Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Смолвы. Пры закладзінах дома кожны гаспадар-беларус выдзёўбвае на канцах бярвенняў, якія кладуцца ў аснову, невялікія ямачкі і кладзе туды крыху хлеба, солі і грошай. Гэтыя тры прадметы лічацца ў дадзеным выпадку зарукай дабрабыту гаспадара і кладуцца для таго, каб жыццё жыхароў дома было ў поўным дастатку.
Калі наступае вясна, а з ёю і палявыя работы, то гаспадар або яго работнік, адпраўляючыся першы раз у поле, павінен узяць з сабою ў кашолку або торбу хлеба, мяса і солі. Пасля першага ворыва беларус вяртаецца ў сваю хату, становіцца пасярод яе, а ў гэты час хто-небудзь са сваіх дамашніх павінен абліць яго вадою з галавы да ног. Гэта робіцца для таго, каб зямля заўсёды была сырая і давала багаты ўраджай.
На першую калядную куццю варожаць — больш за ўсё маладыя хлопцы і дзяўчаты. Іх цікавіць наступнае. Седзячы за сталом у час вячэры, маладыя дзяўчаты заплюшчваюць вочы і выцягваюць з-пад настольніка як найдаўжэйшую сцяблінку сена (перад тым, як засцілаць настольнік, на стол кладуць сена). Калі дзяўчына выцягвае доўгую сцябліну, то ў будучым годзе будзе добры ўраджай ільну; калі ж варожыць хлопец, то ў яго будзе добры ўраджай збажыны.
Дзяўчаты ў калядную ноч (на багатую куццю) ходзяць па вуліцы і пытаюць у незнаёмых мужчын, як іх імя, робячы з гэтага вывад, якое імя будзе ў яе суджанага. Хлопцы ў сваю чаргу пытаюць імёны ў сустрэтых імі на вуліцы жанчын.
Бярэцца адразу бярэмя дроў, прыносіцца ў хату і робіцца падлік: хто прынёс цотны лік пален — той у наступным годзе ажэніцца або выйдзе замуж, а хто няцотны — таму не суджана ні ажаніцца, ні выйсці замуж; акрамя таго, пра жаніцьбу загадваюць, кідаючы за вароты чаравікі, а таксама па гаўканні сабак: угадваюць, у які бок трэба будзе ісці замуж і як далёка.
Пісьменныя вырэзваюць са скуры вялікую колькасць друкаваных літар і кладуць пад падушку. Раніцаю па літарах, якія прыліплі да падушкі, адгадваюць словы і па іх мяркуюць пра будучыню.
Акрамя варажбы існуе такі звычай. На трэцюю калядную куццю старшы селянін бярэ вараны гарох і ў суправаджэнні каго-небудзь са сваіх абыходзіць усе будынкі. Пры гэтым захоўваецца пэўны парадак і чарговасць. Увайшоўшы ў гумно, у хлеў або ў іншы будынак, старшы становіцца каля дзвярэй тварам да таго, хто суправаджаў яго і стаіць у памяшканні каля сцяны насупраць дзвярэй. Старшы бярэ з рэшата жменю варанага гароху і, кідаючы ў таварыша, пытае:
— Ці поўна?
Той адказвае:
— Поўна.
Пытанне і адказ паўтараюцца тройчы. Пасля трэцяга разу старшы гаворыць:
— Дай, божа, каб усюды было поўна.
Калі пабываюць ва ўсіх халодных будынках, вяртаюцца ў хату, дзе іх чакаюць члены сям’і з прыпаднятымі падаламі кашулі або каптана. Старшы, уваходзячы паважна ў хату і кідаючы гарохам, задае тое ж пытанне:
— Ці поўна?
Яму ўсе хорам адказваюць:
— Поўна.
Потым гарох аддаецца гаспадыні, а ўсе прысутныя лічаць, каму колькі трапіла ў прыпол гароху, і па гэтым вызначаюць, колькі ў каго ў будучым годзе прыбудзе авечак і іншай жывёлы.
