Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
У нядзелю днём давялося нашым хлапцам бліжэй пазнаёміцца з французамі. Побач чыгункі з правага боку працякала невялікая плыткая рэчка. Дзень быў спякотны й парны. Шмат хто пайшоў купацца. Каля паўдня пазыходзілася шмат французаў, старых і маладых, хлапцоў і дзяўчат. Хоць ніхто не ведаў мовы, там-сям бачныя былі ўсмешкі, размахванне рук, пры дапамозе якіх тлумачылася тое, чаго не змог язык. Кінулася новапрыехаўшым у вочы й смеласць дзяўчат. Дзе б вы бачылі ў Беларусі, каб узрослыя дзяўчаты так вось проста без ніякага сораму прыходзілі туды, дзе купаліся жаўнеры? А тут жа во былі побач, усялякіх выглядаў і ростаў. Што ж, калі языка не было. Нават і самы галоўны фліртаўнік Кастусь Дзежка стаяў бязрадным.
Безансон — Вальдагон
і
Раннімі гадзінамі 28 жніўня 1944 года жыхары французскага горада Безансон, што ляжыць на паўночна-заходніх схілах Альпаў, з вялікім зацікаўленнем прыглядаліся да даўгой калоны войск, што, пакінуўшы чыгуначную станцыю, пасоўвалася вуліцамі ва ўсходнім кірунку. Жыхары Безансона бачылі вайсковыя мундзіры, пэўна ж, не першы раз, і сам факт таго, што ў горадзе з’явілася новае войска, не спрычыніўся б да вялікага зацікаўлення ім. Адно, што гэтае войска, усё пяхотнае, выдавалася ім зусім іншым, чымся тое, што бачылі дагэтуль. Найбольш цікавасці выклікала не самая людская калона, але тое, што цягнулася ў хвасце за ёю: маленькія ў параўнанні з мясцовымі конікі, што хуткім дробненькім крокам цягнулі такія ж малыя каламажкі з падвойнымі аглоблямі й дугамі. Французам найбольш дзіўнымі выдаліся тыя дугі — бачылі іх першы раз у жыцці. I чатырохколавыя вазы пабудаваныя былі зусім інакш, чым іхнія, французскія, але ўжо ж гэныя малыя конікі сваёй пародай ніяк не маглі быць сваякамі іхнім французскім цяжкім цяглавым коням.
Дык і не дзіва тады, што амаль усе аддавалі асноўную ўвагу коннаму абозу. Ён быў прадметам гутарак і пераважна насмешак. Апошнія плылі не толькі на адрас саміх вайскоўцаў і іх фурманак, што йшлі ў гэным часе па вуліцы, але і на адрас «бошаў» — немцаў. I як жа было не смяяцца з будаўнікоў «новай Еўропы», якія даваяваліся да таго, што паклікалі на дапамогу аддзелы, якія так выразна рэпрэзентаваліся перад варожым насельніцтвам такім выдатна-своеасаблівым транспартам? Хутка прыйдзе ім канец — так, напэўна, заключылі французы свае выснавы з тых назіранняў.
Вестка пра гэтае дзіўнае войска хутка разляцелася па Безансоне й суседніх вёсках, найперш тых, што ляжалі побач шашы ў Вальдагон. Спыніўшыся на часовы адпачынак у наступнай за горадам вёсцы, жаўнеры заглянулі ў шматлікія крамы. Тыя, што ўжо нейкім чынам прыдбалі франкі, накінуліся на віно. Крамнікі надта неахвотна бралі ў заплату нямецкія маркі. Дый чаму ж мелі б браць? Яны зусім справядліва варажылі, што дні нямецкага
панавання былі палічаныя. А пасля —• што ты будзеш рабіць з маркамі?
He адзін крамнік успеў ужо распытацца й даведацца, дарма што жаўнеры не ведалі французскае мовы, пра іхную нацыянальнасць.
— Нон алеман? — пытаўся крамнік, паказваючы пальцам на прысутнага жаўнера. Той па нейкім часе здагадваўся, што, мусіць, пытаюцца, якой ён нацыянальнасці.
— Но, нон алеман,— адказваў.— Я — белорусьен, рус блянк,— тлумачыў.
— Рус блянк? — ківаў з цікавасці галавой крамнік.
Хто ведае, ці не думаў, што жаўнеры гэтыя былі белымі расейцамі, у адрозненне ад чырвоных. Пасля мо ў галаве ягонай узніклі іншыя, звязаныя з гэным пытаннем, на якім не ўдалося б здабыць ад гэтых людзей адказу.
— Шпрэхэн зі дойч? — пытаўся крамніка жаўнер.
