Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Ой, выйдзі, мужу, ды й на вулачку,
Паслухай, мужу, што ў тваім бару...
А пасля калі гаспадары прасілі, то заходзілі ў хату і рабілі прадстаўленне: «дзед» са сваёю табакеркай, напоўненай попелам, частуе гаспадара і жартамі ды прыгаворкамі забаўляе ўсіх, а яму стараюцца падпаліць кудзельную бараду. Цыганы прыстаюць варажыць, а музыкі, заступіўшы «казу», іграюць і прыпяваюць песенькі, у якіх чапаюць то гаспадара, то гаспадыню, то дзяўчат, жартуючы з іх. Але вось важак запяваў:
Ой, ну-ну, каза,
Ой, ну-ну, шэра!
I мужчыны, а за імі пеўчыя падхапілі далей гэту песню, расступіліся, і на сярэдзіну хаты выступае важак з «казой» на повадзе. Пеўчыя пяюць:
Дзе каза ходзіць, Там жыта родзіць, Дзе каза хвастом, Там жыта кустом, Дзе каза рогам, Там жыта стогам.
А як дапяюць да слоў:
Пуц, каза ўпала, Здохла, прапала! —
то дагэтуль танцаваўшая «каза» падае на зямлю. А як запяюць словы:
Прыступіся блізка, Уклонься нізка...
тады «каза» ўстае, кланяецца, і шчадравальшчыкі ідуць да другога гаспадара.
Шчадравалі раней ад першага дня Каляд да багатай, або шчодрай, куцці.
КАЛЯДНАЯ КУЦЦЯ
Апошні дзень перад Калядамі — гэта куцця. Пачынаючы з паўдня, гаспадыня запальвала печ, каб варыць куццю. Падвязаўшыся белым фартухом, найперш засыпала ў гаршчок куццю, а потым ужо прыгатаўляла на вячэру іншыя стравы. Бедныя варылі найчасцей толькі куццю і кісель, а да кісялю рабілі мядовую сыту; багацейшыя рабілі шмат розных посных страў, сярод якіх важнейшымі былі блінцы з макам (зліжыкі), поліўка з грыбоў, рыба, садавіна і інш.
Калі куцця ўпрэла ўжо, то гаспадыня ставіла яе з гаршком на покуці, дзе перад гэтым гаспадар клаў ахапку сена. Дзяўчаты гэтым часам прыбіралі і прыхарошвалі хату.
А як прыходзіў вечар і запальвалі агонь у хаце, а ўся сям’я ўжо прыадзелася чыста, тады гаспадыня брала з-пад куцці палавіну сена, рассцілала на стале, паверх сена слала чысты абрус і ставіла стравы на стол. Тады садзіліся есці куццю: спачатку садзіўся гаспадар на покуці, потым гаспадыня проці яго на ўслоне, далей уся сям’я, дзе каму выпадала сесці, гледзячы па ўзросту. Зачэрпнуўшы першую лыжку стравы, гаспадар клікаў на куццю мароза або дзядоў паводле парадку, здавён заведзенага.
Выпіўшы першую чарку, гаспадар казаў: «Судзі, божа, каб на другі год прыждалі ў шчасці, у долі і ўсякай добрай памыснасці; каб жывы і здаровы былі, каб разам святую куццю спраўлялі; судзі божа!» Яму адказвалі ўсе: «Судзі, божа!» Гэтак па чарзе, прымаючы чарку з рук у рукі, гусе выказвалі свае найлепшыя жаданні, але ўжо іншымі словамі. Павячэраўшы, старэйшыя садзіліся гутарыць, а моладзь варажыла.
КАЛЯДЫ
Усякі з нас ведае, што такое Каляды і калі яны святкуюцца, але не ўсякі ведае, што гэта за такое свята Каляды і адкуль яно ўзялося. Вось паслухайце, што аб гэтым кажа нам гісторыя. Многа, многа гадоў таму назад калісь паміж славянскага племені, з якога пайшоў таксама і беларускі народ, не было
яшчэ хрысціянскай веры, калі не было яшчэ ні католікаў, ні праваслаўных. Кожны народ на свеце мае сабе якую-небудзь веру, так і нашы прапрадзеды мелі сваю веру, у якую верылі. Славяне былі тады яшчэ язычнікамі, вера іх не дужа была багатая, што да багоў. Цяжкае жыццё, нецікавая прырода іх краю, напоўненая мхамі ды балотамі, не дазваляла іх фантазіі надта буяць. У тых народаў, што жылі ў багатых, прыгажэйшых па прыродзе краях, і вера была прыгажэйшая і багацейшая па ліку багоў. He тое было ў славян. Галоўны іх бог быў бог грому і маланкі — Пярун. Ды яно і ведама, чаму людзі лічылі яго за галоўнага бога. Калі яшчэ не было навукі, калі людзі многа чаго не ведалі, яны ўсё тое, што іх страшыла, чаго баяліся, лічылі за бога і пакланяліся гэтаму. Пярун быў грозны бог. Верылі славяне таксама ў сонца, месячыка, розных ведзьмаў, лесуноў, ваўкалакаў, але гэта ўсё былі благія, страшныя багі, якія толькі і стараліся, каб як-небудзь зрабіць чалавеку прыкрасць ці зло. Адзін з добрых багоў быў бог сонца, але ён быў добрым толькі паўгода, на другое паўгода ён адходзіў недзе далёка ад зямлі, а тым часам злыя багі прыносілі снег, холад, усё замірала. Людзі з нецярпеннем чакалі, пакуль зноў вернецца сонейка, калі пад яго цёплымі праменнямі зноў усё ажыве, снег згіне, настануць цёплыя дні, калі пожні зазелянеюць траўкай, калі на палях узрасце ўсялякае збожжа, што так патрэбна для жыцця чалавека і жывёлы. Прадвяшчала гэта сонца, калі карацелі ночы і даўжэлі дні. Людзі прыкмецілі, што гэта якраз робіцца каля цяперашняй палавіны снежня. Нездарма і прыказка склалася, што «Барбара ночы ўварвала». Быў гэта радасны час для людзей. Усе радаваліся, што зноў скора прыйдзе лета, старыя змогуць зноў выграваць свае косці на сонцы, мужчыны і бабы выйсці на працу ў поле, каб зноў прызапасіць ужо на другую зіму, дзецюкі радаваліся, што ўжо не будуць сядзець у дымнай хаце, як зімой, а пабягуць гуляць куды ўздумаецца. Як жа не дзякаваць за ўсё гэта добраму сонцу! Дзеля гэтага спрадвеку славяне ў гэтым часе (каля палавіны снежня) пачалі святкаваць дзень, у які зноў пераможа дзень над ноччу, і свята гэтае называецца «Каляды». На Каляды адбываліся гульні: спявалі, танцавалі, віншавалі адзін аднаго, вадзілі «мядзведзя», «казу» і да т. п. Наогул усялякімі спосабамі радаваліся.
Каля тысячнага году па цяперашнім календары сярод славянскіх народаў, а значыць, і сярод беларусаў, стала шырыцца хрысціянская вера. Славяне святкавалі свае Каляды з 25 снежня. Назва засталася старая, але ўжо іншая аснова
была пад ёю. Многа яшчэ і цяпер звычаяў захавалася з тых язычніцкіх часоў.
Смутна толькі, што за апошнія гады народ стаў забываць звычаі сваіх дзядоў, а нават дзе-нідзе і саромецца іх. П’янства, буянства, карцёжная гульня сталі заступаць іх месца. Уводзяцца чужыя звычаі. Але не трэба забываць, што вам кажа дзедаўская прыказка: «Чужому навучайся, але і свайго не чурайся». Трэба любіць мінулае дзеля будучыні.
КАЛЯДЫ
Ва ўсіх язычніцкіх народаў сонца, месяц, зямля, агонь, вада, вецер і розныя іншыя праявы прыроды абагаўляліся.
3 цягам часу старадаўнія звычаі і абрады набылі іншы характар. Са старадаўніх апісанняў вядома, што ў першыя вякі хрысціянства ў нас пры дварах князёў адбываліся гульні і ігрышчы на Каляды. Хадзілі скамарохі з мядзведзямі, вадзілі «казу», наладжвалі маскарады, ці, як цяпер кажуць нашы сяляне, «пераадзяваліся за цыганоў», і многа іншага.
Так было даўней... Шмат чаго захавалася з гэтых звычаяў і да нашага часу, але, бадай, яшчэ болей загінула, сплыло з людской памяці.
ВЕЧАР ВАРОЖБ, АБО ВАСІЛЁВА КУЦЦЯ
...Адна Тыкеля, 85-гадовая бабулька з нашай вёскі, расказала мне агулам, што яна памятала аб гэтых старых звычаях. Паводле яе слоў, у вечар 31 снежня збіраліся цэлыя сем’і на сумесны банкет. ІІрыходзілі тут аддзеленыя сыны са сваімі дружынамі да бацькоў, сыходзіліся браты, асобна жыўшыя, да старэйшага брата, калі бацькоў не было, і ўсе ў адной хаце праводзілі стары і сустракалі Новы год. Калі між імі бывалі якіясь сваркі ці нязгоды, то ў гэты час заціхалі. Калі зноў катораму брату або сястры блага жылося, то ім усе памагалі радай, нават давалі падмогу, як яна была патрэбна, словам, гэты вечар быў вечарам сямейнай еднасці.
