да самой яго агароджы, палохаюць дзяцей і дарослых,— панура праводзіць снежаньскія дні сярод сваіх дрымучых лясоў і пустэльных балот. У мінулыя часы ва ўяўленні яго маляваўся канец свету; ён ведаў, што ў гэты час адбываецца страшэнная барацьба дабра са злом, святла з цемраю. Але набліжаецца першае свята сонца (сонечнага павароту, калі яно ўваходзіць у знак Казерога); падземны цар прадчувае, што павінен нарадзіцца божыч, светлае сонейка, і што тады барацьба зробіцца немагчымаю.
    «Каза» ва ўсіх славянскіх народаў іграе немалаважную ролю. На Беларусі значэнне «казы» яшчэ і да гэтага часу тыповае, відавочнае. I цяпер існуе звычай у розных месцах Беларусі (таксама, як ва ўсходняй Галіцыі і ў некаторых іншых славян) убірацца казою. Малады хлопец адзявае шарсцяную белую кашулю, да каўняра якой прышывае галаву казы з мордаю і рожкамі. Галава гэта зроблена даволі ўмела з якоганебудзь пучка [саломы], а морда — з дзвюх драўляных плашак, пакрытых шэрсцю, пад якою працягнута вяроўка, так што сама «каза» непрыкметна пашморгвае вяроўку, прымушае плашкі ляскаць і гледачам можа здавацца, што «каза» ляскае зубамі. Пераапрануты казою хлопец, якога суправаджае гурт, ідзе па вёсцы з хаты ў хату, спявае песні, расказвае байкі, выклікае ўсеагульнае захапленне.