Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Воддаль на колькі дзесяткаў кіламетраў на ўсход і на захад шашы, раўналегла да яе, расцягнуліся апранутыя лёгкім блакітам ланцугі гораў. На захадзе — Вагезы, на ўсходзе — крышку далей за Рэйнам — Шварцвальд. Лёгка вышчарбленымі грабянямі вырысоўваюцца яны на спакойным, бясхмарным, залітым сонцам гарызонце. Вы, можа, затрымаецеся на дарозе й пачнеце ўгадваць, якая адлегласць ад аднаго да другога горнага ланцуга. Можаце лёгка памыліцца. Трэба ўзяць на ўлік, што абодва грабяні гораў акаймляюць падоўжаную, роўную, як стол, нізіну па абодвух баках Рэйна.
Выехаўшы з Мюльхаўзена й пасоўваючыся ў паўночным кірунку, якіх дзесяць — пятнаццаць кіламетраў будзеце праязджаць праз лясы акацыяў, клёнаў, таполяў, грабаў і дубоў. Калі ж вы беларус і пачнеце шукаць тут вольхаў ці бярозаў — дарэмныя будуць шуканні. Мінуўшы лясы, вы будзеце пасоўвацца па роўненькай нізіне. Да вас будуць усміхацца чырвоныя й жоўтыя спелыя яблыкі, усялякіх родаў грушы, жоўценькія й цёмна-сінія слівы, а часта сустрэнеце й вялізнае, як дуб, разложыстае галінамі ўверсе дрэва, на якім растуць італьянскія арэхі. Па баках шашы, можа, пачнеце лічыць высокія платы вінаграду. Дарэмна: іх тут такая маса, што ўсялякі лік страціш. Цяжкія й сытыя галіны вінаградных ягад аж просяцца, каб іх пакаштаваць. У іншым месцы позірк ваш затрымаецца на высокім ураджайным полі кукурузы. У балыныні гэта кукуруза кармавая, якую ўзімку
так любіць усякая хатняя жывёла. Там-сям натрапіце на загон пшаніцы, жыта ці бульбы, але, параўноўваючы колькдсць агульнай плошчы, занятай гэтымі культурамі, пэўна, зацікавіцеся, ці мясцовыя жыхары часам не харчуюцца б^>льш яблыкамі, грушамі, слівамі й вінаградам, чымся жытнІм ці пшанічным хлебам. А вось гэтыя вялікія расліны 3; надта шырокімі лісцямі, што цяпер мінаеце,— табака. Яе тут надта шмат.
Побач дарогі заўважыце моцныя, ужо добра зверху пазарастаныя й амаль непрыкметныя бункеры: гэта звяно лініі Мажыно. Высокія шкілеты жалезных слупоў трымаюць на сваіх вярхах таўстое павуцінне электрычных правадоў. Па іх электрычная энергія бяжыць з электрастанцыяў з Альпаў і Вагезаў у фабрыкі й памешканні Мюльхаўзена, Кольмара й Штрасбурга.
Калі б вам пашанцавала ў залаты пагодны жнівеньскі дзень узысці дзесь на які ўсходні схіл Вагезаў і кінуць вокам на ўсход, прыліпнеце нагамі да свайго месца на доўгі час. Бо хіба ж не захочаце налюбавацца той цудоўнай панарамай, што перад вамі раскінецца?
Пад нагамі зялёным дываном разаслаўся суцэльны сад, паперасяканы бліскучымі асфальтавымі стужкамі дарогаў. Між каронаў высокіх разложыстых дрэваў і спічастых таполяў адрозніце чырвоныя стрэхі эльзаскіх вёсак; над кожнай з іх абавязкова дамінуе высокая вежа гатыцкай святыні. Сярод гушчы зелені вашае зыркае вока лёгка ўгледзіць высокія коміны й цёмныя карпусы фабрыкаў Мюльхаўзена й Кольмара. I тыя дымныя коміны, і шэрыя фабрыкі здадуцца вам зусім не на месцы ў гэтым пладавітым велізарным эльзаскім садзе. Вока хоча цешыцца зеленню й прасторам. Грудзі з насалодаю ўцягваюць свежае горнае паветра, а зрок павандраваў гэтак далёка — аж да блакітна-туманнага хрыбта Шварцвальда за Рэйнам. Вы ў такую хвіліну з’яўляецеся шчаслівым чалавекам і будзеце дзякаваць Творцу за тое, што маеце магчымасць напівацца асалодай аднаго з найпрыгажэйшых вобразаў Ягонага тварэння.
