Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
VII
Першая ноч падарожжа мінула спакойна. Абедзве роты затрымаліся ў прыдарожнай вёсцы ды, накарміўшы й напаіўшы коней, павячэраўшы, размясціліся па сялянскіх пунях на начлег. Хаця пах падгнілай леташняй саломы не дзей-
нічае так дадатна на сон, як водар свежаскошанага сена, непрывыклы да маршаў і змучаны рэкрут заснуў вельмі хутка. Ціхая й цёплая чэрвеньская ночь прыносіла гул і грукат снарадаў з неспакойнага ўсходу. Часты й працяжны, рэдка паадзіночны, глуха разлягаўся ён у начной цемры, уліваючы трывогу ў сэрца жыхара й падвойваючы нервовасць нефартуннага ўцекача. Дарма, што было вельмі цёмна — дарога жыла й рухалася. Ехалі ўпоцемках, вобмацкам. Бясконцы гул механічных вазоў, часта кароткія й адрывістыя крыкі нямецкае каманды або адзінотны стрэл быццам бы дапаўнялі адгалоскі гармат з усходу і пасоўваліся разам з імі на захад.
Яшчэ добра не развіднелася, як чорныя начлежнікі былі на нагах. Па кароткіх ранніх падрыхтоўках пакінулі вёску. Таму што вайсковыя механічныя эшалоны займалі цэлую шырыню дарогі, дазволена ім было маршыраваць калонаю па аднаму бочнай сцежкай. Марш быў вольны, але агульны парадак быў захаваны. Калона хутка расцягнулася на добрую пару кіламетраў. Каля кожнае з каламажак, што былі наладаваныя харчамі, амуніцыяй і зброяй, ішло па колькі чалавек. Там, дзе дарога спускалася ў даліну, яны карысталі і з задаваленнем пад’язджалі, усміхаючыся й махаючы рукамі абмінаным сябрам. Дзень, як і ўчора, быў вельмі гарачы, сонца ўжо паднялося на некалькі пядзяў, на небе не было ніводнае хмаркі, а смага й дарожны пыл сушылі горла пехацінцаў. Якраз узыходзілі пад горку. Нахіл быў нязначны, але надта ж даўгі, й канюхі былі яўна незадаволеныя неабходнасцю ісці пехатой.
Пры адным з задніх вазоў плялося чацвёра юнакоў. Адзін з іх, правай рукой прытрымоўваючыся каламажкі, у левай трымаў дубец і штохвіліны падахвочваў сцёбаннем свайго лянівага гнядога коніка. Пагрубелыя ад пылу чорныя кучаравыя валасы няроўна ападалі на расшпілены брудны каўнер. Аб выглядзе сваім, здавалася, ён зусім не дбаў. Задаволены, што атрымаў фурманку, ён паклікаў сваіх трох калегаў, што вельмі ахвотна датрымоўвалі канюху (так называлі фурманаў) сяброўства. Трое гэных сяброў паходзілі з Дзісненшчыны, а ён пазнаў іх пад час вайны як вучняў Віленскае беларускае гімназіі. Жылі ўтрох на адной кватэры зараз за Вяллёй каля Кальварыйскай вуліцы насупраць Замкавай гары.
Сам ён называўся Камовіч і быў роджаны ў Вільні. Зблізіўшыся з імі, часта заходзіў на кватэру, дзе найчасцей
у бескарысных гутарках траціў пазашкольны час. Зрэшты, у гімназію таксама прыходзіў рэдка, а дырэктар школы ўжо колькі раз абяцаў выкінуць яго за дзесяты парог, калі будзе наведваць лекцыі, як дагэтуль. Але Камовіч чамусьці не апынуўся не толькі за дзесятым, але нават за першым парогам, а пагрозы дырэктара так і не прыносілі жаданых вынікаў, бо вучань зусім не рупіўся.
Сяброўства з дзісненскімі хлопцамі было важным плюсам, бо было ад каго сцягваць лекцыі. Тыя надта не супярэчылі, і здаецца, што віленчук быў з гэтага задаволены. Апрача таго, меў яшчэ адзін, і ўжо шмат важнейшы, мінус — любіў выпіць. He быў п’яніцам, але знаходзіўся на простай дарозе, каб ім стацца ў будучыні. Апавядалі, што бацька ягоны шмат з гэтай прычыны пацярпеў. Часценька ў хаце знікала з вачэй якаясьці дробная, дый не заўсёды ўжо такая дробная, рэч і чамусьці ніколі на старое месца не вярталася. Аб таямнічым знікненні ведаў адзін сын.
Бацька, колішні выкладчык той гімназіі, куды цяпер хадзіў Коля, палагоджваў усе справы адносна сына ў школе з яе цяперашнім дырэктарам, што калісьці быў ягоным вучнем. Ведаў аб гэтым Коля надта ж добра, з пратэкцыі карыстаў аж залішне й да навукі не рупіўся. Хоць бацька й гнаў сына вучыцца, мала памагала.
— Бацька пагутарыць з Грышкам (так празвалі дырэктара Пранука Грышкевіча),— казаў Коля,— і ўсё будзе ў парадку.
I сапраўды, як не дзіва, усё было ў парадку. Шмат сяброў напрыканцы школьнага года былі здзіўлены Камовічавымі ацэнкамі й пераводам яго ў наступны клас. Магчыма, дзівіла тое й самога вучня, але ўдаваў, што на такія ацэнкі поўнасцю заслужыў.
Але вернемся да іншага. Як ужо было ўспомнена, з хаты знікалі ў розныя часы розныя рэчы. Звычайна ў дні, калі гэта здаралася, матка ламала галаву над тым, чаму Коля вяртаўся з места дахаты пазней нармальнага. Жанчына хоць тое-сёе й здагадвалася, сама сабе старалася запярэчыць, не верачы, што з некалі добрага й маленькага сынка вырас цяпер зусім не такі, як бы яна жадала.
Аднойчы бацьку спатрэбіўся мікраскоп. Звычайна стаяў ён у шафе на паліцы, побач кніжак, абкручаны паперай. Адчыніўшы шафу, стары Камовіч зняў паперу й пры немалым здзіўленні замест цэннае прылады знайшоў нейкую
імітацыю са шмацця й палачак. Мікраскоп знік — калі й куды, няведама. Апавядалі, што пасля была вялікая авантура, што сын часцей сядзеў дома, што сядзеў дома ён не з сваёй волі, а на загад бацькі, й што прайшло ці мала часу, пакуль Коля ізноў пачуў поўную вольнасць. У нікога не было сумлеву, што няўдалым майстрам імітацыі мікраскопа быў якраз Коля.
Сваіх трох сяброў ён наведваў часта. Сядзеў, бывала, доўга, й неяк напрыканцы гутарка заўсёды зыходзіла на тэму: як бы здабыць пляшку «сівухі». Ягоны найбліжэйшы з гэных трох сяброў, Кастусь Дзежка, вывучыў і даўно ведаў Камовічаў падыход. Недарма, седзячы на балконе і ўбачыўшы ў вузенькім завулку Камовіча, Косця рагатаў:
— Гэй, хлопцы, зірніце! I хто гэта, вы думаеце, пляцецца вунь да нас па дарожцы, калі не сам пан Камовіч чарачку жабраваць! Ха-ха-ха! Калі ж не верыце, дык зірніце вунь на паўаршынны чырвоны нос!
Камовічаў нос быў зусім у меру. Тут Косця пераўвялічваў. Хоць адведзіны такія былі нярэдкія, чарачка знаходзілася амаль заўсёды. Купіць «сівухі» ў Вільні было лёгка, хіба што грошай не ставала. Пасля п’янства прыходзілі песні, а часамі й спрэчкі.
Звычайна пасля такога вечара гаспадарова сястра, пяцідзесяцігадовая дэвотка, прыходзіла ў пакой да студэнтаў і чытала ім маралі, якіх яны не слухалі.
Далёка заавансаванымі сябрамі з гэтай тройкі былі Сымон Спарыш і Віктар Караткевіч. Паходзілі з суседніх вёсак і сядзелі на адной школьнай лаўцы ад пятага класа пачатковае школы ды разам трапілі ў Віленскую гімназію.
У канцы травеня, якраз пасля сканчэння заняткаў, усе тры разам з Камовічам дсбраахвотна паступілі ў школу камандзіраў БКА ў Менску. Такім чынам трапілі яны ў лік тых чорнаапранутых юнакоў, што мелі быць асноваю новастворанае Беларускае арміі. Хаця-нехаця сёння маршыравалі побач з жаўнерамі вермахта з той толькі розніцай хіба, што тыя ехалі аўтамашынай, а яны валакліся пехатой.
VIII
Коні цягнулі пад горку вольна, хаця не былі яшчэ перамучанымі.
— Пайшоў ты! Я ця... нооооо! — паганяў Камовіч і часта сцёбаў дубчыкам малога коніка.
Ішлі доўгі час моўчкі.
— Вы зірніце, хлопцы, назад,— адазваўся Віктар,— ці вы ўяўляеце, што б гэта было, каб сюды паказалася хоць пару знішчальнікаў? Ай-я-яй, я-яй! Я хацеў бы бачыць, як гэтая банда выглядала б. Бальшавікі, відаць, не ведаюць, дзе іхняе жніво. Гэта ж падумаць толькі — такі дзень і ніводнага самалёта!
Хлопцы азірнуліся. Якраз уз’ехалі на горку. Ззаду на дарозе, што бегла тут праз глыбокую лагчыну аж да небакраю, цягнуўся адзін суцэльны двухрадовы шнур вайсковых вазоў. Некаторыя былі наладаваныя рознымі матэрыяламі, іншыя — перапоўненыя жаўнерамі. Яны ўздымалі за сабою шырокую й густую лавіну пылу, што павольна асядаў на прыдарожныя кусты, дрэвы й збожжа. 3 левага боку дарогі, на нядаўна выезджанай паласе, можна было заўважыць шмат конных фурманак. Запрэжаныя ў адзіночкі, яны былі пераладаваныя ўсякім хатнім дабыткам. Ехалі на іх дзеці й старэйшыя, а дужыя валачыліся побач. Гэта былі калгаснікі, што не хацелі больш падпасці пад эксплуатацыю Сталіна.
— Так, тут можна было б нарабіць кашы,— згадзіўся Кастусь.
— Ты пабач,— заўважыў ён,— нашы пераходзяць на правы бок дарогі на лагчыну. Можа, затрымаемся?
— Ага, так. Затрымоўваюцца. Ну, ужо час,— адказаў, зірнуўшы на гадзіннік, Віктар.
Была адзінаццатая. Прайшло добрае паўгадзіны, пакуль цэлая калона перабралася цераз заграмоджаную шашу. Спыніліся ў паўкруглай шырокай лагчыне, што з паўночнага боку была абмежаваная высокім гонкім лесам. На сенажаці ляжалі нязграбленыя, прысохлыя да зямлі, пару дзён таму назад скошаныя пракосы сена. Канюхі на пачаканні падкінулі па ахапку коням, а хлопцы пачалі зыходзіцца ў грамадкі, хто й дзе да сваіх. Загад коратка гаварыў: затрымацца! Той ці другі здзеў чаравікі ды аглядаў папрэлыя ад маршу ногі, рэдка хто ўзяўся за кавалак хлеба.
Праўда, ужо была абедняя пара, але смага больш дакучала, чымся голад, а вады навокал не было відаць.
Тым часам капітан Шнайдар і Мікула ды іншыя беларускія й нямецкія афіцэры воддаль сабраліся ў гурт і штось радзілі. Гаварыў Шнайдар. У правай руцэ трымаў тонкую палачку, паказваў ёю на вазы й на хлапцоў. Хутка разышліся. Немцы па чарзе аглядалі фурманкі, а капітан Мікула паклікаў да сябе юнакоў. За колькі хвілін сабраліся яны навокал афіцэра, й Сымону выдалася, што было іх менш, чымся выйшла з Менска. Некаторыя, відаць, пайшлі сваімі дарогамі, куды й чаго — тым часам было няведама. Але Мікула не казаў пералічваць.
— Слухайце, хлопцы, уважна! — пачаў ён голасна.— Тое, што вам зараз скажу, не будзе вельмі прыемным. Датычыць гэта нашых інструктараў-немцаў, якіх не збіраюся ў гэтым часе й месцы крытыкаваць. Як вы бачылі, гаварыў зараз да нас капітан Шнайдар. Згодна з ягоным загадам, у далейшую дарогу ўсе немцы паедуць асобна вазамі, а мы маем ісці пехатой. Нам пакінуць толькі пяць фурманак, на якіх павязецца харчы й амуніцыя. Усю рэшту — колькі там вазоў?
— Восем...— адказаў нехта.
— Усе, значыцца, гэныя вазы забяруць яны з сабою. Бачыце, якраз цяпер немцы вазы выбіраюць. 3 кожным з тых, выбраных немцамі вазоў, паедзе адзін канюх, які сваю работу ведае. Усе іншыя пойдуць ззаду. Загадана ўсім кіравацца на Вільню. Затрымаемся там дзесьці ў мурах былога гета паблізу Нямецкай вуліцы. 3 прычыны таго, што дарога перад намі далёкая, раджу вам асабіста, каму толькі ўдасца, садзіцца на спадарожныя нямецкія машыны, бо пехатой, хто ведае, ці дойдзеце. Хто можа — няхай ад Маладзечна едзе таксама цягніком. У Вільні на станцыі, а таксама ў горадзе, будуць некаторыя з нашых, ад якіх даведаецеся аб зборным пункце. Стрэльбы раджу браць з сабою для собскае бяспекі. Гэта будзе ўсё. Пытанні?