Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Юнак адчуў вялікі прыліў жалю й змагаўся са слязамі. Так і паплакаў бы, здаецца, уволю й пажаліўся б нават той мурашцы, бо не было ж каму. Але Спарыш не плакаў, хоць і сядзеў на вяршыні гары сам, хоць ніхто й не падгледзеў бы. Слёзы лічыў адзнакаю слабасці, а яму ж нельга было цяпер быць слабым, старой слязлівай бабай. Трэба было мацавацца, гартавацца й ходацца з лёсам.
Сымон вярнуўся да сваіх папярэдніх думак. «Уцёк-то ўцёк,— разважаў Спарыш.— Але што ж далей? Ці чакаць ночы, ці цяпер куды ісці? Дый куды? Невядомая мясцовасць, мова, людзі. I дзе ж былі тыя макісы? Казалі, што недалёка тут у ваколіцы ёсць, але ж гэта мяне не грэе. А што будзе, як пападуся ў рукі немцам? Яно ж таксама магчыма. Ды мо гэткі канец і найверагоднейшы. Гэта ж тут каля самай дарогі, не абы-што табе. I што ж тут рабіць?»
У гэты час неба густым цяжкім дажджом лінула на Сымона зверху. Засланіўся галінкамі куста, але яны нічога не памагалі. Так вось пабудзь пад такім дажджом, дык хутка прамокнеш, а пасля дзе высушышся?
«Трэба ж нагвалт на нешта наважыцца. He магу так вось сядзець,— разважаў Сымон.— А мо каб пайсці дый дагнаць абоз? Пэўна ж, далёка не ад’ехаліся. Ці гэта не будзе небяспечна? Мо ўжо даведаліся, што мяне няма? Але які ж іншы выхад? Мо там як вытлумачуся, а мо маёй адсутнасці й не заўважылі, а калі й спасцераглі, дык можна будзе неяк выясніць, апраўдацца, сказаць, што проста дзеля патрэбы застаўся, ці яшчэ што выдумаць. Але што? I ці павераць? Дык што рабіць? Эх, што будзе, тое няхай будзе!»
Пры гэтай думцы Сымон махнуў рукой: буду даганяць!
Хуценька падняўся й, стуліўшы плечы, каб дождж не ліў за каўнер, падаўся назад тымі самымі слядамі, якімі прыйшоў. У лесе схаваўся пад страхой верхніх густых лісцяў. Менш дакучаў дождж. Хутка перабег тую паласу сенажаці й зноў апынуўся на шашы. Перш упэўніўшыся, што нікога няма на дарозе, на хаду разладаваў стрэльбу. Хуткім крокам ішоў па правым баку. У Клервалі вуліцы свяцілі пусткай, жывой душы не відаць было. Сымон мінуў масток і ўжо планаваў, як гэта будзе тлумачыць сваю адсутнасць. А тлумачыць, пэўна ж, прыйдзецца.
X
Першая гвалтоўная хваля ліўня мінула. Церушыў дробненькі гусценькі дожджык. Сымон не зважаў. Каб толькі ўсяго й было бяды — дажджу. Прайшоўшы нейкіх пару кіламетраў, заўважыў насупраць аўтамашыну. Гэта была легкавая даўгая вайсковая машына, у якой ездзілі штабовыя афіцэры. Яна прыблізілася, звольніла, затрымалася. Спераду сядзеў шафёр, а ззаду — палкоўнік з капітанам. Сымон адсалютаваў.
— Што ты робіш адзін тут на дарозе й з якога ты аддзела? — гаркнуў палкоўнік на Спарыша па-нямецку.
— Я з трыццатай дывізіі, спадар палкоўнік. Мой аддзел пайшоў наперадзе, вы, пэўна, бачылі па дарозе...
— Я, яволь,— кіўнуў галавой афіцэр.
— ...а я крыху адстаў ззаду й стараюся дагнаць.
Афіцэр нічога не адказаў, уважна свідруючы Спарыша
вачыма. Махнуў шафёру рукой, і машына памчалася далей. Сымон паскорыў крокі.
Маршыраваў больш дзвюх гадзін. Дарога была зусім пустая. Яшчэ адзін раз праехала невялікая калона нямецкіх вайсковых аўтамашынаў у заходнім кірунку. Пасажыры іх, здавалася, са здзіўленнем кінулі вокам на адзінокага ўзброенага жаўнера на дарозе.
Трывога павялічвалася ў Сымонавым сэрцы па меры набліжэння да свайго аддзела. «А што будзе, калі прычэпяцца немцы? Што мяне чакае?» — думаў ён. Але пастановы ўжо не змяніў. У выпадку найгоршага разлічваў, што памогуць, заступяцца сябры. Шаша зноў накіравалася цераз мост на рэчцы Дуб і перакінулася на паўночны яе бок. Воддаль хлопец заўважыў свой абоз. Затрымаўся ён на шырокай лагчыне між шашой і рэчкаю. Канюхі, парасстаўляўшы каламажкі ля самага берага рэчкі, ужо павыпрагалі й даглядалі коней, жаўнеры ж мітусіліся навокал сваіх ужо дзе-нідзе пабудаваных палатак. Шмат з іх, пасабіраўшыся групамі, пераважна пры фурманках, над чымсьці радзілі.
