Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Вось і дабраліся да лугу. Хлопцы і дзяўчаты прымаюцца за збор кветак, што на мове народна-беларускага эпасу называецца «зелле капаць», чаму многія сяляне і гавораць, што дзень збору кветак таму і называецца Купалаю, забываючыся пры гэтым пра розніцу двух кораняў «куп» і «кап».
Дзевачкі зелле капалі, Яны капалі — не зналі, Да караля паслалі.
Кароль зелля не пазнаў, Да каралеўны адаслаў. Каралеўна зелле пазнала I да дзевачак адаслала. — Гэта, дзевачкі, не зелле, Гэта ваша вяселле.
Вы збірайце, збірайце, Да ў вяночкі звівайце.
Другая песня папярэджвае дзяўчат, што ў жаданым для іх замужжы ўжо не будзе той весялосці, якая існуе ў іх цяпер:
— Зязюля рабая, чаму ў бары не кукуеш? Чаго ў мой сад прылятаеш?
— Як мне ў бары кукаваць, За сасонкамі не відаць, За дзевачкамі не чуваць. — Маладая малодачка, Чаму ў бацькі не плакала, Чаго да нас прыехала.
— Як жа мне ў бацькі плакаць, За музыкаю не чуваць, За дзевачкамі не відаць... Цяжка, цяжка без мужа, Я рабіці не дужа. Спраў мне, татулька, цымбалы, Каб мае ножкі гулялі, Каб мае ручкі ў ладкі пляскалі.
Трэцяя песня праводзіць паралель паміж «суджанай» і «хвалёнай»:
Была ў суседа дачушка, А ў другога — другая. Адна — хвалёная, А другая — суджоная. Прыехалі баяры Да суджонушку ўзялі, А хвалёнушку не бралі. Стала хвалёнка плакаці, На свае белы дары гледзючы. — Mae белы дарочкі, Каго я буду дарыць вамі? Белы бярэзнік укрыўшы — Расой прыпадуць, А чорны гасцінец услаўшы — Баяры коньмі саб’юць, Суджонку везучы, А хвалёнку клянучы...
Песні раздаюцца ў начной цішы да світання, калі моладзь вяртаецца дамоў, несучы з сабой цэлыя снапы палявых кветак. Раніцай на заклік царкоўнага звана і старыя, і малыя спяшаюцца ў храм, дзе асвячаюць «зёлкі», г. зн. кветкі, і яны на працягу ўсяго года служаць лекавым сродкам ад розных хвароб і нагавораў злых людзей. Але ні ў песнях, ні ў абрадах цяпер ужо і паміну няма пра ведзьмаў, якія ў купаліну ноч калісьці збіраліся на Лысай гары ў Кіеве.
КУПАЛЛЕ
Да найбольш паэтычных перажыткаў колішняй язычніцкай веры прадзедаў нашых, славян, належыць Купалле. Купалле — гэта свята сонца, святла, разросту жыцця, паўнаты сіл прыроды, якая дасягала ў гэтым часе свайго найвышэйшага развіцця... Прадзеды нашы верылі, што ў гэты дзень сонца ў вобразе казістага дзецюка гуляе вяселле сваё з багіняй лета. Патураючы прыкладу багоў, збіраліся яны між сёл на ўзлессі, каля вады, спраўлялі там ігрышчы ды ў гэту ноч «умыкалі» сабе дзяўчат на жон. А каб такі вянец меў законную сілу, дапаўнялі яго ўстаноўленымі здаўна звычаямі: ачышчаліся ад грахоў, купаючыся ў вадзе і скачучы праз полымя параскладаных вогнішч, пасля вадзілі карагоды, пелі песні. А калі ўсё гэта рабіла моладзь, старцы клалі ахвяры багам, пілі і закусвалі ды ўзмацоўвалі дух свой апавяданнямі з жыцця людзей, расказамі аб дзівах, якія ў гэту ноч дзеюцца на зямлі. Прайшло з таго часу шмат стагоддзяў, багі, забытыя і пакінутыя народам, замерлі. Іх месца заняло хрысціянства. Але звычай збірацца ў купальскую ночку, паліць агні, спраўляць ігрышчы ў лесе, пускаць вянкі па вадзе датрываў да нашых часоў... На працягу многіх пакаленняў людзі верылі, што ў гэту ноч зацвітае агністая краска папараці, якая мае моц даць чалавеку шчасце і сілу, пазнаць усе таямніцы прыроды. Расказваюць, як далёка трэба ісці за гэтай"краскай-дзівам, якія перашкоды трэба перамагчы і асіліць, каб здабыць яе. У гэту ноч, як верыў народ, выходзяць наверх закапаныя ў зямлі грошы або паказваюцца сінім аганьком; дрэвы пераходзяць з месца на месца і вядуць гутарку між сабой. А калі ўзоймецца золак на ўсходзе, можна ўбачыць, як сонца «гуляе і скача». Ноч на Купалле авеяна паэзіяй і дзівам, і спаць у гэту ноч лічыцца грэхам. Таму, як шырока наша зямля, у гэту ночку людзі не спяць: адны ідуць спраўляць ігрышчы, другія — грошы шукаць, трэція пільнуюць у нетры лясной, куды голас пеўня не далынаець, агністай папаратнай кветкі.
