Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Ажно тры гады пазней, калі Сымон вучыўся ў Вільні, адшукаў магілку маткі на Росах. Пагода амаль злізала надпіс з пахіленага драўлянага крыжа, і Сымон не без цяжкасцяў пераканаўся, што гэты, а не іншы грудок быў магілкай ягонай маткі. Пацяшаў сябе думкай, што некалі, мо і ў недалёкай будучыні, паставіць на месцы збуцвелага драўлянага крыжа нейкі трывалы, мо каменны. Нічога з таго не выйшла. He ведаў, што хутка й самому прыйдзецца пакінуць Бацькаўшчыну, хоць і не на той свет ідучы, як матка...
На давяршэнне ўсіх бедаў з сямейнымі хваробамі, са знахарамі ды шаптунамі, што больш шкоды, чым карысці прыносілі малаасвечанаму народу, была ў сям’і Сымонавага бацькі Спарыша яшчэ й вялікая гісторыя з замужжам найстарэйшай дачкі Веры. Замужжа гэтае характэрнае ддя беларусаў, і было яно паўтаранае па ўсёй Беларусі ў тысячах розных варыянтаў. Вера выйшла замуж не за чалавека, а за зямлю.
3 агідай успамінаў пра свайго швагру Сымон.
— Яно ж сабе Лявон чалавек кепскі, да працы няздатны, п’яніца й гультай,— казаў, бывала, Сымонаў бацька пра будучага зяця,— але ж зямлі мае дваццаць пяць гектараў. Там ужо яно неяк уложыцца, утрэцца. Будуць жыць, нідзе не дзенуцца.
Ажно і не «ўлажылася» і не «ўцёрлася». I быў Лявон добры, пакуль жончын пасаг прапіў (а былі ў той час яшчэ ў старога Спарыша царскія залатыя пяцірублёўкі, й не адзін
дзесятак Веры ў пасаг даў). А як прапіў, тады й жонку пачаў выганяць.
— Ідзі,— крычыць абнаглелы п’яніца, падгавораны вясковымі абібокамі, што да старога Спарыша розныя злосці мелі,— нясі ад бацькі яшчэ золата! А як не прынясеш, дык не жывацей! Я з цябе выкалачу, такую тваю!..
I хадзіла Вера ўся ў сіняках. 3 прыгожай, як кветка, васемнаццацігадовай дзяўчыны за пару год адабраў Лявон усю маладосць і сілу. Колькі, бывала, даводзілася малому Сымону нагледзецца й наслухацца, як пакрыўджаная, да паўсмерці збітая старэйшая сястра гадзінамі й днямі плакала, прыбегшы да бацькоў, і жалілася, што яе, маладую, за бандытаву зямлю замуж аддалі.
Але нядоўга Лявону давялося жыццём цешыцца. Неяк хапіла яго раз ці два на жывот. Лекар загадаў ад усякае садавіны ўстрымацца. Дык дзе ж там! Аднойчы, падпіўшы на кірмашы, спеленькімі грушамі да адвалу наладаваўся. Там жа хутка й скончыўся. Сляпая кішка, мусіць, не вытрымала, ці што. Так і на паховінах плакала Вера па ім адно для вачэй людскіх. Жыццё ейнае зруйнаваў ды ўдавой з трохгадовым сынам ды старэнькай свякроўкай пакінуў. I з зямлі той толк малы быў, бо хутка ж прыйшлі крывадушныя «вызвольнікі» са зненавіджанымі калгасамі, дык зямлі хапіла ўсім, ажно пачало адрыгацца.
Мы вельмі павярхоўна пазнаёмілі чытача з тым, што адбывалася й як жылося ў сям’і Сымонавага бацькі. Мы пэўныя, што калі б хацелі апісваць самыя неабходныя й цікавыя дэталі адносна шматлікіх хваробаў, то мусілі б спісаць вялікую шпітальную кніжку, а калі б яшчэ давялося заглыбляцца ў розныя асноўныя беды сям’і старога Спарыша, то вунь колькі трэба было б паперы!
Хто сказаў, што для малявання жыцця ў аповесці патрэбна фантазія? Само жыццё бывае часта перапоўнена такімі капрызамі й фокусамі лёсу, што й найбольшы фантазёр пры найлепшым выдумлянні выявіўся б мізэрным майстрам. I таму якраз жыццё бывае такое непраўдападобнае, такое жахлівае, бо праўдзівае.
