Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Каб ацаніць Радаслава Астроўскага з пазітыўнага боку, трэба ўявіць, колькі шкоды й цярпенняў мог бы прынесці беларускаму народу, будучы на становішчы прэзідэнта БЦР, іншы чалавек, прыкладам, адзін з тых юдаў-гадзюкаў, што спрычыніліся да загубы святароў Гадлеўскага, Глякоўскага й Мальца. Дык нават поўнасцю крытычна падыходзячы, трэба аддаць чалавеку належнае, але йзноў жа не кідацца ў крайнасці й гладзіць па галоўцы за тое благое, што ён мог бы зрабіць, ды не зрабіў.
КОЛЬКІ СЛОЎ АБ ГАЛОЎНЫХ ЗЛАЧЫНЦАХ
■ На заканчэнне нашай кароткай, даволі павярхоўнай і няпоўнай характарыстыкі падзеяў і некаторых людзей у занятай гітлераўскімі акупантамі Беларусі ў 1941 —1944 гадах неабходна падкрэсліць самую галоўную, сказаць бы кардынальную, прычыну ці дзейнік, ад якое й выводзіліся ўсе няшчасці, мільённыя страты ў людзях беларускага народа, ды — з другога боку — і рабіліся мерапрыемствы для абароны й самазахавання паняволеных. (...)
Ужо 3 ліпеня 1941 года маскоўскі дыктатар, спасцярогшы, што не ўдасца яму ўтрымаць пад сваёй уладай Беларусі й іншых заходніх земляў Савецкага Саюза, выдаў Чырвонай Арміі й партызанам наступны загад: «Ніводная лакаматыва, ніводная чыгунка, ні кілаграм пшаніцы ці літр гаручага не мусяць быць пакінутымі ворагу. Калгаснікі павінны забраць з сабою ўсю хатнюю жывёлу. Партызанскія злучэнні, конныя й пяхотныя, павінны быць сфармаваныя для ўзрыву мастоў і дарог, для знішчэння тэлефонных і . тэлеграфных камунікацыяў, для палення лясоў...»
Няцяжка адгадаць, што маскоўскі кат-душыцель хацеў зрабіць з Беларусі суцэльную пустыню. Дарма, што спачатку, і то з прычыны маланкавага наступу гітлераўскага вермахту, яму гэта не ўдалося. Пазней загад у ладнай меры быў выкананы. (...)
Людзі пад загадамі Крамля бесперапынна й метадычна праводзілі ў жыццё сталінскі загад, а азвярэлыя гітлераўскія фашысты, маючы наўвеце свае мэты, аб якіх прыгадвалася вышэй, памагалі сталінцам рукамі сваіх і чужых, варожых беларускаму народу, элементаў.
Душылася, крывавілася, гарэла й папялілася між двума хіжакамі-тытанамі бедная й шматпакутная Беларусь. Што ўцалела ад Сцылы, тым намагалася пажывіцца Харыбда. I не было ніадкуль дапамогі, ратунку, ані спагады. Дзе што магло й як магло — арганізавалася й ратавалася. У жахлівых муках і цярпеннях нарадзілася ўсведамленне сутнасці існавання: каб быць і жыць, каб знайсці ратунак, трэба было разлічваць толькі й выключна на свае собскія сілы.
ЧАСТКА	
ПЕРШАЯ
Неадчыненая школа
і
22 чэрвеня 1944 года Менск святкаваў гэтак званы Дзень вызвалення. Гэтак гітлераўскія акупанты называлі дзень збройнага нападу на маскоўска-бальшавіцкую турму народаў. Дзеля належнага ўшанавання трэцяй гадавіньі афіцыяльна было загадана правесці ў гарадах акупаванае Беларусі парады вайсковых гарнізонаў, як нямецкіх, так і беларускіх, галоўным чынам Беларускае Краёвае Абароны.
У Менску, з усходняга боку Галоўнай вуліцы, паблізу моста на Свіслачы, пабудавана была вялікая трыбуна. Над ёю беларускі бел-чырвона-белы сцяг гойдаўся побач з нямецкай свастыкай. Каля адзінаццатай гадзіны раніцы мянчане шчыльнай жывой сцяной запоўнілі ходнікі*, некаторыя ж, каб лепш бачыць парад, ускараскаліся на шчарбатыя сцены прывулічных руінаў. На трыбуне з’явіліся высокія дастойнікі акупацыйнае ўлады й жменя беларусаў. Кульгавы фон Готберг стаяў у акружэнні сваіх ад’ютантаў і афіцэраў менскага гарнізона, побач з левага боку ад немцаў камандуючы БКА маёр Кушаль гутарыў з шэфам штаба БКА капітанам Мікулам.
3 левага боку ля трыбуны стаяў нямецкі вайсковы аркестр. Першым у парадзе йшоў аддзел вермахта. Перад трыбунай рота затрымалася, й афіцэр, здаўшы Готбергу рапарт, загадаў маршыраваць далей. Наступнай ішла школа камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны, а за ёю іншыя аддзелы БКА. Школа, апранутая ў чорную вопратку, з «Пагонямі» на шапках, яўна вырознівалася сярод усяго іншага войска. Той, хто прыглядаўся да гэных дзвюх сотняў васемнаццацігадовых юнакоў, мог бы мець уражанне, што нехта павыбіраў іх з цэлай Беларусі, дапасоўваючы да нейкай агульнай, прынятай і вызначанай меркі. Усё гэта бадзёрае, румянае, здаровае, упэўненае — рабіла на гледачоў надзвычайна добрае ўражанне.
Бадзёры роўны крок і раўнамерны такт выклікалі доўгія воплескі мянчан, што прыглядаліся з абодвух бакоў вуліцы. Камандзір школы капітан Ласкутовіч, што вёў калону, падыходзячы да трыбуны, скамандаваў «зрок направа» і...
* Тратуары.
«стой!». Адно гэнае «стой» выйшла зусім слабенькае, пачутае толькі пярэдняй часткай калоны. Калі фронт затрымаўся, як было загадана, як быццам адзін чалавек, то заднія, не пачуўшы каманды, ледзь змаглі ў час спыніцца як папала, каб не ўзбіцца пярэднім на пяты. Выйшла, не гаворачы ўжо аб вусных каментарах, нешта падобнае да таго гуку, які бывае, калі сыпецца з мяшка бульба ў склеп. Па натоўпе прайшоў гоман незадавалення.
Капітан Ласкутовіч, спасцярогшыся ў час, што сам быў у тым вінаваты, зачырванеўшыся, здаў пры трыбуне рапарт камандуючаму БКА, і чорная калона юнакоў памаршыравала далей.
II
— Каб яго ліха, як яно нядобра выйшла! — жаліўся нехта, калі вярнуліся ў Паўночныя казармы.
— I то ж падумаць адно, гэтулькі часу маршыравалі, амаль цэлы месяц вучыліся, мазалі на нагах панаціралі, і цяпер во выйшла як на смех...
— Каб жа з нашай віны!
— Тое ж і баліць, што не з нашай віны, а з ягонай...
— 1 то ж, здаецца, такі здаровы мужчына, а ўжо не мог бы ён моцна крыкнуць тое «стой», каб усе пачулі, ці што?
У гэны вечар кадэты мелі змогу выслухаць каля сёмай гадзіны па менскім радыё справаздачу аб урачыстасцях, перадусім аб парадзе. I вось там ізноў пачулі музыку нямецкага аркестра, што стаяў побач трыбуны, а пасля і тое «стой», што было прычынай такой вялікай няўдачы.
Здавалася б, не было надта чым журыцца. Інструктары з розных вайсковых школ ведаюць больш кур’ёзныя выпадкі. Хто ж будзе тады ў войску памыляцца, калі не рэкрут? Але й было найбольш крыўдна, што няўдача выйшла не з віны рэкрутаў, а з віны самога камандзіра, дый то яшчэ пры самай першай нагодзе, калі, казаў той, толькі-толькі паспелі паказацца ў людзі. Затое і было крыўдна.
Калі кадэты са школы камандзіраў БКА турбаваліся такой першай няўдачай, то гэта зусім зразумела. Усе яны з’явіліся ў школу ахвотнікамі ў пачатку чэрвеня, значыцца, прыехалі вучыцца, а не бібікі, як кажуць, біць. Гэта быў
у бальшыні сялянскі элемент. Амаль ніхто з іх раней не трымаў зброі ў руках. Усе мелі сярэднюю асвету й, хоць паз’язджаліся з усіх закуткаў Беларусі — ад Вільні да Гомеля й ад Пінска да Віцебска — асноўнае, супольнае, што іх звязала, што прывяло ў Менск, было пачуццё народнае крыўды й нянавісці да ворагаў, патрыятызм і ахвярнасць. Гэтая моладзь з сярэдніх школаў добра ведала, дзе ёсць крыніцы няшчасця народа, й пастанавіла сваімі сіламі падбаць пра тое, каб іх зліквідаваць. Да заняткаў у школе, няхай сабе й самых першых, элементарных, адносіліся кадэты надзвычай паважна й пільна.
Гоманам перапоўніліся будынкі Паўночных казармаў у Менску. Жыхары суседніх вуліц раніцою й папаўдні прыслухоўваліся прыгожым мелодыям беларускіх вайсковых песняў. Хаця мянчане звычайна прымалі гэтых юнакоў за паліцыю, бо ж яны насілі чорную вопратку, аднак хлопцы толькі ўсміхаліся, паказваючы з гордасцю на «Пагоні», што мелі на шапках. Мала якая іншая беларуская вайсковая фармацыя мела «Пагоні». Яшчэ больш цешыліся, даведаўшыся, што ў хуткім часе аздобяць свае каўняры Ярылавымі крыжамі на чырвоных палотнішчах. Магла б некаму дзіўнай здацца гэткая, ледзь не дзіцячая любасць і прывязанасць да сваіх нацыянальных адзнакаў з боку маладых, недасведчаных у ваенных справах ды ў жыццёвай практыцы зусім зялёных юнакоў. Але ж якім. калі не гэткім спосабам, маглі яны выказаць свой гарачы патрыятызм, любоў да народа, якая ўзрастала, мацнела і ўкарэньвалася ў сэрцах іхніх у меру росту гвалту над беларусамі з боку бальшавікоў і гітлераўцаў?
Пачаліся першыя заняткі й муштра. Беларуская каманда гучала на вялікім пляцы перад казармамі. Хаця юнакі не былі прывыкшымі да вайсковага жыцця й вечнага поспеху, мала хто наракаў. Стараліся, бо ведалі, што ў будучыні здабытыя веды панясуць у пададдзеды, каб там падзяліцца імі са сваімі родзічамі. Вечарам, пасля заняткаў, пад час прыгожае вясенняе пагоды, выходзілі на пляц і тут, у жартах, весялосці, з роднай песняй праводзілі вольныя хвіліны.
Працаю й жыццём школы кіраваў капітан Ласкутовіч. 3 нямецкага боку за школай наглядаў капітан Шнайдар. У сталыя кадры ўвайшло колькі беларускіх афіцэраў і падафіцэраў ды нямецкіх інструктараў.
Жаданы лік рэкрутаў быў дасягнуты. У незадоўгім
часе школа мела быць адчынена афіцыйна. 3 нецярплівасцю чакалі кадэты таго дня, набіваючы ці шмат мазалёў на нагах пры падрыхтоўцы да афіцыйнай маршавай парады. Адылі мала хто прадбачыў ці нават варажыў, што адкрыццё ніколі не адбудзецца, што час іхняе кар’еры ў БКА надзвычайна кароткатрывалы. Мала хто бачыў, што бура вісела ўжо над галавой, хаця кожны яе спадзяваўся.
III
Ужо ад даўжэйшага часу ў падаваных у прэсе камунікатах вярхоўнага камандавання вермахта аб сітуацыі на франтах пачалі з’яўляцца такія часта паўтараныя, як нехта мог бы сказаць, заваяваўшыя сабе там сталае права грамадзянства, азначанні, як: «эвакуавана з мэтаю скарачэння фронту», «планава адведзена на загадзя прадугледжаныя пазіцыі» або «ворагу ўдалося ўварвацца пры цяжкіх стратах», ды шмат іншых падобных. Нідзе не гаварылася аб сваіх перамогах, як калісьці, а толькі аб варожых стратах. Інфармацыйнае бюро, дабіраючы найбольш адпаведную тэрміналогію, старалася замаскаваць вялікія паразы на ўсіх франтах. -
Дзень 6 чэрвеня 1944 года прынёс новую, вельмі важную для гісторыі вестку: магутны дэсант заходніх хаўруснікаў высадзіўся ў Нармандыі. Адкрыўся другі фронт. Гітлераў слаўны й прапагандаю размаляваны гэтак званы Атлантычны вал, праз які, паводле Гебельса, і мыш не мела змогі праціснуцца, а не тое каб хаўрусніцкая армія, быў вышчарблены. Ангельскія, амерыканскія й французскія жаўнеры паставілі першыя крокі на ўзбярэжжы ЛаМанша. Найбольшая нямецкая цвярдыня ў Італіі — Монтэ Касіна, што сцерагла дарогі з паўдня на Рым, была пасля доўгіх і цяжкіх баёў здадзена ў рукі Восьмай брытанскай арміі. Усюды адступалі «з мэтай скарачэння фронту», заўсёды «займалі згары прадугледжаныя пазіцыі», і кожны раз «праціўніку ўдавалася ўварвацца пры цяжкіх для яго стратах».