Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
У Заходняй Беларусі, як мы ўжо вышэй прыгадвалі, проста масава кінуліся ў паліцыю палякі. Стваралася ўражанне, што рабілася гэта з нечага загаду. Між палякаў было шмат падафіцэраў і наогул людзей, што ведалі вайсковую справу ды часценька й нямецкую мову. Маса з іх пісалася «фольксдойчамі». Хутка яны сталі перакладчыкамі, улезлі ў давер гэбітс-камендантаў паліцыі, а стаўшы іхнымі дараднікамі, фактычна праводзілі ў жыццё палітыку экстэрмінацыі беларусаў. У дапаможную паліцыю трапіла таксама нямала розных ападкаў грамадства, крымінальнікаў, агулам гаворачы, рознага элемента, што пранюхаў магчымасці рабункаў і нажываў за кошт мясцовага насельніцтва.
Ва Усходняй Беларусі ў дапаможную паліцыю насамперш хлынулі энкавэдзісты, адсталыя ад сваіх аддзелаў або проста былыя чырвонаармейцы й злачынцы розных масцяў і велічыняў,
выпушчаныя з турмаў пасля прыходу немцаў. Масава пайшлі ў паліцыю й такія немцы з-над Волгі, што былі людзьмі малой вартасці й нізкай маральнасці. Немцы ж ахвотна іх прымалі, як сваіх аднапляменцаў. Яны й апанавалі становішчы камендантаў паліцыі ў «гэбітах», стаўшыся найчасцей дараднікамі й перакладчыкамі. Немцы хутка апякліся, бо крымінальны элемент адразу пачаў сябе выяўляць. Пачаліся рэпрэсіі. Злачынцаў вылоўлівалі й сурова каралі — найчасцей вешалі.
Беларусы спачатку зусім ухіляліся ад супрацоўніцтва з акупантам, але хутка адкрыліся ім вочы, калі ўбачылі, што чужы, часта крымінальны й наогул варожы элемент, скарыстаўшы з нагоды, узяў у свае рукі зброю й рабіў больш шкоды, чым самі гітлераўцы. Беларуская інтэлігенцыя, спачатку рассыпаная й неарганізаваная, бачачы, як радзеюць ейныя шэрагі, вынішчаныя рукамі гітлераўскіх калабарантаў, таксама лічыла патрэбным шукаць нейкага ратунку. Немцы ж са свайго боку хутка пераканаліся, што калі ў акупаванай краіне маюць утрымаць парадак і мець добрую апору, то элемент, які спачатку прыйшоў у паліцыю, у вялікай меры да гэтай адказнай службы непрыдатны.
Камендантам паліцыі горада Менска быў спачатку колішні капітан савецкае арміі нейкі Пугачоў, беларус, што з беларускага Пугача перамяніўся ў маскоўскага Пугачова. Д-р В. Тумаш, першы старшыня горада Менска пад акупацыяй, у верасні 1941 года скантактаваўся з капітанам Ф. Кушалем і запрапанаваў яму, каб абняў каманду менскае паліцыі. Апошні, прыгледзеўшыся й запазнаўшыся з паліцыяй, запрапанаваў нямецкаму камандаванню, каб выбрала больш вартасных людзей з менскага аддзела й арганізавала для іх падафіцэрскую школу. 3 дапамогаю д-ра Тумаша гэта ўдалося зрабіць. Капітан Кушаль выбраў у школу сорак маладых беларусаў з Менска й ваколіцаў. Апрача вайсковых дысцыплін у школе выкладалася беларусаведа й праводзілася нацыянальная праца. Курс скончыўся ў травені 1942 года й даў добрыя вынікі. Ад гэтага часу немцы й пачалі папаўняць дапаможную паліцыю маладым элементам з беларускае вёскі.
Тым часам на правінцыі пачаўся прымусовы набор у дапаможную паліцыю. Пачалі тварыцца паліцыйныя палкі. Адзін такі полк быў арганізаваны ў Случчыне, другі — у Астрашыцкім Гарадку. Адылі прымусова браныя людзі не хацелі служыць,. і пачаліся масавыя дэзерцыі, з якімі немцы не маглі справіцца.