Часта Сымону даводзілася думаць над тым, чаму якраз у іхняй хаце не выводзіліся хваробы й калецтвы. Губіўся хлапец. Дый хто мог адказаць на тое пытанне? Ахкалі й надзівавацца не маглі суседзі, а старэйшыя бабкі так і вырашылі, што сям’я Спарышова пад нейкім урокам была. Урок нехта, дый годзе.
— Божа мой, Божа,— бедаваў часта Сымонаў бацька,— залом нейкі ў мяне ў сям’і. I чаму гэта ў мяне не так, як у людзей? Ці ж я больш за каго награшыў? Калі ж гэтаму канец будзе?
I не мог ужо, састарэўшы ад нядолі й цяжкой працы, бацька прадугледзець, што й самому яму, больш чым каму іншаму з сям’і, найбольш трагічны й найбольш жахлівы KaHep прыйдзе ўжо ў часе другой бальшавіцкай акупацыі ў канцэнтрацыйным лагеры... Ды што й рэшткі сям’і ягонай, тых калекаў і цэлых яшчэ, раней захаваных неяк лёсам, развее-раскідае люты лёс па цэлым свеце...
VI
Усе гэтыя нядолі-няшчасці моцна адбіліся на Сымонавым характары. Будучы яшчэ школьным вучнем, ён паставіў, што зямля не для яго, што трэба будзе шукаць іншых сцежак-дарожак. Гэтым і тлумачыцца тое, што без дазволу бацькавага паехаў і паступіў у Віленскую гімназію. Але не толькі бацькава, матчына ці сямейнае гора й жыццё цікавіла Сымона. Бачыў ён, што й навакол у суседзяў-сялян не лепш. Дый без хваробаў, як у іх. Бачыў навакол бяду й галечу.
Пад час першай бальшавіцкай акупацыі хадзіў у школу й вельмі падатны быў на ўсялякую прапаганду, нават і на школьную, бальшавіцкую. Дома бачыў зусім адваротны бок жыцця. Бацька, выпрацаваны да знямогі< вечна праклінаў «гэтую нячыстую сілу», вечныя турботы аб тым, як выплаціць падаткі, аддаць «культналогі», «ізлішкі» й іншае, бясконцае й не зусім яшчэ малому хлапцу зразумелае,— усё гэта яўна запярэчвала казённай прапагандзе розных школьных і пазашкольных партыйных агітатараў. Народ апынуўся ў яшчэ большай галечы, чымся быў раней за панамі. Самае асноўнае, чаго Сымон Спарыш не мог зразумець і аб чым нельга было нікога запытацца, гэта — чаму бальшавікі так душылі людзей, чаму вывозілі, чаму абкладалі такімі непасільнымі падаткамі, што прыходзілася сем дзён цэлымі порамі працаваць на тыдзень; агульна гаворачы — чаму не давалі людзям жыць?
Балючымі былі бясконцыя нараканні бацькі. Звычайна пасля колькіднёвай адсутнасці з дому па нейкай бальшавіцкай працоўнай норме, вывазцы лесу або камення, стары
Спарыш, вярнуўшыся зняможаным дахаты, хрысцячыся, вымаўляў: «Госпадзі міласэрны, дзе твая справядлівасць? Ці ж доўга ты яшчэ дазволіш, каб нячыстая сіла так народ душыла? Божа ж мой, Божа, няхай бы ўжо хоць нейкі чорт прыйшоў на змену, абы не гэтая нечысць паганая. Дзе ж яна на нас узялася, каб яна скрозь зямлю правалілася!»
Ажно прыйшла й змена, й той «чорт» на змену, што выявіўся анічуць не лепшым за тую «нечысць».
Маладому Сымону спачатку здалося, што пойдзе на лепшае. Неба было праяснілася. Пачулася нешта роднае, дарагое, цела ад свайго цела, дагэтуль забароненае, апаганенае, стаптанае. У беларускіх школах хлапец выразна ўсведаміўся. Да гэтага спрычыніліся найбольш лекцыі гісторыі й літаратуры на настаўніцкіх курсах. Настаўнік гісторыі, сам добры беларускі патрыёт, сваім навучаннем будаваў у сведамасці й сэрцы Сымона лепшага, паўнавартаснага чалавека, добрага й сумленнага беларуса, вялікага патрыёта.
I не дзіва, што цешылася юнакова сэрца, калі бачыў, як навокал раслі беларускія школы, арганізоўвалася моладзь, грамадскія інстытуцыі. Здавалася тады яшчэ Сымону, што немцы былі найлепшымі прыяцелямі беларусаў, а хто ведае — мо й найлепшымі людзьмі. Любіў надзвычайна чытаць і чытаў усё, што друкавалася па-беларуску. Нейкі час захапляўся перадавіцамі Уладыслава Казлоўскага ў «Беларускай Газэце». Здавалася, што каб тады даў яму хто ў рукі стрэльбу й сказаў самому аднаму абараняць, прыкладам, ад бальшавікоў Менск, то пайшоў бы без найменшага хістання.
