• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    Можа не зашкодзіць тут заўважыць, дарэчы, што русалкі — тое самае, што ў іншых месцах вадзяныя німфы; былі гэта прыгожыя чарнавокія дзяўчаты з чорнымі валасамі, доўгімі, аж да зямлі. Калыхаліся на галінках, гучным смехам вабячы да сябе кожнага, каго ўбачылі, каб яго потым зашчакатаць насмерць. Убраныя ў вянкі з васількоў, бегалі па жыце, пляскаючы ў далоні і клічучы:
    Бух, бух, саламяны дух.
    Матка мяне на свет пускала, He ахрысціўшы пахавала.
    Таму што ўзяліся яны з дзяцей, памерлых без хрэсту. Часам спраўлялі вяселле, і тады чуваць былі па захадзе сонца пляск на вадзе, гулянне, смехі...
    Як толькі мінаў тыдзень русалак і надыходзіла нядзеля св. Тройцы, усе зноў ішлі ў гай, да вянкоў. Цікавасць была вялізная: уласна цяпер можна было даведацца пра сваю будучыню і будучыню сваіх любых. Чый вянок ссох — таму суджана было няшчасце; хто ж свой вянок застаў свежым і зялёным — мог спадзявацца спрыяння і спаўнення жаданняў. Затым свежыя вянкі развівалі спяваючы, ссохлыя ж кідалі ў ваду. Кожны, які патануў, варажыў скорую смерць; той жа, што плыў, абяцаў яшчэ адзін год жыцця.
    [РУСАЛЬНАЯ НЯДЗЕЛЯ]
    Русальная нядзеля акурат цераз тыдзень пасля Сёмухі. У гэтую нядзелю дзеўкі пяюць русальныя песні, убіраюцца ў кветкі, плятуць сабе з красак вянкі ды носяць іх на галовах, а ў рукі бяруць сухі май ды йдуць к рэчцы. Там яны робяць ляльку з «маю», быццам дзеўку, называюць яе русалкаю. Перш носяць тую русалку з песнямі па полі, а вечарам падыходзяць да ракі і кідаюць ляльку ў ваду. Гэта кажуць «тапіць русалку».
    Даўней выбіралі самую гожую дзеўку, убіралі яе ўсю зялёнымі галінамі ды рознымі краскамі. Дзеўкі, пабраўшыся за рукі, станавіліся ў кружок кругом тае дзеўкі, якую звалі русалкаю, й так з песнямі хадзілі па полі, па лузе ды ў гаю. Мо да самае поўначы чуваць было, як раздаваліся песні ды вясёлы смех дзевак па полі й на вёсцы. У гэты дзень дзеўкі бавіліся без хлопцаў, якія не смелі да іх падыходзіць, каб не прагнявіць русалку.
    [КУМАВАННЕ]
    У гэты ж дзень (29.6 ст. ст.) жанчыны і дзяўчаты кумяцца. Уласна дзяўчаты кумяцца на Сёмуху, а сумесна з хлопцамі — на Пятра. Але ў Чэрыкаўскім павеце наадварот: з мужчынамі — на Сёмуху, а адны — на Пятра. Вось чаму духаўскія песні так набліжаюцца да пятроўскіх. Кумаванне ўжо страціла свой абрадавы характар, толькі ў некаторых глухіх сёлах працягваюць яшчэ хадзіць у лес і там звіваць вянком дзве суседнія галінкі бярозы або галінкі дзвюх суседніх бяроз. Загадванне заключаецца ў тым: звянуць гэтыя завітыя галінкі ці застануцца свежыя, калі праз тыдзень прыйдуць іх развіваць. Прыкметы загадвання самыя звычайныя: ці буду я жывая, ці выйду замуж і да т. п. Звычайна ж кумаванне ўяўляе сабою
    від балявання, прычым жанчыны і дзяўчаты балююць там, дзе завіваліся вянкі, а сумесныя баляванні хлопцаў і дзяўчат адбываюцца ў той хаце, дзе зімой бывалі супрадкі, пасядзелкі. У лесе раскладаюцца вогнішчы, ладзяцца арэлі, танцы; рыхтуецца абавязкова яечня, прыносяцца бліны, гарэлка. Калі на гэта жаночае баляванне прыйдуць мужчыны, жанчыны зрываюць у іх шапкі і кідаюць у вогнішча. У некаторых пунктах Магілёўскай губерні (напрыклад, Насовіцкая воласць) яшчэ бытуе баруканне дзяўчат з хлопцамі ў гэты дзень. Кумаванне ў хаце здзяйсняецца ў такім парадку. Вечарам на Пятра дзяўчаты прыносяць гаспадыні сыр, масла, малако, яйкі, сала, муку на бліны. Гаспадыня з адной з дзяўчат гатуе ежу, а астатнія спяваюць песні і танцуюць пад прыпеўкі. Хлопцы прыносяць гарэлку, і танцы робяцца байчэйшыя. У Рагачоўскім павеце запрашаецца і музыка, і адбываецца, такім чынам, поўнае ігрышча. Танцы працягваюцца ўсю кароткую ноч, і моладзь разыходзіцца дахаты ўжо раніцай на другі дзень. Існуе асобны цыкл кумаўскіх песень, якія таксама называюцца духаўскімі і пятроўскімі, але трэба сказаць, што апошнім часам сюды ўварваліся і песні запазычаныя, у якіх беларусам падабаецца не столькі тэкст, колькі рытм. Некалькі з іх прыводзіцца ў ліку друкаваных ніжэй.
