• Газеты, часопісы і г.д.
  • Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

    Змагарныя дарогі

    Кастусь Акула

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 572с.
    Мінск 1994
    158.06 МБ
    няў збоку, дайшоў да такіх высноваў. Радасць была тым большая, калі пераканаўся ў далейшым, што ягоныя новапрыдбаныя погляды адносна немцаў былі зусім правільнымі. Калі ж адна думка была даведзена да канца, калі была пастаўлена над гэтым кропка, дык перад юнаком з’явіўся цэлы сцяг зусім новых пытанняў: хто ж тады прыяцель беларусаў? Дзе ж народ павінен шукаць ратунку? I ці наогул быў ратунак?
    У гэны час не мог юнак знайсці адказу на такія пытанні. Яны адно прынеслі недавер і насцярожанасць да ўсяго чужога ды яшчэ болыную любоў да роднага, блізкага, свайго пакрыўджанага народа.
    He было ў Сымона ніякіх пытанняў да самога сябе. Даўно наважыў лічыць на свае сілы. Добра разумеў вартасць навукі, а таму й пастанавіў прадаўжаць яе далей. «А там ужо будзе відаць»,— думаў сабе.
    Але й час навукі ў Вільні быў кароткі. Ясна было, што немцы збіраліся адступаць, а калі б і не, дык падходзілі тыя гады, калі трзба было браць стрэльбу ў рукі. Хто быў дужэйшы, значыцца, хто трымаў зброю ў руках, той і лічыўся лепшым. Гэтую простую праўду пазнаў быў Сымон, назіраючы за рознымі падзеямі, якія заўсёды стараўся аналізаваць. Калі ў Вільні пачаўся прыём у школу камандзіраў БКА, калі гэтую справу тройка студэнтаў пачала разважаць, дык выявілася, што погляды ўсіх сыходзіліся. Так неяк выйшла, што ніхто й нікога не намаўляў. Паспяшылі ў памяшканне Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта на медыцынскі агляд, дзе й былі прынятыя ў БКА.
    VII
    Шостага ліпеня школа прыехала ў Вірбален — мястэчка на летувіска-прускай мяжы. Кадэты затрымаліся ў вайсковых бараках. Толькі параненыя былі накіраваныя ў шпіталь недзе ў ваколіцы Кёнігсберга. Разам з імі паехаў і Камовіч, з якім, як пасля выявілася, хлопцы развіталіся назаўсёды. Параненых пасля не далучылі ўжо да школы камандзіраў, і ніхто не ведаў, што з імі сталася. У Вірбалене школа затрымана была на чатыры дні.
    Быў гэта добры адпачынак. Пагода была цудоўная. Заняткаў — ніякіх. Рэкруты аглядалі самі сябе, чысціліся, парадкавалі свае рэчы, падлічвалі страчанае, загаралі на
    сонцы, без канца дзяліліся перажываннямі з жахлівай бамбардзіроўкі ў Вільні, з дарогі. Коратка кажучы — гаілі свае духовыя раны. А раны гэныя ўжо былі паказаліся ці ў аднаго. Такая раптоўнасць выпадкаў за апошні тыдзень скаланула не аднаго — да самае асновы духовае істоты.
    Значны ўплыў на настрой гэтага юнацкага аддзела прыносіла й няпэўнасць заўтрашняга дня, няведамасць будучыні. Ясным было ўжо, што не вярнуцца ім ані заўтра, ані паслязаўтра на пакінутую Бацькаўшчыну, хаця б нават і ў абяцаную перад выхадам з Менска Горадню. Што ж было наперадзе? Куды вёў іхні шлях? Што сталася з іншымі аддзеламі БКА? Дзе была беларуская цэнтральная адміністрацыя, г. зн. БЦР, штаб БКА і іншыя? Пытанняў было без канца.
    Вечарам, блізка на захад сонца, каля аднаго з баракаў на зялёнай траўцы сядзела грамада хлапцоў. Гаварылі аб тым-сім, пераважна ж аб пакінутай радзіме, бацьках, агульным палажэнні, будучыні. Сярод іх былі капітаны Мікула й Ласкутовіч. Маладым рэкрутам хацелася пачуць штонебудзь і ад сваіх афіцэраў, што-небудзь усцешлівае, упэўненае, бадзёрлівае. Таму, калі Мікула па-сяброўску пачаў гутарку, адкуль ні ўзяліся дзесяткі слухачоў, што хадзілі воддаль. Цеснай сцяной абкружылі абодвух капітанаў і замяніліся ў слых.