Але вы, здаецца, знаходзіцеся не ў Вагезах, а на дарозе й набліжаецеся да вёскі. Уязджаючы ў яе, пэўна ж, заўважыце на правым баку вялікую статую Збавіцеля або св. Дзевы Марыі і, калі вы набожны чалавек, з пакораю схіліце галаву. Чырванастрэхія, крытыя дахоўкай, тынкаваныя дамы гусценька абступілі па абодвух баках вуліцу. Некаторыя з іх маюць так званыя тырольскія сцены, іншыя ж сха-
валіся — абраслі дзікім вінаградным жываплотам.
Вы, пэўна, ужо не адну гадзіну ў падарожжы й дзеля таго спыніцеся ў мясцовай гасподзе, дзе перш за ўсё замовіце адборнага віна, каб адагнаць смагу. Сядайце за стол і раскашуйцеся, на колькі дазваляе ваша падарожная кішэня. Эльзасцы — народ бывалы, турыстаў ведаюць: накормяць, напояць і прыхінуць.
II
Але мы не турысты, кішэні ў нас пустыя, і час ваенны. Калі б нам раптам і прыснілася, што падарожнічаем на ўлонні мірнае прыроды дзеля свае асалоды, нядоўга будзе трывацьуява. Пагоднае залатое жнівеньскае ці верасеньскае неба падняло з непрыяцельскіх лётнішчаў цэлую масу ангельскіх ганчакоў «спітфаераў» і амерыканскіх «мічэляў». Пэўна ж, яны не кружаць над эльзаскай раўнінай, каб прыглядацца чупрынам яблыняў, сліваў ці лічыць зверху платы густых вінаграднікаў. Шпаркім лётам снуюць над дарогамі, пільна сочаць усякі рух аддзелаў пад загадамі Трэцяга райха, цяжкім грукатам з лёгкіх гарматак частуюць тых, што былі настолькі неасцярожнымі, каб у такі сонечны й выгадны для паветраных сіл дзень асмеліцца ўжываць мясцовыя шляхі зносінаў.
А гарматкі тыя не звычайныя. Яны пасылаюць ускосным ланцугом уніз рой вісклівых цяжкіх куляў, што пры сутычцы з цвёрдым прадметам — ці гэта садовае дрэва, нямецкая вайсковая аўтамашына, ці мякаць чалавечага цела, або нават і коніка дванаццатае роты — ірвуць аб’ект на сотні дробных кавалкаў. Кулі тыя завуцца бом-бом, і калі адна, не дай Божа, трапіць у вас, не знойдзеце ратунку. Адно добрае — KaHeu ваш будзе хуткі, бо надта хутка сплывеце крывёю. Дый самае грукатанне гарматак цяжкое й дэмаралізуючае. Нават калі й не вы, а нейкі сусед знойдзецца пад абстрэлам, вы ўсё ж не-на жарты перапалохаецеся. Грукат той скалане вас да самай глыбіні, моцна патрасе вашы й так ужо напружаныя, а мо й зусім знячуленыя нервы. У той момант будзеце праклінаць хвіліну, калі вам уздумалася ці было загадана якраз у сонечны дзень апынуцца на гладкай эльзаскай дарозе. Мо на адзін міг уявіце, як слаўна было б, калі б побач раней яшчэ нехта нарыхтаваў ямку, каб вы маглі цяпер гоцнуць у яе й перачакаць небяспеку. Але вам кажуць ісці да-
лей, і йсці трэба. Бо вы ж не турысты, й час цяпер ваенны.
Бывае, што гэтыя ганчакі апоруць вялікую ваенную калону. Як жа заядла зачнуць яе рваць на дробныя кавалкі, мясіць! Хавайся, хто жывы! Эльзаскі сад, перапоўнены грукатам, узрывамі, свістам, стогнамі й енкамі, замяняецца ў пекла.
Вунь далёка на захадзе ў Вагезах два штурмавікі «спітфаеры» дзяўбуць нешта ўжо на працягу гадзіны. Хутчэй за ўсё разбіваюць мост або нейкі доўгатрывалы абаронны пункт. Вось адзін з іх шырокім лукам закружыў над мэтаю й, адляцеўшы на пару кіламетраў, набіраючы імпэту, зноў прыбліжаецца да яе. Вось ужо ён далятае і, быццам той каршун, падае раптоўна на ўгледжаную здабычу. Вам здалёк здаецца, што ён зараз разаб’ецца аб горы — так нізка прыблізіўся да зямлі. Але не. Раптоўна пад вострым кутом адрываецца й не мінае дзесяці часінаў, як да вушэй вашых далятае перш скугольны енк, а потым глухі й адрывісты гук цяжкога ўзрыву. Гэта «спітфаер»-штурмавік паслаў у аб’екі ,.шчэ адну бомбу. А вунь ужо й другі пачынае раптоўна падаць уніз. Другая бомба крышыць назначаны аб’ект.
