Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Масленіца заканчваецца «запускамі» на малако, якія наладжваюцца ў нядзелю. У гэты дзень таксама бывае вячэра, толькі яна складаецца з адных малочных страў, сярод якіх значную ролю адыгрываюць сыр, масла і тварог з малаком.
У першы дзень Вялікага посту ўвесь посуд чыста вымываюць, «шаруюць вехцем і саломай». У іншых месцах яго папярэдне перад ужываннем нават загартоўваюць. У гэты дзень усе старэйшыя члены сям’і, за рэдкім выключэннем, ходзяць у бліжэйшую карчму «паласкаць зубы». Гэта «паласканне зубоў» складаецца ва ўзаемным частаванні адзін другога гарэлкай. Зразумела, падобныя справы не могуць абысціся без рознага роду непрыстойных для першага дня посту сцэн. Чысціць зубы быццам бы трэба для таго, каб выпадкова там не застаўся кусочак скаромнай ежы. Існуе даволі характэрны ў гэтым сэнсе анекдот: «Адзін цыган пытаўся ў ксяндза, ці можна есці тое мяса, што застанецца ў зубах пасля запускаў. Ксёндз сказаў, а які ж то можа быць грэх, як засадзіў ты яго ў зубы, дык усё роўна што і з’еў. Вось цыган на другія запускі ўзяў цэлы поляц (вялікі кусок сала) і засадзіў яго адным канцом у зубы — і гэтак пераначаваў. Пасля ўжо цэлы пост варыў страву з гэтым салам».
У сяле Мікольск Мінскага павета ў гэты дзень хлопцы па вуліцах цягаюць «калодку». Для гэтага збіраецца гурт хлопцаў, бяруць драўляны цурбан і прымацоўваюць да яго вяроўку. Адзін з хлопцаў «запрагаецца» і цягне яго па вуліцы. Астатнія, перакідваючыся жартамі, ідуць за ім. Да іх далучаюцца дзеці і шумным гуртам, не звяртаючы ўвагі на покліч бацькоў і холад,
часта нават басанож, з напружанай цікаўнасцю суправаджаюць «калодку». Падышоўшы да хаты, дзе ёсць дарослая дзяўчына, хлопцы прыпыняюцца і патрабуюць выкуп за «калодку». Дзяўчына выходзіць на двор і запрашае хлопцаў зайсці ў хату. Там іх частуюць гарэлкай, прычым на закуску падаецца ў большасці выпадкаў сырая капуста. Іншы раз хлопцы жартам загрувашчваюць «калодкаю» ў якога-небудзь селяніна выхад з хаты, і той павінен прапанаваць ім пачастунак. У такім парадку яны абыходзяць усё сяло. He прыпыніцца з «калодкаю» перад хатай, дзе ёсць сталая дзяўчына, лічыцца вялікай крыўдай для яе.
Простая (непераборлівая) і бедная кухня беларуса і ў Мясаед. У пост яна робіцца яшчэ бяднейшай. За снеданнем беларус ужывае свежаспечаную ці звараную бульбу (у большасці выпадкаў бульбу ў мундзірах), бульбу з саладухай ці хлеб з той жа саладухай. На абед падаецца з кіслых страў капуста ці квас, з прэсных — крупнік, аржаная каша, прыварковая каша, у рэдкіх выпадках — і гарохавы суп. Вячэра складаецца з рэшткаў абеду, ці калі ўсё нагатаванае з’ядаецца за абедам, то зноў вараць бульбу ці гатуецца якая-небудзь каша.
У святочныя дні ці ў нядзелю пякуцца блінцы і варыцца верашчака з грыбамі, сялёдачным расолам (лёкам) і «малаком» з канаплянага семя.
3 пераліку посных страў відаць, што склад іх той жа, што і ў Мясаед, толькі «акраса» для іх у посны перыяд ужываецца іншая. Як «акраса» відную ролю выконвае ў беларускай кухні канаплянае семя, з якога робяць муку шляхам таўчэння яго ў ступе.ці малако — пры дапамозе расцірання семя ў «церле» (гліняная пасудзіна, якая мае выгляд усечанага конуса). У тым і другім выглядзе яно дадаецца ў ежу для прыпраўкі. Акрамя гэтага, у некаторых месцах беларусы ўмеюць з дапамогай самаробных ціскоў дабываць з канаплянага і льнянога семя алей. Куплёны алей і селядзец з’яўляюцца як раскоша толькі за сталом заможных сялян. Мак і грыбы таксама лічацца рэдкасцю.
Асабліва налягае беларус на хлеб і бульбу. Гэта адзіны яго «пасілак». «Хто есць многа хлеба, той чырвоны, як рыжык»,— гаворыць беларус. Таксама часта можна пачуць фразу: «Адною картопляю толькі і жывіліся». Апошняя як нельга болей справядлівая ў адносінах да посту. «Картоплю» ў пост беларус ужывае ва ўсемагчымых відах: параную, печаную, вараную з крупнікам ці кашай і тоўчаную (камякі). Пагэтаму гора селяніну, калі не ўродзіцца бульба.
Сачавіцай беларус чамусьці грэбуе і заве яе не сваёю ядой.
Стравы саладуха і мілта, ці талакно, пераважна адносяцца да посту. Першая з гэтых страў рыхтуецца з соладавай мукі яравога збожжа, ці ярыцы. Для гэтай мэты выключна яе і сее беларус. 3-за недахопу ярыцы саладуху гатуюць з жыта, але «з жыта саладуха не такая смачная, як з ярыцы». Для падрыхтоўкі соладу насыпаюць ярыцы ў ночвы, моцна змочваюць яе вадой і ставяць у цёплае месца, каб прарасла. Пасля гэтага вада зліваецца, а прарошчаную ярыцу высыпаюць на печ для прасушкі. 3 высушаных зярнят робіцца мука. У час варкі саладухі бярэцца некалькі жмень гэтай мукі і разбоўтваецца з вадой. Кашку, якая ўтварылася, ставяць у печ «у лёгкі дух». Як толькі кашыца пракіпіць, то саладуха лічыцца гатовай. Яе зліваюць у дзяжу і ставяць у цёплае месца, каб укісла. Толькі ўкісшая саладуха лічыцца зусім прыгоднай для ўжывання. Саладуху ядуць з хлебам і бульбай. Яе падаюць у любы час дня: за снеданнем, абедам, вячэрай.
Для атрымання мілты ўжываецца авёс. Спачатку яго параць, а пасля падвяргаюць хуткай прасушцы ў печы — «на чарані» ці на печы пры дапамозе гарачых камянёў. Прасушаны авёс шляхам таўчэння яго ў ступе ачышчаецца ад шалупіння; пасля ачышчэння зярняты ператвараюць у муку — і талакно гатова. Цяпер варта толькі ўзяць некалькі такой мукі і разбоўтаць яе вадой адпаведна на смак спажыўца.
Беларус хоць і гаворыць, што «ў пост толькі адышоўся ад стала, завярнуўся тройчы, дык ізноў есці захацелася», аднак пост захоўвае з усёй строгасцю. Нават жанчыны з груднымі дзецьмі не адважваюцца з’есці ў пост скаромнай стравы. Дзеці з 7 гадоў таксама павінны пасціцца. Зрэшты, яны і ў больш раннім узросце посцяцца. За парушэнне пастоў і наогул за аб’яданне і п’янства, па разуменні беларуса, бог пакарае чалавека тым, што «на тым свеце паставіць яго сярод усялякай яды і пітва, і яму бясконца будзе хацецца есці і піць, але няможна будзе дастаць нічога».
Сярэдзіна крыжапаклоннага тыдня ў Беларусі носіць назву «пералом посту», «хрэсцы». Апошняя назва паходзіць ад звычаю пячы ў гэты дзень пірагі, паміж якімі найважнейшае месца займае пірог у выглядзе крыжа (хрэст, хрэсц). Пірагі пякуцца з грэцкай мукі, прычым цеста завіваецца з мукой з канаплянага семя. Заможныя сяляне, асабліва жыхары мястэчак, пякуць хрэсцы пшанічныя і завіваюць з макам. Акрамя крыжа пякуць «дзяжу», «кароўку», «барану», «касу», «серп», «затычку», «пужку» і інш. Кожны пірог адпаведна сваёй назве павінен мець форму таго ці іншага прадмета са штодзённага жыцця беларуса і загадзя прызначаецца аднаму
з членаў сям’і, гледзячы па родзе яго заняткаў. У Мінскім павеце ў гэты дзень дзяўчаты-падлеткі скачуць «палапосту». Для гэтага кладуць пасярод хаты на абрубак дрэва дошку, і дзяўчаты, стаўшы на канцах яе, пачаргова падскокваюць і прымаўляюць: «Палапосту, хлеба лосту».