Камендант паліцыі генералкамісарыята Беларусі, нямецкі палкоўнік Каўфман, запрапанаваў капітану Кушалю паехаць з ім
у паліцыйныя палкі, каб правесці гутаркі. Гэткім чынам абодва, разам з капітанам Кумерам, што добра ведаў расейскую мову, паехалі на правінцыю. Кушаль тлумачыў людзям, што беларусам трэба стварыць кадры свае збройнае сілы, што гэта неабходна для паўстрымання вынішчэння беларусаў чужымі варожымі элементамі. Таму ж, што ўтварэнне беларускае збройнае сілы пакуль што немагчыма, трэба беларусам здабываць веды ў шэрагах паліцыі. Дэзерцыя неўзабаве паменшала. Немцы ж пераканаліся, што без дапамогі мясцовае інтэлігенцыі не даць ім рады з мясцовым насельніцтвам. Гэткім чынам падрыхтоўваўся грунт пад «Самаахову», а пазней — Беларускую Краёвую Абарону.
«Самаахова»
Першай легальнай, чыста гаспадарчай арганізацыяй у генеральным камісарыяце была «Беларуская Народная Самапомач» (БНС), пазней перайменаваная ў «Беларускую Самапомач» (БСП). Заданнем БСП была дапамога ежаю й вопраткаю пацярпеламу жыхарству ў межах генкамісарыята Беларусі. На чале БСГІ паставілі акупанты д-ра Івана Ермачэнку, лекара паводле прафесіі, што перад вайной жыў у Чэшскай Празе. Якім чынам здабыў ён у гітлераўцаў давер — няведама. Прывезлі яго ў Менск восенню 1941 года. Ермачэнка быў зусім незалежным ад мясцовых беларускіх установаў і арганізацыяў, за ягонымі плячыма стаялі толькі немцы.
За даручанае заданне арганізацыі БСП узяўся надта энергічна, выканаўшы яго ў параўнальна кароткі час. У Менску паўстаў цэнтр «Самапомачы», а на правінцыі — аддзелы.
У снежні 1941 года немцы пацярпелі вялікую паразу пад Масквою. Нямецкая армія не толькі не здабыла Масквы, як гэтага спадзявалася, але была прымушаная адступіць на захад амаль на 150 кіламетраў. Зімою 1942 года пад Сталінградам была акружаная й цалкам знішчаная 6-я армія маршала фон Паўлюса.
Падмацаваўшы свой дух пасля першых нямецкіх няўдач на фронце, бальшавіцкія партызаны ў Беларусі пачалі праяўляць ужо вясною 1942 года вялікую актыўнасць і прыносіць немцам адчувальныя страты. Акупанты былі змушаныя пераацаніць палажэнне й шукаць нейкага ратунку. 3 партызаншчынай самі немцы не маглі даць рады. Арганізацыя паліцыйных палкоў з беларусаў таксама не прынесла палёгкі. Беларусы немцам не верылі, і паўстрымаць дэзерцыю ў паліцыйных палках маглі толькі нацыяналь-
на сведамыя, аўтарытэтныя ў беларускім грамадстве людзі. Адылі такія людзі не ішлі служыць у паліцыю. Трэба было нейкім спосабам змусіць іх да гэтага. Гэткім чынам і паўстала ідэя арганізацыі «Беларускае Самааховы».
Праўда, нельга сказаць, што й з беларускага боку не было ўздзеяння на згаданую справу. Наадварот, беларускія дзеячы ўвесь час стараліся пераканаць немцаў, каб у нейкай форме дазволілі стварыць беларускія збройныя адзінкі. Пад ціскам беларускага грамадства гаварыў аб гэтым немцам і той жа Ермачэнка й праф. В. Іваноўскі, што пераняў ад д-ра Тумаша пасаду старшыні горада Менска.
У чэрвені 1942 г. начальнік нямецкае паліцыі Беларусі й генеральны камісар далі супольны накіраваны да Ермачэнкі загад аб арганізацыі «Беларускае Самааховы». Атрымаўшы загад, Ермачэнка склікаў сход, на якім былі запрошаныя прадстаўнікі ад беларускага грамадства, ад генеральнага камісарыята й ад штаба нямецкае паліцыі. Ермачэнка прачытаў загад, змест якога быў прыблізна гэткі: генеральны камісар Беларусі дазваляе беларускаму жыхарству генкамісарыята арганізаваць у мэтах самаабароны перад бальшавіцкімі партызанамі паліцыйныя адзінкі ў акругах, у сіле батальёна кожная. Кожны з батальёнаў мае быць самастойным і падпарадкоўвацца нямецкаму гэбітс-каменданту паліцыі. Склад батальёна мае быць беларускім, улучна з усімі камандзірамі. Нямецкі камендант паліцыі генкамісарыята мае даць батальёнам узбраенне. Утрыманне й абмундзіраванне батальёнаў ускладаецца на «Беларускую Самапомач». Адказнасць за арганізацыю й за палітычную надзейнасць «Самааховы» ўскладаецца на кіраўніка «Беларускае Самапомачы» д-ра Івана Ермачэнку.
Пасля прачытання загада пачалася дыскусія. Паўстала пытанне: з чаго распачынаць арганізацыю «Самааховы». Кушаль запрапанаваў прысутным узяцца за падрыхтоўку кадраў. Паколькі няведама было аб колькасці й якасці афіцэраў, дык найперш трэба было зрабіць іх улік. Найлепш было б дзеля таго паклікаць іх у Менск на перашкаленне. Прапанова была прынятая.
Першы курс перашкалення пачаўся 1 ліпеня 1942 г. Было паклікана 120 афіцэраў. Паводле веку й вайсковых ведаў быў гэта надта разнаякі матэрыял. Былі там шасцідзесяцігадовыя прапаршчыкі запасу царскае арміі, а побач з імі — дваццацідвухгадовыя падхарунжыя рэзерву польскае арміі, савецкія лейтэнанты й іншыя. Былі выпадкі, калі на курс прыязджаў бацька з сынам.
Камандзірам курса стаўся капітан Кушаль, а заступнікам — пакліканы з Нясвіжа капітан Віталі Мікула. Адкрыццё адбылося
вельмі ўрачыста ў прысутнасці гасцей як з беларускага, так і з нямецкага боку. Вітаў першы курс генеральны камісар Вільгельм Кубэ. Перашкаленне цягнулася месяц часу. Першага жніўня пачаўся другі курс, таксама ў складзе 120 чалавек, а першага верасня — трэці, у складзе 60 асоб. Гэткім чынам быў не толькі сцверджаны лічбавы стан беларускіх афіцэрскіх кадраў, але й іхнія вайсковыя веды ды ўсім дадзеная аднолькавая вайсковая дактрына.
Пасля заканчэння афіцэрскага перашкалення гэтымі ж афіцэрамі ў акругах было праведзена перашкаленне падафіцэраў паводле гэткага ж узору.
Вонкава курсанты прэзентаваліся блага. Як прыгадвалася вышэй, вопраткай іх мусіла забяспечыць «Беларуская Самапомач». Ясна, што ніякага абмундзіравання яна даць не магла. Таму кожны насіў што папала, а гэта выглядала надта розна. Аднак, незалежна ад гэтага, настрой панаваў добры. Сівы бацька крочыў у такт з бязвусым сынам, колішні савецкі лейтэнант — побач з ранейшым польскім падхарунжым. У часе перапынкаў чуліся дасціпныя жарты й вясёлы смех. Камандзіры курса былі задаволены з добра праведзенай працы.
Арганізаваныя ў акругах батальёны «Самааховы», па адным у кожнай, вонкава ў выглядзе мала чым розніліся ад партызанаў. Зброя й амуніцыя былі самыя розныя. Здаралася, што апошняя не пасавала да першай. Усё ж, нягледзячы на розныя цяжкасці й недахопы, батальёны добра сябе выявілі ў змаганні з чырвонымі партызанамі. Праіснавалі яны аж да адыходу немцаў з Беларусі. Пад час эвакуацыі шмат людзей разышлося па хатах, частка ж адступіла на захад і пазней улілася ў 30-ю дывізію Зіглінга.
Калі вышэй мы гаварылі, што д-р Ермачэнка, старшыня «Беларускае Самапомачы», гаварыў немцам аб патрэбе арганізацыі беларускіх збройных аддзелаў толькі пад ціскам беларускага грамадства, дык зусім не прыпадкова. Д-р Іван Ермачэнка быў нямецкім стаўленікам і надта верна служыў сваім гаспадарам. Акрамя намінальнага старшынства «Беларускае Самапомачы», пэўна ж, заглядаў і ў іншыя, не зусім чыстыя «справы». Гэта якраз ён спрычыніўся да загубы беларускіх каталіцкіх святароў Глякоўскага й Мальца ды светлага патрыёта ксяндза В. Гадлеўскага, першага генеральнага інспектара беларускіх школ і заснавальніка нелегальнае Беларускае незалежніцкае партыі.