Вам здаецца, што два самалёты, проста забаўляючыся, дзяўбуць здабычу. I не дзіва. Нідзе навокал не пабачыце ніводнага нямецкага самалёта. «Люфтваффэ» дажывае апошнія месяцы. Ёй не хапае паліва, паветраных апаратаў, лётнікаў. Дзеля таго й забаўляюцца ангельскія штурмавікі над эльзаскім садам. .
Бывае, што яны забягуцца, каб пацікавіцца, што робіцца за Рэйнам. Там ужо забава цяжэйшая. Нямецкая супрацьлятунская артылерыя пачынае раптоўна пляваць у блакітныя высі з дзесяткаў хуткастрэльных гарматаў. Снарады ўзлятаюць у неба й там ірвуцца на шмат дробных кавалкаў. Здаецца вам, што нехта б’е малаткамі па пустых чарапах. Немцы, відаць, умацоўваюцца й наважыліся бараніцца на Рэйне. Пэўна, спадзяюцца, што рака яшчэ раз выканае ролю добрае натуральнае абароны Нямеччыны з захаду, як рабіла ўжо ці раз у мінулым.
Але вось з усходу чуваць магутны гул. Дрыжыць і стогне зямля. Гул мацнее й бліжэе. Гэта сотні хаўрусніцкіх бамбавікоў вяртаюцца з рэйду на Нямеччыну. Цяпер яны ўжо, як вокам сягнуць, пакрываюць лёгкаблакітнае верасеньскае неба. Якая ж іх маса! He пералічыш! Яны сягоння поўныя валадары нямецкага неба, а заўтра — пераможанага нямецкага народа.
III
Можа, у мірны час войска стаіць і школіцца на месцы ў якімсьці абозе ці, як яшчэ даўней, у цвярдыні. Можа, тым, што стаяць доўгі час на адным месцы, брыдзее штодзённасць, можа, яны хочуць даўгіх маршрутаў, змены месцаў, новых абставінаў. Адылі вайною дакучае пяхотнаму жаўнеру сталая валакіта. Цэлымі месяцамі не ведае ён утульнай цеплыні барака, супакою рутынна-манатоннага жыцця вайсковага абозу. Вялікая й бязлітасная ваенная машына кідаецца ім, быццам вецер, лёганькай пярынкай. Сёння, кладучыся спаць, ён не ведае, дзе будзе наступны яго супачынак. -
Надта цешыліся жаўнеры дванаццатай роты, калі, нарэшце, пасля даўгой дарогі, што пачалася ад Альбрэхтаў, спыніліся над нейкім каналам на поўнач ад Мюльхаўзена й даведаліся, што тут даўжэйшы час давядзецца затрымацца.
— Значыцца, мы й дома,— гаварыў нехта, усміхаючыся.
— Покуль што дома. Адно — покуль што...— адказаў іншы.
Бесперапыннае падарожжа не было адзіным няшчасцем дванаццатай роты, што ад гэтага часу якімсьці загадам перамянілася ўжо ў шостую. (Мусіць, думалі рэарганізаваць дывізію.) Асноўным ворагам быў голад. Вось ужо мінула два дні, як жаўнеры не атрымлівалі ніякіх пайкоў. Жылі пераважна садавінай і бульбай. Калі з Кольмара прывезлі хлеб, людзі ўсцешыліся, бо надарылася магчымасць прыпомніць, як ён смакуе.
Уявіце сабе, з якой урачыстасцю дзялілі колішнія кадэты той «фарфлюктар». Перш трэба было падзяліцца ўсім на групы па сем чалавек у кожнай, бо бохан хлеба выпадаў на сямёх. Гэтак сабралася сем чалавек, што накіравалі свайго найбольш даверанага сябру пайсці прынесці харчы. Пайшоў чалавек з коцам пад пахаю, а шасцёрка стаіць ззаду й чакае на ўрачыстасць. Вяртаецца сябра і ў перакінутым цераз плячо коцы нясе штосьці ды аж прыгінаецца, быццам ад цяжару вялікага. Хлопцы сустракаюць яго смехам. Смяяцца ж трэба, бо смех трымае цябе пры жыцці, гумар дадае сілаў і вытрываласці.
Гэтак выбраны харчавы з вялікаю павагай, паволі кладзе на травіцу коц ды надта ж асцярожна разгортвае яго.
— Увага, хлопцы, увага! — падняўшы ўверх паказальны палец правае рукі й зрабіўшы позу, быццам той святар на