Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
IV
Цягнік адагнаны быў на бочную чыгунку непадалёк маленькай станцыі на ўсходняй ускраіне Плоцка. Загад: чакаць. Рэкруты не мелі б шмат супраць чакання, калі б не голад. Вось тры дні ўжо нічога не елі. Зусім не дзейнічала
кухня, ажно на чацвёрты дзень з’явіўся нейкі рэдзенькі суп. Харчавых пайкоў не было. Хлопцы снавалі каля вагонаў, быццам цені. Як на злосць, неміласэрна пражыла сонца.
Самыя перадавыя й найбольш пранырлівыя пачалі выдумляць, як і дзе што-небудзь прыдбаць з’есці. Калі пасля вычарпання ўсіх магчымых і немагчымых захадаў, прыйшлі да выснаву, што амаль няма шансаў заспакоіць голад, зрок іхні затрымаўся на зялёным бульбянішчы мо за паўкіламетра ад чыгункі.
— Глянь там! — паказаў адзін.
— Што там? — пытаўся іншы.
— Бульба! Хадзем ды накапаем.
— Далібог, бульба. Як мы раней не дадумаліся!
Хутка дзесяткі вуснаў згаладалых кадэтаў з насалодай паўтаралі адно слова: «бульба». Ужо абмяркоўвалі, як накапаць і зварыць. Усе згадзіліся, што трэба чакаць змяркання, каб не адразу заўважылі немцы. У гэны вечар поле бульбы, што знаходзілася каля чыгункі, дзе затрымаліся менскія кадэты, пацярпела вялікія страты. Мо гэныя страты былі б меншыя, калі б самая бульба была, агульна беручы, болыпая за італьянскія арэхі. Але мазурская зямля ў гэтай галіне не такая ўрадлівая, як беларуская. Давялося кадэтам шмат павырываць каліўя, каб накапаць хоць па пару прыгаршчаў. Цэлую ноч пяклі й варылі бульбу, й ніколі раней у іхнім жыцці яна не была такой смачнай.
Ужо на наступны дзень капітан Шнайдар зрабіў агульную зборку й пад пагрозаю вялікае кары забараніў капаць бульбу.
Хлопцам у меншай меры была крыўдная сама забарона, чымся тыя прычыны, дзеля якіх нельга было пажывіцца. Шнайдар тлумачыў, што яны — афіцэрская школа — знаходзяцца ўжо на тэрыторыі Нямеччыны. Паколькі ж гэта Нямеччына,— выходзіла з гутаркі Шнайдара,— а вы крадзеце нямецкую бульбу, дык гэтым самым абкрадаеце нямецкую дзяржаву. Паводде капітана Шнайдара, немцам можна было абкрадаць усіх, у тым ліку насам-перш беларусаў, але ўжо ніяк нельга было наадварот. Лішне гаварыць, што нямецкі камендант не хацеў помніць, што абавязкам нямецкае дзяржавы было накарміць кадэтаў, як і ўсіх іншых жаўнераў, што маршыравалі побач немцаў. Ён наўмысля забыўся, што людзі нічога не елі ўжо на працягу трох дзён.
Каб яшчэ больш падкрэсліць, што абазначала ягоная цэлая гаворка, ды каб рэкруты не забываліся, дзе яны ёсць, Шнайдар колькі разоў паўтараў:
— Тўт вам не Расея («кайн Руслянд»), Гэта вы раз назаўсёды памятайце!
Заўвага адносна «Руслянд» найбольш пакрыўдзіла кадэтаў. He йшло тут ужо аб самую галоўную думку капітана, якую можна было б коратка выразіць так: тут не Расея, а Нямеччына й што нам, немцам, можна было рабіць у Расеі, таго вам, «унтэрмэншам», нельга рабіць у Нямеччыне. Найбольш укалола тое, што немец лічыў іхную Бацькаўшчыну Расеяй — «Руслянд». Гэта кадэты прынялі як знявагу.
Ці ж Шнайдар не ведаў, што ўсе яны з сярэдняй асветай, сведамыя беларусы, вялікія патрыёты, што прыйшлі добраахвотнікамі й не ў нямецкую армію, а ў сваю? Ясна, што ведаў. Але ці не вылазіла тут наверх тая ігнаранцыя прускага афіцэра, які, пакінуты самому сабе, без загадаў (а нямецкі афіцэр без загадаў — быццам рыба без вады), не ведаў, як даць рады, ды толькі тое й рабіў, што паказваў сябе перад гэтымі людзьмі з усходу «обермэншам». Кадэты яшчэ больш паглыбілі сваю нянавісць да немцаў, зроджаную яшчэ на Бацькаўшчыне. Яны з гэтым надта й не крыліся.
Варта прыгадаць яшчэ адзін выпадак, які кадэты ўзялі на асаблівую ўвагу. На трэці дзень побыту ў Плоцку юнакі заўважылі пры станцыі трох беларускіх афіцэраў: маёра Кушаля, лейтэнанта Р-ка і ст. лейт. Гуцьку. Яны гутарылі міжсобку. Тут жа збоку ацялюгваўся й Шнайдар у таварыстве якогасьці немца. На станцыі былі жанчыны й дзеці з тых сем’яў, што яшчэ не ад’ехалі, у тым ліку й немкі. Некалькі з іх, абчапіўшыся клункамі, сядзелі пад малой стрэшкаю вакзала. Яны намагаліся схавацца ад спякоты пад вузенькім ценем. Старшы лейтэнант Гуцька заўважыў нешта смешнага ў немак і не стрымаўся, каб голасна тое каментаваць і пасмяяцца. Шнайдар, што стаяў побач, выразна спасцярог той смех і падумаў Бог ведае што. .
— Du lachst liber Deutsche Frauen, Mensch! Du, Weissruthene...— пачырванеў i ўспыхнуў Шкайдар.— Du kannst die Ehre eines Offiziers nicht verletzen*.
* — Ты смяешся з нямецкіх жанчын. Ты, беларус... Ты не павінен зневажаць гонару афіцэра (ням.).
Гуцька збянтэжыўся й адышоў ад немца.
Памінаючы, што немец гаварыў да беларускага афіцэра на «ты», што было яўнай знявагай і паніжэннем, з якой злосцю ён накінуўся! А якое меў на гэта права? Тыя кадэты, што бачылі й прыслухоўваліся побач, не забыліся з найменшымі дэталямі расказаць аб гэтым сваім сябрам. Гэткім чынам Шнайдар пасеяў у шматлікіх сэрцах яшчэ адно зярнятка нянавісці да немцаў, а пасеянае, пэўна ж, ужо прынясе нейкія плёны...
V
На вайсковы дзённы паёк у той час складалася 250 грамаў чорнага хлеба, які крышыўся, сыпаўся, не мог утрымацца ў адным кавалку й быў празваны цэглай; каля 50 грамаў маргарыны, зубок сыру прыблізна такой жа вагі; макулінка мармеладу ды дзве цыгарэты. Але апошніх ад даўжэйшага часу кадэты не атрымоўвалі зусім.
Раніцою была чорная кава, на абед якая-небудзь рэдзенькая зупа з ледзь бачнымі плямкамі тлушчу, вечарам жа — таксама кава. Атрымаўшы такі паёк, кожнаму жаўнеру даводзілася развязаць цяжкое заданне: ці ўсё гэта з’есці адразу й наесціся сяк-так хоць раз у дзень, ці тры разы намагацца замарыць голад. Адны рабілі так, а другія йнакш. Голад усё роўна дакучаў.
Бульбу ж, калі дзе па-суседску была, баяліся капаць, бо хто ведае, што немцам магло прыйсці ў галаву. Той паёк, званы па-нямецку Verpflegung, быў тут жа ўдачна й скора перайменаваны на блізкае па сугуках, але зусім рознае паводле значэння нямецкае слова verfluchte (пракляты). Пасля паўдня, калі прыходзіў загад двум чалавекам з кожнага звяза браць коц і йсці да харчавога падафіцэра па паёк«фэрпфлегунг», то навокал было чуваць: «Гэй, давайце па «фарфлюктар»! Хутчэй «фарфлюктар» ідзіце браць». Пакуль хто пайшоў па харчы, то слоўца «фарфлюктар» было паўторанае з вялікім смакам і націскам на розныя лады й рознымі галасамі дзесяткі разоў. Гэным паўтараннем кадэты зусім недвухсэнсоўна давалі знаць, што яны думаюць адносна нямецкага харчовага пайка. Немцы ж тое выразна чулі, й некаторыя нават усміхаліся.
На шосты дзень побыту ў Плоцку прыйшоў загад накіравацца ў ваколіцы Цеханава. Цягнік вечарам пакінуў стан-
цыю й на наступны дзень прыехаў у Цеханаў. Яшчэ ноч пераспалі людзі ў вагонах. Вымаршыраваўшы раніцою, пасля трохгадзіннае хады, школа затрымалася ў маёнтку Даменты. Тут быў пакінуты першы звяз разам з усімі функцыйна-гаспадарчымі службамі й канюхамі, а другі й трэці звязы пайшлі ў суседнюю вёску. У іх ліку пайшоў Кастусь Дзежка, а два ягоныя сябры засталіся ў Даментах.
Наступная нядзеля ўдалася надзвычайна пагоднай. Было б зусім весела, калі б не спякота. Першы звяз выйшаў на свежазжатае поле састаўляць жытнія снапы. Гэткая праца была для юнакоў новасцю ў войску, дык і не дзіва, што сярод кадэтаў чулася такая гутарка:
— Ну, браток, цяпер мы ўжо сабе й на хлеб заробім,— пачаў нехта.
— Ты думаеш, што нам таўстапузы немец падвоіць за гэта порцыю «фарфлюктару»? — засмяяўся іншы.
— Э, ці аб гэтым тут ідзе. Які ты цямняк, нічога не кеміш. Мы ж трымаем другую лінію фронту, так сказаць, забяспечваем тых, што змагаюода, хлебам.
— Тут ты, брат, як пальцам у неба папаў.
Некалькі галасоў засмяялася.
— От, абы неяк вайну пражыць, і з нас будзе даволі,— пазяхнуў іншы.
— Я б то так і да канца вайны згадзіўся ездзіць ды нават і парабкам служыць, абы...
— Чакай, цябе яшчэ завязуць, пабачыш!
— Дык ты і парабкам нават служыў бы? Вось дык дагаварыўся!
— I гэта гаворыць адна з кветак беларускае моладзі — надзея нашай паняволенай Бацькаўшчыны! .
— Ты там ужо з кветкамі вылазіш? — агрызнуўся той, што хацеў быць парабкам.— Герой знайшоўся гэткі!
— Як бы там ні было, а за «фарфлюктар» адрабіць мусіш.
Неміласэрна пякло ліпеньскае сонца. Юнакі пацелі ў таўстой суконнай чорнай вопратцы.
— Калі мы ўжо скінем гэтыя паліцыйныя шматы? — прыгадаў адзін.— Хаця б во скарэй што зялёнае далі.
— Скідай цяпер, чаго ж чакаеш.
Апошні скінуў тоўсты мундзір і шпурнуў на ржышча. Гледзячы на яго, тое самае зрабіла цэлая група. Сымон з Віктарам кінуліся ў хітрыкі. Саставіўшы па пару копак, яны залезлі ў цень ды, аблажыўшыся навокал снапамі, праспалі
ледзь не да абеду. Нямецкі «цугвахмайстар» (звязовы) Турн сядзеў у канаве пры дарозе й не надта сачыў за тым, дзе хто робіць. Хтосьці хапіў соннага Сымона за нагу, што тырчэла з-пад бабкі.
— Гэй, гляньце, хлопцы, хто ў бабках схаваўся! — крычаў ён з уцехаю. Бабка ўся пахіснулася й на момант упала.
— Перастань ты! — усхапіўся сонны Сымон.— Што за дурныя жарты, ледзь нагу не выкруціў!
Навокал дружна зарагаталі.
— Сымон, мусіць, даўно на «фарфлюктар» зарабіў.
— Няма надта на каго рабіць. Мы прыйшлі ваяваць, а не нейкія снапы састаўляць,— апраўдваўся Сымон.
— Чакай, яшчэ наваюешся.
Апаўдні павольным крокам звяз ішоў дадому польнай дарогаю. Турн трымаўся ззаду калоны. Па абодвух баках дарогі стаяла буйнае, спелае, нязжатае жыта. Некаторыя цяжкія каласы навісалі, пахіліўшыся, над дарогаю. Адзін з кадэтаў, выцягнуўшы руку, скубануў пару поўных жытніх каласоў. Ён церушыў іх у руцэ й рассыпаў зерне па дарозе. Гэтак часта, бывае падсведама, па прывычцы, робіць дбайлівы гаспадар-селянін, каб прыгледзецца й палюбавацца спелым зярняткам жыта. Турн гэта заўважыў.
— Halt!* — гаркнуў ён.
— Rechts um!** — скамандаваў.
Усё павярнулася направа і ўпілося здзіўленымі вачмі ў немца. Той падбег да рэкрута, што трымаў яшчэ ў руцэ колькі зярнят. Быў злосны й зачырванелы, як бурак.
— Што ты робіш, чалавеча?! — пачаў раўці на збянтэжанага юнака.— Ты ідзеш па дарозе, рвеш каласкі й рассыпаеш зярняткі. А ці ведаеш ты, што нямецкі жаўнер на фронце галадуе? Ты свіння! Цябе, мусіць, наўчыць трэба!
Ён хапіў хлапца за руку й павярнуў фронтам да калоны.
— Глядзеце ўсе! Глядзеце ўважна! Гэты чалавек нішчыць нямецкае дабро, нішчыць хлеб!