• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    Старыя ж аратыя частку галеп пакідалі разам з хрэсцамі, падрыхтаванымі на Серадапосным тыдні, да вясны і лета, з імі як з благаславеннем рабілі першае заворванне і першае зажынанне хлеба.
    Адгэтуль вынікае, што гатаванне піражкоў 9 сакавіка ў тыя далёкія часы мела магічнае значэнне... Акрамя гэтага,
    у дзень 9 сакавіка паілі жывёлу з палонкі, у якой мыўся спачатку сам гаспадар: «каб скаціна слухала гаспадара, набраўшыся яго розуму». Дзяўчаты адразалі валасы з хваста каровы, прыкладвалі іх да галавы ў надзеі, што каса вырасце даўжынёй з хвост каровы. Стукалі ў вулей, і калі з вулея вылеціць пчала, то будзе добрае лета. Рассыпалі па дарозе жыта і апілкі ў надзеі на добры ўраджай і багацце лесу. Кідалі саломай у сцяну хаты, і колькі стукнецца саломінак у сцяну, столькі курыца знясе яек у годзе. Наладжвалі арэлі, каб цэлы год жылося весела. Ставілі каля варот лапату, памяло і качаргу з мэтай, што ведзьма абавязкова ў гэту ноч на лапаце пры дапамозе качаргі і памяла з’едзе на Лысую гару. Навязвалі курам прыгожыя стужкі, каб прыгожы жаніх здарыўся, і г. д.
    СВЯТА КАМАЕДЗІЦЫ
    Свята гэта заўсёды бывае напярэдадні Благавешчання, і прысвечана яно мядзведзю. У гэты дзень рыхтуецца асобая ежа: на першую страву гатуецца сушаны рэпнік у знак таго, што мядзведзь ужывае пераважна раслінную ежу, травы. На другую страву падаецца кісель, таму што мядзведзь любіць авёс. Трэцяя страва складаецца з гарохавых камоў, таму і сам дзень атрымаў назву «Камаедзіца». Пасля абеду ўсе — старыя і малыя — лажацца, але не спяць, а памінутна самым павольным спосабам перакатваюцца з боку на бок, як мага стараючыся прыладзіцца да паварочвання мядзведзя. Цырымонія гэта працягваецца каля дзвюх гадзін, і ўсё гэта робіцца для таго, каб мядзведзь лёгка ўстаў са сваёй зімовай бярлогі. Пасля абеду сяляне ўжо не займаюцца сваімі дзённымі работамі — святкуюць. Вядома, што, па перакананні сялян, мядзведзь на Благавешчанне абуджаецца ад спячкі, устае са сваёй бярлогі. Вось і сустракаюць яго з дабразычаннямі.
    Пачатак свой гэта свята вядзе, без сумнення, ад часоў дахрысціянскіх і служыць магчымай аргументацыяй таго, што ў гэтай мясцовасці пакланяліся мядзведзю. Па расказе старажылаў, у мясцовасці гэтай былі велізарныя лясы і непраходныя нетры, у якіх вадзілася мноства разнастайных дзікіх звяроў, з якіх сваёй сілай і ростам мядзведзь наводзіў страх на людзей. А паколькі мядзведзь ёсць і драпежная жывёла (ён рабіў шмат шкоды, знішчаючы свойскую жывёлу), то, каб улітасцівіць яго, людзі гэтай мясцовасці і ўздумалі вітаць мядзведзя. Доказам справядлівасці такога меркавання слу-
    жыць дзень, што захаваўся да цяперашняга часу, у які адбывалася вітанне мядзведзя. Гэта свята Камаедзіцы.
    БЛАГАВЕШЧАН Н Е
    Глыбокая пашана, якую аказвае рускі народ прасвятой дзеве Марыі, з асаблівай рэльефнасцю выступае ў Беларусі. Шматлікія «прошчы» існуюць у розных месцах гэтага краю. Калі хто-небудзь у злосці пажадае беларусу няшчасця, то апошні з жахам вымаўляе: «Няхай бог крые і маці божая аберагае», выказваючы тым поўную надзею на заступніцтва...
    Святам Успення і нараджэння Багародзіцы ў некаторых месцах прысвоена назва «святак» (першы святак — 15 жніўня, апошні святак—8 верасня). Гэтая назва выразна ўказвае на жаданне беларуса адцяніць тыя святы, выразіць важнасць, якую мае для яго свята Багародзіцы.
    Адсюль зразумела тая пашана, якой карыстаецца сярод беларусаў Благавешчанне. Царква ў гэты дзень перапаўняецца людзьмі. Асабліва шмат бывае іспаведнікаў. Значэнне Благавешчання для беларуса ўзмацняецца яшчэ і тым, што гэта свята супадае з пачаткам вясны. Як толькі павее веснавым цяплом, душа селяніна страпянецца, і ён з нецярпеннем чакае таго часу, калі прыйдзецца яму першы раз узяцца за святую справу апрацоўкі зямлі, у якой ён бачыць адзіную заруку свайго дабрабыту. Усялякае грэбаванне гэтай святой справай, па разуменні селяніна, сурова караецца. Таму добры гаспадар заўсёды прымаецца за гэта з любоўю. Пачатак палявых работ, роўна як і канец іх,— сапраўднае свята для селяніна і суправаджаецца сямейнымі частаваннямі.
    Адной з самых верных прыкмет набліжэння вясны лічыцца прылёт бусла, які, па павер’і беларуса, заўсёды бывае на Благавешчанне. («Бусел прыляцеў — вясна будзе»,— гаворыць беларус, заўважыўшы першае з’яўленне гэтай птушкі на гняздзе, што нярэдка бывае зроблена на страсе якой-небудзь вясковай пабудовы.)
    Бусел — любімая птушка беларуса. На чыім двары ён паселіцца, там будзе поўны дастатак. Таму многія беларусы зацягваюць на стрэхі сваіх будынкаў старыя бароны, каб яны паслужылі асновай для гнязда бусла. Разбураць гняздо бусла — вялікі грэх. Акрамя таго, у бусла ў адной назе знаходзіцца агонь, у другой — вада, так што ён у адплату за разбурэнне гнязда можа зрабіць пажар. Забіваць бусла — таксама грэх. Гэта тое ж, як і забіваць чалавека, бо бу-
    сел сам з чалавека. Зразумела, што вестка аб з’яўленні гэтага дарагога госця вясны [радасная], усе жадаюць паглядзець на яго ды і не рашаюцца тут жа выйсці на двор, таму што лепш за ўсё ўбачыць бусла першы раз лятучым: тады цэлы год «будзеш лёгкі на ногі». Здароўе для селяніна ў летні час, безумоўна, неабходна, таму ён стараецца пазбегнуць адных з’яў для прадухілення шкоды здароўю, а на другія натыкацца, таму што гэтыя апошнія, калі і не нададуць яму сілы, то засцерагуць ад той ці іншай хваробы. Так, ён пазбягае ўбачыць вясной раней жабу, чым бусла. Пачуўшы ўпершыню гром, ён качаецца па зямлі, «каб жывот улетку не балеў», ці падымае што-небудзь цяжкае, каб сярэдзіны не ламала. Для апошняй мэты раіцца яшчэ перагнаць уздоўж па голай спіне яшчарку, якая першая трапіла на вочы вясной. Але гэта вельмі рызыкоўна, таму што пры гэтым выпадкова можа трапіць на цела чалавека мача яшчаркі, якая моцна разгнойвае яго.
    У Навагрудскім павеце Мінскай губерні гаспадыні раніцай да прабуджэння саміх гаспадароў стараюцца перавязаць саху, каб куры несліся. У сяле Мікольск Мінскага павета з гэтай мэтай восенню пасля ворыва, г. зн. пасля збору гародніны і заканчэння ворыва зямлі, збіваюць з сахі нарогі (сашнікі). Куры — яйкі — гэта адна з важных крыніц даходу беларускай жанчыны, і яна па меры магчымасці стараецца ўзмацніць яе. Асабліва гэта з’яўляецца жаданым для дадзенага часу, таму што цяпер адкрываецца вялікі попыт на яйкі, якія неабходны як для наступаючага Вялікадня, так і на пасадку курэй для вываду куранят. Апошняя мэта таксама немалаважная, таму што раннія кураняты ў большай цане ў сялян: раннія курачкі ўжо з восені класці пачынаюць яйкі і прытым менш астатніх курэй баяцца. Асабліва гэтай уласцівасцю адрозніваюцца так званыя «марцовыя» (выседжаныя ў сакавіку) куры. Іх можна выпускаць на двор, як толькі сцежка пачарнее.
    3 разліку прыросту курынай гаспадаркі з’яўляецца пажаданым, каб у летні час куры не гублялі яек на чужых дварах. 3 гэтай мэтай на Благавешчанне беларускія гаспадыні не выносяць смецце з хаты, а ставяць яго ў пасудзіне пад лавай на покуці.
    Благавешчанне як час яўнай перавагі вясны над зімой прымушае беларускіх гаспадынь падумаць пра агароды, тым болей што пара каля гэтага свята лічыцца найбольш прыгоднай для пасеву расады.
