• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    Дажынкі ў апошні час адыходзяць. Асобныя сяляне рэдка гуляюць дажынкі. Толькі гуртавыя, талочныя дажынкі спраўляюцца: плятуць з жыта і кветак вянок, нясуць з песнямі дамоў, адбываецца частаванне. У с. Мікольск Мінскага павета існуе наступны цікавы звычай (з паве-
    дамлення П. П. Дземідовіча): на тым месцы, дзе заканчваецца жытняе жніво, жнейкі пакідаюць невялічкі нязжаты кавалачак, у сярэдзіне яго або побач кладуць крыжападобна чатыры камяні (з кулак), на іх два пучкі жыта крыж-накрыж, потым наверх кавалачак хлеба і дробку солі. (Паведаміў В. Ляхоўскі.)
    Зажынкі і дажынкі спраўляюцца толькі пры жніве жыта.
    Гульня «Яшчар». У Мінскім павеце «Яшчара» спраўляюць у Піліпаўку.
    На лаўцы, пастаўленай пасярод хаты, садзіцца хлопец — Яшчар. Вакол яго становяцца дзяўчаты, узяўшыся за рукі. Яны пачынаюць кружыцца і прыпяваць:
    Сядзі, сядзі,— гэй, наш, наш!
    На залаты.м крэслі,— гэй, наіп, наш! Вазьмі сабе панну,— гэй, наш, наш! Каторую любіш,— гэй, наш, наш!
    Затым сам Яшчар (яго падтрымлівае ўвесь хор) адказвае:
    Ой, люблю Каську,— гэй, наш, наш! Што ў русай касіцы,— гэй, наш, наш! У залатой прасціцы,— гэй, наш, наш! У шаўковым паясочку,— гэй, наш, наш! У руцвяным вяночку,— гэй, наш, наш!
    Названая дзяўчына падыходзіць да хлопца і аддае яму што-небудзь са сваіх рэчаў. Хлопец саступае месца наступнаму, той ізноў робіць выбар і г. д., пакуль усе не выберуць сабе пару.
    Пасля заканчэння выбару хлопец, які быў першым Яшчарам, садзіцца каля сцяны. Дзяўчаты становяцца ў рад каля супрацьлеглай сцяны і, узяўшыся за рукі, ідуць да Яшчара з песняй:
    Ой, Яшчару, паночку, Прашу аддаць вяночку Краснай Марысьцы, Што ў русай касіцы, У залаценькай прасніцы, У шаўковым паясочку, Да ў руцвяным вяночку. Да яна ночаньку не спала, Да вяночак завівала, Па край моры хадзіла, Да красачкі збірала, Да ў садочку саджала, Прыгаршчмі палівала: — Расціце, красачкі, тонкія высокі,
    На лісцейка шырокі, На карэння глыбокі.
    Яшчар пасля заканчэння песні аддае тую рэч, што браў, яе ўладальніцы і саступае месца наступнаму і г. д., пакуль хлопцы не вернуць усе ўзятыя рэчы.
    У Мазырскім і Рэчыцкім паветах гэта гульня амаль нічым не адрозніваецца.
    Танец «Падушачка». Дзяўчаты становяцца ў круг, адна ўваходзіць у яго і спявае:
    Падушачка, падушачка, мая пухавая! Малодачка, малодачка, мая маладая! Каго люблю, каго люблю, таго й пацалую, Падушачку пухавую таму й падарую! Быў-жыў, да няма, да паехаў да лігіна, Бедна мая галованька — адна спаці легла! Быў-жыў, да няма, да паехаў на рэчку, Каб ведала, што ўтапіўся, паставіла б свечку. Ой, жаль жа мне, што не вернецца, ГІадушачка пухавая перавернеіша!
    Астатнія падцягваюць (падпяваюць) і плаўна танцуюць кругавую, то раскалыхваючыся верхняю часткаю тулава, то прытупваючы на месцы. Пасля заканчэння песні дзяўчына, якая спявала, бярэ адну з дзяўчат, астатнія разбіраюцца таксама парамі і пачынаюць танцаваць «Круцёлку». Потым дзяўчына, што танцавала з запявалаю, уваходзіць у кола — і зноў паўтараецца тая ж гульня.
    Гульня вядома па ўсёй Беларусі. Народная музыка захоўвае спецыяльныя матывы для гэтай гульні, якія таксама называюцца «Падушачкаю». Рухі танцуючых спачатку мерныя і плаўныя, але, пераходзячы на «Круцёлку», танец становіцца бурным. Наогул увесь танец у пэўным сэнсе мае характар оргіястычны і, відаць, блізкі да гульні «Падушачка» на Дану.
    «Калодачка». Пасярод хаты ставяць калодку або засланку (дошку, якою засланяюць печ). На яе садзіцца дзяўчына, астатнія стаяць вакол яе і спяваюць:
    На гары мак, мак, А ў падолі так, так! Бедная мая галовачка, Залатая макавачка!
    Ці паспеў мак?
    Дзяўчына, што сядзіць на дошцы-калодачцы, калі праспяваюць песню першы раз, гаворыць «пасеяла!», другі раз
    праспяваюць — гаворыць «узышоў!», трэці раз — «цвіце!», чацвёрты раз — «паспеў!». Як скажа «паспеў!» — усе кідаюцца да яе і пачынаюць шчыпаць.
    Вячоркі, гульні, погляды на цнатлівасць дзяўчат. Умовы сялянскага жыцця не вельмі перашкаджаюць знаёмству і сустрэчам хлопцаў і дзяўчат. Перш за ўсё яны сустракаюцца на вясковых святах, пры выкананні купальскіх, троіцкіх і іншых абрадаў, у час летніх карагодаў, гульняў; зімою — на вячорках.
    У вялікія святы, калі збіраецца ўся моладзь з наваколля або ўсёй вёскі, арганізоўваюць танцы, карагоды з песнямі. Карагодных летніх песень вельмі шмат, і змест іх разнастайны.
    Зімовыя зборы моладзі некалькі адрозніваюцца. Яны перш за ўсё падзяляюцца на ігрышчы і вячоркі; апошнія адпавядаюць велікарускім «поснделкам» і маларускім «вечарніцам».
    Ігрышчы — гэта вялікія зборы моладзі, якія бываюць звычайна ў вялікія святы, на Каляды, Масленіцу і інш. На ігрышча запрашаюць музыку са скрыпкай або гармонікам, а часам і яшчэ аднаго з бубнам. Грошы на музыку, як і на ўсе іншыя расходы, даюць (збіраюць) хлопцы. Месцам для збору служыць хата якога-небудзь гаспадара або (у апошні час найчасцей) карчма. У вёсках, куды яшчэ не пранікла «цывілізацыя», танцуюць «Лявоніху», «Бычка», «Падушачку» і інш., а ў прыгарадных сёлах сустрэнеце і «Кандрэля», і «Вальца». Хлопцы частуюць паміж танцамі дзяўчат мядком, цукеркамі, а па закуцці (у кутках) і шчыпкамі. Сюды ж збіраюцца і старэйшыя: паглядзець, пабалакаць. У вугле дзеці і падлеткі пераймаюць дарослых: танцуюць, частуюць адзін аднаго і інш.
    Зусім іншы характар маюць вячоркі. У пачатку зімы, дакладней восенню, дзяўчаты дамаўляюцца з якім-небудзь гаспадаром аб дазволе ім збірацца ў яго. Выбіраюць хату чым большую, а гаспадара як найпамяркоўнейшага, каб не перашкаджаў моладзі. Платы за хату ні гаспадар, ні гаспадыня не бяруць, але за гэта пры ўсякім выпадку моладзь частуе іх. Часам, калі не знаходзяць пастаяннай хаты, пераходзяць кожны вечар ад гаспадара да гаспадара.
    Вёсачкі ў Беларусі невялікія, і таму для гульні заўсёды хапае адной хаты. Калі цесна або не паладзяць, падзяляюцца на «куткі» і атрымліваецца некалькі як бы клубаў.
    Вечар пачынаецца вельмі паважна. Дзяўчаты прыходзяць з кужалем і прадуць, паціху спяваючы. Часам бабуля расказвае ім казкі. Але вось гуртам увальваюцца хлопцы. Пачы-
    наюцца жарты, размовы і да т. п. Хлопцы падсаджваюцца да дзяўчат, не абыходзіцца без абдымкаў, пацалункаў, шчыпкоў. Наогул вядомая вольнасць у адносінах на вячорках не толькі дазваляецца, але нават патрабуецца звычаем, і дзяўчыну могуць выключыць з вячорак, калі праз меру сур’ёзна супраціўляецца звычайным жартам. Зрэшты, не трэба думаць, што жарты гэтыя і вольнасць заходзяць вельмі далёка або становяцца не зусім прыстойнымі. Адзін з мясцовых назіральнікаў — Ермаковіч — паведаміў з Мінскага павета факты, якія, зрэшты, нам даводзілася назіраць і ў Рэчыцкім, і Мазырскім паветах. На вячорках не існуе розніцы паміж багатым і бедным хлопцам, прыгожым і брыдкім. Усе аднолькава роўныя. Самы бедны і самы непрыгожы можа падсесці каля прыгожай і багатай дзяўчыны, жартаваць з ёю незалежна ад таго, падабаецца ён ці не. На вячорках падсаджваюцца да дзяўчат і жартуюць з імі не толькі хлопцы, з якімі яны «кахаюцца», але хто каму трапляецца. Дзяўчына не павінна зневажаць хлопца аплявухай, грубым словам і інш., яна не можа таксама забараніць хлопцу сесці каля яе.