Хутка прыйшлі расчараванні, а пасля й змены поглядаў, калі тое, што юнак меў у галаве дагэтуль, можна было назваць поглядамі. Дачуўся Сымон, што спалілі немцы вёску Залатуху непадалёк Параф’янава, побач чыгункі Маладзечна — Полацак. Аб сапраўднасці весткі не было сумлеваў — перадалі яе Сымону людзі, якім поўнасцю верыў. Спалілі ж не толькі малыя ў вёсцы будынкі, але папалілі жыўцом, пазганяўшы ў пуню, усіх жыхароў Залатухі, пераважна жанчын, старых і дзяцей. Хутка цэлая ваколіца з жахам пачала аб тым учынку гаварыць. Сымон глыбока задумаўся. У вёсцы, як апавядалі людзі, зусім не было партызанаў. Адной віной Залатухі было тое, што ляжала воддаль чыгункі непадалёк лесу, значыцца, бальшавіцкія партызаны маглі раз ці два заглянуць у яе па дарозе да чыгункі, якую падміноўвалі.
Чаму ж тады гітлераўцы палілі нявінных гаротных беларускіх сялян? Чаму дзяцей і жанчын? Ці ж і яны былі партызанамі? Ці ж гітлераўцы не мелі часу, каб разабрацца, дзе, хто й што, ці паленне й руйнаванне ляжала ў іхніх інтарэсах? Чаму, чдму й яшчэ раз чаму?
Жахлівае падазрэнне мільганула ў Сымонавай галаве: ці не ёсць і гітлераўцы такімі самымі знішчальнікамі, крывапіўцамі, эксплуататарамі беларускага народа, як і бальшавікі? Ці не ёсць і Гітлер такім самым крымінальнікам, як і Сталін?
Хутка пачалі прыходзіць весткі аб нямецкіх зверствах з усіх канцоў і ваколіцаў. Яны былі не менш жахлівымі, чым весткі аб зверствах над беларускімі сялянамі з боку бальшавіцкіх партызанаў.
«Што з таго, што гітлераўцы дазволілі арганізаваць беларускае школьніцтва й адміністрацыю? — думаў Сымон.— Яны ж паляць, рабуюць, страляюць людзей, адным словам, робяць з Беларусі пустыню».
Апавядалі аб стралянні яўрэяў. Сам Сымон бачыў, як немцы стралялі савецкіх ваеннапалонных. Каля самай іхняй вёскі прабягаў вялікі гасцінец. Гэта тут раз давялося бачыць Сымону, як гналі немцы вялікую й шырокую, у дзесяць шэрагаў, калону савецкіх палонных. Была зіма. Дарогаю валачыліся абдзёртыя, босыя, пасінелыя шкілеты. Здавалася, што не было ім ні канца ні краю. Іх накіроўвалі ў лагер у Бярэзвечах. Вясковыя жанчыны, панабіраўшы ў пелены бульбы ці хлеба, падыходзілі да дарогі й шпурлялі галодным. Шкілеты гуртамі кідаліся на хлеб і бульбу, а нямецкія канвойныя касілі іх з аўтаматаў, пакідалі кучы трупаў і йшлі далей... Ці мала чаго бачыў яшчэ Сымон...
Хто ж мог бы пералічыць усе тыя жахі й зверскія ўчынкі акупантаў, аб якіх давялося чуць. Прыходзілі на памяць нядаўнія бальшавіцкія ўчынкі ў Бярэзвечах, дзе ў колішнім манастыры, пераробленым на вязніцу, людзі пазнаходзілі кучьі трупаў з паабразанымі насамі, языкамі, жаночымі грудзьмі, павыколванымі вачыма, павыломванымі пальцамі. Прыгадвалася цяжкое жыццё пад савецкай акупацыяй, вывазы ў Сібір, вечныя нараканні бацькі. I ў параўнаннях маладога Сымона абодва акупанты выглядалі аднолькавымі. «Чорт іх ведае,— думаў юнак,— адна нячыстая сіла, а другая яшчэ горшая. Мусіць, каб паставіў на вагу, дык ніводзін не пераважыў бы, абое, як кажуць, рабое».
Сымон аж усцешыўся, што ён сам, без ніякіх падказван-