Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
У «Россыпах» пісьменнік змясціў і свае юначыя вершы, друкаваныя ў беларускіх газетах у 1943—1944 гадах, калі ў Аляксандра Качана з’явіўся першы літаратурны псеўданім — Міхась Козыр. Тады ж ён упершыню даведаўся, што такое цэнзура. Калі ў «Беларускім голасе», які лацінкаю выдаваў Францішак Аляхновіч, быў апублікаваны верш Козыра «Прывітаньне Вільні», ён прынёс семнаццацігадоваму аўтару не ўсцеху, а горыч: нямецкі або летувіскі цэнзар зняў цэлую страфу:
Прывітанне табе, Вільня!
Слаўны горад Крывічоў,— Места памятак магільных Нашых прадзедаў, дзядоў.
Больш радасці падараваў паэту-пачаткоўцу апублікаваны ў красавіку 1944-га ў газеце «Раніца» верш «Вялля».
Вецер ціхі, лагодна купаецца ў хвалях, Махам крылля пяшчотна ласкае іх гладзь. Косы сонца ў вясновых цудоўных каралях Рассыпаюцца ў тонь, каб з вадой пагуляць.
Плыве ціха Вялля, поўна велічы, казкі, Палыскуе блакітам чароўна ўдалі, Вее подыхам лёгкім, чуццём дзіўнай ласкі Да радзімае маці, крывіцкай зямлі.
Вершы Кастусь Акула пісаў і потым. Здаецца, найбольш атрымліваліся ў яго трапныя і па-добраму злыя наследаванніпародыі на рыфмаплёцтва ўлаўраных «песняроў», што спявалі асанну «партыі роднай».
Апрача аўтабіяграфічных згадак, вершаў, фельетонаў і нарысаў з жыцця беларускай дыяспары, чытач «Усякай усячыны» знойдзе ў кнізе камедыю ў трох дзеях «Тараканы ў саладусе», галоўныя дзейныя асобы якой паходзяць з сялянскай сям’і Сцяпана Пінкевіча, што, шукаючы лепшай долі, пераязджае ў Канаду. Між іншым, гэтая п’еса развенчвае створаны некаторымі празмерна захопленымі айчыннымі журналістамі міф, паводле якога за акіянам што ні беларус — то палымяны патрыёт ды нястомны захавальнік роднае мовы. Праз тры гады Пінкевічы ўжо маюць свой дом, але затое ўжо не маюць свайго прозвішча, замяніўшы яго на Пінк. Другая дзея пачынаецца са сцэны, калі Сцяпанава жонка Марыля лічыць, раскладаючы па кучках, даляры, а яе сынок Васіль (ён жа — Біл) лётае вакол з захопленым крыкам «How much money!» («Колькі грошай!»).
I ўсё ж Кастусь Акула найперш празаік.
«Сядзьце побач,— даверліва звяртаецца ён да чытача,— падумаем, паразважаем. 3 якога, дазвольце спытаць, вы году й каторага стагоддзя? Прызнаюся вам, люблю, як некалі Стэндаль, звяртацца да тых, што. пасля прыйдуць. Ці мала хто мяне за маю пісаніну дзіваком лічыць. Вы, пэўна ж, з адлегласці часу, інакш мяне разумееце. Апроч таго, у вас яшчэ адна выгада: праз мяне вы можаце зазірнуць у мой свет, а я ў ваш аніяк не магу...»
Зазірнуўшы ў свет К. Акулы, вы, напэўна, не пашкадуеце. У лепшых сваіх творах пісьменнік па-беларуску грунтоўны, схільны да роздуму і чуйны да дэталі, няспешлівы і паважны. Але знячэўку — і зноў жа зусім па-беларуску — возьме ды напіша нешта накшталт «Запісак Яўхіма Крайняга» з эпіграфам «Каму прысвячаю, той сам адгадае». А прысвячаюцца гэтыя вясёлыя замалёўкі жыхарам канадыйскага мястэчка Сторывіла, дзе (як напісала б савецкая прэса пра які-небудзь наш заводскі пасёлак) «у дружнай сям’і прадстаўнікоў розных народаў» жывуць і беларусы. Праблемы ў сторывільцаў, што праўда, трохі розняцца з нашымі. Бальшавікі, да прыкладу, запускаюць у космас штучны спадарожнік з сабакам, а жыхарства Сторывіла — не каб разам з усім прагрэсіўным чалавецтвам пляскаць у ладкі — распачынае
змаганне супроць здзекаў з жывёліны, рыхтуе пратэст у савецкім пасольстве ды разам са сваімі чацвераногімі сябрамі збіраецца ў зале ратушы на мітынг, куды потым — мусіць, дзеля падтрымкі патрабаванняў — нехта запускае цэлую грамаду катоў...