Француз з запярэчаннем ківаў галавой, што па-нямецку не разумее. На гэтым звычайна гутарка канчалася. Жаўнер паказваў пальцам на паліцы тое, што хацеў купіць, з цяжкасцю дагадваўся аб цане, ізноў жа паклікаючы на дапамогу рукі, і, заплаціўшы, выходзіў.
II
Асфальтавая, добра дагледжаная шаша вілася па гарах і ўзгорках, часта раздзяляючы падгорныя зараснікі й лясы, месцамі рэжучы горныя скалы. Прадугледжваючы магчымасці нечаканае засадкі з боку партызанаў, была выдзеленая й высланая на фронт калоны пярэдняя старожа ў сіле адной дружыны. Яна йшла са зброяй напагатове. Заўсёды трымалася на адлегласці зрокавага кантакту з галоўнай калонай. Такая ж самая старожа замыкала калону ззаду. Хоць войска было больш двух батальёнаў і непраўдападобным магло здавацца, што французы кінуцца ў ясны дзень на змаганне з такой сілаю, меры асцярожнасці былі нармальнымі ў чужой непрыяцельскай тэрыторыі.
Конікам, асабліва ўзбіраючыся пад горы, даводзілася цяжкавата. Наогул падарожжа было вольнае й маруднае. Дакучала спякота. Дарога пуставала. Рэдка праедзе ў заходнім кірунку вайсковая аўтамашына.
Першую ноч пасля Безансона аддзел затрымаўся пры дарозе на чыстым полі. Ноччу разбудзіў жаўнераў густы
лівень. Спалі пад наскора пабудаванымі палаткамі. Кожны меў трохкутны густы й непрамакальны кавалак матэрыялу, званы «пляндэкай», або проста маскіроўкай. Па самай сярэдзіне яе была прарэзаная падоўжаная адтуліна, у якую ўсоўвалася галава ў выпадку, калі маскіроўка апраналася. Канцы ж зашпільваліся навокал каля пояса. Калі трэба было пабудаваць палатку, чатыры жаўнеры складалі свае трыкутнікі-маскіроўкі, прымацоўвалі ніжнія канцы матузамі да паўбіваных у зямлю калочкаў, і было гатовае «памяшканне», дзе, хоць у цеснаце, магло памясціцца чатыры ўдзельнікі. Дый спаць было цяплей. Трэба прызнаць, што выдумаў гэныя маскіроўкі нехта надта практычны, бо служылі яны дзвюм мэтам: для апранання й для аховы ад ападаў у часе адпачынкаў.
Жаўнеры трыццатае дывізіі з вялікай цікавасцю прыглядаліся да французскіх гарадоў і вёсак. Найбольш дзіўным выдалася ім вялікая колькасць гандлёвых рэкламных шыльдаў. У Беларусі гэтулькі не было. Цэлыя франты крамаў былі размалёваны й пазавешаны рэкламамі. Рэдка дзе пуставаў кавалак сцяны. Сымону яшчэ раней, прыкладам, вельмі дзіўным выдаўся нейкі вялікі надпіс, што займаў цэлую сцяну сялянскай пуні ў прыдарожнай ферме. Гэтая рэклама была б проста дзівам у Беларусі. У тым знадворным выглядзе краіны жаўнеры й бачылі найперш асноўную розніцу між Францыяй і іхняй Бацькаўшчынай.
Хлопцаў з дванаццатай роты апанавала нейкая абыякавасць. Рэдка былі чуваць гутаркі. Калі дзе пад час маршу пры дарозе напаткалася яблыня, абкідвалі яе з усіх бакоў палкамі й хутка падбіралі ападкі. Немцы не глядзелі скоса й не крычалі ўжо, што тут «кайн Руслянд».
Ш
На другі дзень пад вечар аддзел прыйшоў у мясцовасць Вальдагон і затрымаўся на адпачынак у бараках. Быў тут вялікі й выгадны вайсковы абоз, прыгожа распланаваны на плоскай падгорнай раўніне. Відаць было, што не быў ён на скорую руку пабудаваны вайною, а, мабыць, раней.
Было тут і некалькі кухняў, і сталовых, і заля са сцэнаю, дзе, пэўна, некалі забаўлялі вайскавікоў мастацкія гурткі, і лазні, і маса розных будынкаў, што служылі складамі, і наогул усё неабходнае для вайсковага жыцця. Проста на
поўнач ад вайсковага абозу знаходзіўся вялікі кавалак поля для вайсковых шкаленняў. Там былі стрэльбішчы й палі практыкаванняў, плошчаю мо на пяцьдзесят квадратных кіламетраў.
Дванаццатая рота размясцілася ў двух суседніх бараках. 3 вялікім задавальненнем некаторыя заўважылі, што на жалезных ложках былі свежапанапіханыя сеннікі. Ці адзін ужо, кінуўшы збоку сваю зброю й вайсковыя клункі, з вялікай насалодай выпрастаўся на пасцелі, адчуваючы прыемную мяккасць сена. Прыемнасць трывала каротка. Прыйшоў загад, што ўсе без вынятку неадкладна павінны здаць усю амуніцыю. Гэткі незвычайны загад зацікавіў не аднаго. Пачаліся адразу здагадкі й роспыты. I няведама дакладна, хто й адкуль прынёс тую вестку, мо нават яна раней яшчэ трапіла ў аддзел, што затрымаўся цяпер у Вальдагоне,— цяжка было ўстанавіць. Адно, што калі немцы загадалі чздаць амуніцыю, дык тут жа адразу знайшлося й паясненне: аддзелы з трыццатае дывізіі ў шматлікіх месцах і нярэдка масава пераходзілі ў горы да французскіх макісаў. Паясненне было зусім рацыянальнае. Усе адразу паверылі.
Характэрнай была настойлівасць немцаў, каб ніхто не пакінуў пры сабе ніводнага патрона. Мусілі здаць якраз па шэсцьдзесят штук, колькі былі раней атрымалі. Бяда была тым, што па дарозе згубілі адзін ці пару патронаў. Як жа ты давядзеш немцу, што згубіў?
Загад аб здачы амуніцыі лішні раз пацвердзіў, што немцы не давяралі беларусам. Каму было малавата довадаў да гэтага часу, той цяпер канчаткова пераканаўся. Думкі аб уцёках у горы да макісаў былі ўжо ў некаторых юнакоў з дванаццатае роты й раней, амаль з першага дня прыезду ў Францыю. Цяпер жа, калі прыходзілі з усіх куткоў чуткі, што беларускія аддзелы пераходзілі да французаў, з’явіўся штуршок, падахвочанне, прыйшла й смеласць. Ідэі пачалі крышталізавацца. Быў грунт для здзяйснення задуманага. Хіба ж тыя колькі дзесяткаў нямецкіх афіцэраў ды падафіцэраў маглі стаць перашкодай пры зрэалізаванні плана? Асноўнае — трэба было здабыцца на тую смеласць, упланаваць, а там ужо неяк пойдзе.
IV
Даўно сціх шум у бараку. Людзі, што ўжо два месяцы не спалі пад страхою будынка, акамянелі моцным сном. Некаторыя працяжна храплі. Толькі Сымон зусім не спаў. У галаве маячыліся розныя думкі, уражанні, успаміны. Перш за ўсё прыгадаў, што гэта быў вечар 29 жніўня — роўна два месяцы з таго часу, калі афіцэрская школа пакінула Менск.
Вось ён і цяпер бачыць сябе, як мерыць крокамі менскі запылены брук. Плечы давіць цяжкі жаўнерскі хатуль, едкі пыл душыць горла. Ён, Сымон Спарыш, пакідае за сабою сэрца Беларусі — Менск. Уся істота моўчкі пратэстуе супраць такога нечаканага гвалту. Ён усхваляваны. Ногі быццам адмаўляюцца ступаць наперад. Маршыруе маўклівы, апусціўшы галаву. Як жа выразна нарысаваўся ў памяці ягонай гэты момант, той памятны нешчаслівы дзень! Дзе гэта ён спыніцца? Ці ў той абяцанай Турнам Горадні?
Ажно вось прайшло роўна два месяцы, й за гэты час ліхі лёс закінуў яго з сябрамі за тысячы кіламетраў ад дарагой радзімы, на другі канец Еўропы, аж у негасцінныя французскія Альпы. Чаго тут апынуўся? Што тут мае рабіць? Ваяваць? За каго? Ягоная ж Бацькаўшчына й так ужо страчаная. Вораг даўно вунь здзекуецца над гаротным народам. Пакінуў адзін, пайшоў другі, а гвалт і здзекі надалей прадаўжаюцца. Толькі змяніліся крывавыя катнія рукі. Значыцца, ужо страціў усё найдаражэйшае — Бацькаўшчыну й сям’ю. Адно засталася свая галава. I як бы тады было, калі б і гэта апошняе давялося траціць? Ці мае ваяваць за немцаў супраць французаў, што таксама, як і беларусы, цярпелі пад панаваннем нялюдскага акупанта? Тое ж было б запярэчаннем усялякай логікі. Адносна гэтага не было ніякіх сумлеваў. Ён даўно размежаваў ворагаў ад прыяцеляў. Бунтарны дух ніяк не мог пагадзіцца, што мусіць выконваць загады тых, якіх ненавідзеў. Неяк прыйшлі на памяць радкі верша, што ўлажыў некалі, будучы шчэ ў Вільні: