Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
* «Мой Джоні над акіянам», «Толькі пяць хвілін» (англ.).
— Маладзец ты, Віктар. Адным словам, Капанскаму, кажаш, межы беларускія паказаў. Нявузка! — гаварыў Сяцкевічу Кастусь Дзежка.— За тваю працу мала цябе пахваліць, але, мусіць, прыйдзецца й паставіць. Як ты думаеш, Сымон?
— Прапанову падтрымоўваю.
— Гэй! — паклікаў Дзежка кельнара й замовіў чатыры віскі.
— А ты помніш, Кастусь, як мы ў Занеўскага твае боты ў Вільні на адыходзе з Бацькаўшчыны прапілі? — прыгадаў Віктар Караткевіч.
— I добра зрабілі, a то чорту рагатаму Веньцю засталіся б.
— Хапіла яму й Сымонавага кажушка.
— Ха-ха-ха! — зарагаталі дружна два Спарышовы сябры.
— Ты, мусіць, не ведаеш, Сянкевіч, пра Сымонаў кажушок. Трэба будзе табе пры нагодзе расказаць,— прыабяцаў Дзежка, а Віктар Сянкевіч слухаў з ветлівай загадкавай усмешкай.
Кельнар паставіў перад хлопцамі чатыры порцыі шатландскага віскі.
— Ну то, хлопцы...
— За што ж вып’ем?
— Ты, Дзежка, прапануй.
— Сябры, як паперакульваем чаркі, то вобземлю іх, бо будзем піць тост за нашу галоўную мэту! — прыўстаў Дзежка, а за ім і сябры.
— Добра. Дык аб гэтай мэце давай.
— Сябры! Прапаную выпіць за хуткае вызваленне нашае Бацькаўшчыны! I давайце будзем старацца ўсімі сіламі, каб тое вызваленне прыспешыць!
— За вызваленне!
У адзін міг апусцелі чаркі й адна за другой пырснулі кавалкамі дробнага шкла на падлозе ў кутку.
— Брава, хлопцы! — захапіўся Дзежка й зрокам нявіннага сустрэў устрывожаны погляд кельнара. Падхмеленая публіка прыціхла, зацікавіўшыся водгаласам шкла.
— А ты чаго, брат, так перапалохаўся? — гаварыў Дзежка кельнару.— За чаркі зараз плачу. Мы пілі за вызваленне! Разумееш? Адкуль ты можаш разумець. Ты думаеш, братка, што Гітлер быў найгоршы, але пачакай. Ты не ведаеш маскалёў!
V
Назаўтра вялікая зала ў будынку на Ліндэн Гардэнс была перапоўненая жаўнерскай масай. Паз’язджаліся з розных аддзелаў чужое арміі, з усіх закуткаў Вялікае Брытаніі. Сабралася звыш паўтары сотні сяброў і дэлегатаў. Было б, пэўна, больш, калі б не перашкоды шматлікіх афіцэраў, якія адмаўляліся выдаваць пропускі на гэты, паводле іх, некарысны для польскіх інтарэсаў з’езд. Але лёд быў праламаны. Першы з’езд Згуртавання беларусаў Вялікае Брытаніі меў быць асноўнай вехай на шляху да самавыяўлення й згуртавання беларусаў з польскае арміі, а пасля й іншых беларускіх эмігрантаў у Ангельшчыне.
I гэтыя сябры й дэлегаты арганізацыі, першыя жаўранкі першага ў гісторыі беларускага з’езда-злёту ў Ангельшчыне, адчувалі ўрачыста-святочны настрой дня. Як-ніяк гэта яны, сыны працоўнага беларускага народа, сёння яшчэ жаўнерывыгнаннікі, мелі палажыць трывалкія падваліны пад першую беларускую нацыянальна-грамадскую арганізацыю на гэтым імглістым абтоку. Вонкавай адзнакаю святочнасці і ўрачыстасці была вялікая «Пагоня» на сцяне й засланы нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам стол прэзідыума.
Тыя, што гадамі не бачыліся, доўга й сардэчна сціскалі рукі, знаходзілі згубленых, здабывалі новых сяброў, смялелі й нанава ажывалі духам у вялікай роднай грамадзе. Былі між іх тыя, што належалі да сваіх арганізацый дома, былі й такія, якім ніколі не давялося быць сябрамі беларускіх гурткоў. I вось першы раз на вольнай, хоць і чужой зямлі з’ехаліся яны, як вольныя людзі, каб абгаварыць і наладзіць справы, якія ўсім роўным цяжарам ляжаць на сэрцах. I самі радзіць, пастанаўляць будуць, супольныя раны гаіць і моцы ў далейшым змаганні за вызваленне Бацькаўшчыны набіраць.
