Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
некаторыя мясцовыя народныя звычаі
Ў ДЗЕНЬ СВ. ЮР я
Свята св. Георгія Пераможцы (у простанароддзі св. Юрый — абаронца жывёлы) адносіцца да ліку тых свят, якія наш народ сустракаў у мінулым з асаблівай урачыстасцю, наладжваў у іх гонар святкаванні, стварыў шмат звычаяў. Рэшткі старажытнага шанавання гэтага свята з даўнімі звычаямі, якія яго акружалі і якія паступова страцілі ўжо свой першабытны характар у сучасным пакаленні, захаваліся яшчэ ўхнекаторых мясцовасцях Беларусі і да цяперашняга часу. Найболей захаваў сваю патрыярхальнасць наступны звычай. Раніцай у дзень свята кожны гаспадар браў з сабой астаткі хлеба і касцей, што захоўваліся ад Вялікадня і былі асвячоны
ў царкве, а ў іншых месцах — знарок спечаны для гэтага каравай і абыходзіў з імі сваю зямлю. Прыйшоўшы на ніву з маладымі ўсходамі, ён станавіўся на калені, маліўся, а затым абыходзіў свой надзел, закопваў у вуглах кожнага поля прынесеныя свянцоныя косці, молячы ў бога сабе добрай жывёлы, ураджаю і інш. Варта заўважыць, што свянцоныя косці хавалі яшчэ і ў стрэхі хат і хлявоў, а хлеб і соль, загорнутыя ў анучку, вешалі пад страхой, большай часткай над дзвярыма хат. Рабілася гэта для таго, каб зберагчы свае будынкі ад маланкі. 3 гэтай #<а мэтай у час навальніцы вывешвалі яшчэ на дзвярах абрус, якім засцілалі стол у дзень Вялікадня, выстаўлялі ў дзвярах лапату, на якой саджалі ў печ хлеб, і надымлівалі ў хаце асвячонымі травамі. Свянцоныя хлеб і соль служылі таксама лякарствам ад розных хвароб і быццам бы ратавалі ад нашэсця ведзьмаў у ноч 24 чэрвеня. Юр’я народ лічыць апекуном жывёлы, і таму ў гэты дзень у вялікай колькасці збіраецца ў храме народ (асабліва дзе ёсць ікона св. Георгія). У некаторых (нямногіх ужо) мясцовасцях Кобрынскага павета моладзь наладжвала ў гэты дзень святкаванне, ці, па мясцовым выразе, «спраўляла Юрай».
Рыхтавацца пачынаюць за тыдзень, а то і за два да свята. Маладыя дзяўчаты абыходзяць сваю і суседнія вёскі з просьбай даць ім, хто што можа, на каравай. Даюць звычайна пшанічную муку ці пшаніцу, яйкі, масла, сыр, каўбасу і інш.
Суседняя інтэлігенцыя, ці, як называюць тут, «паны і падпанкі», якіх таксама не мінаюць у гэтым выпадку, забяспечвае іх часам грашыма, якія аддаюцца выключна на каравай і яго ўпрыгожанне. Усе сабраныя прадукты прыносяцца ў мяшках ці фартухах дамоў і складваюцца ў таго гаспадара, у хаце якога прызначана «спраўляць Юр’я». Звычайна выбіраюць хату, у якой ёсць дзяўчына-нявеста. Напярэдадні свята мыюць сталы і лавы, вымятаюць хату і двор, высыпаюць усюды жоўтым пяском; смажаць, пякуць, вараць. Галоўная ўвага звяртаецца на каравай. Хлопцы ў сваю чаргу робяць складчыну па некалькі капеек з брата і купляюць крыху гарэлкі і ў вялікай колькасці піва і мёд. Наогул клопаты па забеспячэнні напіткамі ляжаць на іх. Калі ўсё гатова, каравай упрыгожваюць зеленню (барвінкам), істужкамі, кладуць на вечка (ад дзяжы) і пакідаюць усё нечапаным да дня свята. У дзень свята ўся моладзь адпраўляецца ў царкву, а па заканчэнні богаслужэння збіраецца ў хаце, якую выбралі для святкавання. Сюды запрашаюцца музыкі, збіраецца шмат людзей — дзяцей і дарослых, прыходзяць глядзець і аднасяльчане пажылога ўзросту. Музыкі пачыналі іграць, адразу ж чуўся шум, і ўвесь
натоўп, які папярэднічаў аднаму з «маторных» парубкаў, на галаве якога красаваўся ў вечку каравай, з песнямі, музыкай і скокамі выходзіў на вуліцу і накіроўваўся ў поле. Там усе спыняліся на ніве з лепшымі ўсходамі. Спевы і музыка замаўкалі. Усе станавіліся на калені, і пры поўнай цішыні пачыналася малітва.