    Кепскіх вынікаў на вячорках на бывае. Сяляне глядзяць на наведванне іх дзецьмі вячорак як на абрад, устаноўлены дзядамі і таму неабходны. Седзячы вечарам у сялянскай хаце, можна заўважыць, як адразу пасля вячэры і нават да вячэры маці дасць дачцэ ў рукі кудзелю, кавалак хлеба і сала і адправіць на вячоркі. Хаджэнне дзяўчыны на вячоркі лічыцца адным са звычаёвых патрабаванняў, такім строгім, што парушыць яго асмельваюцца толькі ў прыгарадных вёсках. Маці будзе моцна засмучана, калі яе дачка не захоча наведваць вячорак.
    Нашы вячоркі, як велікарускія «посяделкн», бяседы, маларускія «вечарніцы», у сваім абрадавым значэнні ёсць водгалас і перажыванні гэтага першабытнага гетэрызму. Пасля таго, што сказала навука па гэтым пытанні, наўрад ці можа быць сумненне ў этналагічным значэнні і беларускіх вячорак.
    У практычным паўсядзённым жыцці вячоркі маюць не менш важнае значэнне. Блізкія адносіны маладых людзей абодвух полаў перашкаджалі развіццю погляду на жанчыну як на істоту ніжэйшую, падпарадкаваную мужчыне. На вячорках і ігрышчах яны не толькі роўныя, але дзяўчатам аддаецца перавага ва ўсіх адносінах. Хлопец адносіцца да дзяўчыны як да роўні; пасля жаніцьбы ён захоўвае гэтыя
    адносіны і да сваёй жонкі. На самай справе жанчына ў беларускай сям’і і займае вельмі высокае становішча.
    Але няправільна было б лічыць, што збліжэнне маладых людзей абодвух полаў заўсёды вядзе да іх шлюбу. У апошні час, вядома, парадкі змяняюцца: хлопец патрабуе, каб бацькі слалі сватоў да той дзяўчыны, з якою ён «кахаецца». У малой сям’і, дзе кожны работнік вельмі дарагі, дзе пачуцці бацькоў да дзяцей маюць большую прастору ў сваім развіцці, маладыя людзі дасягаюць сваёй мэты. Але ў вялікіх сем’ях, дзе агульны парадак вышэй пачуццяў, дзе падпарадкаванне асобнага сем’яніна гаспадару мацней,— там яшчэ і цяпер хлопца жэняць, а дзяўчыну аддаюць замуж, мала звяртаючы ўвагі на іх жаданні. Абрадавае значэнне вячорак дзейнічае і ў гэтым выпадку: у больш глухіх сёлах, дзе захавалася яшчэ многа вялікіх сямей, сямейных абшчын, вячоркі, як і ўсе абрады, строга выконваюцца. Але менавіта ж тут шлюб поўнасцю залежыць ад старэйшых членаў сям’і. I наадварот, у прыгарадных вёсках, дзе ўзніклі ўжо новыя ўмовы жыцця, дзе вячоркі страцілі абрадавае значэнне, тут вось шлюб адбываецца па жаданні маладых людзей.
    КАЛЯДЫ I КУПАЛА НА БЕЛАРУСІ
    Са свят, якія захаваліся на Беларусі са старадаўніх часоў, найбольш поўна абрадавы бок іх заўважаецца ў святкаванні Каляд і Купалы.
    Каляды — зімовае свята. Яно працягваецца два тыдні. 3 нецярплівасцю беларус чакае гэтых святкаў; ужо пачынаючы з Піліпаўскага посту дзяўчаты спяваюць:
    Ай, Калядачкі, вы барджэй, барджэй, Вы нясіце нам у бліны дражджэй: Нам Піліпаўка надакучыла, Нам жамеры зубы праелі...
    Да свята пачынаюць рыхтавацца за два дні ўперад, колюць свінёй, чыняць каўбасы, на калядную куццю таўкуць у ступе пшаніцу на кашу, якая абавязкова падаецца ў гэты дзень на вячэру. За Каляды спраўляюць тры куцці: першую — посную перад Калядамі, другую — скаромную, або багатую, перад Новым годам і трэцюю — посную перад Вадохрышчам. Самая любая з іх для беларусаў — багатая куцця: