Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Марш у Прусію.
Страйк за «фарфлюктар», Альбрэхтаў
і
Трэцяга жніўня 1944 года прыйшоў загад рыхтавацца ў дарогу. Мелі йсці пехатою каля 150 кіламетраў на поўнач ва Усходнюю Прусію, дзе канцэнтравалася дывізія для вайсковага вышкалення. Назаўтра раніцою а шостай гадзіне дванаццатая рота пакінула Альшэўку й спалучылася па дарозе з батальёнам. Прайшоўшы Цеханаў, батальён накіраваўся на Млаву. Ішлі больш пехатой, а рэдка ехалі. Дзе была добрая дарога з горкі, там прысядалі на фурманкі й пад’язджалі, хто мог і каму ўдавалася. Сымон ужо колькі разоў шкадаваў свайго маленькага гнядога коніка, якім калісьці ехаў з Менска Камовіч, а пры ім цэлая суполка, ды якога пасля перадалі пад апеку Шуло.
Дзень быў ізноў спякотны. Каля трэцяй гадзіны дванаццатая рота затрымалася на ўзгорку пры дарозе. Фурманкі былі пастаўлены ў адзін шэраг, канюхі таўкліся пры сваіх конях. Адна з фурманак неўзабаве вярнулася ад батальённага харчавога з «фарфлюктарам». Службовы падафіцэр клікаў людзей, каб ішлі браць харчы. Ніхто не варушыўся з месца. Хлопцы стаялі групамі й штосьці абгаворвалі, нярэдка заядла спрачаючыся. Ужо ад некаторага часу заўважылі, што пайкі значна паменшылі без ніякай, як ім здавалася, прычыны. Пастанавілі знайсці прычыны гэтага.
Калі нямецкі харчавы падафіцэр сам яшчэ раз гукнуў, каб ішлі браць і дзяліць харчы, й калі ніхто не паварушыўся — ён збянтэжыўся. Да яго падышлі Кастусь Дзежка й Сымон Спарыш і заявілі, што гавораць ад імя цэлай роты. Выяснілі немцу, што рота адмаўляецца браць харчы аж да таго часу, пакуль не будзе выяснена, чаму паменшылі пайкі. Людзі былі галодныя й на тых пайках, што ім належыліся, а тут яшчэ іх зменшылі. Немец спачатку пачырванеў, пасля, выняўшы з-за пазухі паперку, пачаў выясняць, колькі й чаго належылася на дзённы харчовы паёк. Каля яго хутка з’явіліся Турн і Кацынскі, якія, разведаўшы, у чым справа, адвялі Кастуся й Сымона на бок ды побач паставілі са стрэльбаю вартавога. Два сябры толькі цяпер пабачылі, што справа была надта паважная, што яны былі арыштаваныя, і з нецярплівасцю сачылі, што будзе далей, ці падтрымае іх салідарна цэлая рота.
Кацынскі загадаўусім неадкладна сабрацца. Паставіўшы іх у тры шэрагі, сказаў усім тым, што падтрымоўваюць дамаганні, выказаныя двума іхнімі сябрамі харчавому афіцэру, адысці тры крокі наперад і пяць направа. Рота адышла на вызначаную «фольксдойчам» адлегласць. Толькі Мулага й Жук засталіся на месцы. Два чалавекі з паўтары сотні выламаліся з агульнай салідарнасці.
Кацынскі стаяў і думаў. Гэтага ён ніяк не спадзяваўся. Бачыў, што справа тут паважная, бо за выняткам двух недалугаў (аб іх будзе мова пасля) усе былыя кадэты выступілі заадно. Кацынскаму, пэўна ж, выдавалася, што выступіць толькі адзін ці другі дзесятак чалавек. У такім выпадку арыштаваных можна будзе абвінаваціць у падбухторванні да бунту цэлага аддзела і, згодна ваеннага права, застрэліць тут жа на вачах ва ўсіх. 3 другога боку — прызнацца немцам, што яны давалі людзям меншыя пайкі толькі таму, што іх абкрадалі, таксама было цяжка. А калі й не прызнацца, дык усё ж хлопцы не дурныя, яны й самі аб гэтым ведалі. Гаворка ішла пра сам факт пацверджання гэтага немцамі.
Кацынскі ізноў паставіў роту на месца ды абяцаў, што разгледзіць іхнюю скаргу, праверыць, як яно ёсць з пайкамі ў харчовага падафіцэра. Ён звольніў Кастуся й Сымона з-пад арышту, загадаў усім разысціся ды браць харчы. Хутка пайкі былі падзеленыя, і ўсе з нецярплівасцю чакалі заўтрашняга дня. Цікава было пабачыць, што прынёс страйк за «фарфлюктар».
Назаўтра кожны з роты атрымаў больш хлеба, па адной кансерве мяса на тры дні й іншае. Ужо чаго-чаго, а мяса рэкруты даўно не бачылі. Значыцца, смеласць і салідарнасць аплаціліся. Ад гэнага часу раз назаўсёды перасталі давяраць немцам, бо вось самі ж былі змушаныя прызнацца, што з’яўляюцца зладзеямі.
Усе хвалілі за адвагу Кастуся Дзежку й Сымона Спарыша, ды проста здзекаваліся з двух рэнегатаў — Жука й Мулагі. Рота больш, чым дагэтуль, сталася адной цэласцю, скансалідаваным арганізмам, які пазнаў, што ў змаганні за сваё існаванне й правы павінен палягаць толькі на свае сілы.
II
Калі даводзілася праходзіць праз горад, калона маршыравала роўным прыгожым жаўнерскім крокам, нягледзячы на вялікую фізічную знямогу. Чысценькі, зялёны, абкружаны возерам гарадок Дойчэ Эйлаў, каля самай паўдзённай мяжы Усходняй Прусіі, ветліва ўсміхаўся ў цёплых праменнях сонца, што ўжо кацілася зусім на захад, калі даўгая расцягнутая калона забубнела сотнямі жаўнерскіх і конскіх падковаў на яго вуліцах.
Наперадзе йшла рота, утвораная з былой паліцыі, пераважна ўкраінцаў. Калі мінула невялікі мост і ўзышла на роўную вудіцу, жыдзенькі тэнар прышчаватага казачка-ўкраінца голасна зацягнуў «Чапаева».
— А мы што? — пачулася злоснае ў перадавых шэрагах дванаццатай.— Гэта яшчэ маюць нам праклятым «Чапаевам» галаву дурыць?
— Давайце іх перакрычаць!
Кацынскі, што ехаў пры чале роты на самакаце, не браў увагі на гутаркі.
— Што за ідэя — перакрычаць? Спявайма па-людску!
— Дудкевіч, зачынай!
— Давайце там, зачынайце! — данеслася і з хваста.
— Мы бойкая моладзь, арлы маладыя,— пачаў не надта яшчэ смела спераду голас, але тут больш сотні паспяшыла яму на дапамогу.
За намі нядоля братоў, Ў душах нашых шчырых ідэі святыя, А ў жылах крывіцкая кроў.
Падраўняліся крокі, выпрасталася, мінуўшы мосцік, калона, і, здавалася, з усёй моцы паўтары сотні глотак стараліся сапраўды заглушыць «Чапаева». Але гэта не было так проста, як магло выглядаць. Спяваючы «Бойкую моладзь» ці пасля «Першы звяз», рэкруты з былой афіцэрскай школы БКА выяўлялі й сваю нянавісць да бальшавіцкага Чапаева й пагарду да спевакоў-паліцаяў. Шмат хто з іх думаў і рабіў адно, служыў іншаму, а песні, запазычаныя ад ненавіснага ўсяму чалавецтву ворага, цягнуў і спяваў па ўсёй Еўропе. Быў гэта не першы выпадак песеннага змагання з паліцаямі, а разам з тым і змагання з усім бальшавіцкім, чужым, наносным, рэнегацкім. Таму й не дзіва, што й гэтым разам «Бойкая моладзь» і «Першы звяз» гучалі прыгажэй і ямчэй, чым «Чапаеў», і ўжо некаторыя з той, «чапаеўскай», калоны агля-
даліся ў кірунку патрыётаў-беларусаў з незадаваленнем. Жыхары ж горада з цікавасцю пазіралі на калону і прыслухоўваліся да песеннага канцэрта. Ці хто з іх ведаў, што ў гэты момант першы раз між іхніх вуліцаў і будынкаў разлягалася тут жа побач і адначасова песня ўжо недалёкай будучыні акупанта й песні стагоддзямі крыўджанага й прыгнятанага гэным жа акупантам народа...
Ill
Пасля ўсяночнага марша, каля гадзіны чацвёртай над раніцай батальён прыйшоў у вялікую вёску Альбрэхтаў, дзе й размясціўся. Дванаццатай роце была адведзена вялікая пуня. Рэкруты ўлягліся спаць на леташняй саломе, намошчанай навокал каля сцен. Толькі канюхі са сваімі фурманкамі затрымаліся ў іншым гумне.
Вёска Альбрэхтаў, як і тысячы іншых прускіх вёсак, мела высланую гладкімі камянямі вуліцу, свой «гастгаўз» (у дадзеным выпадку «Рэшкэ гастгаўз»), сваю стараватую мураваную лютэранскую святыню з вялікім пляцам каля яе, школу, дзе размясціліся таксама нашы жаўнеры, ну і ясна — колькі дзесятак гаспадарак.
Вёска Альбрэхтаў, пэўна ж, мела сваю гісторыю й традыцыі, мо й свой характэрны дыялект і сваіх баб-плётак ды наогул усё, што складае вясковае жыццё. Гэтымі дэталямі новапрыбылыя жаўнеры не цікавіліся, а каб і цікавіліся, дык што з таго? Час ім на тое не пазваляў. Затое іх абыходзіла ўсё, што беспасярэдна адносілася да іх, а да гэтага ў самую першую чаргу належалі дачыненні да іх прускіх баўэраў і наогул мясцовых немцаў. Трэба ж не забывацца, што першы раз у сваім жыцці апынуліся яны ў нямецкай вёсцы й тут мелі сустрэцца з карэннымі жыхарамі, што не насілі вайсковых мундзіраў.
Гэтак, у самы першы дзень побыту ў Альбрэхтаў, калі была зробленая зборка, звязовы Турн яшчэ раз, адно з шмат большым націскам паўтарыў і прыпомніў тое шнайдараўскае «кайн Руслянд», што ім так ужо ўелася ў памяць. Турн сказаў, што яны ўжо цяпер знаходзяцца ў Нямеччыне, што Нямеччына гэта не Расея і што 'ўсіх рэчаў, якія можна там — у Расеі, тут нельга рабіць. Пад гэтым разумеў, што ў Расеі можна красці, можа, й забіваць, а тут — у Нямеччыне, усяго гэтага рабіць нельга. He адзін з юнакоў пачырванеў ад
злосці, яшчэ раз слухаючы тую знявагу. Але што ж зробіш?
Калі малы Лабуня, неяк ідучы па вуліцы, кінуў вокам на яблыкі, што сваім цяжарам згіналі сукі шматлікіх дрэваў у садзе аднаго баўэра, то навокал, адкуль ні вазьміся, сабралася група малых падросткаў-немцаў, што махалі кулакамі й пагражалі яму, быццам злодзею. Відаць, дзеці былі ўжо навучаныя старэйшымі. Беларусы адразу заўважылі, што, дзе б яны ні павярнуліся, ці то на вуліцы, ці ў загуменні, іх сачыла не адна пара вачэй — быццам разбойнікаў ці зладзюгаў, якім ніяк нельга было давяраць. Ясна, што такія «добрасуседскія» дачыненні выклікалі з свайго боку й негатыўнае стаўленне беларусаў да немцаў. Варожасць да сваіх афіцэраў і падафіцэраў, што нарадзілася пад Варшавай ці яшчэ раней, цяпер паглыбілася і ўгрунтавалася ў сэрцах маладых беларускіх патрыётаў пры сутычцы з прусакамі.
Ужо на другі дзень немалая частка роты пайшла на вясковы пляц на страявыя заняткі, а іншым было загадана йсці да баўэраў на працу. Сымон і Віктар пайшлі касіць жыта да гаспадара, у якога затрымалася рота. Ішло цяжкавата. Папершае, яны былі амаль галодныя. Кожны касец ведае, што на чорнай каве й кавалку хлеба надта не накосіш. Нязручныя цяжкія нямецкія косы з крывымі касавідламі ніяк не спрыялі працы. На далонях хутка падняліся чырвоныя, набеглыя крывёю мазалі. Разам з Сымонам і Віктарам працаваў на полі паляк, што служыў у баўэра ўжо пяць год. Ён, разгаварыўшыся, наракаў на немцаў і свой дрэнны лёс. Каля абедняе пары касцы зусім аслаблі. Калі вярнуліся на абед, Турн спытаў:
— Ну, як працавалася? He ляніліся?
— Працавалася так сабе. 3 пустым жыватом надта ж цяжка касіць,— адказаў Сымон.
— Як гэта? — насупіўся звязовы.— Што, ты раніцай не атрымаў кавы ці хлеба не маеш?
— Я піў каву, але на вадзічцы надта не накосіш. Цвярдзейшым чым-небудзь на такую працу пасілкавацца трэба.
— Альфонс! — клікнуў гаспадара звязовы Штык, што быў прыкамандзіраваны да роты ў вёсцы.— Гэтыя два пойдуць да цябе на абед.