Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
IV
— Знаеце што, хлопцы,— гаварыў да сваіх двух сяброў, кіруючыся на вуліцу, Кастусь,— я ў Веньці пакінуў цэлую кучу сваёй вопраткі, а самае галоўнае — тыя найлепшыя боты з бліскучымі халявамі. Чаму маюць нямытаму чорту
заставацца? Давайце возьмем апылім іх j пагуляем харашэнька, Як вы думаеце?
Апыліць — у тэрміналогіі Кастусёвай азначала збыць, прадаць, або, як часценька казаў ён у размовах з палякамі, «спененжыць» — замяніць на цвёрдую манету.
— Добрая ідэя,— падтрымаў Віктар.
— Шкада мне з імі расставацца, але ў войску яны лішнія, а грошы прыдадуцца,— дабавіў Кастусь. Хварсіў ён моцна тымі ботамі, надта ж элегантнымі, шытымі з найлепшага хрому. Былі яны прадметам зайздрасці не аднаго з падлеткаў у гімназіі.
— Дый мой жа кажушок у Веньці заваляўся дзесь, калі толькі мышы не дабраліся да яго,— адазваўся Сымон.
— Ну, брат, на твой цэнны й слаўны кажушок дык хіба й Веньцевы галодныя мышы не кінуцца,— зарагатаў звычайна больш маўклівы Віктар.— Каб ты паслухаў нашай рады, то даўно кінуў бы яго й перастаў сароміць нас у таварыстве.
— Га-га-га! Знайшоў што прыпамінаць, свой незаменны кажушок! — памог Віктару Кастусь.
Сапраўды прадзяўблі сябры Сымону галаву з гэтым рудым, ужо вынашаным, аж пачарнелым ягоным дамашнім кажушком. Сымон з дому быў бяднейшы за сваіх сяброў. Бацька не мог здабыцца, каб прыдбаць сыну, які без ягонага дазволу самадумам паехаў у Вільню вучыцца, лепшую вопратку. Меў, акрамя Сымона, яшчэ, як любіў гаварыць, пяць ратоў накарміць і пяцёра плячэй апрануць.
За Сымонаў самадумны выезд на навуку бацька яму па некаторым часе дараваў, але на лепшую вопратку для сына так і не здабыўся.
— Ну што ж, сынок, едзь, вучыся,— казаў ён да сына, калі той, пераскочыўшы колькі класаў, здаў у Віленскую гімназію экзамены й з нескрываным задавальненнем паведаміў аб гэтым старога.— Але Бог ведае, колькі я табе змагу памагчы. Так коратка з усім, што канца ніколі няма. Што ж да вопраткі, то бяры во й насі, якую маеш, бо лепшай я табе не спраўлю. Каб во сядзеў дома ды мне памагаў, то, можа б, што... а так, то адкуль жа. Рабіць, казаў той, некаму...
Сымон і не крыўдзіўся за гэткія бацькавы словы. Ведаў добра тую вечную, ужо ў вёсцы прыказкавую бяду ў сям’і, дзе амаль усе грошы йшлі то на шпіталі, то на навуку. Маючы чатырнаццаць гадоў, страціў матку. Хвароба з
якойсьці, самому Богу ведамай прычыны вечна не пакідала іхняй хаты. Да таго ж бацька яшчэ стараўся, каб кожнае дзіця, прынамсі, скончыла сямігодку. Для малазямельнага селяніна пад польскай акупацыяй, што меў да працы адно сваіх двое рук, гэта не было такім простым. А вайной яшчэ пагоршылася.
— Дый чаго аж у тую Вільню? — крыўдзіўся на сына бацька.— Ці не мог бы ты дзе тут бліжэй, па суседству?
Так і давялося Сымону згрэбці з вопраткі што папала, у тым ліку й бацькавы падношаныя чаравікі, званыя ім шчыблетамі, амаль на цэлую паўпядзь завялікія на сынавы ногі, дый той не такі ўжо зусім новы, таксама ж бацькаў, руды кажушок. Хоць і даволі рослым быў Сымон, але бацькаў кажушок сягаў яму аж па калені, не гаворачы аб прадаўгаватых рукавах, якія даводзілася закасваць.
— Ты ўяві сабе, Віця, якое мне няшчасце сягоння здарылася,— гаварыў аднойчы Віктару Кастусь з выразным намерам, каб пакпіць з Сымона.— Стаю вунь на рагу Міцкевіча ў таварыстве гэтай прыгажуні з шостага класа, ты яе знаеш, гэту з пульхненькай мордачкай?
— Знаю.
— Дзяўчына што называецца: можна і ў таварыстве паказацца; абстуканая, казаў той, дый з выгляду — і ззаду й спераду — ціп-топ. Адным словам, хоць ты да сэрца прытулі. Стаю, значыцца, і ўдаю джэнтльмена, розныя кавалкі заліваючы. Ажно гляджу, адкуль ні вазьміся, прэ з-пад Зялёнага моста нейкі кажушок, проста так і сунецца, як той слонь, толькі знізу гэтае палоззе даўтое, што ён называе туфлямі, у паветры нейкія замашыстыя паўколлі выпісвае. Я аж ахнуў. Авохці, думаю, пакрака! Яшчэ возьме ды затрымаецца й дзяўчыну спудзіць. Тут не ўспеў я ў душы перахрысціцца, як той спыняецца ды, міргнуўшы на мяне бельмамі, дзяўчыне грабу на прывітанне суніць. I што ж ты думаеш... Тая крышку збянтэжылася, што мядзведзь такі вітацца з ёю маніцца, ды, хвіліну пастаяўшы, перапрасіла мяне й змылася. Які мне стыд, які сорам! Свет не бачыў!
V
Так і цяпер, вярнуўшыся да старой улюбленай тэмы і, як Сымону здавалася, да ягонага забытага кажушка, аб якім меў неасцярожнасць напамянуць, хлопцы й не заўважылі, як мінулі Зялёны мост і, павярнуўшы спярша направа, а пасля ў вулачку налева, станулі перад Веньцевымі дзвярыма. Па знадворных сходах узабраліся на першы паверх і коратка пастукалі ў дзверы. Адчыніла маладзейшая дэвотка. Яна з немальш здзіўленнем прыгледзелася да чорных юнакоў ды, распазнаўшы ў іх колішніх кватарантаў, кароткім «проша» ўпусціла ў хату.
— Ведаеце, панічка, што? — пачаў Кастусь.— Думалі мы, што, праязджаючы праз Вільню, выпадала нам вас наведаць, ды тут і некаторыя нашы рэчы ў вас яшчэ засталіся.
— To панове сюды ненадоўга?
— Хто ведае, можа, толькі на пару дзён...
— О-о-о! Каго я бачу! — з нескрыванай іроніяй, выйшаўшы з кухні, пачаў Веньць.— Праўдзівы рыцары бялорусіны! Маем гонар! Маем гонар! — прадаўжаў з’ядліва.— О, а што ж гэта ў вас на шапках? — зрабіў Веньць грымасу, прыглядаючыся бліжэй да «Пагоняў».— «Пагоня»! Ох, не! Нават і герб мусілі ад літвінаў украсці! Ха-ха-ха! Але ж то й войска! Хэ-хэ...
— Пане Веньць...— моцна пачырванеўшы ад злбсці, пачаў Кастусь.
— Пшэпрашам пана Костка,— перабіў яго Веньць,— але здаецца, што пан Костэк знае маё прозвішча.
— О так, знаю, пане Пшэпулкевіч... Скажыце мне, чаго вы так скачаце? Здаецца, што вы зусім іншы былі чалавек. Ці часам не тое на вас падзеяла, што з усходу прыбліжаюцца так званыя вызвольнікі?
— Але ж і камэдыя! — смяяўся, не зважаючы на Кастуся, закасваючы ніжнюю лупіну, Веньць.— Ну і як жа вы так? Збудавалі тую сваю Бялорусь? Рыцэжэ!.. Ха-ха-ха! Хэ-хэ... А дзе ж ваша зброя?
У гэны момант Сымон выхапіў з-за пазухі й палажыў перад сабою на стале новенькі бліскучы «вальтэр». Купіў яго не так даўно ў нямецкага жаўнера ў Віленскім парку, размяніўшы на маркі залатую царскую пяцірублёўку, якую мачаха, быццам талісман, дала яму перад ад’ездам у Віленскую гімназію.
— Ёсць і зброя, пане Веньць! — сказаў ён паляку паволі
і з прыціскам на кожнае слова.— Ці, можа, вы дагаворыцеся да таго, каб яе выпрабаваць на вас?
Старэйшая дэвотка, што, прытуліўшыся да вушака дзвярэй, выглядала з кухні, убачыўшы пісталет, з трывогай перахрысцілася. Веньцеў твар хутка й выразна пабляднеў.
— Што, панове, сабе зычыце? — акінуўшы ўсіх позіркам і не страціўшы раўнавагі, спытаў ён хлапцоў.
— Жадаем тое, што наша. Калі ласка, давайце ўсю вопратку, што мы тут пакінулі,— загадаў Кастусь.— I чым хутчэй, тым лепш. Мы думалі, што зайшлі да людзей, ажно выходзіць, што вы такія самыя сабакі, як і шмат іншых. I чакалі толькі нагоды, каб выявіць сваю хвалыпывую натуру. Цьфу!
Пры ўспаміне аб вопратцы Веньць яшчэ больш пабляднеў. Ён, здавалася, з запытаннем і трывогай зірнуў на малодшую сястру, тая, таксама перапалоханая, пазірала моўчкі то на пісталет на стале, то на хлапцоў, то на брата.
— Пане Веньць! — з выразным акцэнтам на тое «Веньць» пагрозліва прадаўжаў Кастусь.— Чакаем!
— Пане Костэк...— пачала нарэшце тонам просьбы маладзейшая Веньціха,— мы б рады, зараз бы аддалі, але яе, вашай вопраткі, тут няма.
— Як то няма? — падскочыў да яе Дзежка.— А дзе ж яна?
— Мы аддалі на перахаванне.
— Перахаванне? А што гэта такое, гэтае перахаванне? Хлусіш, старая! Ты сваю вопратку заўсёды трымаеш дома й не аддаеш на перахаванне. А як жа ты чужую магла аддаць?
— Брэша сука,— буркнуў, скоса паглядаючы на старую, Сымон,— прадала, напэўна.
— Толькі боты засталіся,— прызналася перапуджаная дэвотка.
— Боты? — паўтарыў Кастусь і, паглядзеўшы ўважна на ўсіх гаспадароў, хутка адчыніў дзверы суседняга пакоя, дзе калісьці жылі студэнты, і пачаў пароцца па кутках і шуфлядах. Па хвіліне вярнуўся з парай сваіх бліскучых ботаў.
— Запраўды нічога, акрамя гэтых, няма,— паведаміў, паказваючы на боты.
— Дзе ж, вы думаеце, яны падзелі ўсю нашу вопратку?
— Слухай, можа, гэты памог бы даведацца? — спытаў Дзежку, зрокам паказваючы на свой пісталет, Сымон.
— Ат, кіньце вы, хлопцы. Лепш пакінем мы гэту бяду ў супакоі ды хадзем,— парадзіў сябрам Віктар.
— Можа, ты й праўду кажаш, што бяда. Гэта ж падумаць, пражылі тут пару год і не ведалі, што за сукіны сыны...— з фінальным адценкам згадзіўся Кастусь.— Цьфу! — плюнуў ён на падлогу ў бок гаспадароў ды хуткім крокам скіраваўся да дзвярэй.— Няхай вам Бог належна адплаціць! — дабавіў з-за пляча, выходзячы.
Далейшае адбылося, як можна было прадбачыць. Зайшоўшы да школьнага сябра Занеўскага, што жыў непадалёк на другім баку Кальварыйскай, тых бліскучых ботаў «апыліць» не ўдалося, але Занеўскі прыабяцаў, што ў будучыні гэта абавязкова пастараецца зрабіць, і на довад гэтага тут жа, доўга не чакаючы, пасля кароткіх шэптаў з Дзежкам, паставіў на самы цэнтр стала не такую ўжо зусім сівую пляшку самагонкі.
— Ну, унтэрмэншы,— з жартам і паціраючы з задавалення рукі, гаварыў да сяброў Кастусь,— жлопайце й ведайце залатое сэрца Канстанціна Іванавіча.
Доўга не трэба было прасіць. Хлопцы абселі стол, на якім для датрымання таварыства літроўцы хутка з’явіўся халадзец, квашаная капуста й чорны хлеб.
Перакусілі й замяніліся колькімі словамі. Занеўскі не пакідаў Вільні. На прапанову Кастуся ехаць разам адказаў невыразнай грымасай.
— Эт, братцы, едзьце ўжо вы. Я не такі гарачы патрыёт, як вы, неяк, можа, усё гэта ліха праміне й не зачэпяць.
На гэткі аргумент хлопцы паціснулі плячыма.
— Mary я цяпер прапанаваць,— прыпадняўся Сымон,— каб мы выпілі не толькі за вольнасць нашай Бацькаўшчыны, але й за наш шчаслівы паварот, адкуль бы ні прыйшлося там варочацца.
— Дык вы не ведаеце, куды едзеце? — спытаў Занеўскі.
— Быццам у Горадню.
— Гэта віламі пісана.
— Дык вып’ем за тое, каб вярнуліся да сваіх вольных хатаў! — не ўступаў Сымон.
— Давайце.
Усе апаражнілі чаркі.
— Божачкі ж мае, дык вы ўяўляеце сабе тое, што нячыстая сіла гэна ўжо заняла нашы мясцовасці? — дрыжачым голасам прыпомніў Сымон.
— Так, Дзісна ўжо напэўна ў іх руках.