Сымона здалёк заўважыў Віктар і выбег насустрач. — Ну як, уцёк? — смяяўся ён.
— Няхай цябе чорт, такога сябру! — скрывіўся Спарыш.
— Дык а што ж я меў рабіць, калі там зараз вёска натрапілася?
— Ведаю, добра ўжо... He патрабуеш апраўдвацца.
— Ты й добра зрабіў, што вярнуўся.
— Пыталіся пра мяне?
— Штык пытаўся. Я сказаў, што ты дзеля патрэбы застаўся. Ідзі зараз да яго замэльдуйся.
Сымон так і зрабіў.
— А што ж з табой? Дзе ты так доўга бадзяўся? — спытаў немец, зырка ўталопіўшыся ў яго.
— Застаўся крышку ззаду, адпачыў. Пасля дождж зачаў падаць, дык пад кустом перачакаў,— тлумачыў спакойна Спарыш.
— Так? А не ведаеш, дзе Сіткоўскі й Камар?
— He, не ведаю,— адказаў хлапец. Ён зараз здагадаўся, што гэтыя хлапцы ўцяклі пасля яго, і ў той момант ім пазайздросціў толькі таму, што ягоныя ўцёкі не ўдаліся. Здавалася Сымону, што звязовы Штык здагадаўся, дзе ён быў і што сталася з двума, аб якіх пытаўся. Ягоны, здавалася, і твар гаварыў: «Ты ж мяне, братка, стараешся вакол пальца
абвесці, але ж я ведаю, дзе ты, даражэнькі, быў». I толькі чакаў Спарыш, як вось-вось Штык скажа: «Ты дгун! Ты ў горы ўцякаў, ды не ўдалося. Забраць яго! Зараз расстраляем перад фронтам аддзела». I калі Штыкова правая рука палезла ў кабуру, у Сымона дзесьці каля каленаў пачалі бегаць мурашкі.
— Трымайце, трымайце яго! — крыкнуў Штык і выняў з кабуры «люгера».
Двое хлапцоў колькі крокаў воддаль трымалі добра адпасенага падцёлачка. Штык падышоў і, прыставіўшы рулю пісталета ў самы бычкоў лоб, стрэліў. Хлопцы адскочыліся, бычок гоцнуўся вобземлю, задрыпаўшы нагамі.
— Голад быў у Нямеччыне, дык хоць мо чужога пад’ядзём,— сказаў адзін з тых, што трымалі падцёлачка, сочачы ягоныя перадсмяротныя ўздрыгі.
— А фігу бачыў, дружа мой? — зарагатаў другі.— Немцы мяса з’ядуць, капыткі нам дадуць...— зацягнуў ён на матыў «Еслн завтра война».
Штык, пачакаўшы пару хвілін і ўпэўніўшыся, што падцёлак застрэлены, уважна агледзеў «люгер» і палажыў яго ў кабуру.
— Бяжы да кухні памагаць абразаць бульбу!
Сымону не трэба было двойчы паўтараць.
Кастусь Дзежка вельмі ўзрадаваўся, знайшоўшы Спарыша пры кухні. Ён расказаў, што ўсе радзілі над уцёкамі ў горы ноччу, што вялася агітацыя. Пастанова была пэўная.
—• А як будзе з табою? — папытаў Сымона. Той адказаў не адразу.
— He ведаю яшчэ. Бачыш, вось я толькі вярнуўся з адных уцёкаў.
— Дык ты не марудзь, а памазгуй там у сваёй башцэ ды скажы мне. Я хачу, каб ты й Караткевіч, каб мы ўсе пайшлі разам.
— Добра, падумаю,— паабяцаў Сымон, шпурнуўшы абрэзанай бульбінай у вялікі кацёл.
Пераход да макісаў
і
«Дрэва вольнасці час ад часу мусіць быць адсвежана крывёй патрыётаў і тыранаў. Гэта — натуральнае яго ўгнаенне»,— пісаў да палкоўніка Сміта, зяця прэзідэнта Адамса, аўтар амерыканскае «Дэкларацыі аб незалежнасці», будаўнік Злучаных Штатаў, архітэкт вольнасці й дэмакратыі — Томас Джэферсан.
Кроў няслаўных і зненавіджаных тыранаў праліваецца ў ахвяру новых і лепшых ідэяў; кроў змагароў за лепшыя ідэі родзіць вольнасць, шчасце, справядлівасць. Але колькі ж крыві праліваецца зусім без мэты, хіба толькі для насычання ненармальных, нялюдскіх інстынктаў тыранаў...
Калі ў раннюю пару другой сусветнай вайны нямецкія карныя аддзелы збурылі чэшскую вёску Лідыцэ й спалілі жыўцом усіх яе жыхароў мужскога роду, дамэтныя й палітычна разумныя чэхі раструбілі аб гэтым зверстве па цэлым свеце, здабываючы вялікі палітычны капітал. Чэхі мелі за межамі спагадлівыя сэрцы, што спачувалі, пільныя вушы, што прыслухоўваліся, прыязныя рукі, што спяшылі ім на дапамогу.
За час другой сусветнай вайны акупантамі ў Беларусі былі разбураныя тысячы вёсак, жыўцом папалена іх насельніцтва. Крышылася, папялілася, гарэла, стагнала, енчыла шматпакутная Крывіччына-Беларусь. У пякельна-вогненных муках уздымаліся пад неба, клічучы на ратунак і на помсту Усемагутнага, бяссільныя абамлелыя рукі беларускай маткі, жыўцом душыліся дымам і гарэлі ў полымях пажараў няшчасныя нявінныя дзеткі.
Надлюдскія цярпенні гаротнага народа не ўзбагацілі беларускага палітычнага капіталу за межамі. He было там вушэй, што прыслухоўваліся, зычлівых сэрцаў, што спачувалі, сяброўскіх хрысціянскіх рук, што паспяшылі б на дапамогу. Беларусь за межамі была няведамай, недаследаванай белай плямай на мапе, чужой правінцыяй. Рэха народных імкненняў заглушана было грымотамі змагання за беларускую зямельку двух паразітаў-драпежнікаў.
А ў сталіцах заходніх дэмакратычных краінаў здзічэлыя ў сваёй прагавітасці груганы — польскія абшарнікі, вайсковыя асаднікі, крывадушныя ксяндзы, ураднікі й іншая шляхоцкая й панская дробязь, што дваццаць гадоў жыравалі
на беларускім целе, рыхтавалі тым часам нашаму народу новыя аковы. Белыя расейцы — папы, чарнасоценцы, усякай масці няслаўныя нашчадкі Мураўёва-Вешацеля — з другога боку майстравалі яшчэ мацнейшае, больш удушлівае й цяснейшае ярмо. Адны й другія чакалі добрае нагоды. I знаходзілі ў заходнім свеце сімпатыі й падтрымку для сваіх захопніцкіх планаў і пасяганняў на чужое.
Цяжкімі ёсць пачаткі змагання за незалежнасць без агульнага ўздыму, калі полымя свядомага, творчага, змагарнага патрыятызму не ахапіла яшчэ цэлы народ. Колькі ж прыкладаў гэтага знойдзем, перагледзеўшы гісторыю нашай краіны, пачынаючы хаця б ад Кастуся Каліноўскага. Колькі дарэмных ахвяраў, неапраўданага й непраслаўленага геройства, колькі неўзнагароджаных цярпенняў, а з другога боку — нявыкарыстаных магчымасцяў!
Катаклізм другой сусветнай вайны да самых асноваў скалануў беларускі народ. Побач з незлічонымі стратамі ў ваеннай завірусе раслі й множыліся ладныя шэрагі новых змагароў за вызваленне й незалежнасць Бацькаўшчыны. Адбываўся прыспешаны працэс вырастання й гартавання новага беларускага сына — змагара за будучае шчасце народа. Падрастала й гартавалася ў школах і нацыянальных арганізацыях моладзь, што высока ўзняла бел-чырвонабелы сцяг і крыж Ярылы, смела крочыла на змаганне з варожай злыбядою. Гэтая моладзь, што расла ў самыя лютыя гістарычныя часы, прасякла бязмежнай любоўю да пакрыўджанай Бацькаўшчыны. Яна пераконвалася, што ратунак народа ляжыць толькі ў сваіх собскіх сілах. Як не хацелася таго акупантам, зерне імкнення да волі й самастанаўлення аб сваім лёсе, пасеянае на ўраджайнай беларускай глебе, расло й буйнела.
Юнакі, што ў чэрвені 1944 года з’ехаліся ў Менск у школу камандзіраў БКА, прыйшлі добраахвотнікамі, каб ваяваць за вялікую й несмяротную ідэю, імя якой —• вольнасць і незалежнасць Беларусі. Маладыя гады, калі фармуюцца погляды й характары людзей, калі яны, быццам тая губка, што ўбірае ў сябе ваду, насычваліся ведамі й нацыянальнай свядомасцю,— гэтыя гады пражылі яны пад час вайны. Акрамя нармальнае навукі ў сярэдніх школах, дзе гадаваліся на добрых сыноў і свядомых грамадзянаў Бацькаўшчыны, мелі магчымасць сачыць, як на іхніх вачах рабілася гісторыя. Назіралі, як прыблуды-чужынцы тузалі на кускі, нішчылі ўсё роднае, жывое, як з аднаго боку гітлераўцы