    [СЁМУХА]
    На Піншчыне і ў іншых краях Літвы, помню са сваёй маладосці, што першага гэтага месяца (мая.— А.Л.) на выгане, дзе люд збіраецца на гулянне, закопвалі зялёнае дрэва, убранае ў рознаколерныя стужкі. Прыходзілі дзяўчаты і замужніцы, хлопцы і ўвесь народ, маючы гожую дзяўчыну, якая прадстаўляла багіню Маю; зялёны вянок аздабляў яе галоўку, бярозавыя галінкі аж да ступнёў яе акрывалі. Спяваліся песенькі, у якіх часта паўтаралі: «О, Мая, Мая!» і танцавалі вакол дрэва. Звычайна гэта ўрачыстасць адзначаецца на Сёмуху. Дзяўчыну прыстойна ўбіраюць у сукенку ў выглядзе плашча, сплеценую з саміх бярозавых галінак. Акружыўшы яе, дзяўчаты ходзяць па вёсцы, танцуюць і спяваюць:
    Каля тога да зялёнага куста Пасеяна сачывачка згуста; Хто тую сачывачку порве, Той тую дзевачку замуж возьме.
    ДЗЕНЬ ТРОЙЦЫ
    Дзень св. Тройцы беларусы называюць Сёмухай. Як жа святкавалася ў старажытнасці Сёмуха і наколькі абрады, прыстасаваныя да гэтага свята, захаваліся да нашых дзён сярод беларусаў. Гэта было свята ў гонар вясны як апекуна шлюбаў і любоўных асалод, вясны-нявесты, упрыгожанай кветкамі і зеленню, якая ішла насустрач свайму жаніху — Сёміку. Таму і свята гэта лічылася лепшым у годзе часам для кахання і для варажбы аб будучым сямейным шчасці. Сам Сёмік, па паданнях, паказваўся вясёлым, ласкавым юнаком, вялікім прыяцелем Масленіцы, а святкаванні, прысвечаныя яму, пачыналіся з таго, што дзяўчаты і жанчыны выходзілі на луг з зялёнымі галінкамі ў руках, танцавалі каля пастаўленай у полі статуі вясны ці Сёміка, упрыгожанай зеленню і кветкамі, і пелі песні ў гонар кахання, якія прыносілі ім асалоду. Гэты звычай, які перажыў стагоддзі і пакаленні, цалкам захаваўся сярод беларусаў. У Пінскім павеце ў гэты дзень сялянскія дзяўчаты выбіралі са свайго асяроддзя самую прыгожую сяброўку, абвязвалі яе бярозавымі і кляновымі галінкамі і пад назвай «куст» з адпаведнымі песнямі вадзілі па вуліцах і дварах. Затым нашы продкі збіраліся каля вады, якая прабуджалася з прыходам вясны, і там праводзілі варожбы: упрыгожаныя вянкамі, знакам кахання і шлюбнага жыцця, яны дапытвалі гэтую прарочую стыхію аб сваім будучым лёсе, пускалі па вадзе свае вянкі і назіралі за іх рухам, прамывалі вочы і ва ўдзячнасць за «прадказанне» кідалі ў яе розныя дары, прынесеныя з сабою. I гэтыя абрады не выміралі. У гэты ж дзень сялянскія дзяўчаты адпраўляліся ў лес «вянкі завіваць». Яны бралі з сабою каўбасу, яйкі, смажылі ў лесе яечню і, паеўшы, прымаліся за варажбу. Кожная выбірала дзве невялікія бярозкі і, звязаўшы іх вярхушкі ў выглядзе вянка, праходзіла пад імі і спявала:
    Пойдзем, дзевачкі, у луг гуляць, Зялёныя вянкі завіваць.
    Заўём вянкі на ўсе святкі, На ўсе святкі, на ўсе празнічкі.
    Пасля гэтага адломлівалі са сваіх бярозак галінкі, рабілі з іх вянкі і спяваючы:
    Выхвалялася бяроза, Што ў яе лісточак зялёненек, Што ў яе вецвікі да долу.
    Як зачуў, пачуў серы дуб: — He хваліся,— кажэць бярозе, He сама бяроза расцілася, Расціў бярозу гасподзь бог, Зеляніў лісточкі дожджычак. Выхвалялася дзевачка, Што ў яе спадніца да долу. Як зачуў, пачуў дзяцінка: — He сама, дзевачка, спраўляла, Спраўляла табе мамачка.
    — А ў мяне касіца да пояса, He сама касіцу расціла, Расціла касу мамачка,—
    кідалі свае вянкі ў ваду і варажылі аб будучым. Калі вянок паплыве — добрая прыкмета, а калі патоне — дрэнная.
    Праз тыдзень прыходзілі развіваць вянкі. Ішлі і развівалі бярозкі, сплеценыя ў выглядзе вянка, пры гэтым заўважалі: калі чый вянок не засох — таму доўга жыць, а калі засох — таму смерць блізка. Пры развіванні вянкоў спявалі:
    На Тройцу мы вянкі завілі, На Разгары — развілі, Гарэлачкі папілі I яешню з’елі.
    Звычай гэты не ўсюды на Беларусі захаваўся аднолькавым чынам, кожная мясцовасць уносіла ў яго свае рысы. Так, напрыклад, у іншых месцах не звязвалі бярозкі, а вешалі на іх вянкі і спявалі:
    Русалачкі, зямляначкі На дуб лезлі, кару грызлі, Зваліліся, забіліся.
    Тройца!
    Часам кожная дзяўчына пускала на ваду не адзін вянок, а два. Адным вянком загадвала на сябе, другім — на хлопца, якога яна хацела б мець сваім мужам. Глядзела, ці сходзяцца іх вянкі, ці не. Па гэтым жа яна і вырашала, збудуцца яе жаданні ці не.
    Зелень і кветкі адыгрывалі галоўную ролю на вясёлым святкаванні вясны. Яны служылі абавязковымі атрыбутамі пры ўсіх абрадах і ўшанаваннях гэтай любімай багіні і, прайшоўшы горан стагоддзяў, якія захавалі нам паданні старажытнасці, адлюстраваліся ў нашых бярозках, у звычаі і г. д.
    «КУСТ»
    У Пінскім павеце на другі дзень Тройцы збіраюцца дзяўчаты з усёй вёскі, выбіраюць самую прыгожую і маладую са сваёй кампаніі і надзяваюць на яе ўбранне, сплеценае з маладых бярозавых і кляновых галінак з лісцем. Прыбраная такім чынам атрымлівае назву «куст». Дзяўчаты становяцца парамі па ўзросце: старэйшыя ідуць уперадзе, пасля — малодшыя, а нарэшце — дзеці, і ў такім парадку, з «кустом» уперадзе ідуць на панскі двор ці да знаёмых. Свята гэта выключна дзявоцкае — рэдка прымаюць у ім удзел замужнія жанчыны ці маладзіцы. У такім выпадку яны займаюць месца ў першым радзе за «кустом». Мужчыны ж зусім не прымаюць удзел. Ідучы ў двор ці да якога-небудзь гаспадара, выконваюцца «куставыя» песні:
    Да чэраз сяло Багданаўскае Ішло войска ўсё ж дзявоцкае, Да камяньчане не здзівіліся, Што ў Багданаўцы нарадзіліся. Бог вам даў, багданавачкі, Што ў вас кусты ўсё кляновыя, А вяночкі ўсё ж пярловыя. А ў нас кусты ўсё лазовыя, А вяночкі ўсё ж бярозавыя.
    У двары ці ў гаспадара:
    На гары, да на новай крамяніцы Танцавалі дзеўкі, маладзіцы.
    Там ягамосць да па перадочку ходзіць, Сваю імаць да за белу ручку водзіць. Ты, імаць, гардуеш ты мною, Што быці штогод із табою.
    Паненцы ці дачцэ гаспадара:
    Каля таго да зялёнага куста Парасла сачавічанька густа. А каля дуба дуброва зялёна, Да па той дуброве да Агапка хадзіла, На ёй сукня ў дробненькія хванды, Да любілі яе да багатыя паны. На ёй сукня ў дарагія пасаманы, Да любілі яе ненарокам, папраўдзе.
    Сыну:
    Каля таго да зялёнага куста Парасла сачавічанька густа.
    Хто ж тую сачавічаньку парве, Той сабе красную панну азьме. Наш Сямёнка сачавічаньку парве, Ен сабе красную панну азьме.
    У час танцаў спяваюцца наступныя песні:
    Ой, пайду я пад гай зеляненькі, Сустрэне мяне там казак маладзенькі, Стане мяне да дарогі пытаці, Да я, маладая, не ўмею адказаці... He ў свайго ты бацькі, дзеўка, узрасла, Што не ведаеш, куды дарожанька пайшла. Сказала б табе: у калінавы масты, Да шкада будзе, што да бацюхны ў госці. Сказала б табе: пад гай зеляненькі, Да шкада будзе, што казак маладзенькі. Мяне ж маці не на тое ўрадзіла, Каб я казакаў па дарогах вадзіла. Урадзіла мяне маці для сваёй выгоды, Штоб я хадзіла з дзевачкамі ў ягоды, Штоб падавала да крынічнай воды. Пахілілася сухая ляшчынанька, Палюбіліся да абое маладыя, Пахавалі аднае гадзіны.