Кастусём Акулам напісана багата празаічных твораў. Пачаў жа ён, як здараецца нячаста, адразу з рамана. Пэўна, гэта можна вытлумачыць тым, што надта ж вялікі цяжар уражанняў, надзей, расчараванняў і новых спадзяванняў захоўвала ў сабе душа. «Вызвольны» паход Чырвонай Арміі ў верасні 1939-га. Гітлераўская акупацыя. Ваенныя шляхі праз некалькі дзяржаў. Пакутліваняпростае ўрастанне ў чужы свет, дзе трэба — каб застацца самім сабою — зберагчы свой характар, звычаі, мову. Такі багаж не заладуеш ні ў аповяд, ні ў аповесць. 3 тых юначых уражанняў, якіх хапіла б на колькі лёсаў, і нарадзіўся дакументальны раман «Змагарныя дарогі».
Твор адкрывае ўводная частка «Гітлераўская акупацыя Беларусі», дзе падаецца агульная ацэнка становішча, апавядаецца пра адміністрацыйны падзел захопленай зямлі, ахвярную працу беларускіх настаўнікаў, пра беларускія арганізацыі і вайсковыя фармаванні. Параўноўваючы сталінскі і гітлераўскі таталітарныя рэжымы з міфалагічнымі Пачварамі Сцылай і Харыбдай, К. Акула з непадробленым болем піша пра трагедыю нашай зямлі: «Душылася, крывавілася, гарэла й папялілася між двума хіжакамітытанамі бедная й шматпакутная Беларусь... I не было аднікуль дапамогі, ратунку, ані спагады. Дзе што магло й як магло — арганізавалася й ратавалася. У жахлівых муках і цярпеннях нарадзілася ўсведамленне істоты існавання: каб быць і жыць, каб знайсці ратунак, трэба было лічыць толькі й выключна на свае собскія сілы».
У гэтым вось пекле і апынуўся Сымон Спарыш (у ім досыць лёгка пазнаецца сам аўтар) ды ягоныя сябры з Менскай школы камандзіраў БКА, якім прысвечаны раман. Змагарныя дарогі Спарыша пачынаюцца ў рамане з моманту эвакуацыі школы з Менска ўлетку 1944-га, а заканчваюцца зімою 1947-га ў Лондане, на Першым з’ездзе беларусаў Вялікае Брытаніі, дзе Сымон зноў сустракаецца са сваімі баявымі таварышамі Віктарам Караткевічам, Кастусём Дзежкам, Віктарам Сянькевічам. Прамінулыя гады сталіся для іх часам хуткага грамадзянскага ўзмужнення.
Раман складаецца з трох асноўных частак, у назвах якіх дакладна пазначаны ваенныя маршруты яго герояў: Менск — Альткірх — Берлін — Цвізель — Неапаль — Балонья — Лондан. У шэрагу раздзелаў — «Беларуская цэнтральная рада ў Берліне. Генерал Езавітаў, Астроўскі й Шувалаў», «Загуба генерала Езавітава», «Дывізія «Беларусь» пераходзіць да амерыканцаў» і г. д.— аўтар, выкарыстоўваючы сведчанні ўласнае памяці, дакументы, а таксама ўспаміны відавочцаў, аднаўляе падзеі, што выходзяць далёка за межы асабістага лёсу некалькі галоўных персанажаў. На старонках кнігі дзейнічаюць не толькі прэзідэнт БЦР Радаслаў
Астроўскі і рэферэнт вайсковых спраў Рады Канстанцін Езавітаў, але і кіраўнік створанай у гады акупацыі «Беларускае Самапомачы» Іван Ермачэнка, камандуючы «Беларускай Краёвай Абаронаю» Францішак Кушаль ды іншыя вядомыя постаці таго часу. Акула паспяхова пазбягае ідэалізацыі гэтых людзей і паказвае, што, апынуўшыся ў жорнах вайны, яны паводзілі сябе па-рознаму: адны найвышэй ставілі інтарэсы заняволенай Бацькаўшчыны, іншыя былі няздольныя падняцца вышэй асабістых амбіцый і інтарэсаў, для некага наогул не існавала нічога святога. Сярод герояў рамана і такія самаадданыя беларусы, як намеснік камандуючага БКА капітан Мікула, які гітлераўцаў ненавідзеў гэтаксама, як бальшавікоў, працаваў дзеля стварэння нацыянальнага войска і ў выніку папоўніў бясконцы спіс ахвяраў газавых крэматорыяў Дахаў. Да рэальных асобаў «Змагарных дарог» належыць і князь Юры Радзівіл, з якім Сымон £парыш (і Кастусь Акула) вучыўся па вайне ў «Школе падхаронжых панцырнай зброі».
Кніга багатая на аўтабіяграфічныя прыгады. Аўтар няраз выклікае з памяці вобраз бацькі, што пасля прыходу бальшавікоў «вечна праклінаў гэтую нячыстую сілу», маючы вечныя турботы аб тым, як выплаціць падаткі, аддаць «культналогі», «ізлішкі» й іншае, бясконцае...». Створаны незабыўнай Ларысай Геніюш хваласпеў беларускай сям’і міжволі ўзгадваецца, калі чытаеш гэткія ж прачулыя «сямейныя» мроі-ўспаміны К. Акулы. Напрыклад, гэты •— пра бясконца дарагое нашай нацыянальнай душы светлае таемства Куцці, што дае Спарышу духоўны падмацунак за тысячы міляў ад дому, у Італіі: «Вось сядае за стол уся сямейка, й бацька адмаўляе малітву. Усе набожна хрысцяцца. Месцы навокал стала занятыя, акрамя аднаго. Мусіць, пакінулі для яго — Сымона... Вунь пачалі ўжо цягнуць з-пад абруса сена й варажыць. Найдаўжэйшую травіну выцягнула найменшая Сымонава сястра. Усе прарочаць ёй шчасце і ўсміхаюцца. Бацька выцягнуў найкарацейшую й зажурыўся... За Сымона цягне малодшы брат. Усе пільна сочаць за ягонай рукой. Выцягвае доўгую, сухую, пакручаную, тонкую травіну. Задумаўшыся, прыглядаюцца і ўздыхаюць. Ці ж могуць угадаць Сымонаў лёс?..»
Праз увесь раман праходзяць дзве скразныя тэмы: любасць да бацькоўскае зямлі і пратэст супроць вайны з яе вусцішнымі гекатомбамі і нязмернымі пакутамі ўцягнутых у крывавы вір народаў. Лежачы ў настылым вайсковым бараку на другім краі Еўропы, Сымон дае Беларусі самім сабою прыдуманую прысягу. «Няхай Бог усемагутны будзе мне сведкам,— шапталі ў цемнаце вусны,— дарагая мая Бацькаўшчына, што на ўсё жыццё прысягаю служыць Табе й толькі Табе... Прысягаю на светлую памяць пакойнай маткі маёй, на нявінную кроў маіх суродзічаў, на памяць загінуўшых незлічоных нашых змагароў за лепшую долю, што верным застануся Табе аж да смерці. Калі б я свядома адрокся тут прырэчанага — няхай мяне пакарае Бог. Сведкамі гэтаму ёсць маё сэрца й сам Усемагутны». I — у працяг гэтых слоў — яшчэ
адна вынятка: «Калі ўжо пакінуць убаку іншыя прычыны, дзеля якіх юнакі пачалі хутка ненавідзець сваіх нямецкіх інструктараў, адну, самую асноўную, трэба яшчэ раз падчыркнуць: усе яны прыйшлі ў армію добраахвотнікамі й прыйшлі змагацца за ідэю, а не за нямецкі хлеб. Калі паўстала думка аб пераходзе да французскіх макісаў, то кожны разважаў, што ... і адысці можа сам, калі захоча. Наверх усяго, меркавалі яны, прыйшлі ж у беларускую армію, а не ў нямецкую, ваяваць за беларускі народ, а не за нямецкі. Дык і за што ж мелі змагацца яны, апынуўшыся ўжо ў Францыі, калі цэлая Беларусь была зноў у бальшавіцкім ярме? Ці не лепш было далучыцца да тых народаў, што змагаюцца супраць тыранаў?» Невыпадкова Спарыш і яго таварышы з такім урачыстым натхненнем чыталі потым «Беларускія Навіны» — адну з першых газет новай эмігранцкай хвалі.
Зусім іначай успрымаў ваенную рэчаіснасць былы школьны вартаўнік з Каралеўшчыны Вітвіцкі, што ў зялёным мундзіры ўрадніка разгульваў па вуліцах Глыбокага з пісталетам у кішэні і страляў без папярэджання ў мясцовых яўрэяў, якія не паспелі зняць перад ім шапкі і пакланіцца. Кожная праходка па мястэчку давала свой страшны плён, але кату было гэтага мала, і, каб увесці сваіх няшчасных ахвяраў у зман і пакінуць на бруку паболей трупаў, ён адмыслова апранаўся ў цывільнае. 3 таго самага разраду і начальнік паліцыі раённага гарадка лейтэнант Сцервін (прозвішча ці не занадта знарочыстае), «беларус адно з назову й для ныгады», які з цынічнай адкрытасцю называў сваю пасаду «карытам» і дзеля свайго інтарэсу — каб прысабечыць чужы набытак ці займець у ложак чужую жонку — мог абвясціць камуністам і ворагам «новага парадку» каго заўгодна.