    — Так, хлопцы,— гаварыў Мікула,— мы сёння рассыпаліся, хаця дагэтуль і мелі нейкую дзяржаўную арганізацыю. He ведаем цяпер, дзе знаходзіцца Беларуская цэнтральная рада, дзе ёсць нашыя вайсковыя адзінкі. Мы страцілі адзін аднаго, бо ўцякалі. Цяпер трэба чакаць, пакуль усё стабілізуецца, і толькі тады я ясна пастаўлю пытанне аб існаванні афіцэрскае школы, бо цяпер яна, як такая, фактычна перастала існаваць. Трымайцеся ў цесным сяброўстве, не адыходзьце адзін ад другога.
    Перад гэтым адзін з вашых сяброў сказаў, што ён страціў ужо бацькоў, Бацькаўшчыну і ўсё, што меў. Такім чынам, засталося толькі страціць галаву, на якой яму ўжо мала залежыць. Праўда, запал вельмі патрэбны, але памятайце, што галоў не трэба траціць надарма й без сэнсу. Якраз цяпер мы павінны старацца, каб іх як найбольш захаваць, бо ў будучыні будуць нам вельмі патрэбныя.
    — У Вільні мы пацярпелі першыя, здаецца, дарэмныя ахвяры,— гаварыў далей капітан.— Але, з другога боку, падумаўшы, дык і не былі яны зусім дарэмнымі. He былі ж бы
    мы на віленскай станцыі, калі б не апранулі жаўнерскай вопраткі. А калі ўжо носім гэту вопратку, то й мусім быць падрыхтаванымі на ахвяры. Памятайце, што ахвяры ніколі не прападаюць дарэмна. Яны родзяць шэрагі новых змагароў, вядуць наперад, да вольнасці нозыя пакаленні. Вы тут амаль усе з сярэдняй асветай. Вы ёсць тая залатая моладзь, якая ў будучыні павінна шмат зрабіць для Бацькаўшчыны. Перад намі ўсё жыццё, й вы ідзеце за яго змагацца. Тым часам трымайцеся ў цесным сяброўстве, слухайце сваіх камандзіраў. Цяпер дысцыпліна нам найбольш патрэбная. Амаль кожнага з нас сустрэў той самы лёс, і мы йдзём да аднае мэты. Наша школа не пачала яшчэ працы, якую павінна была пачаць. Мы яшчэ не сабраліся, калі здарылася...
    — Чаму ж беларуская армія не зарганізавалася paHeft? — спытаў адзін з слухаючых.
    — He мы тут вінаваты. Нашы вайскоўцы ўжо ўлетку 1941 года ездзілі ў Менск і пачалі старацца дастаць дазвол. Пісалі ў розныя куткі, хадзілі, абівалі парогі, пісалі ў Берлін. Нашых просьбаў не слухалі. Я, прыехаўшы ў Менск і пабачыўшы, што ўсе дзверы зачыненыя ды няма чаго рабіць, вярнуўся ў Нясвіж, дзе надалей працаваў настаўнікам. Аж пазней немцы схамянуліся. Ды ўжо пазнавата было. Сягоння не прайшло трох месяцаў ад паклікання Беларускае Краёвае Абароны. Армія толькі пачала арганізавацца. а трэба ж вам ведаць, што для арганізацыі й вышкалення арміі патрэбны не месяцы, а гады. У выніку ўсяго гэтага што ж мы маем сёння? Ёсць адзінкі, хаця яшчэ недашколеныя, але й тыя рассыпаныя. А дзеля таго, каб што-небудзь дасягнуць, трэба, каб усе сілы цяклі ў адну крыніцу. I дзеля таго паўтараю: сёння згуртаванасць і здысцыплінаванасць — гэта асноўнае. Трымайцеся, а там яшчэ ўсё будзе наперадзе.
    Кароткая Мікулава гутарка ўсё ж выдатна адбілася на настроях хлапцоў. Трэба заўважыць, што не былі яны яшчэ выпрабаванымі ў змаганні жаўнерамі, што даюць сабе ўсюды раду. Асабліва ў гэныя першыя дні на чужыне патрабавалі яны цёплага слова, сяброўскае падтрымкі ад сваіх афіцэраў. Дык і не дзіва, што зараз пасля капітанавай гутаркі пачаліся песні.
    VIII
    Песні трывалі коратка. Прыйшоў капітан Шнайдар у суправодзе трох нямецкіх інструктараў-падафіцэраў: Кацынскага, Будкэ й Турна. Пры пасярэдніцтве беларускіх афіцэраў загадаў ён, каб увесь алкаголь, якім удалося прызапасіцца на станцыі ў Вільні, быў зараз жа здадзены ім, немцам. Матываваў загад тым, што алкаголь быў маёмасцю нямецкага вермахта, што быў узяты на пажары без дазволу, й дзеля таго цяпер ён, Шнайдар, загадвае ўсё гэта вярнуць гаспадарам. Акрамя таго, рэкрутам— і ён асабліва падчыркнуў гэнае слова — не дазволена было піць. На выкананне загаду немец даваў паўгадзіны. Зараз жа казаў ісці ў баракі ўсім, што мелі каньяк, ды прыносіць і складаць яго тут жа на травіцы каля яго, Шнайдара.
    — А скула яму ў бок! — адазваўся нехта.— Я свой добра схаваў, і фігу знойдзе.
    — Трэба было самому набраць,— падтрымаў іншы.— Іш ты, які ласы на чужое знайшоўся!
    — Выпіць, значыцца, захацелася. Ідзі ды купі! Во!
    — Я яму аддам каньяк? А трасцу ў бок чорту нямытаму!..
    Рэакцыя была аднолькавая. Ніхто не рупіўся выконваць загад немца. Кожны па-свойму каментаваў яго, й ніводзін не скупіўся на сакавітыя словы. Капітана Шнайдара і ўсіх інструктараў-немцаў хлопцы моцна не любілі. Найбольш не падабаўся ім той панскі прускі падыход, з якім яны адносіліся да ўсіх беларусаў, пачынаючы ад афіцэраў, а канчаючы радавымі. Найбольш калола ў сэрца непашанотнае дачыненне немцаў да беларускіх афіцэраў. Чым больш пачыналі не любіць немцаў, тым больш прывязваліся да сваіх і шанавалі іх.
    Калі Шнайдар пабачыў, што ніхто й не думаў выконваць ягонага загаду, дык выслаў у баракі сваіх трох немцаў і пару беларускіх падафіцэраў, каб абшукалі ўсе клункі. Калі немцы стараліся перапароць увесь рэкруцкі багаж, то беларусы быццам ім памагалі, але вось толькі так, нехаця, дзеля людскога вока. Лішне й гаварыць, што знайшлі колькі пляшак каньяку, хоць, пэўна ж, далёка не ўвесь, вывезены з Вільні,— з той простай прычыны, што шмат яго было па дарозе выпіта, а некаторыя з хлапцоў, хітрэйшыя, што стараліся гэту небяспеку прадугледзець, былі пахавалі свой у месцах, дзе немцам і не снілася шукаць.
    У гэны вечар п’янствавалі немцы аж за поўнач...
    IX
    Быў вечар. Школа камандзіраў БКА заладавалася ізноў на цягнік. Адным эшалонам мелі ехаць і некаторыя паліцаі ды жаўнерскія сем’і. Цягнік чакаў на станцыі ў Вірбалене пару гадзінаў.
    Сымону Спарышу давялося мець цікавую гутарку з адным паліцаем, нейкім Красоўскім. Сустрэў яго, шпацыруючы каля вагона, і той першы пачаў гаворку.
    — А вы адкуль? — спытаў Красоўскі зусім без ніякіх уступных слоў.
    — Адусюль, з цэлае Беларусі,— адказаў Сымон. Яму і ў галаву не прыйшло, што гэты шыракаплечы, сярэдняга росту, чарнявы, сыценькі паліцайчык мог цікавіцца ягоным, Сымонавым, асабістым паходжаннем.
    — Я пытаюся, адкуль, з якога горада гэта ваша паліцыя?
    — Мы не паліцыя.
    — Як то? Вы ж носіце паліцэйскае ўбранне,— насядаў Красоўскі.	•
    — Толькі да часу, бо зялёнага нам яшчэ не выдалі.
    Адно цяпер заўважыў Сымон, што малы паліцай быў добра падпіты. Відаць, што практыку меў добрую, бо трымаўся нядрэнна. Да іх далучыўся трэці. Сымон ведаў яго з выгляду— гэта быў адзін з менскай школы БКА, але ў той час не мог прыпомніць прозвішча.
    — To хто ж вы, калі не паліцыя? — прадаўжаў паліцай.— О-о-о-о,— быццам здзівіўся ён, прыглядаючыся да «Пагоні» на юнаковай шапцы,— і коніка нейкага тут на шапцы бачу...
    — Па-першае, гэта не конік, а «Пагоня». Для нас яна шмат даражэйшая, чымся нейкая нямецкая курыца ці свастыка,— адказаў задзёрыста Сымон.— Па-другое, мы не паліцыя, а афіцэрская школа Беларускай Краёвай Абароны з Менска.
    — Афіцэрская школа? — здзівіўся Красоўскі й сплюнуў убок.— Го, го!
    Сымон меркаваў, з якіх прычын так не падабаўся яму гэты прыпадковы размоўца. Ці гэтаму віной былі легкадумна-недарэчныя пытанні адносна яго й школы, ці хамсказухаватая пастава паліцая.