Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Я думала: зажалася, Аж я з «казой» засталася. Я думала: дуда іграець, Ажно мяне за «хвост» лаюць. Я думала: пірог даюць, Ажно мяне да «хваста» вядуць!
У гэты час зазванілі на снеданне. Усе замоўклі. 3-за возера чуць-чуць даносіўся ўдар звону. Значыць, «аддуха» настала, значыць, можна падсілкавацца хлебам і квасам, а хто багацей, то і хлебам з салам.
Ад снедання да абеду работа асабліва была цяжкая, таму што сонца ўжо стаяла высока і пралівала свае праменні прама на галовы жней. Авадні і мухі віліся цэлымі раямі і прымушалі адмахвацца і выпускаць з рук каласы. Грудныя дзеці не выносілі духаты і крычалі як маглі, а большыя дзеці падпаўзалі да
маці, працягвалі свае ручкі і прасілі піць. I плач, і ўздых, і песні, і падбадзёрванні зліваліся з трэлямі жаваранкаў, з крыкамі пастухоў, са звонам кос, якія адточваліся на лузе каля возера.
Цяжка ляхаўскім бабам, тым больш што яны вырашылі сягоння дажаць усе нівы. Хочуць паказаць яны сваю сілу, спрыт і працавітасць. I хоць твары жанчын пакрыты потам, хоць рукі іх часта бездапаможна апускаюцца ўніз, аднак у шматлікіх радах раздаюцца і песні, і жарты, і перакліканні з перуноўскімі бабамі. Ляхаўскія жнеі пелі па чарзе з перуноўскімі жнеямі:
А сумежнае поле, Залатыя ўзмежачкі, Пахваліўся Рыгорка — Сокалам поле ляцець, Селезнем мора плысці А к цесцечку на дворык. — А цесцечак, мой татулька, Дазволь жа мне жаніцца! А дзе твая дачушачка?
— Мая дочка ў сад пайшла, У саду яна схавалася.
— Я ў сад пайду і там знайду, За ручанькі яе вазьму.
За ручаньку, за правую, За дзяўчыну бравую.
Калі сонца стала спускацца за возера, жанчыны ўздыхнулі свабодней. Павеяла прахалодай, і работа стала спорыцца ўдвайне... Добра жанчыны працуюць. Чуць жывы ад працы, а песні ўсё роўна пяюць... На ляхаўскім полі была чутна песня:
Падуйце, ветры, рана-рана Па чыстаму полю, Нясіце весці нашаму пану, ПІто нашы жнейкі жыта пажалі, Жыта пажалі, у копы паклалі, Рана, рана, у копы паклалі.
Яна азначала, што абжынкі пачаліся. «Ну, цяпер віце вянок ды прыходзьце з песнямі да нас»,— сказаў прадстаўнік пана. На гэта жанчыны адказвалі такой песняй:
А зелен наш гай, зелен Над усімі гаямі, А хвалён наш пан, хвалён Над усімі панамі.
Як выкаціў бочку мёду,
А другую гарэлачкі.
Бочку меду — для дзевачак, Гарэлачку — для жоначак. А дзевачкі гуляць будуць, А жоначкі піць будуць...
У нас сягоння вайна была,
Усё поле зваявалі, Усё жыта пажалі. Змялі поле мяцёлкаю, Пайшлі дамоў вясёлкаю.
Калі пачынаюць «бараду» палоць, адна з жанчын (жней) прыносіць на поле яечню і бохан хлеба з соллю, і ўсё гэта ставяць каля «барады». Рассеўшыся на снапах, бабы пачынаюць з «барады» выполваць траву і пры гэтым хутка напяваюць песню:
Сядзіць жораў на дубе, Дзівуецца барадзе, Дзіва-дзіва!
— Чыя гэта барада
Уся смалой уліта? Дзіва-дзіва!
Уся смалой уліта,
Уся лыкам абшыта, Дзіва-дзіва!
— Лукашова барада
Уся смалой абліта, Дзіва-дзіва!
— Чыя гэта барада
Уся мёдам абліта? Дзіва-дзіва!
Уся мёдам абліта,
Уся шоўкам абшыта, Дзіва-дзіва!
— Амелькава барада
Уся мёдам абліта, Уся шоўкам абшыта.
Пасля гэтага прывітання «барадзе» тая жняя, якая прынесла яечню і хлеб з соллю, бярэ хлеб, хрысціцца і, кладучы хлеб у «бараду», гаворыць: «Дарую цябе, ніўка, хлебам з соллю, а ты нас сыццю сыці і спорам, і добрым здароўем!» Пасля гэтага жанчыны пачыналі есці яечню, затым варажылі: падымалі снапы, на якіх сядзелі, і глядзелі. Калі чарвякі касматыя поўзаюць, то выйдуць замуж за багатага, а калі маленькая кузурачка, то за беднага. А калі будзе павук, то за ўдаўца. Нарэшце, выпалаўшы чыста «бараду», вырывалі каласы і вілі вянок. Адпраўляючыся дадому, усе бабы пачыналі спяваць:
Ішоў бог дарогаю, Дарогаю шырокаю. За ім наш пан ідзе, У руках шапку нясе, Да сябе бога просіць: — Да мяне, божа, да мяне, У мяне гумно вялікае, Пераплаты высокія, Есць дзе богу пасядзеці, Майго дабра паглядзеці.
Калі ўжо сонца зусім хавалася за возера і чырвонае полымя засцілала ўвесь «полацкі» бок неба, калі цішыня-раскоша разышлася на палях і лясах — толькі тады ляхаўскія жанчыны закончылі з «барадой» і накіраваліся ўсім гуртам да панскага двара. Уперадзе з вянком з аржаных каласоў ішла Малання, якую трымалі пад рукі дзяўчаты, за імі доўгая шарэнга жанчын з калыскамі за плячамі, са збанкамі, клункамі ў руках і з сярпамі на плячах... Здалёку магло б паказацца, што гэта белая шарэнга рухаецца ў пахавальнай працэсіі, калі б не былі чутны пастаянны смех і траскатня дзяўчат...
Падышоўшы да панскага двара, Малання пачала такую песню:
Разгарыся, вячэрняя зара, перад зоркамі, Расхадзіся, наша гаспадынька, перад жнеямі, А спытай, ці многа зжалі, Ці многа нажалі?
А мы зжалі поле не мерана, Копы не лічаны!
Далёка-далёка было чутна гэта прывітанне, якое выкрыквалася з усёй дзявоцкай моцы — дваццаць — дваццаць пяць галасоў у адзін голас. Засынаўшы ўжо люд вясковы, прыслухоўваючыся да гэтай песні, гаварыў: «Вось калі ляхаўскія абжынкі...» I слухаючы гэтую сумную, але гучную мелодыю, міжволі задумаешся: радасць чуецца ў гэтай песні з нагоды заканчэння справы, ці маленне аб лепшай долі, ці хвалебны гімн сялянскай працы.
Калі падыходзілі жнеі да панскага двара, пані выйшла на ганак з іконай і запаленай свечкай у руках і з зацікаўленасцю ўглядалася ў гурт, міжволі хвалюючыся, таму што ў ролі гаспадыні яна выступала першы раз.
— Што ж мне сказаць ім? — звярнулася яна да прадстаўніка пана.
— Нічога... Што ім гаварыць?! Скажыце дзякуй за вянок і аддайце грошы... Што там з імі размаўляць!
А жанчыны ўжо падыходзілі да ганка і гучна спявалі:
Запалі, пані, свечку I выйдзі на сустрэчку, Пераймі сваё дабро I нясі сабе ў гумно!
Малання выйшла з гурту жанчын, паднялася на некалькі прыступак ганка і, аддаючы пані вянок, выказала наступнае прывітанне:
Найсвентша матка Па небу хадзіла, Па небу хадзіла, Каронку згубіла. Панскія жнеі жалі I тую каронку паднялі. I тую каронку паднялі, Пані нашай на галаву ўсклалі.
Перанёс бог панскае дабро Цераз залаты сярпок, Перанясі яго праз мой дамок! Дай, божа, у засеку спору I ў дзяжы падыходу, На стале сыццю.
Віншую паню вянком I добрым здароўем!
Пані падзякавала ўсім, і бабы накіраваліся з панскага двара ў людскую, дзе ім была падрыхтавана вячэра з юшкі і клёцак.
ІЗАЖЫНКІ]
Зажынаюць звычайна з вечара. Жанчына ідзе з мужам у поле, нажне сноп жыта і прыносіць дахаты. Тут сноп ставіцца «на куце», пад абразамі, як ахвяра богу. На наступны дзень жняя выходзіць на ніву рана, у самым лепшым адзенні і, стаўшы тварам на ўсход, моліцца богу: «Божа, блаславі пачаць жаць і памажы ў добрым здароўі кончыць!» (Гомельскі п.).
Калі жняя пачуе стому, забаляць рукі і спіна, тады яна пачынае пець песні, якія носяць назву жніўных.
У Быхаўскім павеце зажынкі робяць крыху больш урачыста. Перад пачаткам жніва гаспадыня вымывае ўсю хату: падлогу, дзе ёсць, стол, лавы, вокны. Потым засцілаюць стол чыстым абрусам, кладуць хлеб і соль, запальваюць перад абразамі свечку... Адыходзячы на ніву, жняя бярэ ў «ношку» кавалак
хлеба, соль, кавалак сала і свечку. Хлеб і соль, пакладзеныя на стале, застаюцца ляжаць там і надалей. Прыйшоўшы на поле, жняя зноў моліцца з зямнымі паклонамі і потым вітаецца з нівай: «Добры дзень, ніўка, ядраное жыта! Я к табе прыйшла!» Зжаўшы жменю жыта, жняя скручвае яе, падпяразваецца і ўжо потым жне. Нажаўшы адзін сноп, ставіць яго і гаворыць: «Стаўлю сноп на сто коп, на тысячу мерак!» Пасля гэтых слоў кладзе яго на зямлю і падкладае пад яго сваю «ношку». Пасля гэтага жніво ўжо ідзе без перапынку. Вельмі строга сочаць, каб зажынкі адбываліся не ў дзень мучанікаў. Робіцца гэта для таго, каб жніво не было пакутлівым ні па рабоце, ні па надвор’і.
У Рагачоўскім павеце для зажынак выбіралася старэйшая ў сям’і жанчына. Яна адпраўляецца на ніву пад вечар і бярэ з сабою акраец хлеба, благавешчанскую прасфору і грамнічную свечку, кавалак артоса ці свянцонага вялікадня і свянцоную соль. Прыйшоўшы на свой загон, жанчына чытае ўсе вядомыя ёй малітвы з зямнымі паклонамі і потым нажынае адзін сноп, які і пакідае на полі стоймя, на другі дзень раніцай ідзе жаць ужо ўся сям’я.
У Себежскім павеце гаспадыні, выйшаўшы на ніву, становяцца тварам да сонца і моляцца, потым зажынаюць «бародку» са словамі: «Дай жа, божа, штоб лёгка жалась! Сярэдзінка не балела, ручанькі не млелі, ножань'кі не дзервянелі, галава не гарэла!» Для «бародкі» зажынаюць тры жмені жыта, звязваюць іх у сноп і кладуць на плечы гаспадыні. Яна адносіць «бародку» дамоў і кладзе на абразы, а жнеі бяруцца за работу. Строга сочаць пры гэтым, каб у гаспадыні, якая зажынае жыта, была «рука лёгка», іначай жнеям будзе вельмі цяжка жаць. Калі ж між гаспадынь такой не знойдзецца, то зажынае жыта маладая дзяўчына.
Зерні з першага снапа прымешваюцца потым да семяннога жыта. У Мсціслаўскім павеце зерне з першага снапа выбіваюць хлопцы, якія жадаюць, каб іх любілі дзяўчаты. Для гэтага яны адварваюць зерне ў вадзе і п’юць гэту ваду.
Цыкл жніўных песень вельмі вялізны, хоць уласна часцей спяваюцца яны пры вяртанні зполя дамоў, чым на ніве. Як змест, так і матывы іх у Беларусі вельмі тужлівыя. Але дажыначныя песні ўжо мяняюць і змест і матыў на больш вясёлыя; пры жніве ж яравых часцей за ўсё пяюцца песні вясельныя.
ДАЖЫНАЧНЫЯ, АБЖЫННЫЯ
Мінская губерня
У дзень дажынак жнеі апранаюцца ў лепшае адзенне, а гаспадыня рыхтуе лепшы абед з гарэлкаю. Пры сканчэнні работ тры дзяўчыны пачынаюць віць вянок: адна выбірае лепшыя каласы, другая ўе вянок, а трэцяя падтрымлівае яго. Скончыўшы жаць, жнеі надзяюць падрыхтаваны вянок на галаву адной з дзяўчат і з песнямі ідуць у двор гаспадара. Ля брамы ці на ганку жней сустракае гаспадыня, бярэ з галавы дзяўчыны вянок і дае ёй срэбную манету. Затым жней частуюць, прычым яны спяваюць і танцуюць.
Магілёўская губерня
У Быхаўскім павеце, як і ў другіх паўднёвых, канчаючы жаць, на апошняй паласе пакідаюць некалькі каласоў і звязваюць іх уверсе стужкай ці жытняй саломай. Каласы гэтыя пакідаюцца «на бараду богу». «Бараду» гэту чысценька полюць рукой, загорнутаю ў рукаў, але ні ў якім выпадку не голаю. Рассцілаюць сярод калосся чыстую палатніну і кладуць на ёй кавалачак хлеба і солі з малітваю і паклонамі да зямлі. Пасля гэтага жняя павінна пакаціцца па полі ўсім целам і сказаць: «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку на другую ніўку!..» Толькі пасля гэтага абраду жнеі ідуць дахаты. Сярод дажыначных страў — абавязкова бліны і густая каша.