На Васілёву куццю першай абрадавай стравай быў аўсяны кісель, густая куцця з макам, селядцы і інш. Усё адбывалася таксама, як на куццю перад Калядамі.
Па вячэры гаспадар уставаў найпершы з-за стала і выходзіў у сені. Вярнуўшыся назад, абвяшчаў сабраўшымся прыход даражэнькага госціка. Пачуўшы такую навіну, усе падымаліся
на ногі, каб прывітаць новапрыбыўшага. Стоячы, паглядалі на дзверы. Але госць доўга не ўваходзіў у святліцу. Тады гаспадар пытаўся ў стаячых:
— Чаго ж вы, госцікі, стаіце?
А ўсе гуртам адказвалі:
— Стаімо, каб пачэсна павітаць прыйшоўшага госця!
Гаспадар адказваў:
— Ну, дык вітайце, бо ён ужо прыйшоў, а гэтым госцем ёсць Новы год.
Пачуўшы такія словы гаспадара, усе грамадой, з вясёлымі падскокамі наперабой пяялі:
Ідзі, ідзі, Новы год,
Скажы нам наўпярод, Што каму ты нясеш?
Ці ідзеш ты да нас, Каб даць усім шчасны час? Ты Новенькі наш!
Ці нясеш ты каму Смерць, як году таму? Ты міленькі наш!
Далейшых слоў гэтай песні старая бабулька не памятала, хоць змест яе ведала.
— Адгэтуль, мае дзеткі,— казала яна,— пяялася гэта песня напалову з плачам, дзеля таго што ў песні людзі жаліліся перад Новым годам на свайго ліхога пана,— а бывалі паны ўсялякія, і дужа ліхія,— прыпаміналі дазнаныя крыўды ад дваровых служак і ўрэшце прасілі бога, каб было крыху свабодней жыццё ў будучым годзе.
Пасля песень наступалі розныя варожбы, а дзеля гэтага і сам вечар зваўся вечарам варожб. Варажылі ўсе, старыя і малыя, хоць у варожбы і не зусі.м верылі. Гэтак было калісьці, але аб гэтым рэдка хто памятае. Цяпер нічога падобнага не бывае. Адны дзяўчаты не забываюцца аб гэтым вечары і сабіраюцца, каб паваражыць...
Дзяўчаты стараюцца пазнаць з варожб, што іх чакае, які будзе муж: удавец ці маладзён? Ці хутка гэты суджаны, раджаны прыедзе ў сваты? I ці якога няшчасця не здарыцца маладзенькай дзяўчыне? Такія пытанні вельмі цікавяць маладых дзяўчатак. Кожная з іх з вялікай нецярплівасцю чакае, каб як найхутчэй прыйшоў вечар Васілёвай куцці і каб хутчэй адкрылася перад вачыма нязнаная і таямнічая буду-
чыня. Ужо ад самай раніцы сядзіць бедная дзяўчынка і падумвае, які ж пояс забраць на вечар варажбы. Бедненькае сэрца з нейкім страхам перад гэтым вечарам моцна б’ецца ў белых дзявочых грудзях.
Але вось вечар чаканы прыйшоў.
Настала часіна, калі ўсе дзяўчаты сабраліся ў адну хату. Тут яны рупна аглядаюць куткі і закуткі, каб ніхто з дзецюкоў не падслухаў іх дзявочых гутарак і песень ды не падглядзеў прарочых абрадаў. Па агледзінах хаты замыкаюць сені, каб ніхто не ўвайшоў, і пачынаюць варажыць.
Перш-наперш уносяць апалушкі, у якія кожная з прысутных дзяўчат кладзе свой пояс. Гэты пояс павінен быць новы і так скручаны, каб адзін яго канец абвязваў скрутачак, зроблены на далоні (у такія скрутачкі вясковыя дзяўчаты заверчваюць новыя паясы). Як ужо ўсё гатова і паясы складзены, тады ўдзельніцы варажбы выбіраюць са свае чарады наймалодшую і найпрыгажэйшую, так званую Апалайніцу. Па выбары Апалайніца бярэ апалушкі і «апалаець» зложаныя ў ёй паясы, а ўсе астатнія ціхім хорам пяюць: