Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
тызанскіх гнёздаў, асцерагаючыся, каб не цярпела цывільнае мясцовае жыхарства. Яго нельга залічыць да тых зверскіх тыпаў гітлераўцаў, што ў кожнай аперацыі супраць партызанаў бачылі нагоду, каб пусціць дымам адну ці другую беларускую вёску разам з ейнымі жыхарамі. Дзякуючы пільнасці й руплівасці Зіглінга, у незадоўгім часе авансаванага на маёра, Гарадзішчанскі раён і суседнія ваколіцы былі ачышчаныя ад чырвоных. Батальён браў удзел і ў шырэйшых акцыях супраць чырвоных супольна з іншымі аддзеламі ў далейшых мясцовасцях Беларусі. (...)
3 украінскім русафілам маёрам Мураўёвым чытач сустрэнецца яшчэ шмат дзе ў будучыні, таму скажам пра яго адно пару слоў. Самае важнае, асноўнае, што нас цікавіць цяпер, гэта тое, што маёр Мураўёў быў надта блізкім сябрам Зіглінга, аж да розных інтымнасцяў, як, прыкладам, супольных вандровак да дзяўчат у розныя часы і ў розных месцах. Мураўёў быў калісь афіцэрам савецкае арміі. Пасля пераходу ў палон пайшоў на службу да немцаў і побач Зіглінга тры гады змагаўся з партызанамі ў Беларусі. Там абое й зблізіліся. Зіглінг часценька браў на ўвагу парады Мураўёва — мо таму, што той меў язык і больш ведаў краіну, а мо і з іншых прычынаў. Гэтае нас менш цікавіць. Асноўнае, што не было тайніцай,— маёр Мураўёў уважаўся правай рукой Зіглінга й нярэдка ўплываў на тыя ці іншыя пастановы немца.
IV
У месяцы ліпені 1944 года на Мазуршчыне на поўнач ад Варшавы ды ў самай Усходняй Прусіі знаходзілася колькі дзесяткаў тысяч людзей з розных збройных аддзелаў, а то й рэштак аддзелаў, што эвакуаваліся з Беларусі. Насамперш былі там аддзелы дапаможнае паліцыі, Беларускае Краёвае Абароны, рэшткі чыгуначнага батальёна, украінскай зялёнай паліцыі, што дзейнічала ў Беларусі. Там жа былі й рэшткі або цэласці такіх аддзелаў, як Зіглінгаў 57-мы батальён ды іншыя, створаныя немцамі з мэтаю змагання з партызанамі. У складзе гэтых збройных частак пераважалі палонныя з Чырвонае Арміі. Паводле нацыянальнага складу, гэта разнаякае войска было ў сваёй бальшыні беларускім. Некаторыя цвердзілі, што беларусы складалі ці не больш за 80 % усіх вайскавікоў. Ясна, ніхто ж не правяраў і не падлічваў
працэнтаў, адно ўгадвалі паводле характару аддзелаў. 3 праўдай далёка не разміналіся.
Перад нямецкім вайсковым камандаваннем паўстала пытанне: што рабіць з дзесяткамі тысячаў людзей, што ў Беларусі так ці інакш былі дапамогай для акупацыйнага апарату? Безумоўна, немцы былі задаволены з наяўнасці людскіх рэзерваў, што лішні раз удасца выкарыстаць. Адно — ці паслаць іх да капання акопаў і будовы ўмацаванняў па-за фронтам, ці адправіць на паўнявольніцкую працу на фабрыках, ці, рэарганізаваўшы,— стварыць вялікую збройную адзінку? Пару тыдняў усё, як здавалася, вісела ў паветры. Хадзілі розныя чуткі. Найчасцей цвердзілі, што неўзабаве давядзецца капаць акопы ці будаваць бункеры. Радзей меркавалася аб тым, што людзі атрымаюць зброю ці захаваюць тую, што маюць, ды пойдуць ваяваць на фронт.
Маёр Зіглінг быў выкліканы ў Берлін, дзе меў даўжэйшыя гутаркі з вярхоўнымі ўладамі. Безумоўна, ён добра ведаў як людзей, так прыблізна й іхнія настроі, а там ужо, зверху, пэўна ж, таксама мелі свае планы.
Хутка пасля Зіглінгавага выезду ў Берлін афіцэры збройных адзінак, што знаходзіліся на Мазуршчыне і ва Усходняй Прусіі, атрымалі загад з’явіцца ў абоз у ваколіцах горада Эльбінг. Загад адносіўся да адзінак, у якія ўваходзілі беларусы і ў меншай меры ўкраінцы й расейцы. Іхны афіцэрскі склад быў мяшаны: прыблізна напалову •— немцы, другая палова — афіцэры іншых нацыянальнасцяў.
24 ліпеня 1944 года каля першае гадзіны ночы ў абозе каля Эльбінга зрабілі трывогу. Афіцэры атрымалі загад неадкладна рыхтавацца да канферэнцыі. Транспартнымі аўтамашынамі перавезлі іх у вялікую падгарадскую вілу, абстаўленую моцнай вартай. Пры ўваходзе ў будынак кожны быў грунтоўна кантраляваны.
Ніхто не змог адказаць на агульнае, як здавалася, пытанне: што гэта за такая важная канферэнцыя, што турбуюць ажно а першай уночы, дый навошта такія меры асцярожнасці? Калі сабраліся ўсе ў залі, няведама адкуль з’явілася вестка, пушчаная, відаць, наўмысля, што чакаюць прыезду палкоўніка з Берліна, які мае тут жа і выявіць планы адносна далейшага лёсу афіцэраў і іхніх аддзелаў. Прысутных было больш за паўтары сотні. Самая вялікая заля набітая была бітком. Чакалі блізу чатыры гадзіны, аж да раніцы.
3 афіцэраў амаль палова была немцамі. Другой па ве-
лічыні групай былі расейцы, колішнія чыны Чырвонай Арміі. Украінцы, пераважна русафілы, якія трапілі ад бальшавікоў у нямецкі палон і пасля перайшлі ў паліцыю, што аперавала ў Беларусі, былі трэцяй групай. Колькасна найменшая ў параўнанні з іншымі беларуская група мела таксама й найменш старэйшых рангамі: пару маёраў, колькі капітанаў, рэшта — малодшыя чыны. Яшчэ менш было між імі беларускіх патрыётаў.
Загадкавай была адсутнасць камандуючага БКА маёра Кушаля, які ў час склікання афіцэраў у Эльбінг быў ці то ў Лодзі, куды заехаў пасля Плоцка, ці ўжо нават вярнуўся назад у Кёнігсберг. Як пазней выявілася, маёр Кушаль аб канферэнцыі быў наогул непавядомлены, хоць шэф штаба БКА капітан Мікула ў час атрымаў паведамленне ды, на вялікі жаль, не мог скантактавацца з Кушалем. Гэткім чынам капітан Віталі Мікула, апынуўшыся на канферэнцыі ў Эльбінгу, мусіў дзеяць на сваю руку, без папярэдняга паразумення са сваім начальнікам. Магчыма, што нават і нельга было мець нейкага папярэдняга паразумення ці планаў, бо ж сама канферэнцыя была неспадзяванай, тэмы нарадаў — няведамыя. Усё ж можна было б збольшага прадугледзець, што на парадку дня будзе лёс беларускіх збройных адзінак, іхняя будучыня, арганізаванне іх у нешта большае. Можна тады загадзя было б устанавіць беларускія пазіцыі, палітыку й тактыку.
Магчыма, што генерал-камісар Беларусі фон Готберг, які склікаў тую канферэнцыю й якому да гэтага часу падлягалі ўсе вайсковыя ненямецкія адзінкі з былога генералкамісарыята Беларусі ды які, пэўна ж, і дэлегаваў маёра Зіглінга ў Берлін для нарады з вярхоўнымі ўладамі, не меў намеру памінуць цэлага штаба Беларускае Краёвае Абароны. Магчыма, што ў свой час і нейкай дарогаю быў высланы загад у Беларускую цэнтральную раду, каб дала дыспазіцыі ўсім афіцэрам БКА быць там і там ды тады й тады. Магчыма, што той загад дзесьці й кімсьці быў загублены. Па-першае, Астроўскі з ад’ютантамі сядзеў у Лодзі, працаўнікі ж БЦР былі ў Кёнігсбергу, а сам камандуючы БКА, маёр Кушаль, як мы ўжо раней успаміналі, ездзіў па Мазуршчыне й па Усходняй Прусіі, шукаючы згубленых па дарозе з Менска розных беларускіх аддзелаў і афіцэрскае школы БКА. Перш за ўсё трэба помніць, што быў хаос, дык і шмат рэчаў было магчымых і немагчымых. Магчыма, што й тоесёе сталася не без ведама расейцаў, што былі абселі па-
сады каля людзей, якія тварылі трыццатую дывізію. Магчыма...