3 Вялікім постам цесна звязана споведзь. У першыя тыдні посту да споведзі ідуць малодшыя члены сям’і. Падрыхтоўваючы да споведзі дзіця, маці дае яму наказ накшталт наступнага: «Глядзі ж, сынок (дачушка), скажаш бацюшку, што маткі і бацькі не слухаў, пацер (малітвы) не гаварыў, у агарод чужы лазіў да, помніш, ад мяне з паліцы яйцо ўкраў... А цяпер пацалуй усім руку, каб злосці на цябе ніякай не мелі і не гневаліся». Наогул споведзь у сялян павінна адрознівацца шчырасню і чыстасардэчнасцю, а ўтойванне грахоў аД свяшчэнніка лічыцца смяротным грэхам. Строга назіраецца, каб дзеці па рассеянасці не з’елі чаго-небудзь перад прычашчэннем. У гэты дзень ім не дазваляюць браць ваду ў рот пры мыцці твару, каб выпадкова яны не праглынулі яе. Нават забаранялася глытаць сліну. 3 дзецьмі ад 9 да 12 гадоў мацеры ходзяць сумесна да споведзі. Гаспадар і гаспадыня стараюцца пайсці да споведзі ў нядзелю ці ў свята, каб не прапаў рабочы дзень. У гэты дзень яны бываюць асабліва сур’ёзныя і сканцэнтраваныя. Пазбягаюць, каб не пасварыцца, не падакараць кагонебудзь і нават не прагневацца. У штодзённым жыцці «гнеў толькі павінен быць да парога, а гэта ў такі дзень да яшчэ гневацца».
[ДЗЕНЬ ВЕСНАВОГА РАЎНАДЗЕНСТВА)
9 сакавіка — дзень веснавога раўнадзенства — вызначаецца своеасаблівымі звычаямі, у якіх выражаецца спрадвечны міфалагічны бок іх жыцця і бачны рэшткі ўцалелых язычніцкіх абрадаў... Звычаі ў гэты дзень хоць некалькі і адрозніваюцца адзін ад другога, гледзячы па мясцовасці ці бытавых умовах народнага жыцця, але ў агульным па змесце амаль тоесныя і прыводзяць да заключэння, што дзень гэты служыў пераддзвер’ем свята вясны, якое адбываецца ў канцы красавіка. Вось некалькі слоў, якімі народнымі звычаямі ўшаноўваецца гэты дзень у Слонімскім павеце...
У гэты дзень звычайна дзяўчаты пякуць з цеста своеасаблівыя піражкі, якія называюцца «галепы». Кожная дзяўчына пазначае свой. Галепы гэтыя кладуцца ў рад і прызначаюцца на з’яданне сабаку: чыя галепа будзе з’едзена першай, тая
дзяўчына хутчэй выйдзе замуж. Пры гэтым дзяўчаты прыгаворваюць:
Веець, веець
Вясенні вецярок,
Прыйдзі, мой міленькі, Дам табе піражок. 3 мёдам сычаным, 3 ласкаю дзявічаю.
Разам з тым у гэты дзень выганяюць зіму на цэлы год, а іменна: робяць са снегу бабу, пасля разбіваюць яе на часткі з патрабаваннем, «каб зіма на дзевяць месяцаў ад нас пайшла». I ў доказ таго, што зіма ўжо як бы прагнана імі, бяруць старыя гаршкі, ідуць да сваіх знаёмых і кідаюць іх на парог, прыгаворваючы:
Хазяйка, хазяйка, Кідай сваю пражу, Зіма ўжо прагнана, Адчыняй свае дзверы, Заві нас у госці.
I гаспадыня павінна пачаставаць прадвеснікаў вясны, якія прагналі зіму. У іншых жа мясцовасцях павета гатаванне гэтых галеп мае другое значэнне. Падрыхтоўваюць іх лікам 40 (па ліку быццам бы 40 мучанікаў), каб напомніць, што Вялікі саракадзённы пост павінен «усякім шчыра сгюшчан быць». Прычым частку галеп пакідалі, і хто першы ўбачыць бусла, той выходзіць да яго насустрач са словамі:
Бацян, бацян! На табе галепу, Дай мне жыта капу.
У гэтым апошнім звычаі бачны яўныя рэшткі глыбокай павагі да названай птушкі. Нездарма бусел і цяпер карыстаецца вялікай пашанай у сялян. Гняздо яго на хаце прыносіць шчасце. Яйка, выкінутае буслам з гнязда на Благавешчанне (а ён абавязкова павінен да гэтага дня знесці яйка), прадвяшчае, што ў гэтым годзе будзе добры ўраджай.