    Для расады звычайна адводзіцца ў агародзе больш зацішнае месца, каб яе можна было накрыць — засцерагчы ад
    курэй і маразоў. Агароджа пры гэтым папраўляецца, але колле ні ў якім разе не ўбіваюць у зямлю. Зямля, па ўяўленні селяніна, вясной «паросная», і біць па ёй у гэтую пару наогул грэх, акрамя таго, забіванне калоў у зямлю да ворыва палёў пазбаўляе яе апладатваральных летніх дажджоў, ці, як гавораць іншыя сяляне, «забіваць спор у зямлі».
    Другі аграрны звычай, які мае некаторыя адносіны да свята Благавешчання, ёсць першы выган жывёлы ў поле. Хоць і гавораць: «Да Юр’я каб было сена і ў дурня», а «У каго хапае да Міколы, той не баіцца зімы ніколі», аднак у беларуса часта адчуваецца недахоп сена і каля Благавешчання. Таму патрэба прымушае яго выганяць жывёлу, асабліва авечак, у поле і раней гэтага свята. «Хоць які там ужо наедак,— разважае беларус,— а ўсё-такі полудзень згубіць».
    Але якую б патрэбу не меў селянін, не зрабіўшы першага выгану жывёлы ў поле да 13 красавіка, ён ніколі не адважыцца зрабіць гэта ў перыяд ад 13 да 25 красавіка. Гэтая пара вядома ў беларусаў пад назвай «між Благавешчын», таму што апошні тэрмін яго супадае са святам Благавешчання па новым і старым стылі. «Запасванне» жывёлы ў гэту пару, на думку сялян, наклікае на статак ваўкоў, якія прыносяць вялікую шкоду. Каб пазбегнуць гэтага няшчасйя, беларус пазбягае даваць у доўг рэчы, асабліва бёрда. Калі і дае часам якуюнебудзь рэч, то абвязвае яе чым-небудзь, намякаючы гэтым самым на тое, што даная рэч знаходзіцца дома, у добрай схованцы і пакарыстацца ёй чужой асобе няма ніякай магчымасці.
    [ПАСЛЯ БЛАГАВЕШЧАННЯ]
    Да Благавешчання не можна чапаць маткі-зямлі, бо яна можа прагневацца да й не зарадзіць. Пасля Благавешчання, калі ўжо сыдзе снег, гэтак лепей усяго ў чацвер сярод дня заворваць. Гаспадар надзявае чыстую бялізну, кладзе ў торбу акраец хлеба, соль, хрэшчык, яйка й сыр, калі е, запрагае ў саху валоў да й ідзе з імі ў поле араць. Там ён праводзіць тры баразны, памаліўшыся богу, потым вымае з торбы хлеб, соль і сыр і трохі палуднуе сам і па куску хлеба дае валам, каб яны былі спасныя, а яйка закопвае ў зямлю там жа на баразне. Гэта ён робіць пачостку матцы-зямлі, каб яна была ласкава да добра зарадзіла збожжа, каб усюды было поўна, як тое яйка. Потым гаспадар ізноў моліцца богу і вяртаецца з валамі дамоў, бо ў той дзень не можна многа араць, каб валы не таміліся ды заўжды былі спасныя.
    СВЯНЦОНАЯ ВЯРБА
    Грамнічныя свечкі і іарданская свянцоная вада складаюць далёка не поўнае кола прадметаў, якія служаць духоўнарэлігійным патрэбам селяніна: у кожным доме чырвоны кут упрыгожваецца яшчэ пучком свянцонай вярбы, якая з Вербнай нядзелі нязменна тырчыць за галоўным абразом на працягу года і толькі калі-нікалі вымаецца адтуль для некаторых патрэб.
    Мясцовая вярба ёсць дубцы лазовых дрэў, пераважна такіх, на якіх раней з’яўляліся так званыя «коцікі» — жоўтыя кветкавыя пупышкі, з далучэннем да пруткоў двух-трох галінак ядлоўцу. Вербныя і ядлаўцовыя пароды — даволі распаўсюджаныя расліны ў нашай губерні, таму набываць вярбу зусім няцяжка ў любым месцы, прычым вярба з разаватай скуркай, а ядловец з ягадамі і лічыцца першасортным і найбольш адпаведным. Калі няма такой вярбы, а здабыць яе немагчыма, задавальняюцца больш простай, са светлай скуркай. Калі з выпадку ранняга Вялікадня або доўгай зімы вярба яшчэ не мае пыпушак, то падрыхтаваныя загадзя лазовыя дубцы змяшчаюцца ў пакаёвую ваду ў хаце, з-за гэтага да Вербнай нядзелі на іх паспяваюць разбухнуць пыпушкі, а часам і лісточкі.