Талака. У канцы мая або ў пачатку чэрвеня сяляне вывозяць на поле гной, прычым для гэтага выбіраецца дзень пераважна перадсвяточны. У вызначаны дзень гаспадар запрашае да сябе на дапамогу сваіх суседзяў і сваякоў. Апошнія дапамагаюць звычайна бясплатна; суседзям жа сваім гаспадар плоціць натураю, дапамагаючы ім у час палявых работ. Вывазка гною сваякамі і аднавяскоўцамі, якія сабраліся да гаспадара, і называецца ў беларусаў талакою. Амаль кожны больш або менш заможны беларус збірае пры патрэбе талаку. На талаку прыязджаюць галоўным чынам хлопцы, якіх завуць капачамі; задача іх заключаецца ў тым, каб накладваць на вазы гной; потым дзяўчаты, якіх завуць трасенніцамі, якія раскідваюць па полі вывезены гной, і, нарэшце, падлеткі (9— 14 год), якіх завуць лаштаямі, якія адвозяць гной на поле і прыганяюць зноў пустыя вазы. Кожны з тых, хто прыехаў на талаку, стараецца запрэгчы коней у такі воз, на які можна было б палажыць менш гною. Прыбываючы на талаку з узыходам сонца, капачы і лаштаі адразу ж бяруцца за работу;
трасенніцы дапамагаюць гаспадыні падрыхтаваць снеданне і абед. Гадзін каля дзесяці раніцы ўсе садзяцца снедаць. Для гэтага ставяць два сталы — адзін у галоўным куце, другі бліжэй да дзвярэй і далей ад ганаровага месца. За першым сталом садзяцца капачы разам з гаспадаром і пры гэтым у пэўным парадку: галоўныя месцы належаць сваякам гаспадара і больш заможным суседзям-аднавяскоўцам. За другі стол садзяцца трасенніцы і лаштаі. На снеданне падаюць хлеб, сыр, масла, бліны і гарэлку; апошняя — самая важная: не дай гаспадар гарэлкі, работа ў яго пойдзе вяла і без поспеху, а талачане нават пры самым шчодрым частаванні будуць незадаволеныя і гаспадаром і талакою. Таму некалькі бутэлек гарэлкі з’яўляюцца найлепшым частаваннем; у папярэднія гады, калі жылося лепей і гарэлка была танней, яе куплялі вёдрамі. Цяпер аб гэтым астаўся толькі адзін успамін. На снеданне капачам падае гарэлку гаспадар, а трасенніцам і лаштаям — гаспадыня; выпіваюць пры гэтым першую чарку самі, а потым па чарзе ўсе прысутныя — не больш дзвюх чарак кожны. Пасля снедання ўсе адпраўляюцца на работу, у тым ліку і трасенніцы. Работа працягваецца да двух-трох гадзін дня. Да гэтага часу падрыхтоўваецца абед, на які акрамя сыру і масла падаюць крупнік і яечную кашу (абавязкова з маслам). Гарэлкі даюць па тры-чатыры чаркі ў такім жа парадку, як і на снеданні. Пасля абеду адбываюцца так званыя «аблівіны» — самая важная і неабходная частка талакі. Амаль усе ўдзельнікі талакі запасаюцца вадою, набіраюць яе ў вядро, цэбар, гаршчок; пры гэтым трасенніцы стараюцца пабольш выліць вады на капачоў, а апошнія — на трасенніц. Лаштаі раздзяляюцца на групы, і адны падтрымліваюць капачоў, а іншыя — трасенніц. Калі паблізу знаходзіцца сажалка, рака або возера, то капачы стараюцца выкупаць у вадзе першую схопленую трасенніцу; трасенніцы стараюцца адплаціць тым жа. Часцей за ўсё трасенніцы стараюцца выклікаць да сябе на поле капача. Калі ён прыедзе, яго акружаюць усе трасенніцы, укачваюць у гной і вядуць у лужыну або ў сажалку і штурхаюць у ваду. Пасля заканчэння работы вечарам трасенніцы з песнямі вяртаюцца ў дом гаспадара, які сабраў талаку. Капачы да гэтага часу запасаюцца вадою, узлазяць на стрэхі, аркі варот, хаваюцца за варотамі, слупамі і ў іншых месцах, каля якіх павінны ісці з поля трасенніцы. Апошнія, часам зусім не ведаючы аб гэтым, накіроўваюцца ў дом гаспадара, дзе збіраецца талака, і раптам з усіх бакоў на іх ліецца вада. Спачатку яны разбягаюцца, а потым ізноў збіраюцца, каб адплаціць капачам. Чым
больш запрошаных на талаку будуць абліты вадою, тым лепш для гаспадара: больш будзе дажджоў, і таму лепшы будзе ўраджай.
У прамежку між абедам і вячэраю талачанам даюць яшчэ закуску — хлеб, яечню і гарэлку. Коней у гэты час не адпрагаюць; капачам закуску абавязкова прыносяць у хлеў, а трасенніцам на поле. Капачы ў хляве садзяцца звычайна на саломе, а трасенніцы — на полі на драўляным голлі, якое для гэтага падрыхтоўваецца імі. Гадзін каля дзесяці вечара ўсе садзяцца вячэраць. Меню вячэры складаецца з тых страў, што падаваліся на абед, і яшчэ з пшанічных і яечных «клёчак». Вячэра праходзіць заўсёды больш ажыўлена, чым абед, гарэлкі прапануецца больш. Пасля вячэры талака лічыцца скончанай.
Купалле. Напярэдадні дня Іаана Хрысціцеля (23 чэрвеня) вечарам прынята збіраць «купаллю», г. зн. кветкі і травы. У кожнай вёсцы збіраецца гурт дзяўчат, якія ідуць на засеянае жытам поле. Тут, спяваючы спецыяльныя «купалавы» песні, збіраюць яны разнастайныя кветкі і травы, звязваюць іх у пучкі або сплятаюць вянкі. Затым 24 чэрвеня нясуць у касцёл, дзе ўсё сабранае ў полі асвячаецца. Гэтыя асвячоныя кветкі і трава захоўваюцца на працягу ўсяго года ў кожным доме, таму што яны лічацца цудадзейнымі. Пры ўсялякім горы селянін карыстаецца гэтымі асвячонымі прадметамі. Калі здарыцца ў доме хвароба, гаспадыня абкурвае гэтымі кветкамі і хворага чалавека, і жывёлу; калі здарыцца ў вёсцы пажар, то разам з абразом абносяць вакол палаючага будынка траву і кветкі, адзначаючы мяжу для пажару. Гэтымі ж кветкамі і травамі абкурваюць кожны раз дом, калі заўважаюць вялікую хмару на небасхіле або чуюць навальніцу. Вясною ніводзін селянін не выганіць першы раз жывёлу ў поле без таго, каб не абкурыць яе «купальнымі» кветкамі і травою. 3 кветак, што сабіраюць 23 чэрвеня, асаблівы сэнс мае багатка. Напярэдадні 24 чэрвеня вечарам кожны з членаў сям’і ставіць на ноч над сваёй пасцеллю сцябло багаткі. Калі за ноч кветка распусціцца больш, гэта лічыцца добрай прыкметай для таго, над чыёй пасцеллю была пастаўлена кветка: ён будзе ўвесь год здаровы і будзе даўгалетні.
БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР
(Святы, прысвяткі, абрады, гульні)
Студзень
1/19*. Новы год. Працяг Піліпаўкі (да 5.01).
3/21. Пракоп («Пракоп па снезе ступае, дарогу капае»). 5/23. Посная, або галодная, куцця, запіс Каляд (н.ст.)**. 6/24. Першая, або посная, бедная, куцця. Пачатак Каляд.
Тры каралі, Вадохрышча (н. ст.). «На Вадохрышча дзень цёплы — будзе хлеб цёмны».
7/25. Пачатак каляднага Мясаеда — да 25.02 («Нам Піліпаўка надакучыла, дзеўкам жываты перамучыла. Мальцам жамеры зубы праелі. А калядныя ж бліны ладныя»). Раство («Святое Раство — людзям прыгаство»).
8/26. Маладзёны, або Бабіны,— калядны дзень гасцявання ў бабуль. Зімні Пакроўчык. Насілі «звязду», «жанілі Цярэшку».
9/27. Сцяпан — дзень найма парабкаў, слуг («На святога Сцяпана вышэй слуга за пана»),
13/31. Шчодрая, або багатая, куцця, куцця св. Козліка. Пачатак Шчодрага тыдня. Куготы — рытуальныя абрады ля калодзежа на Палессі.
14/1. Новы год па ст. ст., або Васілле («Святое Васілле дзяжу мясіла»). Св. Козлік. Абрад «засявання».
15/2. Шчодры. Аб’езд маладога бычка («Кідай быковае ды бяры валовае»).
17/4. Марк. Правяраюць насенне морквы.
18/5. Вадзяная Каляда, Піскуха — завяршальны дзень Каляд, Шчодрага тыдня. Трэцяя, або галодная, вадапосная, куцця, вадзянка. Апанас (н. ст.) — апякун жывёлы.
* Першая лічба тут і далей азначае дату па новаму стылю, другая — па старому стылю. Напр.: 1/19 (1 —студзень па н. ст., 19 — снежань па ст. ст.).
** (н. ст.) — новы стыль; абазначаны каляндарныя дні, якія бытуюць пераважна ў некаторых заходніх (каталіцкіх) раёнах Беларусі і замацаваны ў календары па н. ст., грыгарыянскаму летазлічэнню.