Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Нешматлікія з гэтых фактаў былі ведамыя тым, што знаходзіліся пад нямецкай уладай, дый далёка не адразу. Газеты й радыё інфармавалі людзей з вялікім спазненнем, а вестак аб няўдачах найчасцей не падавалі зусім.
У мурах школы камандзіраў БКА вучні не ведалі аб
тым нічога. У горад выходзіць не дазвалялася. Кожны быў больш зацікаўлены парадкам дня й новымі абставінамі, чымся навінамі з прэсы. За грукатам і шумам вуліцы слаба чуваць было штораз бліжэйшае рэха гарматаў з усходу, а калі ноччу, на агульную трывогу, выбягалі хлопцы з будынкаў у акопы, то ўважалі гэта за нармальнае ў ваенных часах з’явішча. Часта даводзілася сядзець у бамбасховішчах больш за гадзіну, а па адкліканні трывогі з уцехаю беглі ў казармы, дзе чакала адкрытая, хоць ужо й астылая пасцеля, каб заўтра на кліч службовага «ўставай!» ізноў як найхутчэй стаць на ногі.
IV
Вечарам 28 чэрвеня, як кожнага вечара, была скліканая зборка на малітву перад сном. Як ніколі раней, абедзве роты стаялі на першым паверсе. Пасля малітвы нямецкі інструктар фельдфебель Турн паклікаў да сябе перакладчыка.
— Згодна з загадам вышэйшых уладаў,— пачаў ён,— заўтра раніцою а гадзіне сёмай усе ўдзельнікі школы маршыруюць з Менска праз Маладзечна й Вільню на Горадню. Менск мае быць эвакуаваны. Далейшае наша шкаленне маем прадаўжаць у Горадні. Ідзём пехатой.
Звыш дзвюх сотняў застылых постацяў, уталопіўшыся ў Турна, замянілася ў слых.
— На вазы,— працягваў немец,— якія маем, загадана заладаваць найбольш неабходныя рэчы — харчы, зброю й амуніцыю. Кожны з вас забярэ сваю стрэльбу. Атрымаеце амуніцыю. Бярыце рэчы толькі найбольш неабходныя й тыя, што па дарозе не будуць вас залішне абцяжарваць. Камандзіры звязаў вызначаць па трое чалавек, якім аддадуць несці лёгкія кулямёты. Людзі гэныя будуць поўнасцю адказныя за зброю й няхай не асмеляцца яе кінуць. Калі б хто так зрабіў, будзе караны. Зазначаю, што ўсё павінна быць у найлепшым парадку, які пад час эвакуацыі неабходны. Цяпер камандзіры дадуць інструкцыі да парадку падрыхтоўкі. Няхай ніхто не смее спаць. Я скончыў.
Гэтая апошняя засцярога была непатрэбнай. Вестка атрымалася такой неспадзяванай і ашаламляльнай, што спаннё нікому не было ў галаве. Пасля атрымання дадат-
ковых інструкцыяў ад камандзіраў звязаў зборка скончылася, а ў залі запанавалі крыкі й гул.
— Канюхі, давай на двор, амуніцыю ладаваць на вазы! — Успееце!
— Што знача ўспееце? Вы забыліся аб паслухмянасці? Перш там зробіце, а пасля каля сябе. Хутчэй! Дзе іншыя?
Кадэты не адразу ўзяліся за работу. Навіну трэба было абгаварыць.
— От і выйгралі вайну! Бачыў кум сліўку? Хутчэй адсюль уцякаем, чымся прыехалі. Школа ў Горадні... Гм, гэта выглядае віламі па вадзе пісана...
— Як школа будзе ў Горадні, то я буду называцца... Ну не ведаю як...
— Перадусім калі ты там будзеш?
— А табе спешна?
— А што ж не? Як атрымаеш ад бальшавікоў у каршэнь, то пабачым, ці табе не будзе спешна.
Хтосьці зарагатаў.
— Гэта менш важна. Найважнейшае тое, што ідзём пехатою. Ты ўяві адно пехатой такі свет дарогі.
— Трэба было табе ў кавалерыю йсці, то паехаў бы...
— От і навучыліся. Я не спадзяваўся...
— Добра Коля зрабіў, што не паехаў сюды. Бачыш во, адкуль можна ведаць...
— Скончыць там гутаркі ды брацца за падрыхтоўку,— загадаў інструктар.
Хлопцы крыху прымоўклі. Той ці іншы паволі ўзяўся за работу. Цэлая ноч была наперадзе, й ніхто надта не спяшаўся. Хацелася пачуць найбольш дэталяў аб заўтрашнім падарожжы, дый аб далейшым, але ніхто нічога не ведаў. Кароткія й адрывістыя словы Турна шмат не выяснілі. Самая вестка, што далейшае шкаленне будзе прадаўжацца ў Горадні, была вельмі сумлеўная. Хто ж мог сказаць, што савецкі наступ будзе спынены перад Горадняй? А калі й так, то на як доўга? А пасля — гэта амаль пэўна — будуць ізноў уцякаць. I на чым тое ўсё кончыцца?
Што будзе з іхнімі бацькамі, якіх пакінулі дома і якія нічога не ведаюць, што сёння сынам загадана пакінуць Менск, а за пару дзён, можа, й Бацькаўшчыну? Ці сённяшні загад маршыраваць на Горадню абазначаў для іх заўтрашні загад пакінуць Бацькаўшчыну назаўсёды? Ведалі, што Нямеччына ў крызісе патрабавала маладых людзей для працы й сілаў для абароны на франтах. Чым стане для
іх вайсковая вопратка з днём, як акупацыя ўсяе Беларусі маскоўскім агрэсарам станецца фактам? Ці будуць змушаныя аддаць сваё маладое жыццё за тых, што хацелі накінуць свету бяспрыкладную няволю?
Няшмат хто з іх прыйшоў да так далёкіх рэфлексіяў. Адно кожны ведаў, што заўтра а сёмай гадзіне раніцай паставіць першы крок на дарозе, якая няведама дзе, калі і чым скончыцца. Будуць гэта першыя крокі на дарозе няведамай і няпэўнай, цяжкой і надта небяспечнай.
Падрыхтовы да адыходу скончыліся блізка раніцы. Той ці іншы прылёг на голай пасцелі, каб злавіць колькі хвілін сну. Нядоўгай была дрэмка, бо ўжо а пятай гадзіне загадалі выходзіць на двор да апошняга перагляду. Каля складоў стаялі запрэжаныя каламажкі, а канюхі канчалі ладаваць харчы, зброю й амуніцыю.
V
У хуткім часе з бязладнае, гаманлівае масы заспаных рэкрутаў сфармаваліся два асобныя доўгія трохшэрагі, устаўленыя адзін за другім фронтам да зялёнага будынка, і пачаўся апошні перагляд. Дружыновыя й звязовыя абыходзілі навокал сваіх падуладных, таму ці іншаму даючы кароткія ўвагі. Хтосьці ў скручаны й надзеты на шыю коц напакаваў зашмат хлеба, іншы занадта абцяжыў патранташ амуніцыяй, трэці меў, здавалася, зашмат рэчаў і ніяк не мог парадзіць. Усё гэта патрабавала нагляду з боку старэйшых і спрактыкаваных. He радзілі нікому занадта сябе абцяжваць, ведаючы, што й так па дарозе шмат хто застанецца ззаду. Капітан Мікула й капітан Шнайдар наглядалі за агульным парадкам і давалі апошнія, звязаныя з падарожжам, загады. Капітан Ласкутовіч яшчэ раней адпрасіўся ў камандуючага БКА, каб заехацца ў Стоўпцы па сваю сям’ю. Да афіцэрскае школы меў далучыцца пазней.
Калі ўсё было гатовае, капітан Мікула, седзячы на кані, звярнуўся да юнакоў з такімі словамі:
— Хлопцы! Хачу перад адмаршам сказаць вам колькі слоў. Шкада, што быў кароткі час і мы яшчэ добра не пазналіся. Але маю надзею, што, будучы разам, зжывёмся. А гэта цяпер самае асноўнае — прашу вас трымацца разам. Ведаю, што ўсе вы надзвычай добрыя й сумленныя беларусы, вялікія патрыёты, але ўсе вы яшчэ зялёныя. Перад
намі стаіць вялікая дарога, якая няведама дзе й чым скончыцца. He хачу вас дарэмна цешыць, а кажу так, як ёсць. Перад намі цяжкасці й небяспекі. Дзеля таго наша згуртаванасць поўнасцю неабходная. Трымайцеся разам і слухайце загадаў. Дысцыпліна — самае асноўнае. Ад сябе хачу запэўніць, што я вас не пакіну й заўсёды буду з вамі. Лічыце на мяне ва ўсім і лічыце не толькі за камандзіра, але й за старэйшага сябру. Я са свайго боку хачу верыць, што вы ўсе мне блізкія сябры, што на вас магу палягаць, што не падвядзеце. Дык давайце, трымаймася разам. А цяпер — шчаслівае дарогі!
Гэтыя кароткія, вымаўленыя ў сяброўскім духу словы адразу здабылі для капітана Мікулы масу сяброў. Шэф штаба БКА быў з тых людзей, якія не толькі сваімі словамі, але й прыязным даверлівым паглядам, сяброўскабратняй прастатой, карогкім жартам і ўсмешкай будзілі да сябе пашану й здабывалі давер. У сваім падыходзе да жаўнераў, асабліва ж да кадэтаў, ён шмат розніўся ад KaniTana Ласкутовіча, у якога найбольш віднай была вайсковая «помпа», надутасць, дэманстрацыйнасць, штучная палітуроўка. Праўда, кадэты слабавата ведалі яшчэ як аднаго, так і другога, але калі б ужо давялося выбіраць, дык, пэўна ж, больш галасоў выпала б на Мікулу.
VI
Сонца ўжо выглянула з-за ўсходняга шчарбатага сілуэта горада і ў поўнай летняй велічы засмяялася на лёгка-блакітным небе. Адчыніліся вароты Паўночных казармаў. Выходзіла першая рота, другая, пасля абоз. Выцягнулася даўгая калона, а дагэтуль глухая вуліца задуднела сотнямі жаўнерскіх і конскіх падковаў. Глухі й раўнамерны грукат цяжкім рэхам адбіваўся й гінуў у суседніх руінах. Адзін ці другі жыхар прывулічнае хаты нема прыліп да акна, прыглядаючыся да чорнай калоны. He махаў на развітанне рукою, але, пэўна ж, нешта варажыў аб будучыні. Мо лічыў, што за колькі дзён прыйдуць іншыя «вызвольнікі». Бо ўжо ж як там ні было, а прыйсці, пэўна ж, прыйдуць... Дый якое новае няшчасце, якія здзекі прынясуць?..
Калі перад гэтым выходзілі кадэты за муры школы, дык ужо на трэцім кроку зачыналі «Першы звяз» або «Мы бойкая моладзь». 29 чэрвеня выйшлі яны за браму
моўчкі, й толькі гулкі крок ды раўнамернае ляскатанне колаў каламажак замянілі рэха колішняй вясёлай і паўнагучнай мелодыі. Цішыня панавала ў шэрагах.
Узняўшы хмару густога й едкага пылу, павярнулі направа, на пясчаную, пратаптаную сярод папялішчаў і руінаў дарогу, што вяла на Галоўную вуліцу. Тая грукацела несканчоным эшалонам цяжкіх вайсковых транспартных машын, коламі вялізных гарматаў, гусеніцамі цяжкіх і лёгкіх танкаў. Ехалі яны радамі, адзін побач другога, а пры магчымасці кожны стараўся абмінуць пярэдняга. Моцны гул суправаджаў іх праз амаль пустыя ад цывільных жыхароў вуліцы Менска. Усё кіравалася на Радашковічы й Маладзечна. Туды ж павярнула й школа, паволі пасоўваючыся левым бокам дарогі.
Вось канчаюцца ўжо апошнія, драўляныя, там-сям раскінутыя побач шашы гарадскія збудаванні. Мінае яшчэ гадзіна — горад застаецца далекавата ззаду. He адзін з маршыруючых аглядаецца, быццам бы хочучы ў памяці ўтрываліць рысы дарагога места. Пару гадзін назад развіталіся з зялёным будынкам, хутка гарызонт схавае за імі апошнія прадмесці, й толькі імглісты вобраз зруйнаванае сталіцы надоўга застанецца ў памяці.
Высока ўжо паднялося спякотнае сонца. Як на далані відаць наперадзе даўгі вуж выезджанай дарогі, дзесьці на небакраі — сінявы шнур лясоў. Анямела, прытуліўшыся ў цень дрэва, галаслівая птушка, далёка ад грукатлівае дарогі адляцеў вясёлы жаўрук. Грукаціць тая дарога сотнямі жаўнерскіх і конскіх падковаў, тысячамі колаў цяжкіх грузавікоў, енчыць і стогне пад цяжарам панцырных вазоў. Усё гэта з поспехам імкнецца на захад, з такім поспехам, што не варожыць уцекачам перамогі.
Паволі пасоўваецца доўгая чорная калона, выбіраючы пабочныя прыдарожныя сцежкі. Звычайна маюць тыя сцежкі два кірункі, але гэтым разам усе падарожныя, а была іх колькасць незлічоная, кіраваліся на захад.