Старшыня Часовае ўправы ЗБВБ прафесар Гук адкрыў з’езд і цёплымі словамі вітаў сяброў і дэлегатаў. Гаварыў з узрушэннем, але выразна й паволі, быццам стараючыся нацешыцца свядомасцю гістарычнага моманту.
— Сабраліся мы тут сягоння,— гаварыў ветэран беларускага незалежніцкага руху,— каб палажыць цвёрдыя асновы пад нашу першую незалежніцкую грамадскую арганізацыю ў Вялікай Брытаніі. Дзеля развагі дзвюх асноўных праблемаў з’явіліся мы ўсе ў Лондан; першая з іх — гэта праблема нас саміх, значыцца, нашага перадусім арганізацыйнага, а ў не меншай меры й прыватнага, індывідуальнага
жыцця на чужыне, а другая — гэта праблема нашай паняволенай Бацькаўшчыны.
Мы ўсе сёння стаім на парозе новага й няведамага. Войска канчаецца. Мусім ісці ў цывільнае жыццё, выбіраць сабе месца жыхарства да часу, як мы надзеемся, не так далёкага павароту на вольную Бацькаўшчыну. У сувязі з гэтым перад кожным з нас паўстае шмат праблемаў. Шматлікія з іх кожны з нас вырашыць самастойна, але будуць і такія, якія лепш і з большым поспехам вырашым супольна. Гэтае вырашэнне й дапаможа міжсобку й будзе адной з асноўных мэтаў нашай новапаўсталай арганізацыі.
Бацькаўшчына наша знаходзіцца сёння ў маскоўскабальшавіцкай няволі. Народ беларускі стогне ў непасільным ярме маскоўскай калгаснай паншчыны, чужынцы паступова й метадычна эксплуатуюць ягоныя матэрыяльныя багацці й людскія рэзервы. Народ не мае ніякага голасу ў справах свайго жыцця й будучыні. За яго й ад імя яго гавораць тыя, што яго прыгнятаюць. Бальшыня нас тут прысутных шмат цярпела пад ціскам нялюдскай маскоўска-бальшавіцкай бязбожнай сістэмы й дасканала ведае, ці можа ўяўляць сабе тое жахлівае палажэнне, у якім апынуліся нашы суродзічы на Бацькаўшчыне.
Дзякуючы незалежным ад нас абставінам, знаходзімся мы на гасціннай ангельскай зямлі й хоць будзёншчына наша — цяжкая, будучыня — цёмная, а сэрцы нашы стала тужаць за Бацькаўшчынай, мы — вольныя людзі. Мы маем адно незаменнае й для жыцця неабходнае, чаго не мае паняволены народ наш: вольнасць слова, рэлігіі, згуртавання, прапаганды, прыватнай собскасці й шмат іншых вольнасцяў.
Такім чынам, само палажэнне наша накладае на нас вялікія абавязкі, Перш за ўсё, безумоўна, як я ўжо раней успомніў, будзем тут на з’ездзе радзіць і абмяркоўваць, як дапамагчы самім сабе. Грамадою гэта зробім лягчэй і хутчэй. Але не забываймася аб нашым асноўным абавязку, гэта аб тым, што мы, як згуртаваная ўжо й сільная адзінка, мусім расказаць свету аб здзеках над нашым народам, аб ягоным змаганні за вольнасць і незалежнасць, аб тым, што народ не жадае ўлады Масквы, што хоча сам гаспадарыць без прымусу крамлёўскіх чыноўнікаў і іхніх падхалімаў. Вольны свет пра наш народ і ягонае вызвольнае змаганне ведае мала або й зусім не чуў. Тут і ёсць наша асноўнае заданне: праз нашу грамадскую й палітычную працу, як тут.
у Вялікай Брытаніі, так і ў іншых краінах пасялення беларускае эміграцыі, расказаць вольнаму дэмакратычнаму свету праўду аб беларускім народзе, ягоным змаганні, правах дый мабілізаваць яму дапамогу...
Прафесар Гук гаварыў даволі доўга. I расла, слухаючы яго, першая згуртаваная беларуская грамада ў Вялікай Брытаніі. Расла ўліванымі ў сэрца надзеямі, свядомасцю сілы ў супольнасці і ў рэалізацыі агульных заданняў і абавязкаў. Расла, будуючы першы, мо й часовы, дом на чужыне, каб спрычыніцца пазней да пабудовы вольнага агульнанароднага. I рыхтавалася ісці штурмаваць недаступныя да гэтага часу чужыя ўрады, амбасады, арганізацыі, прэсу, каб несці праўду пра Беларусь, каб знаёміць чужых і прыхільных з лозунгам вызвалення, каб мабілізаваць паняволеным дома дапамогу. Ставіла першыя вехі на шляху сваім, каб у будучыні не паўтарылася тое, што было ў мінулым, і каб беларускі народ, калі прыйдзе наважальны дзень, меў за межамі вушы, што прыслухоўваліся б, сэрцы, што спачувалі б, галасы, што закінулі б слова, і рукі, што дапамаглі б.
Таронта, 1958—I960
Пасля першых адгалоскаў
Кожнаму аўтару, асабліва калі праца ягоная паважная тэмай і размерам, карціць ведаць думку чытачоў. У эміграцыйных абставінах водгукі й крытыка асабліва вартасныя, беручы на ўвагу, што ўмовы для творчасці тут цяжкія й неспрыяльныя. Гэткі ўжо лёс палітычнага эмігранта.
Мінуў ужо блізка год ад часу, як «Змагарныя дарогі» трапілі ў рукі чытачоў.
Паводле першых адгалоскаў цяжка меркаваць яшчэ аб вартасці працы, ды хіба ж аўтару адно выпадала б сядзець і прыслухоўвацца, як ганяць ці хваляць. I гэты скупы артыкул з’явіўся не з намерам самагратыфікацыі. Адылі пэўныя рэчы ўжо цяпер уважаю сваім абавязкам высветліць.
Найперш хочацца падзякаваць чытачам, што вусна ці пісьмова выказалі аб успомненым творы свае думкі. Іхнія выказванні з’яўляюцца да гэтага часу адзіным і, бадай, ці не найлепшым барометрам, які не толькі ў адносінах да «Змагарных дарог», але ў ладнай меры вымярае наогул ступень літаратурнай зацікаўленасці нашага эміграцыйнага грамадства.
Мімабегам аддаю вялікае дзякуй усім супрацоўнікам «Бацькаўшчыны»* ды іншым добразычлівым сябрам, што прыйшлі мне на дапамогу пры распаўсюджванні кнігі, збіранні й складанні ахвяраў на пакрыццё даўгоў за выданне яе. Даўгі гэтыя яшчэ адно напалавіну пакрытыя, і тых, што змаглі б далей дапамагчы, прасіў бы гэта зрабіць.
Да гэтага часу нарабілі найбольш шуму пераважна моманты палітычна-вайсковага характару, адлюстраваныя ў кнізе. На іх і хачу спыніцца.
Збіраючы матэрыялы для «Змагарных дарог», у свой час я прасіў шмат каго, каб памаглі інфармацыямі. Ад часу апошняе вайны сплыло шмат вады. Тое, што тады магло паказацца нам у светлых колерах, сёння выглядае чорным або наадварот. Групавае палітыканства на эміграцыі шмат чаго больш зацямніла, чым высветліла. 3 перспектывы часу лягчэй ацэньваць падзеі, характарызаваць людзей адно тады, калі ёсць доступ і да людзей, што бралі ў іх удзел, і да архіўных матэрыялаў, ды калі ёсць умовы да гэтага.
Калі ж няма такіх перадумоваў, тады ствараецца зусім ад-
Газета беларускае эміграцыі, што выходзіла з 1947 года ў Мюн-
хене.
менная і для бальшыні тых, што й жадалі б такімі працамі займацца, прост-напрост немагчымая сітуацыя. Усё гэта добра мне было ведама.
Беручыся за працу над «Змагарнымі дарогамі», давялося разлічваць адно на добрую волю людзей, што былі ў віры беларускіх гістарычных падзеяў ды маглі больш-менш аб’ектыўна ацэньваць іншых і інтэрпрэтаваць выпадкі ці нават прыгадваць простыя факты. Шматлікія людзі, выказванні й інфармацыі якіх былі нагвалт неабходнымі дзеля аб’ектыўнага асвятлення падзеяў, зусім не рэагавалі на мае звароты, уважаючы, відаць, што, як той казаў: «Вось там нехта зноў носіцца з нейкім праектам, з якога й так выйдзе пшык». 3 іншымі ж, на вялікі жаль, нават не ўдалося ўстанавіць пісьмовага кантакту. I вось давялося арганізаваць, ацэньваць, узважваць, перасейваць тое, што было вядома, дый намагацца на гэтай аснове знайсці нейкі аб’ектыўны вобраз як характарызаваных падзеяў, так і ўдзельнікаў іх. He ўсюды гэта ўдалося.