Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Калі пасля арышту святароў беларускае грамадства дамагалася ад Ермачэнкі, каб выступіў перад немцамі ў іхнай абароне, той наадрэз адмовіўся.
Пад вясну 1943 года д-р Ермачэнка скампраметаваўся перад сваімі гаспадарамі. Немцам удалося выследзіць, што старшыня БСП цэлымі вагонамі адсылае ў Чэшскую Прагу беларускае сала. Тут мо выраз «немцам удалося выследзіць» зусім не адпаведны й смешны. Бо і як жа Ермачэнка сам мог адсылаць сала, ды яшчэ й цэлымі вагонамі, без супрацоўніцтва з немцамі? Мусіў жа мець супольнікаў. Пасля паказалася, што яно так і было.
У Чэшскай Празе жыла Ермачэнкава жонка, а давераныя людцы на рынках па спекуляцыйных цэнах збывалі тавар, прызначаны на прахарчаванне паўгалоднага Менска. Грошы, ведама, ішлі ў кішэні нясціплага лекара й ягоных супольнікаў. Некаму з апошніх, мусіць, замала дасталося, бо, пэўна ж, пачаў жаліцца, справа выйшла наверх, ну — а пасля ж, ведама,— у ліку іншых і Іван Ермачэнка паляцеў з цёплага местачка.
Плёткі апавялі, што ў Берліне адбыўся над Ермачэнкам суд, што быццам яго пасадзілі ў вязніцу й іншае. Адылі пасля выявілася, што не толькі сам лекар застаўся цэленькім і добра нагрэтым, але што ў аферу былі замешаныя некаторыя нямецкія службоўцы генеральнага камісарыята. Пасля Ермачэнкі на старшыню «Беларускае Самапомачы» быў пакліканы Юры Сабалеўскі, што й займаў становішча да канца вайны.
Наваградскі беларускі эскадрон
Калі параўнаць Наваградскі беларускі эскадрон з іншымі беларускімі збройнымі аддзеламі часоў гітлераўскае акупацыі Беларусі, дык ён розніўся найбольш тым, што быў цалкам незалежны ад мясцовых немцаў. Зарганізаваўся з ініцыятывы капітана Барыса Рагулі, што й камандаваў ім. He падлягаў загадам мясцовае нямецкае паліцыі, а беспасярэдне генеральнаму камісарыяту ў Менску. 3 гэтай прычыны эскадрон уваходзіў у частыя канфлікты з мясцовай нямецкай паліцыяй, асабліва ж у часе аперацыяў, калі даводзілася абараняць перад немцамі ні ў чым не вінаватыя беларускія вёскі ў аперацыйных зонах, якія, як ведама, немцы надта ж былі прывыклі пушчаць з дымам, улучна з жывым насельніцтвам.
Ядром эскадрона сталіся вучні настаўніцкае семінарыі ў Наваградку. Аддзел прэзентаваўся вельмі добра фізічна й высока стаяў маральна. Патрыятызм і адданасць роднаму народу, як і свядомасць заданняў абароны собскага насельніцтва перад немцамі й бальшавіцкімі партызанамі, былі найбольш відавочнымі якасцямі эскадрона.
Пазней, калі арганізавалася Беларуская Краёвая Абарона, эскадрон улучылі ў Наваградскі батальён БКА і называлі коннаю ротай. У баях батальёну даводзілася сутыкацца не толькі з бальшавікамі, не толькі адстойваць беларускае насельніцтва перад немцамі, але змагацца з палякамі, партызаны якіх дзейнічалі ў Наваградскай акрузе.
Пры эвакуацыі немцаў з Наваградчыны частка людзей з батальёна палічыла патрэбным знайсці сцежкі да сваіх хат і застацца пад бальшавіцкай акупацыяй, а бальшыня пад камандаю старшага лейтэнанта Др-кі прыйшла ў Нямеччыну, дзе пасля апынулася ў дывізіі Зіглінга.
Чыгуначны батальён .
Чыгуначныя шляхі сувязі ў акупаванай гітлераўцамі Беларусі былі заўсёды адным з асноўных аб’ектаў нападаў чырвоных партызанаў. Увесну 1942 г., спецыяльна для аховы чыгунак, акупанты зарганізавалі г. зв. Чыгуначны батальён, складзены вылучна з беларусаў. Камандзірам быў капітан С-ч. Жаўнеры ў батальён набіраліся быццам паводле прынцыпу добраахвотнасці, але фактычна з прымусам, які вёўся па лініі «Беларускае Самапомачы» і з дапамогаю нямецкіх камендантаў паліцыі на месцах. У батальёне было больш тысячы чалавек. Чыгуначныя лініі ў Беларусі, пачынаючы ад лета 1942 г., аж да канца нямецкай акупацыі ахоўваліся ў ладнай меры беларускімі людзьмі.
Калі ж немцы пад напорам Чырвонае Арміі пакідалі Беларусь, яны зусім не клапаціліся аб беларускіх жаўнерах, што былі ім так вялікай дапамогаю пры ахове чыгунак. Частка іх засталася дома, а тыя, што трапілі ў Нямеччыну, увайшлі пасля ў 30-ю дывізію.
Беларускі спецыяльны батальён
У 1942 г. у Менску быў зарганізаваны г. зв. Беларускі спецыяльны батальён, што ў пазнейшы час разросся да сямі ротаў. Апошнія выконвалі гарнізонную службу і ўдзельнічалі ў супрацьпартызанскіх акцыях у Слуцку, Глыбокім, Вілейцы, Лідзе й іншых месцах. Камандзірам батальёна быў нямецкі маёр Юнкер, ротамі й звязамі камандавалі беларускія афіцэры.
3 гісторыі гэтага батальёна варта прыгадаць дзве падзеі, што кідаюць яркае святло не толькі на дачыненні немцаў да беларусаў, але й на беларусаў-рэнегатаў.
Камандзірам аднае з ротаў батальёна ў Менску быў старшы лейтэнант Мазур. Быў гэта вельмі добры й амбітны беларускі афіцэр, што стала й найперш дбаў аб сваіх жаўнерах, маючы наўвеце дабро Бацькаўшчыны. 3 гэтай прычыны ён уваходзіў у частыя канфлікты з Юнкерам.
Аднойчы нямецкі камандзір батальёна сабраў усіх беларускіх афіцэраў і паведаміў, што старшы лейтэнант Мазур высланы ў Нямеччыну ў афіцэрскую школу для паглыблення сваіх ведаў. Шмат хто паверыў. Мазур быў пакліканы ў СД быццам дзеля атрымання дакументаў на падарожжа, й пасля гэтага больш ніхто яго не пабачыў. He маючы ніякіх вестак ад Мазура, беларускія жаўнеры й афіцэры пачалі трывожыцца. Дзеля ўспакаення іх маёр сабраў батальён і абвясціў, што ў Нямеччыне быў ангельскі паветраны налёт на афіцэрскую школу, куды выехаў Мазур, і што ён загінуў пры бамбардзіроўцы.
Адно пазней беларусы даведаліся, што Мазур не пакінуў Менска, а быў закатаваны ў менскім СД за сваю стойкасць і беларускі патрыятызм.
Гэтак смерць выдатнага патрыёта пасведчыла ў Беларускім спецыяльным батальёне, што немцы не цярпелі найменшага, хаця б нават вуснага, супраціву.
Пад час адступлення з Беларусі ўлетку 1944 года немцы загадалі ўсім ротам батальёна, раскінутым па розных кутках краіны, сабрацца каля Аўгустова. Гэтак яны й зрабілі. Але тут адступаючых гітлераўцаў чакала новая неспадзеўка.
Камандзір аднае з ротаў старшы лейтэнант Бандык, а таксама ягоныя афіцэры Іваніцкі, Мохарт і Дрозд, сабраўшы сваіх людзей, загадалі ім забраць з сабой лёгкую зброю, а з пакінутай цяжкой павыкідаць замкі. Цэлая рота пайшла ў лес. Назаўтра ад Бандыка ■ з лесу адышлі, раздумаўшыся, два лейтэнанты — Мохарт са Слуцка й Дрозд з Баранавічаў. Былі гэта маладыя хлапцы, гадоў па дваццаць кожны. Іхныя сем’і й сваякі ехалі паблізу ў ліку іншых вайсковых сем’яў, кіруючыся на Граева. Афіцэры, вярнуўшыся з лесу й далучыўшыся да сваіх сем’яў, нават не парупіліся скінуць вайсковае вопраткі й пераапрануцца ў цывільнае. Тым часам нямецкія батальённыя афіцэры, даведаўшыся аб дэзерцыі, паднялі алярм* і пачалі рабіць пошукі. Да двух немцаў, што выехалі шукаць, прымазаўся й сяржант I. С. са Слуцка — з паходжання беларус, што калісь служыў у Чырвонай Арміі. Гэта быў тьш службіста-рэнегата. Для яго не рабіла істотнай розніцы, каму служыць,— абы прыдбаць пару медалёў ці іншых заслугаў. А калі ж у
* Трывогу.
часе службы давядзецца над кім паздзекавацца, асабліва над сваім, дык і весялей будзе I. С.
Сустрэўшы абоз вайсковых сем’яў на галоўнай дарозе ў Граева, немцы й I. С. здалёк заўважылі на возе Мохартавага бацькі двух маладых беларускіх афіцэраў. На загад — падняць рукі ўверх — лейтэнант Дрозд анічуць не замарудзіў, а Мохарт, як выглядала, яшчэ думаў, што рабіць, падымаць ці не. Немец стрэліў з пісталета й раніў Мохарта ў правае плячо. Тут жа немцы затрымалі фурманку з двума беларускімі афіцэрамі. На запытанне бацькоў Мохарта, куды іх павязуць, I. С. адказаў, што перавяжуць рану. Сведкам гэтага выпадку быў старшы лейтэнант Д. Кл-ч, які ехаў крокаў на дзесяць ззаду за Мохартавай фурманкай.
Мохарт і Дрозд адвезеныя былі ў палатку й трыманыя там цэлую ноч пад вартай. Назаўтра раніцою I. С. і адзін радавы забралі арыштаваных і на той жа фурманцы, узяўшы з сабой аўтаматычны пісталет і пару рыдлёвак, павезлі іх у лес. Там адбылася экзекуцыя. Сяржант I. С. меў нагоду прадэманстраваць сваю лаяльнасць да гітлераўскіх гаспадароў. Адно шкадаваў, што не было паблізу больш сведак, калі без прынукі і са смакам ды насалодаю пазбавіў жыцця двух маладых суродзічаў. Ужо каля абеду вярнуўся ў сваю роту. Толькі тады некаторыя агледзеліся, што сталася, ды было позна.
Для адступаючых жаўнераў спецыяльнага батальёна лёс Бандыка й ягоных людзей, што пайшлі ў Аўгустоўскія лясы, застаўся тайніцай. Немцы адсунулі ад камандавання часцямі ў батальёне ўсіх беларускіх афіцэраў, даўшы ім вольную руку ісці, куды хочуць. Атрымаўшы чыгуначныя білеты, шмат паехала ў Берлін, дзе пасля ўлучылася ў беларускае войска, што канцэнтравалася на Ліхтэнерштрасэ. Некаторыя працавалі пры пабудове акопаў і чыгунак. Жаўнеры Беларускага спецыяльнага батальёна, пазбаўленыя сваіх афіцэраў, былі пасля прыдзеленыя немцамі ў іншыя аддзелы.
Акрамя Мохарта й Дразда ў нямецкія рукі трапіла й колькі іншых «дэзерціраў», у тым ліку падафіцэраў і радавых, з якімі гітлераўцы распраўляліся на месцы.
Беларуская Краёвая Абарона
Вялікія няўдачы на Усходнім фронце ды ўзмацненне актыўнасці бальшавіцкіх партызанаў у акупаваных раёнах Беларусі прымусілі немцаў грунтоўна пераацаніць сітуацыю. Для ўтрымання шляхоў сувязі між райхам і Усходнім фронтам, а таксама для
кантролю пазафрантавых абшараў трэба было новых мілітарных сілаў. Немцы вычарпалі дома людскія запасы, дарма што ўжо паклікалі на службу самыя старэйшыя й малодшыя ўзросты. Сітуацыя была крытычная. Пры неабходнасці адступлення з усходу магло здарыцца, што лінейныя аддзелы ў адзін прыгожы дзень апынуцца ў поўнай ізаляцыі ад райха. Прыйшлося б сілаю прабівацца праз другі фронт. Меншым аддзелам пагражала б поўная ліквідацыя. Трэба было шукаць нейкага ратунку.
Пастаўленыя перад такой дылемай, нямецкія дзеячы ўважалі, што з дзвюх нядобрых сітуацый найлепшым выйсцем была б мабілізацыя людскіх рэзерваў акупаваных абшараў Беларусі. Тыя ж беларусы, да голасу якіх немцы час ад часу прыслухоўваліся, маючы наўвеце дабро свайго народа, верылі, што ў гэтым бязвыхадным становішчы лепш для беларускае моладзі ўзяцца за зброю і дзе мага ратавацца ад знішчэння між двума агнямі. У кожным выпадку нельга забывацца, што беларусы не мелі выбару: або сілком маглі быць загнаныя ў партызаншчыну, чаго ніхто не жадаў, або, атрымаўшы з нямецкіх рук зброю, выкарыстоўваць яе найперш, дзе дасца, для самазахавання не толькі сябе, але шырокіх масаў беларускага народа.