• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    Як жа народ вызначае час надыходжання сваіх свят? Даволі цікавым спосабам, ды так, што непісьменныя, без усялякіх дапаможнікаў, сяляне, асабліва пажылыя, трымаюць у галаве каляндар на ўвесь год, па якім вызначаюць не толькі святы, але і прысвяткі. Я сустрэўся з гэтым цікавым календаром пры такіх акалічнасцях. У нашым прыходзе раней было свята св. велікамучаніцы Параскевы, 28 кастрычніка. У часы прыгону, калі сяляне адбывалі паншчыну, гэты дзень лічыўся рабочым, і таму дарэмныя былі заклікі пастыраў на храмавое свята. Так яго і не святкавалі. Але пасля прыгону нам, абодвум свяшчэннікам прыходу, прыйшло ў галаву аднавіць свята. Аб’явілі мы народу загадзя пра гэты дзень свята, запрасілі суседніх свяшчэннікаў на ўрачыстасць, і калі наступіла свята, сабраўся народ, заканчвалася ўжо ранішняе служэнне (пачатак у 8 гадзін), як мяне раптам просяць да хворага за 8 вёрст. Я паехаў, выканаў адправу, але на адваротным шляху выгаворваў свайму фурманшчыку за тое, што, нягледзячы на нашы неаднаразовыя просьбы і папярэджанні, яны стараюцца выклікаць да хворага не ў будні дзень, а ў святочны, калі ў царкве служэнне, і вось я цяпер рызыкую не паспець на абедню ў дзень свайго храмавога свята.
    — Гэта для мяне прыкра,— сказаў я яму.— Хіба ты не ведаў, што сёння дзень свята нашай святой Параскевы?
    — Ды чаму ж я не ведаў,— адказаў ён,— мы із веку заўсёды святкуем Параску.
    — Ой, брэшаш, мусіць, таму што ў вас не збіраліся раней у гэты дзень на храмавое свята.
    — Можа дзе і не святкавалі, але наша вёска заўсёды святкавала, і я табе, отчыньку, скажу, чаму: ці бачыш, быў калісьці выпадак такі, што праз панскую работу да гэтага самага дня адзін гаспадар не паспеў выараць сваёй бульбы, дык ён у гэты дзень адправіўся з валамі на бульбішча, хоць яго суседзі і перасцерагалі, штодзень Параскі — нельга. «Нічым, а раздзяру гэта свята?» — сказаў ён і пайшоў алешнікам. Як увагнаў валы ў гэту кудру, то ні назад ім, ні наперад. Рвануў і раздзёр валы на месцы. Вось з таго часу ні-ні не робім у гэты дзень.
    — Гм, ды як жа ты вылічыш, у які дзень свята Параскі? Мне здалося, што ён спрытна выкручваецца.
    — Як? Ды вось як: ад Пакровы (1 кастрычніка) першая Параска (14 кастрычніка) праз два тыдні, без аднаго дня. Калі Пакрова ў нядзелю, то першая Параска праз два тыдні — у суботу, а ад гэтай Параскі да другой Параскі (28 кастрычніка) таксама два тыдні і таксама ў суботу.
    Прызнаюся, мяне, чалавека, які прывык звяраць святы па календары, здзівіў такі вынаходлівы спосаб вызначаць па памяці нават дробныя нязначныя святы, але тады было не да таго, а пазней я больш дэталёва пазнаёміўся з народнымі каляндарнымі паданнямі. Зрэшты, мае даведкі ў маладых грамацеяў былі дарэмныя: яны таксама прывыклі кіравацца друкаваным календаром.
    — Ды як жа нам угадаць,— кажуць яны,— глянем у кнігу, дык і ведаем, калі крыжык курсіўнымі літарамі напісаны, то гэта свята.
    Толькі пажылыя гаспадары, асабліва бабы, вядуць свой арыгінальны лік часу, але гэтыя вельмі неахвотна адказваюць на няўдачна пастаўленыя пытанні. Ім дзіўным здаецца, чаму свяшчэннік пытае, калі ён лепш за іх ведае, калі якое свята, ды яшчэ аб гэтым робіць аб’яву ў царкве; не, тут нешта іншае. Трэба неяк рознымі пытаннямі пра тое, якой зімы ці вясны нам чакаць, закрануць народныя прыкметы і паданні пра святы.
    — Паслухай, такая і такая, скажы, на якім тыдні будзе такі і такі прысвятак?
    Тая здзіўлена паглядзіць і скажа:
    — He ведаю, я тыкеля ведаю: улій ды выеж.
    Рашуча адмовіцца і потым сваім дзе-небудзь намякне: «Бацюшка з мяне жартуе». Я паклічу яе да сябе.
    — Ну, паслухай, павер, што пытаю не дзеля жарту, але, бачыш, аднойчы выходжу ў нядзелю з царквы, пасля абедні, і чую, як бабы гавораць між сабою: «I чаму гэта бацюшка не
    сказаў, што заўтра свята?» Якое, думаю, свята, гляджу па кніжцы — невялікае царкоўнае свята. Калі б ведаў, што народ прывык у такія дні святкаваць, запрасіў бы прыйсці на маленне.
    — Гэта праўда, і мяне задзівіла, што бацюшка на такі і такі дзень нічога не сказаў народу.
    — Ну, вось бачыш, таму я і хочу сабраць звесткі, каб ведаць, якія тут у вас дні лічацца святочнымі.
    Пасля гэтага яна адкажа бадай ужо на ўсе пытанні.
    — Вось бачыш,— скажу я ў захапленні,— святкуеце вы нават і невялікія нашы рускія царкоўныя святы. I як гэта табе ў голаву прыходзіць, калі трэба адзначаць такія невялікія святы? Ці ты гэта сама вылічыла, сваёю галавою дадумала, ці цябе хто навучыў гэтак вылічваць?
    — Як гэта сама? Гэта ўжо спрадчасоў карта карце заказвае (г. зн. пакаленне пакаленню перадае).
    Які трапны выраз пра пераемства народных паданняў! Зрэшты, такія паданні не збярэш ад адной асобы, тым больш што ў адных вёсках пэўныя дні святочныя, а ў іншых — рабочыя. Есць свае святы ў вёсках каля рэчак, асобныя ў палевікоў і ў лесавікоў, у рыбаловаў, у пчаляроў і да т. п.
    I!
    Вось якія вывады перадае карта карце адносна вызначэння святочных дзён. Скажу пры гэтым крыху аб народных звычаях, звязаных са святамі. Народ вядзе асобна ўлік свят, якія, па яго словах, пільнуюць аднаго тыдня (трымаюцца адной сядміцы — непераходзячыя), і такіх, што змяняюцца (пераходзячыя). Разгледзім спачатку пераходзячыя святы, якія залежаць, як вядома, ад дня Вялікадня. Месяц і дату Вялікадня сяляне самі папярэдне без абвяшчэння свяшчэннікам дня Запускаў вызначыць не могуць, але мяркуюць, акрамя таго, па тым часе, да якога не адмаўляюць маладым запісвацца для абвяшчэння ў царкве аб іх жаданні ўзяць шлюб. Або высвятляюць у грамацеяў па друкаваным календары. Ведаюць толькі, што Вялікдзень святкуецца заўсёды пасля поўні (у апошнюю квадру), а Запускі, што перад Вялікім постам,— заўсёды маладзіком. Гэтаксама, калі Запускі (сырныя) выпадаюць на маладзіку, сяляне ведаюць, колькі будзе працягвацца Мясаед і разам з тым калі будзе Вялікдзень, гледзячы па тым: калі маладзік настае ў Каляды, то Мясаеда будзе 8 тыдняў, а калі на Новы год, то Мясаед доўгі — 9 тыдняў, уключаючы Масленіцу. Зрэшты, пра даўжыню Мясаеда больш ці менш прыблізна мяркуюць па Мясаедзе мінулага года. Калі, напрыклад, у м.іну-
    лым годзе Мясаеда было 6 тыдняў (з Масленіцы, як лічаць у нас у народзе), то ў гэтым годзе Мясаеда будзе 9 тыдняў (без Масленіцы — 8), а ў наступным годзе — толькі 7 тыдняў (па царкоўным уліку — 6) і вельмі добра ведаюць, што Мясаеда 4 тыдні і менш ніколі не бывае. Падлік па Мясаедзе мінулага года, вядома, не заўсёды апраўдвае сябе, але ў цэлым правільны. Велічыні велікодных гадоў складаюцца, як вядома, з 50, 51, 54 і 55 тыдняў; і хоць парадак чаргавання іх самы зменлівы, але найчасцей атрымліваецца, што пасля года велічынёю 51 тыдзень ідзе год з 55 тыдняў, потым 50 тыдняў. Напрыклад, бліжэйшыя да нас велікодныя гады:
    Велікодны год 1859/60 — 51 тыдзень, 1860/61 — 55, 1861/ 62 — 50,1862/63 — 51,1863/64 — 55,1864/65 — 50,1865/66 — 51, 1866/67 — 55, 1867/68 — 50 тыдняў.
    Таму часцей атрымліваецца прыблізна, прымаючы пад увагу толькі тыдні, не зважаючы на лішнія дні, што пасля 6 або 7 тыдняў Мясаеда ідуць 9 або 10 тыдняў, а потым 7 або 8 тыдняў, уключаючы Масленіцу, так у нас лічаць. Тыдзень Масленіцы таму ідзе ў лік Мясаеда, што сяляне ў гэтым краі пад уплывам каталіцызму, у часы уніі, прывыклі есці мясное ў гэтыя дні: і таму трымаюцца гэтага правіла, што тутэйшая мясцовасць зусім не багатая пашаю для жывёлы і масла — прадукт вельмі дарагі. У некаторых бедных сялян не знойдзецца лыжкі масла да аўсянкі. Таксама нават і самая дробная рыба ў нас рэдкасць. Аднак сяляне пушчавыя (што ў лесе), тыя на Масленіцу не ядуць мяснога і строга прытрымліваюцца гэтага, таму што на свой ужытак маюць масла. Некаторыя сем’і палявых сялян таксама не ядуць мяса на Масленіцу, калі здарыцца што-небудзь ці дадуць абяцанне.
    На Масленічным тыдні не адбываецца ў нас ніякіх забаў, людзі не ўмеюць так павесяліцца, як велікарусы: ні арэлямі, ні катаннем не пацяшаюцца, запрашэнняў адзін аднаму не робяць; блінамі таксама Масленіца не адзначаецца, таму што бліны падаюць на кожны, як гавораць, багаты стол з выпадку свята. Вядома, сяляне не прапусцяць моманту наклюкацца віна, аднак нельга сказаць гэтага пра ўсіх. На Запускі звычайная ежа, акрамя бліноў і розных страў (кіслага, прэснага), гэта: верашчака (г. зн. каўбасы і саланіна, паджараныя з падліўкаю і блінамі), кішкі, начыненыя крывёю з крупамі і запечаныя, сяканка і да т. п.
    У Вялікі пост на першым тыдні вельмі мала прычашчэнняў. Магчыма, гэта таму, што прыхаджане любяць часта спавядацца і лічаць, што вельмі шмат часу засталося б ад пакаяння да Вялікадня. 3 трэцяга тыдня збіраецца да 500 прычашчэнняў.
    У пост перабіваюцца самаю простаю ежай, сырой і варанай: капустай, буракамі, бульбай, бобам, гарохам, аўсяным кісялём і інш. Замест алею заціраюць сырымі каноплямі. Мала ў каго ёсць насушаная ў печы на саломе рыба або мёд. Агуркоў не соляць.
    У сераду, на чацвёртым тыдні Вялікага посту, так званае Серадапосце, або часцей Хрэсцы — да паўдня працуюць, а гаспадыні ў гэты час пякуць «хрэсцы», г. зн. пірагі (часам пшонныя), накрыж кочаныя, з макам, мёдам або, калі бедна, з каноплямі. Чаму гэты дзень і пірагі называюцца «хрэсцамі», невядома; відаць, таму, што царква гэты тыдзень называе крыжапаклонным — у гонар крыжа. Пякуць яшчэ ў гэты дзень акрамя крыжападобных пірагі на манер гаспадарчых прылад пад назваю: «саха», «каса», «сярпы», г. зн. з цеста пякуць піражкі накшталт сахі з ярмом, увагнутай касы, сярпа, бараны (пірог сам круглы з пакладзенымі на ім зверху маленькімі піражкамі, каб нагадваў барану). Хлопчык пры гэтым просіць спячы яму пужку, і яму спякуць доўгі шылаваценькі піражок: няхай, маўляў, кожны сваім цешыцца. Пасля паўдня народ зусім не працуе ў гонар свята Серадапосця, і тады стол узбагачаецца селядцом, гарэлкаю, півам і да т. п.
    У Вербную нядзелю людзі прыходзяць у царкву з вялізнымі пукамі вярбы, ядлоўцу і да т. п. Хлопчыкі пасцёбваюць адзін аднаго вярбінаю, гаворачы: «Не я б’ю, вярба б’е, за тыдзень Вялікдзень». Першы раз выганяюць жывёлу ў поле абавязкова вярбінкаю.
    У «чысты» чацвер, паводле народнай назвы, або інакш у Вялікі, лічаць патрэбным да дня падмесці хату, каб усё лета блох не было, мыць галаву, каб увесь год была чыстая, а хто ў гэты дзень адважыцца з раніцы «пакупацца» па марозе, то ўпэўнены, што ён не будзе хварэць цэлы год.