Перастанем губляцца ў здагадках, адно запамятаем, што са штаба Беларускае Краёвае Абароны на канферэнцыі ‘ ў Эльбінгу быў сам капітан Мікула. Беларускія афіцэры тварылі найменшую групку лічэбна, найніжэйшую рангамі і з найменшай колькасцю людзей нацыянальна сведамых і патрыётаў. Расейцы трымалі ў сваіх руках ці не ўсе козыры: памінаючы немцаў, яны былі шматколькасныя лічэбна, мелі нямала высокіх чыноў — пару палкоўнікаў і шмат маёраў. Па-іхняму ж думалі, пэўна, і многія ўкраінцы-русафілы. Іхнія людзі, у першую чаргу маёр Мураўёў, былі сябрамі Зіглінга.
V
Ужо днела, калі ў вялікай залі прыгараднай вілы ў Эльбінгу з’явіўся Зіглінг. Ён толькі што прыляцеў самалётам з Берліна й адразу паспяшыў на месца канферэнцыі. Магчыма, не ведаў нават, што чакаюць яго добрых пяць гадзін, бо крышку здзівіўся, што ўсе выглядалі надта соннымі, а некаторыя дык проста й не саромеліся пазяхаць.
У дзвярах сустрэў яго Мураўёў, які павіншаваў з новым авансам на падпалкоўніка. Давялося патрэсці колькі добразычлівых рук. Справа была пільная, а Зіглінг — чалавек свае справы, дык і не трацілася шмат часу на выказванне розных ветлівасцяў. За сталом з аднаго боку новага падпалкоўніка (дзеля скароту будзем называць яго палкоўнікам) прымасціўся ад’ютант-капітан немец, з другога ж — Мураўёў. Далей было колькі расейцаў наперамешку з немцамі. На залі асноўныя нацыянальныя групы захаваліся ў цэласцях — немцы, як найбольш лічбоўныя й гаспадары, не збіваліся ў кучу, затое асобна трымаліся расейцы, таксама як беларусы і ўкраінцы.
Зіглінг гаварыў паволі й выразна. Капітан-расеец перакладаў сказанае на расейскую мову. Каротка гаворачы, справа выглядала наступна: нямецкае камандаванне ўважае, што для чужых збройных аддзелаў, эвакуаваных з усходу, ёсць два выйсця — або быць зарганізаванымі ў адну вайсковую адзінку й працягваць змаганне супраць ворагаў Нямеччыны, або быць завербаванымі на працу пры пабудовах прыфрантавых умацаванняў і ў нямецкай прамысловасці. Нямецкае камандаванне лічыць, што першы выхад
быў бы карыснейшы для абодвух бакоў, але — і тут быў нясмелы намёк, што быццам выбар залежаў ад гэтак званых хаўруснікаў з усходу,— усё залежыць ад зацікаўленых людзей. Калі захочуць ісці працаваць, а не ваяваць, дык і тое будзе надта добра.
— Вы як афіцэры ведаеце, як вашы людзі думаюць. Адкажыце мне тады зараз на пытанне: што яны хочуць — ці быць у войску і ваяваць побач немцаў аж да перамогі, ці працаваць?
У залі зашумела. Паветра было цяжкое. Густы табачны дым еў сонныя вочы.
— Конечно, воевать будем! — пачуўся першы голас.
— Застаёмся ў арміі!
— Мы е солдаты, а не робітнікі!
— Все согласны с этмм? —дапамог Зіглінгу Мураўёў. — Да, конечно.
— Усе.
— Так, давайце далей.
Пасля аднагалоснага вырашэння першага й самага асноўнага, як здавалася, пытання пачалася гутарка над тым, якой па сваім характары мае быць новая вайсковая частка. Што па прызначэнні гэта будзе пяхотная дывізія — лішнім было гаварыць. Ішла гаворка адно пра назву, нацыянальны твар. Тўт немцы былі няміла здзіўленыя, калі давялося прыслухоўвацца да розных думак, што былі ў канфлікце між сабою. Расейцы, якіх было найбольш сярод афіцэраў, настойвалі, што дывізія павінна быць па нацыянальным характары расейская: некаторыя ўкраінцы (надта ж неяк неадважна й невыразна) даводзілі, што для ўкраінцаў было б крыўдна, бо як-ніяк іх было ж шмат. Палякі былі ў асноўным у ліку «фольксдойчаў», значыцца, выступалі разам з немцамі. Ніводзін паляк не асмеліўся выступіць пад шыльдаю сваёй нацыянальнасці. А беларусы...