Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
люктар» па дарозе з Цеханава ва Усходнюю Прусію. Расеец, выслухаўшы ўсё ўважна, запэўніў Сымона й Віктара, што ў штабе батальёна аб гэткіх несамавітых выхадках Кацынскага не ведалі, і ён меркаваў, што як шэф Кацынскі, так і ўсе нямецкія інструктары дванаццатай роты будуць змененыя. Сам перакладчык, як хлопцы ўцямілі з гутаркі з ім, быў колішнім афіцэрам Чырвонае Арміі. Яны не прывязвалі вялікае вагі да ягоных меркаванняў, бо і ён жа, пэўна, не спрыяў беларусам больш, чымся тыя гітлераўцы.
Пасля пераходу сяброў да макісаў, гутарак з афіцэрамі й частага ўжывання пудзіла Сталіна тыя, што засталіся ў дванаццатай роце, не варажылі сабе добрае будучыні. Шматлікія чакалі, што немцы яшчэ пакажуць свой акрываўлены жалезны кулак. У якой форме ён выявіцца — ці ў форме працоўных лагераў, ці экзекуцыяў — дагадваўся, як хто мог. He было нічога пэўнага, й кожны стараўся адганяць ад сябе найбольш чорныя думкі. Гэта было надзвычайна цяжка.
Колішняя весялосць роты, што вынікала з свядомасці ейнай сілы, аснованай на салідарнасці, што ці раз ужо была дэманстраваная й вытрымала экзамены перад немцамі, беспаваротна знікла. Рэшткі аддзела ўзышлі на самы небяспечны адрэзак вандроўнага шляху. Небяспечным ён быў таму, бо былі перакананымі, што не мінуць ім кары з боку немцаў, дый нічога парадзіць, каб запабегчы таму, не маглі. Трэба было аддацца волі лёсу й спадзявацца найлепшага.
Калі б вучні колішняе афіцэрскае школы БКА ведалі поўную сітуацыю, былі б яшчэ больш трывожнымі. Хаця да вушэй даходзілі такія-сякія весткі аб пераходах да макісаў іншых аддзелаў з трыццатае дывізіі, мала хто нават дагадваўся аб размерах дэзерцыяў. У катлавіне ракі Дуб, пачынаючы ад Монтбэльярд і Бэльфорт, сягаючы на поўначы да Бэзуль і на захадзе на Доль, па дарогах і чыгунках пасоўваліся, гэтым разам ужо на ўсход, элементы трыццатае дывізіі. Амаль не было дня, каб з таго ці іншага аддзела людзі не далучаліся да французаў. Дэзерцыі сталіся масавымі. Але пераходы малых групаў былі нічым у параўнанні з пераходам цэлага трэцяга батальёна, што пакінуў немцаў на захад ад Безансона, непадалёк Доль. Фактычна й нельга сказаць, што пакінуў немцаў, бо большасць нямецкіх афіцэраў была беларусамі зліквідаваная. Камандны склад трэцяга батальёна ў бальшыні складаўся з беларусаў. Пераход да французаў быў планаваны й добра арганізаваны.
Рэпрэсіі й ахвяры
і
Немцы заўважылі сваю памылку запозна. Палягала яна ў накіраванні трыццатай дывізіі ў Францыю. Беларусы хутка спасцераглі, хто іхнія хаўруснікі, й не хацелі ваяваць побач гітлераўцаў. Найбольш дзівіла немцаў тое, што за выключэннем колькіх арганізаваных пераходаў не менш людзей уцякала ў горы малымі групкамі. Значыцца, без ніякага кіравання, без падказвання зверху, зусім без агітацыі людзі пакідалі вайсковыя шэрагі. Выглядала, што думка была агульная. Пагражала небяспека, што калі б затрымацца аддзелам трыццатае дывізіі ў Францыі даўжэйшы час, дык бальшыня пяройдзе да макісаў. Трэба было думаць аб контрмерах.
У інтарэсе немцаў было, каб адцягнуць аддзелы трыццатае дывізіі з Францыі ў Немяччыну. Гэта якраз супадала з планамі камандавання. 3-пад Марсэля пасоўвалася амерыканская армія, у складзе якое быў першы французскі корпус г. зв. Вольнай Францыі. Стратэгічна для абароны найбольш прыдатным быў хрыбет Вагезаў і французскіх Альпаў. Трэба было ўмацаваць, абсадзіць войскам даліну ракі Дуб, раёны ад Дэль на швейцарскай мяжы й праз Бэльфорт на поўнач. Гэта мела быць абаронная лінія перад Рэйнам. Такім чынам трыццатую дывізію трэба было адцягнуць у Эльзас, які немцы лічылі Нямеччынай.
Каб спыніць уцёкі беларусаў у Францыі, трыццатая дывізія была абяззброеная. Працэс арыштаў афіцэраў і абяззброення дывізіі цягнуўся больш тыдня ў пачатку верасня. Галоўная хваля арыштаў афіцэраў адбылася зараз пасля арганізаванага пераходу да французаў трэцяга батальёна. Дзеянне было скаардынаванае па ўсіх раскіданых на вялікіх адлегласцях аддзелах. Вывезлі іх перш у лагер за Рэйн, пасля ў канцэнтрацыйны лагер у Дахаў. Даносчыкі, інтрыганты й звычайныя нелюдзі мелі тут важкае слова. Найбольш шкоды беларусам прынеслі расейцы, што былі абселі вярхі каля палкоўніка Зіглінга.
Амаль па ўсіх аддзелах карысталіся немцы выпрабаванай тэхнікай раззбраення. Звычайна людзям, якія мала што падазравалі, хаця й былі неспакойныя, загадвалася перад абедам ці перад вячэрай вычысціць зброю й паставіць яе ці то ў роўныя шэрагі, ці ў копкі, у залежнасці, дзе гэта адбывалася — на полі ці ў абозе. Калі жаўнеры,
паабедаўшы, вярталіся ад кухні, зброі на папярэднім месцы не знаходзілі. Часцей маглі навокал заўважыць узброеныя нямецкія паліцыйныя аддзелы. Гэткім чынам абкружаныя, яны чакалі са страхам і трывогаю, пакуль камандзіры павыбіраюць часць людзей для адпраўкі ў Нямеччыну на нявольніцкую працу. Вялікая маса беларусаў трапіла гэткім чынам на будову акопаў на другім баку Рэйна, у Дахаў, на будовы чыгунак, на фабрыкі й іншыя варштаты нявольніцкай працы гітлераўскага райха.
II
Капітан Віталі Мікула быў узяты немцамі й расейцамі на вока ад часу той памятнай эльбінскай канферэнцыі. Вучні колішняй менскай школы БКА бачылі яго апошні раз на цягніку, калі падарожнічаў адным эшалонам разам з імі з Усходняй Прусіі ў Францыю. Ужо пасля, калі шмат наважыўся ўцякаць да макісаў, кадэты шкадавалі, што не было пры іх капітана Мікулы, які змог бы пакіраваць і павесці. Ніхто з іх не ведаў аб лёсе шэфа штаба Беларускае Краёвае Абароны. Капітан Віталі быў, зараз пасля прыезду ў Францыю, назначаны камандзірам звяза ў першай роце шостага батальёна. Ротай камандаваў немец, а заступнікам ягоным быў расеец. Гэтак Мікулу спіхнулі на камандзіра адзінкі, якой мог бы, у выпадку неабходнасці, камандаваць старэйшы падафіцэр.
Мікула, спасцярогшы сваю дэградацыю, стараўся неаднаразова навязаць кантакт з Беларускай цэнтральнай радай або штабам БКА. Адылі, пасля шматлікіх захадаў, прыйшоў да выснаву, што яго наўмысля стараліся ізаляваць ад беларускай вайсковай верхавіны, тлумачылі, што не ведаюць, дзе ёсць БЦР і штаб БКА, ды давалі іншыя ўніклівыя адказы. Гэткім чынам, капітан Мікула не мог прабіць варожае яму сцяны Зіглінгавага штаба трыццатае дывізіі. Расейцы дбалі, каб гэты перадавы й адзін з найвыдатнейшых беларускіх афіцэраў і патрыётаў, раз трапіўшы ў пастку, не ўцёк з яе.
Мікула быў арыштаваны адным з першых, зараз жа пасля пераходу да французаў трэцяга батальёна. Дэпартаваны ў канцлагер каля Карльсругэ, прабыў там больш месяца, а пасля быў адасланы ў Дахаў. У ліку незлічоных тысячаў іншых ахвяраў дахаўскія газавыя крэматорыі спапялілі
й Віталія Мікулу — добрага чалавека, выдатнага беларуса й высокакваліфікаванага афіцэра, якіх у беларусаў было так няшмат.
Шырока вядомым ёсць сярод іншых народаў абразок, як адзін немец адпраўляў свайго сына ў войска. Казаў бацька юнаку: «Сынок, калі трэба будзе загінуць за Нямеччыну, ідзі наперад смела. Памятай, аднак, каб вораг дорага заплаціў за тваё жыццё. Бо не будзе для твайго бацькі большай крыўды, а для народа большае няславы, калі ты загінеш задарма».
Шмат беларускіх афіцэраў, а перадусім адзін з найвызначнейшых з іх — капітан Віталі Мікула — не загінуў у Дахаў задарма. Адылі страта для беларускага народа была надта балючай.
III
3 дванаццатай роты дзвюма групамі накіравалі немцы ў канцлагеры дванаццаць чалавек, у іх ліку й ведамага чытачу Мулагу. Зброю й іншае вайсковае знараддзе загадалі пакінуць у роце. Дазволілі забраць толькі па адным коцу й прылады да ежы ды вопратку й абутак. Новыя нявольнікі былі завезеныя ў лагер каля Карльсругэ, дзе будавалі новую чыгунку. Спалі ў канюшні, елі раз у дзень, гадавалі вошы й ледзь валачылі на працы ногі. У гэтым лагеры была вялікая група, звыш тысячы рэпрэсаваных з трыццатае дывізіі. Былі сярод іх расейцы, немцы, татары, іншыя азіяты, пераважна ўзбекі, што некалі трапілі ў трыццатую дывізію з нямецкага палону. 80 працэнтаў усіх складалі беларусы.
Група Грамыкі ў макісаў
і
Сяржант Грамыка мог быць добрым загадчыкам канюхоў, добрым сябрам і нядрэнным жаўнерам, але, як выявілася пасля на шкоду цэлае групы дванаццатае роты, што адышла ад немцаў у ваколіцы мястэчка Клерваль і якую мы ад гэтага часу будзем называць групай Грамыкі, з яго быў дрэнны камандзір.
Каманду ж яму даверылі раніцою пасля тае ночы з 31 жніўня на 1 верасня, калі больш паўсотні былых кадэтаў, сяк-так задрамаўшы на ўзбоччы гары, задаволенымі былі, што нарэшце развіднела й можна будзе неяк рухацца далей. Сяржант Грамыка быў найстарэйшы векам (меў 37 год) і рангам. Выбар яго на камандзіра быў зусім лагічным.
Група ішла краем лесу, усё больш адыходзячы ад галоўнае дарогі. Дзень быў хмарны, але дождж перастаў яшчэ над раннем. Пастаноўлена было шукаць кантакту з французамі. Вычувалася нейкая крыўда да тых сяброў з дванац’ цатай роты, што не пайшлі разам у горы, а засталіся з немцамі. Адылі не было часу крыўдаваць, а трэба было думаць аб сабе, перадусім жа аб забяспечанні будучыні, здабыцці нейкай пэўнасці, грунту пад нагамі. Маршыравалі аж да гадзіны другой па абедзе, выбіраючы лягчэйшыя сцежкі й дарожкі ды асцярожна сочачы, ці не відаць якой вёскі. Пазнаходзілася больш сяброў, што давалі аб сабе знаць адзіночным стрэлам уверх. Ежы ў групе не было ніякай, але зброі хапала. Была ў кожнага стрэльба, два кулямёты, былі й гранаты. Па абедзе назбіралася звыш сямідзесяці чалавек.
На ўскраі лесу пярэднія заўважылі вёску, і ўсё спынілася. Пачалі радзіцца, што рабіць. Трэба было разведаць, ці ў вёсцы ёсць немцы. Воддаль чуваць быў грукат аўтамашын. Няведама было таксама, як да беларусаў аднясуцца французы. Самае ж горшае — у групе Грамыкі не было ніводнага чалавека, што добра ведаў бы французскую мову. На вялікае шчасце, па некалькі словаў ведалі Лабун і Рак. Супольнымі сіламі яны маглі б неяк паразумецца. Іх і выбралі для навязання кантакту. Разам з Грамыкам накіраваліся ў вёску, а група заняла баёвыя становішчы на ўскраі лесу й чакала больш гадзіны.
— Відаць, што французы надта ж асцярожныя. Пакуль
абмацваюць ды пытаюць,— каментаваў Дзежка, паглядаючы ўсё на рог хаты, за якім ужо даўненька схаваліся тры фігуры сяброў.
— А можа, нікога дома няма? — адазваўся іншы.