Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
АКУЛА
ГАЛАСЫ БЕЛАРУСКАГА ЗАМЕЖЖА
0№0П ,
КАСТУСЬ АКУЛА
ГАЛАСЫ БЕЛАРУСКАГА ЗАМЕЖЖА
КАСТУСЬ
АКУЛА
ШП
Мінск
«Мастацкая літаратура» 1994
ББК 84(4Бен)6
A 44
УДК 882.6-31
СЕРЫЯ ЗАСНАВАНА Ў 1994 г.
Прадмова Уладзіміра Арлова
8820600000—099
A БЗ 21—94
М 302 <03)—94
ISBN 5-340-01458-4
© К. Акула, 1994
© Прадмова. У. А. Арлоў, 1994
Змагарныя шляхі Кастуся Акулы
У кастрычніку 1967 года эмігранцкая газета «Новое Русское Слово» паведаміла пра інцыдэнт, што адбыўся ў дзень Савецкага Саюза на сусветнай выставе ЭКСПО-67 у Манрэалі: «Тысячы людзей сачылі за першым намеснікам Касыгіна — Палянскім, які рабіў агляд ганаровай варты, калі з боку секцыі прэсы пачуўся моцны голас, што разлёгся далёка над натоўпам: «Няхай жыве незалежная Беларусь!»... Адначасова адтуль паляцелі ўгору сотні брашураў. Паліцэйскія схапілі чалавека, які крычаў, і заціснулі яму рот. Гэта быў беларускі пісьменнік Кастусь Акула. Яго пратрымалі ў манрэальскай турме пяць гадзін, а ўвечары, заплаціўшы 25 даляраў штрафу «за парушэнне грамадскага парадку», ён вярнуўся ў гатэль. I паліцыя, і суддзя паставіліся да яго вельмі карэктна і з непрытоенаю павагай. Пра арышт Кастуся Акулы двойчы інфармавала мясцовая і трансканадыйская тэлевізійная сетка, у шмат якіх газетах з’явіліся разам з ягоным партрэтам паведамленні пра змест беларускай брашуры». Аўтарам працытаванай публікацыі быў вядомы пісьменнік нашага замежжа Юрка Віцьбіч, які не хаваў свайго захаплення хай экстравагантным, але адначасова і мужным учынкам калегі, дзякуючы якому тысячы канадыйцаў даведаліся пра антынацыянальную палітыку маскоўскага кіраўніцтва, а шмат хто наогул упершыню ў жыцці пачуў, што ёсць на свеце такая краіна — Беларусь.
Карэспандэнцыю Віцьбіча я прачытаў недзе ў сярэдзіне 80-х, яшчэ да «перабудовы», у адной менскай кватэры, гаспадар якой, уладкаваўшы мяне нанач, трохі павагаўшыся, выцягнуў з нетраў кніжнае шафы колькі эмігранцкіх выданняў — пагартаць на сон. Дзякуючы гэткаму падарунку заснуў я толькі пад раніцу.
Сярод тых кніжак была і «Усякая ўсячына» Кастуся Акулы. Так адбылося маё першае знаёмства з беларускім пісьменнікам з берагоў Антарыё.
Потым раз-пораз трапляла да рук выдаваная спадаром Кастусём у Таронта газета «Зважай». 3 кожнага нумара можна было даведацца што-небудзь такое, да чаго тагачаснай нашай «галоснасці» было яшчэ ой як далёка. Напрыклад — пра лёс дысідэнта Міхала Кукабакі, ці не адзінага жыхара БССР, які адкрыта пратэставаў супроць агрэсіі 1968 года ў Чэхаславакію. Або — пра колькасць вайсковых базаў з ядзернай зброяй, якімі Беларусь была (дый застаецца) нашпігаваная да такой ступені, што ад адной згадкі пра гэта паўзе за каўнер халадок страху. Або — пра традыцыйную сустрэчу беларусаў Паўночнай Амерыкі...
Буду шчыры: каб у тыя задушлівыя гады, калі мы жылі пад пільным вокам КДБ, калі пасланыя мною для хворага сэрца Ларысы Геніюш лекі ішлі па пошце з майго Полацка ў яе Зэльву два з паловаю месяцы, каб у тыя гады мне сказалі, што я буду рыхта-
ваць да друку творы заакіянскіх літаратараў-беларусаў у менскім выдавецтве «Мастацкая літаратура», я ўспрыняў бы гэта як не зусім удалы жарт.
Але час раптам узбунтаваўся і з соннай азярыны ператварыўся ў хуткую рачную плынь, зрабіўшы немагчымае зусім рэальным.
Завочнае знаёмства з Кастусём Акулам атрымала свой працяг улетку 1992-га, калі ён амаль праз паўстагоддзя вымушанага расстання з Бацькаўшчынай зноў ступіў на родную зямлю. Лёсу было заўгодна, каб мы пазналіся бліжэй не на шумных палітычных мітынгах ці з’ездах, а на ціхіх вуліцах майго роднага Полацка, куды заакіянскага госця запрасілі сябры гарадскога гістарычнага клуба «Вытокі».
Нас, палачанаў, не магла не падкупіць неўдаваная зацікаўленасць спадара Кастуся станам архітэктурных помнікаў, якім лёсіла ўратавацца ад шалу сучасных герастратаў. He магла не крануць шчырасць малітвы ў Спаса-Еўфрасіннеўскай царкве, на рэстаўрацыю якой таронтскі госць зрабіў ахвяраванне. Нават яго раптоўная рэзкасць таксама падабалася, балазе падставы для яе былі — і няздатнасць звязаць двух слоў падзякі на роднай мове ў тутэйшага беларуса, якому прывезлі ад замежных сваякоў падарунак, і нетактоўнасць людзей, што не давалі застацца ў храме сам-насам з мошчамі святой Еўфрасінні...
Там, на старажытным гарадзішчы часоў Рагнеды, на замчышчы, «дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель», каля магілы Янкі Журбы на Ксавэраўскіх могілках, у Спасаўскім манастыры, пад час сустрэчы з полацкімі літаратарамі, я пакрысе ўведаў асноўныя вехі жыццёвай дарогі заакіянскага паломніка.
Выявілася, што Кастусь Акула — колішні Аляксандр Качан, які прыйшоў на свет 16 лістапада 1925 года ў заходнебеларускай вёсцы Верацеі, што паблізу ад чыгуначнай станцыі Каралеўшчына (цяпер гэта Докшыцкі раён Віцебскай вобласці). Бацькі — Ігнат і Паўліна — мелі, апрача Алеся, яшчэ сем дзяцей ды дванаццаць гектараў ворнай зямлі. Маці сканала ад хваробы і была пахаваная ў Вільні на пачатку верасня 1939-га (спадар Кастусь марыць знайсці яе магілу і паставіць там помнік). Бацька імкнуўся даць сынам і дочкам асвету.
Кастусь — будзем карыстацца цяперашнім імем — вучыўся спярша ў пачатковай польскай школцы, пасля — у савецкай. У часе нямецкае акупацыі скончыў у Глыбокім шасцімесячныя настаўніцкія курсы і паспеў паспытаць хлеба вясковага настаўніка. Увосень 1943-га здаў экзамены ў апошні, восьмы клас Віленскай беларускай гімназіі. Пазней, у газеце «Зважай», ён будзе прыгадваць той час: «Ззамоладу прывабліваў мяне Полацак... Ранняй восенню 1943 года мы, тры студэнты з Вільні, пастанавілі наведаць старадаўнюю сталіцу Беларусі над Дзвіной. Таварным цягніком трэба было ехаць «на зайца», бо нямецкія акупанты дазвалялі на чыгунку адно сваімі «райзэшайнамі», а ў Вільні
здабывалі іх хіба толькі польскія спекулянты за адпаведных размераў «лапуўкі». Удалося за два дні праз Дзвінск даехаць да Дзісны, а там загарадзілі нам далейшую дарогу нейкай ваеннай сцяной... Плакаць хацелася».
Хлапцу не пашчасціла не толькі трапіць у Полацк, але і скончыць гімназію: пад час адной з паездак дадому трапіў у Менску ў аблаву. Вучэнне перапынілася трыма месяцамі нямецкай вязніцы і месяцам канцлагера, што быў паблізу Камароўкі.
Чэрвень 1944-га — паступленне добраахвотнікам у Менскую школу камандзіраў Беларускае Краёвае Абароны, а праз колькі тыдняў — эвакуацыя навучальнай установы, якая так і не паспела афіцыйна адкрыцца. Чыгуначныя эшалоны, бамбёжкі, першыя маршы па дарогах Еўропы. Напрыканцы жніўня таго ж года школа арганізавана перайшла да французскіх партызанаў — макісаў. Кастусь уступіў у 8-ю брытанскую армію ў Італіі, браў удзел у баях з гітлераўцамі на Апенінскім паўвостраве, памяткаю аб чым засталіся ўзнагароды — ангельскі «Медаль за вайну» і «Зорка Італіі».
Вяртанне на радзіму абяцала поўны набор сацыялістычных радасцяў ГУЛАГу. (Там запнуў бацька пісьменніка.) Паміж Беларуссю, але няволяй, і чужынаю, але свабодай, Кастусь Акула выбраў другое.
Жыццё ў вольным свеце пачалося з польскай вайсковай школы ў Ангельшчыне. Потым — пераезд у Канаду, праца на ферме. Таронта, дзе спадар Кастусь пасяліўся з мэтаю заснаваць беларускую нацыянальную арганізацыю. У 1948 годзе такая арганізацыя — Згуртаванне беларусаў Канады — была створаная, і Акулу абралі яе першым старшынём. Наперадзе чакалі грамадскія клопаты, палітычныя акцыі, што мелі немалы розгалас у прэсе.
Зарабляў на жыццё ў прамысловых кампаніях. Ажаніўся з беларускаю Надзяй Вернай, што нарадзіла яму чацвярых дзяцей...
I, вядома, творчая праца ў журналістыцы і на літаратурным палетку, якая, па словах спадара Кастуся, давала добрую духоўную падтрымку ў нялёгкім эмігранцкім быце.
3 1948 да 1954 года ён рэдагаваў штомесячную газету «Беларускі эмігрант». Быў сябрам рэдкалегіі расейскамоўнага таронтскага часопіса «Современняк», супрацоўнічаў з парыжскім «Контннентом». У 1962-м пабачыла свет першая кніга.
Шмат якія факты свайго жыццяпісу Кастусь Акула дапаўняе і ўдакладняе каларытнымі і дасціпнымі аўтабіяграфічнымі абразкамі пад агульнаю назвай «Россыпы», змешчанымі ў згаданай ужо кнізе «Усякая ўсячына» (Таронта, 1984).
Вось першыя ўражанні ад польскай «паўшэхнай» школы, дзе настаўніца спачатку на чужой, незразумелай мове дапытвалася пра «назьвіско», а потым «дала аловак ды пасадзіла на пярэдняй лаўцы... й загадала рысаваць сабачую будку».
Вось абразок «Нацыянальнасць»: «Першы раз давялося пачуць, што мы — Беларусы й што мова наша беларуская пад час
пярэпісі насельніцтва ў 1931 годзе. Два паважныя паны заселі за стол у нашай хаце, сабраўшы ўсю Качанову сям’ю, ды кажнага па чарзе пыталі імя. I памятаю, што сарамнавата было перад такімі важнымі ўраднікамі замурзаны твар паказваць, але на іхнае пытанне бойка адказаў: «Аляксандр». Ды найбольш здзівіла, што бацька на пытанне: «Нацыянальнасць?» адказаў: «Беларус».
Было мне тады шэсьць гадоў».
А вось «Паланізацыя праз Марусю» — пра старэйшую сястру, што прыехала на вакацыі з польскае вучэльні ў Новай Вілейцы ды ўзялася з усім дзявочым імпэтам «паланізоўваць» сям’ю, аж пакуль бацька Ігнась, паволі наліўшыся чырванню ды падкруціўшы вусы, не зняў з крука папругі...
Знаёмства ў 1939-м з савецкай уладаю таксама пакінула ў душы вечную засечку: «Першай зімой, як вызваліла нас ад усялякага дабра бальшавіцкая бязбожная навала, аўдавелы бацька ледзь даваў сабе раду з дзецьмі й гаспадаркай... Бацька будзіў мяне зімою дзесьці а гадзіне чацвёртай раніцай і пасылаў у хлебную краму ў адлеглае за тры кіляметры мястэчка...
У адзін марозны й ветраны дзень я быў на самым перадзе чаргі. Калі мяне прыперлі да клямкі, нешта кальнула ў грудзі. Я самлеў. Калі ачуняў, не мог адразу сцяміць, дзе знаходжуся. Чаму я ляжаў на снезе, чаму так балела ў левай грудзіне? Вецер неміласэрна сцёбаў дзве «чырвоныя анучы» •— сцягі над дзвярамі крамы, а вышэй іх, на вялікім і доўгім чырвоным палатне, белыя літары крычалі: «Спасмбо това р н шу Сталнну за с ч а с тлнвое детств о!»
Я спрабаваў устаць, разглядаўся. Людзі, няйнакш, звярамі парабіліся. Пакінулі мяне, скалечанага, самлелага на снезе... JieKapa не было. Прырода ўзяла верх. Гады чатыры пасля пачуў я ад медычнага афіцэра Восьмай арміі ў Італіі:«А дзе й калі ты рэбры паламаў?»