• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    [АБ КАЛЯДНЫХ СВЯТАХ У ГРОДЗЕНСКАЙ ГУБЕРНІ]
    3 каляднымі святамі ў нашай [Гродзенскай] губерні звязана шмат народных звычаяў, якія існуюць з даўніх часоў. Да іх можна аднесці хаджэнне са «звяздой», а таксама асаблівага роду лялечныя прадстаўленні, якія называліся ў народзе словам «батлейка», падобныя на маларускія, вядомыя пад назвай «вертеп».
    Хаджэнне са «звяздой» пачынаецца ў Гродзенскай губерні з вечара 25 снежня і працягваецца да Новага года, а ў некаторых месцах і да Вадохрышча. Удзельнікі дзеляцца на дзве групы: адну складаюць дарослыя сяляне, а другую — сялянскія падлеткі і хлапчукі, большай часткай вучні сельскіх школ. Як дарослыя, так і падлеткі спяваюць па-беларуску калядныя песні.
    Ва ўпамянутых вышэй лялечных прадстаўленнях, акрамя нагляднага паказу, у асобах некаторых біблейскіх падзей выводзяцца на сцэну «Цар Ірад», «Антон з казой» і г. д. Трэба бачыць, колькі прыемнасці даюць простаму народу такога роду відовішчы, якія суправаджаюцца музыкай; як смяшыць тут якая-небудзь «Антонава каза» не толькі моладзь, але і сівавалосых дзядоў. Да гэтага часу лепшымі батлейшчыкамі ў [Гродзенскай губ.] лічацца мяшчане славутых Жыровічаў.
    ВАСІЛЁЎ ДЗЕНЬ I КАЛЯДНЫЯ СВЯТЫ
    Просты народ не святкуе 1 студзеня як першы дзень новага года. Прытрымліваючыся даўніны, вясковыя жыхары святкуюць гэты дзень як дзень св. Васіля і пачынаюць свята з вячэрняга пярэдадня, называючы яго «Васілёў вечар», або, як, напрыклад, у Беларусі, «Шчодры вечар», «Шчадроўка».
    Да яго прымеркаваны спецыяльныя песнапенні — шчадроўкі.
    У беларускай вёсцы збіраюцца маладыя хлопцы і выбіраюць самага рослага і мажнага дзецюка. Гэта Шчадрэц, ён апрануты старым, у абшарпаную вопратку, з тасёмкамі, шнурочкамі і званочкамі. 3 галавы, з накінутага на валасы парыка з ільну ці пакулля звісаюць на плечы доўгія касмачы. На парык надзеты папяровы каўпак, на спіне тарчыць агідны горб. У суправаджэнні таварышаў ён ходзіць з хаты ў хату і шчадруе, г. зн. танцуе з апранутымі мядзведзем і казою і спявае (за блінцы, каўбасу і сыр). Старадаўнія шчадроўкі жадаюць кожнаму гаспадару ўраджаю «жыта, пшаніцы і ўсякай пашніцы». Надзіва, да беларускай варажбы ў гэтых звычаях падобна тая ж самая варажба на хлебныя ўраджаі ў Маларасіі, але з тым дапаўненнем, што, ходзячы па хатах, каляднікі-шчадравальнікі стараюцца песнямі і рухамі цела прыкладна паказаць абрад ворыва. Такім жа чынам выходзяць у сад і б’юць абухом сякеры па фруктовых дрэвах, каб лепей радзілі вішні, ігрушы, яблыкі. Замест беларуса-шчадраца тут з’яўляецца мужчына, пераапрануты жанчынай, якая завецца «меланка». На вячэру гатуюць асабліва багатую ежу з пірагамі, варэнікамі і г. д., чаму і сам вечар носіць назву багатага. Гаспадар садзіцца за стол, гаспадыня выганяе дзяцей з хаты, а затым сама кліча іх і пытаецца:
    — А дзе ж наш бацько?
    — Няўжо вы мяне не бачыце? — гаворыць бацька.
    — He, не бачымо, тату! — адказваюць па-завучанаму дзеці.
    — Дай жа, божа, каб заўсёды не бачылі! — гаворыць гаспадар у тым сэнсе, каб і на будучы год Шчодры вечар быў такім жа багатым.— Радзі, бог, так расна, як на небе зоры, і так красна, як ад іх ясна.
    У адной з песень-шчадровак пытаецца:
    — Каму службу да служыць будзем?
    I затым адказваецца:
    — Служыць службу да святому Васілю (які, як і ўсе астатнія 12 вечароў, уваходзіў у склад калядных свят).
    Васілёў вечар у Беларусі ад іншых святочных вечароў адрозніваўся тым, што патрабаваў надзвычай багатай вячэры і тлустай куцці ў адрозненне ад іншых куццяў, якія былі поснымі, або, як называлі ў некаторых месцах, вадзянымі.
    Паміж трыма беларускімі куццямі ёсць розніца не толькі ў назвах, але і на самой справе. Напярэдадні Каляд — куцця посная: ядуць толькі разваранае ячменнае зерне з мядовай
    сытой, рыбу, вараныя грыбы, аўсяны кісель. Тады ж выклікаюць і старога бога-«мароза», завуць яго куццю есці. Яму кідаюць за акно першую лыжку гэтай стравы, прыгаворваючы: «Зімою прыходзь, а летам не хадзі, пад гнілою калодаю ляжы». «Хадзі, мароз, на чыгунную барану жалезным бізуном»,— дапаўняе мудрагелістая старадаўняя прымаўка. Сэнс гэтага пажадання заключаецца ў тым, каб у наступным годзе было што на патэльню (чыгунную барану) пакласці і жалезным бізуном, г. зн. чапялою, выняць з печы і паставіць на стол.
    На Вадохрышча куцця называецца галоднаю (яна таксама посная): ядуць што папала, таму што ўсё ўжо раней з’едзена, асабліва вечарам пад Новы год, які невыпадкова называецца Калядой ласай, мясной, тоўстай, шчодрай, сытай, багатай. Калі вымыюцца ў лазні, усе садзяцца за стол, застаўлены лепшымі стравамі. Тут на першым месцы каўбаса з кашай і рознай падліўкай, а таксама разнастайныя мясныя стравы, студзіна і г. д. Куцця ўжываецца таксама не з мядовай сытой, а ўжо з малаком і топленым сметанковым маслам.
    КАЛЯДНЫЯ СВЯТЫ НА БЕЛАРУСІ
    Святы Каляды, Новы год і Вадохрышча вядомы ў беларусаў пад агульнай назвай «Каляды». Пярэдадзень гэтых свят носіць таксама агульную назву «куцця» — па назве традыцыйнай стравы, якую рыхтуюць у гэты дзень з ячменных круп.
    Куцця перад Калядамі служыць прадвеснікам свята, якое пачынаецца і спраўляецца з асаблівай урачыстасцю, чаму і называецца «Вялікая куцця». Самы важны момант гэтага дня — вячэра, якая носіць характар сямейнага святкавання.
    3 самай раніцы гаспадыні пачынаюць рыхтаваць ежу для будучай вячэры: пякуць блінцы, часта двух сартоў — грэцкія і аўсяныя, што служыць прыкметай урачыстасці дня, таму што блінцы ў Беларусі — пераважна святочная ежа, і беларус лічыць «і нядзелю ні ў нядзелю, калі блінцоў на стале няма». Акрамя таго, вараць верашчаку, квас з грыбамі і селядцом, аўсяны кісель, пякуць пірагі і ў заключэнне ўсяго вараць куццю. Куцця варыцца густая, прытым абавязкова з ячменных круп (з тоўчаных у ступе ячменных зярнят). Для варкі куцці ва ўсе прызначаныя дні ўжываецца адзін і той жа гаршчок, прычым крупы сыплюць у яго ў строга пэўнай колькасці. Гэта неабходна для наладжвання варажбы па куцці.
    Вечарам, перад захадам сонца, звараная куцця ставіцца ў сена на покуці. Да вячэры забараняецца каштаваць куццю.
    У час варкі яе не толькі не каштуюць, але нават і не перамешваюць.
    У звычайны час беларус рана вячэрае; на куццю ж вячэра адбываецца яшчэ раней, таму што гэты дзень праводзіцца многімі членамі сям’і ў посце. «Як толькі сутоніцца (змеркнецца) і зоркі ўзыдуць на неба», на стол кладуць сена і накрываюць яго чыстым абрусам. У гэты час усе члены сям’і павінны быць у зборы. Есць звычай, каб маладзіцы на першым годзе свайго замужжа прыбывалі на куццю павячэраць у родную сям’ю. Сабраўшыся на вячэру, члены сям’і спачатку моляцца, прычым малітву чытае старэйшы член сям’і, а потым ужо прыступаюць да вячэры. Парадак падачы ежы за сталом наступны: квас, верашчака, кісель, булка і куцця; да апошніх трох страў падаецца сыта — мядовая ці з цукру. Зачарсцвелая скарынка куцці ў час вячэры здымаецца і аддаецца курам, «каб добра яйкі неслі». Кожны ўдзельнік вячэры павінен пакаштаваць усіх пададзеных страў. Старэйшыя звычайна папярэджваюць дзяцей, каб яны не захапляліся першымі стравамі і захавалі апетыт да апошніх.
    Пасля вячэры чытаецца агульная малітва, услед за якой усе ўстаюць з-за стала. Усе стравы, за выключэннем куцці, прыбіраюць са стала, а стол застаецца накрытым да раніцы, калі з яго забяруць сена-і аддадуць, змяшаўшы з другім кормам, каровам і авечкам. Коням гэтага сена не даюць, «бо конь не свянцоная костка...»
    Тут неабходна адзначыць варажбу па куцці. Куцці варыліся тры, і кожны раз гаспадыня заўважала, як яна зварылася. Удала звараная куцця прадракае добры ўраджай ячменю ў наступным годзе, а кепска звараная, наадварот, дрэнны ўраджай. Кожная куцця ў паслядоўным парадку адпавядае аднаму з трох пасеваў ячменю: ранняму, сярэдняму і позняму. I сапраўды, часцяком беларус пасеў ячменю робіць у адпаведнасці з вынікамі варажбы па куцці.
    Дарэчы, яшчэ адна прыкмета, якая назіраецца ў кожную куццю. Паданне снега на куццю, па разуменні беларуса, прадказвае добры ўраджай грыбоў у наступнае лета, а марознае, яснае надвор’е — адваротную з’яву.
    Да вячэры на сцэну выступаюць чыгуны з гарачай вадой, і ўсе члены сям’і ад малога да вялікага мыюцца і мяняюць бялізну. Гэта чыста гігіенічная справа не пазбаўлена некаторай ступені абраднасці. Выказанае меркаванне не здаецца нам дзіўным, калі мы звернем увагу на тыя абставіны, што такія пагалоўныя абмыванні робяцца толькі напярэдадні двух вялікіх свят — Новага года і Вялікадня. Акрамя таго, беларус
    настолькі адданы сваім звычаям, што вельмі часта ўзводзіць іх на ступень абраду. Так, прымеркаваўшы змену бялізны ў звычайны час у нядзелю, беларус строга выконвае гэты звычай і толькі ў выключных выпадках змяняе бялізну ў другія дні.
    Наступныя за куццёй тры дні лічацца ўласна каляднымі. Калі першы дзень Каляд выпадзе на нядзелю, то да іх звычайна прылічаюць яшчэ і сераду і называюць яе тады Градавой серадой, таму што ўстанаўленне свята ў гэты дзень адбылося з прычыны «афяры», каб бог збавіў ад граду.
    На Каляды хлопцы і дзяўчаты ўзаемна частуюць адзін аднаго арэхамі і гарбузнымі семкамі. Гэтае частаванне так цесна звязана з Калядамі, як і ўжыванне яек на Вялікдзень. Шырока таксама распаўсюджаны звычай піць на Каляды піва. Кожны беларус, нават падлеткі лічаць абавязкам пакаштаваць у гэтыя дні названы напітак. Піва ўжываецца нявыбрадзілае, ці, як яго называюць беларусы, «цыроп». Варта заўвагі, што беларусы чамусьці лічаць недазволенай справай пячы на самі Каляды блінцы. 3 падобнай з’явай мы сустракаемся і ў перыяд святкавання Вялікадня.
    У першы дзень Каляд існуе звычай нашэння парадзіхай пірагоў (пшанічных ці аржаных) у дом кумоў, прычым адбываюцца часта нават багатыя частаванні. Паколькі ў перыяд Каляд авечкі прыносяць ягнят, то ў беларусаў з’явіўся звычай варажыць па першых наведвальніках дома, якога полу будзе ягнё. Калі першы ў дом увойдзе мужчына, то ягнё будзе мужчынскага полу, і наадварот, калі ўвойдзе жанчына, то народзіцца ягнё жаночага полу.
    Хаджэнне са «звяздой» цяпер слаба развіта ў Беларусі. Праўда, па расказах старых людзей, раней у гэтыя дні па вёсках часта хадзілі «штукары з батлеямі» (з лялечным тэатрам) і паказвалі ўсялякія штукі.