Пасля малітвы рвалі ўсходы і кідалі на каравай, выражаючы пажаданне добрага ўраджаю ў надыходзячым леце. Затым увесь натоўп тым жа парадкам вяртаўся назад. Усё падрыхтаванае на свята з’ядалася. Уся ноч праходзіла ў песнях, музыцы і танцах.
СВЯТЫ ЮРЫЙ НА БЕЛАРУСІ
Свята св. Юр’я, памяць якога ўшаноўваюць 23 красавіка, належыць да аднаго з самых вялікіх свят народных, таму што Юрый лічыцца заступнікам сельскай гаспадаркі. Напярэдадні свята неабходна на ноч выводзіць коней у поле, таму што ў гэты час з’яўляецца першая веснавая раса, якая вельмі карысна для хатняй рабочай жывёлы, апекуном якой лічыцца той самы Юрый...
Абраду вываду коней у поле ў ноч на Юр’я папярэднічаюць такія падрыхтоўчыя цырымоніі. Гаспадар з усёй сваёй сям’ёй старанна мо'ліцца дома перад іконай св. Георгія, каб гэты святы захаваў у цэласці яго коней. Затым па колькасці коней бярэ яйкі і накіроўваецца да стайні, у якой знаходзяцца яго коні. Абыходзіць яе кругом тры разы, а затым кладзе яйкі пад парог. Тры разы перахрысціўшыся, ён адчыняе ўваходныя дзверы стайні і пры ўваходзе гаворыць:
Прыйшла Юр’ева раса, He дам вам аўса!
Падыходзіць па чарзе да кожнага каня, гладзіць па ўсёй спіне, надзявае на кожнага вяровачную аброць, выводзіць з канюшні, прычым стараецца правай нагой ступіць на парог стайні, дзе раней ім былі пакладзены яйкі. У гэтым-та месцы і знаходзіцца «нячыстая сіла», якая ўсімі сваімі сродкамі стараецца шкодзіць росту і здароўю коней, а на гэта ёй дадзена права толькі ў ноч на Юр’я. Калі гаспадар ступіць на парог пры вывадзе коней правай нагой, то д’ябальская сіла абясшкоджана на працягу цэлага года.
Пасля вываду коней з канюшні ці хдява гаспадар перадае
іх работніку-начлежніку, прычым дае апошняму пару кілбас, кварту пшанічнай мукі, кусок сала, некалькі яек і грошы.
Другая, больш урачыстая абраднасць здзяйснялася дзеля каровінага статка. Напярэдадні Юр’ева дня гаспадыні-сялянкі пякуць хлеб-каравай, загортваюць яго ў чысты белы абрус і аддаюць гаспадару, які кладзе яго ў бярозавы кашэль. На світанні ён выходзіць з хаты з гэтым кашалём, абыходзіць усе свае палі, падышоўшы да апошняй паласы, засеянай жытам, дастае з кашаля хлеб-каравай, кладзе яго ў жытнёвую рунь і параўноўвае вышыню сцябла з караваем. Калі апошні хаваецца ў жыце, то ў гэтым годзе жыта будзе добрае. Пасля малітвы ён вяртаецца з караваем дадому, разразае яго на кавалкі па колькасці членаў сям’і, і ўсе ядуць яго.
У іншых жа мясцовасцях гэтыя абрады праходзяць пры больш урачыстых абставінах. Сям’я гаспадара раніцай нашча адпраўляецца ў абход па сваіх палях, захапіўшы з сабою каравай, кілбас, яек, гарэлку і косці ад асвячонай велікоднай смажаніны ці ў натуральным іх выглядзе, ці ў выглядзе парашку (перапаленых касцей). Прыйшоўшы на ніву, яны качаюцца па ўсходах, каб абкрапіцца «Юр’евай расой», прычым спяваюць:
Здраствуй, ніва святая!
Паздраўляем з хлебам-соллю I з святым Юр’ем, Каб бог найвысшы і святы Юр’я Пацешыў нас пагодаю і здароўем.
Гаспадару пры гэтым жадаюць:
Піва рабіць, Сына жаніць. Гарэлку гнаць, Дочку замуж даць.
I пачынаецца частаванне. Касцямі абтыкаюць мяжу, а калі яны ў парашку, то абсыпаюць тыя месцы, дзе расце пустазелле, каб яно ніколі не расло. Звычай абыходжання палёў, паводле народнага падання, тлумачыцца тым, што ў гэты дзень можна падслухаць, аб чым гаворыць жыта. Па надвор’і, якое будзе ў дзень Юр’я, сяляне мяркуюць аб ураджаі. Калі ідзе буйны дождж, то будзе расці вялікае жыта, а калі дождж будзе толькі капаць, то будуць увесь год кароў даіць. Калі будзе раса, то будзе даволі коням аўса. Зразумелй, шмат з гэтых народных абрадаў цяпер ужо адышлі ў вобласць
паданняў, але ўсё ж просты беларус яшчэ жыве рэшткамі сваёй роднай старасветчыны. Прыкладам можа быць звычай, які паўсюдна і зараз існуе, выганяць у поле хатнюю жывёлу вярбою, асвячонаю ў Вербную нядзелю. Яе ўтыкаюць у зямлю каля мяжы, і гэта ахоўвае ніву ад граду.
ЗАПАСВАННЕ ГАЎЯДА
Запасванне — сапраўднае свята ўсёй сям’і і асабліва пастухоў. Свята гэта вылучаецца багатай абраднасцю і звязана з мноствам прымхлівых прыкмет і забабонаў...
Запасванню гаўяда — рагатай свойскай жывёлы папярэднічае нейкім чынам сямейны савет: гаспадара і ўсіх членаў сям’і.
Абмяркоўваюцца пытанні: ці пара ўжо запасваць гаўяда? Ці адпаведны дзень тыдня і па квадрах месяца? Ці няма нейкіх благіх прыкмет? Хто назначаецца ў пастухі? Ці ўсё гатова да выканання абраду? Трэба заўважыць, што панядзелак і пятніца лічацца нешчаслівымі днямі, чаму і пазбягаюць іх для пачатку нейкіх мерапрыемстваў. Запасванне жывёлы, як і іншыя пачынанні, прымяркоўваюць да дзён, якія набліжаюцца да поўні,— «каб усё было поўна». Акрамя таго, прыглядаюцца да прыкмет, ці не сведчаць яны аб якой-небудзь неспрыяльнасці. Так, напрыклад, лыжка, што ўпала са стала, прадракала няшчасце; калі б’ецца посуд — будзе блага; пагаслы ў «ямцы» (загнеце) агонь прадказвае набліжэнне бяды; калі курыца спявае па-петушынаму, то будзе няшчасце, і многа іншых падобных прыкмет. Асабліва глядзяць, каб у гэты дзень хто-небудзь з суседзяў не ўзяў. з печы агню ці не пазычыў якой-небудзь рэчы. Існуе павер’е, што пры дапамозе ўзятага агню ці якога-небудзь прадмета благі чалавек можа прыцягнуць да сябе спор, г. зн. прыбытак ад тых ці іншых абрадавых захадаў.
Запасваюць жывёлу перад полуднем. Уся сям’я выходзіць з дома ў двор; тут старыя, жанчыны і дзеці — усім хочацца паглядзець на ўрачыстасць. Гаспадар пераапранаецца ў чыстую белую бялізну і ў чыстую святочную «світу» (верхняе адзенне), абувае новыя лапці з белымі анучамі, вешае праз плячо торбу (пастухоўская сумка, у якую кладзе акраец хлеба, соль, «хрэшчык» (крыж з хлеба, спечаны на Хрэсцы — у сераду на чацвёртым тыдні Вялікага посту), тры невялікія каменьчыкі, нож, замок, бязмен, сякеру, курынае яйка, грамнічную (пасвянцоную 2 лютага) свечку, і ўрачыста, з непакры-
тай галавой ідзе да хлявоў выпускаць усю свойскую рагатую •жывёлу, коней, авечак і свіней. Потым гаспадар выцягвае са страхі гумнаў тры пучкі саломы, зачэрпвае ў студні паўнюткае вядро вады, абыходзіць з ім па сонцы наўкол жывёлы, перакідвае праз увесь статак камень, а вадой аблівае жывёлу. Потым ізноў ідзе па ваду і зноў абыходзіць наўкол сТатак. Гэты абрад гаспадар паўтарае тройчы. Потым ён закопвае ў зямлю каля варот замок, бязмен, сякеру і яйка і раскладае на гэтым месцы невялікі агеньчык, у які кідаюць шмаргнутую са страхі салому. Калі ўсё гатова, гаспадар перадае торбу пастыру, які пастрэльвае пугай і выганяе праз агонь усю жывёлу на вуліцу і ў поле або лес. Гаспадар і ўся сям’я тут жа сустракаюць статак, які вяртаецца з пашы.