Як у мове ды песнях, так і ў звычаях народа адбіваецца яго душа як культурны дабытак. Дзеля гэтага святкаванне Купалля нам трэба берагчы і, святкуючы, трымацца ўсіх устаноўленых вякамі звычаяў, адкідаючы толькі забабоны ды тое, што можа быць шкодным для другіх людзей. Свята Купалы павінна быць у нас святам паэзіі, звязкам нашым з прадзедамі і прашчурамі нашымі. Няхай у гэту ноч беларуская моладзь штогод выходзіць у поле і пад адкрытым небам спраўляе прыстойныя ігрышчы; няхай паляць агні, уюць вянкі і спяваюць
свае розныя песні хорам. Няхай Купалле... служыць вечнай памяткай, што свет-сонейка заўсягды перасільвае цемру ночы, і ў гэтым мы будзем чэрпаць веру, што ўсё светлае, добрае, справядлівае зваюе адвечнае зло і нядолю, якія існуюць на зямлі, і дасць змогу жыць і развівацца на волі ўсяму жывому...
КУПАЛЛЕ
Адвячоркам перад купальскай ноччу дзяўчаты, апрануўшыся ў чыстую, белую апратку, ішлі ў жытняе поле збіраць зелле на лекі, з імі разам ішлі і старыя бабкі-знахаркі, якія ведалі, якая зёлка ад чаго памагае, і вучылі пазнаваць гэтыя зёлкі маладых. Назбіраўшы зёлак, варочаліся дамоў: дзяўчаты адбіралі зёлкі, што на лекі, і, павязаўшы ў пучкі, вешалі пад прыклеццю, а з красак — васількоў, барвенку, мяты і іншых — плялі сабе на галаву вянкі і маілі хату.
На захадзе сонца збіраліся хлопцы і, выбраўшы перш сабе «ўрадніка» (ад стараславянскага слова «радзіць» — кіраваць, камандаваць), збіралі стары «май», якім былі прыбраны хаты на Сёмуху, атопкі і іншыя зношаныя і непатрэбныя рэчы. Тады ішлі на падворак да «ўрадніка», куды прыходзілі і дзяўчаты, прыбраныя па-святочнаму, з вянкамі на галаве, маладзіцы з закускай рознай, гаспадары з напіткамі.
Адтуль хор з дзяўчат і жанок, заспяваўшы песню, ішоў наперад, а за ім усе іншыя, хто з закускамі і прыпасамі, хто з палівам і бярозкамі зялёнымі — «маем»; гэтак ішлі ў жытнюю змену, на ўзгорак пад дрэва або пад лес, дзе размяшчаліся пад асобным дрэвам. Па дарозе рвалі быльнік і ўсе падпяразваліся ім. Прыйшоўшы, дзяўчаты распальвалі агні, хлопцы каля агнёў садзілі «май», пасля, раздзяліўшыся — асобна дзяўчаты, асобна хлопцы, скакалі цераз полымя. Найперш скакалі дзяўчаты, пасля хлопцы. Старыя гэтым часам, рассеўшыся за выпіўкай і закускай, гутарылі аб мінулых часах, аб дзівах усякіх. Моладзь вадзіла карагоды і танцы. Праз увесь час не змаўкалі музыка і песні. Пасля моладзь ішла да рэчкі, і дзяўчаты, зняўшы з галоў вянкі, пускалі на ваду. Вярталіся з песнямі назад і падкідалі агню, ды зноў ішлі танцы, музыка і песні аж да ўсходу сонца.
НЕКАТОРЫЯ ЗВЫЧАІ I ПАВЕР’І ЗАХОДНЕРУСАЎ У ЧАС КАСЬБЫ I ЖНІВА
У канцы чэрвеня пачынаецца самая гарачая пара для сялян. Наступае час касьбы, а там і жніво. 3 Пятрова дня на лугах — зялёныя пакосы. Невялікі ў селяніна лужок, але тым горш, калі і гэтай невялікай колькасці сена яму не ўдасца сабраць загадзя пры спрыяльных умовах. Касьба павінна быць абавязкова закончана да Іллі («Прыйдзе Ілля — наробіць гнілля»). I што тады будзе рабіць селянін са сваёй жывёлай, калі для яе ён не нарыхтаваў на зіму пэўнага запасу. Касьба таму сур’ёзна займае думы гаспадара. Ен карыстаецца кожнай зручнай хвілінай і ўпотай і яўна заяўляе адно пакуль жаданне — даў бы бог сухое надвор’е. Звычайная песня касцоў наступная:
Касцы косяць, Бога просяць: — Ой, дай, божа, пагоданьку Да на нашу работаньку.
Сена пакасіці, Дадому звазіці.
Надвор’е — неабходная ўмова для касцоў, таму што «пасля Пятра сена, нават паднятае на куст, не сохне», тады як да Пятра яно сохла і пад кустом. Радасна і старанна працуе ў гэты час селянін, нягледзячы на цяжкі для яго час года ў матэрыяльных адносінах. У яго выйшлі амаль усе запасы старога года, а новых яшчэ ён не дачакаўся. Пры ўпартай працы ён нярэдка здавольваецца якой-небудзь травою-гардавіцай і цешыцца толькі надзеяй на будучае. У песні спяваецца:
Божа мой, да ў агародзе — гардовіца. Божа мой!* Цяжка дзецюкам Пятровіца.
Ідзіце, дзецеткі, гарду рваці, Лягчэй будзе Пятра ждаці. Ждалі Пятра — не прыждалі...
У некаторых месцах Гродзенскай губерні існуе наступны звычай. Калі з’яўляецца на луг гаспадар, які наняў касцоў, яго звязваюць вяроўкай, звітай з сена. 3 гэтага ганаровага палону ён павінен выкупіцца некалькімі капейкамі. Касцы пры гэтым спяваюць:
Ох, славен, славен наш гаспадар, Ох, чым жа ён праславіўся:
Прыпеў «Божа мой!»
паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.
Ці сваім гумном, Ці сваім дабром, Ці сваёю жаною, Ці сваімі дзеткамі? He праславіўся ён нічым, Толькі гумном.
Як ужо адзначалася, касьба павінна быць закончана да Іллі. 3 гэтага часу для касьбы можа быць вельмі неспрыяльная пара, мокрая («Да Іллі ксёндз просіць дажджу, а па Іллі і баба фартухом нагоніць»; «Ілля наробіць гнілля»; «Да Іллі хоць адным зубам бараны падзяры папаравае поле»), Але, з другога боку, Ілля не можа быць не пажаданым для селяніна. У гэты час ён (селянін) ужо можа што-небудзь паесці з новых пладоў. Есць прымаўка: «На Ілью ў міску кашы налью» або «На Ілью перапечку налью», а «На Барыса ўжо хлеба наясіся». На Іллю селянін разлічвае, каб толькі наесціся кашы са свежага збожжа. Барыс (24 ліпеня) прыносіць ужо поўную спеласць пасевам, і селянін спадзяецца наесціся хлеба ўволю і гэтым самым узнагародзіць сябе за доўгія галодныя чаканні ў час вясны. Аднак у некаторых мясцовасцях (Нарва — Гродзенская губ., Бельскі п.) існуе і такая прымаўка: «На Івана (8 мая) — каласок, а на Пятра — піражок», г. зн. прыкладна 8 мая ў жыце з’яўляецца колас, а каля 29 чэрвеня са свежай мукі можна спячы ўжо пірог. Значыць, як і сапраўды бывае, кліматычныя ўмовы вядомай мясцовасці спрыяюць больш хуткаму выспяванню, чым у іншых месцах. Але як бы там ні было, а не паспеў яшчэ сціхнуць шум і звон кос пры касьбе сена, жнеі спяшаюцца ўжо ўторыць яму сваімі сярпамі. «Жыва, жыва,— чуецца з усіх бакоў,— бо находзіць жніва». Сапраўды, залацістыя нівы пачынаюць нахіляцца да зямлі ад паўнаты налітага коласа. Апошні «дрэмле», як бы просіць занесці яго ў гумно, пакласці яго ўбок, таму што на ніве прабіў яго час-гадзіна, а ў застаронку яму «гасціна».
Спачатку ідзе адна жняя «адкрыць», так сказаць, работу. Баяцца, каб хто-небудзь не перайшоў дарогу. Калі здарыцца гэта і ў час жніва работнік парэжа сабе руку, то няшчасце прыпісваюць прама зламыснасці таго, хто перайшоў дарогу. Пры адкрыцці жніва гаспадыня нясе кавалак хлеба, а нявестка ў першы год свайго замужжа — кавалак палатна, якім абкручвае першы зжаты сноп, прызначаны для гаспадара поля. Першы раз жняя большай часткаю жне толькі такую колькасць жыта, каб быў адзін даволі вялікі сноп. Яна бярэ яго і з ім вяртаецца дамоў, ставіць яго на покуці, а пасля вечарам гаспадар спраўляе маленькае частаванне — зажынкі. Пасля