• Газеты, часопісы і г.д.
  • Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

    Змагарныя дарогі

    Кастусь Акула

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 572с.
    Мінск 1994
    158.06 МБ
    — Прекратять стрельбу! — пачуўся ззаду загад з колькіх афіцэрскіх глотак.
    Сымон памеркаваў, што, мусіць, аднаго патрона няварта пакідаць, а лепш пусціць уверх, і, хоць усе былі ўжо на насыпе й страляніна спынілася, ён, наставіўшы ўверх руль стрэльбы, паціснуў курок. He прайшло й хвіліны, як заўважыў капітана, што бег у ягоным кірунку ад маёра Мураўёва.
    — Ты куды страляў? — пытае Сымона афіцэр.
    — Уверх.
    — Ты чаму страляў уверх?
    — У мяне застаўся адзін патрон, а загадана было...
    — Дурыла ты! Знаеш, што табе за гэта будзе? Валяй хутка да маёра!
    Сымон пусціў у рух ногі. Камандзір батальёна прыбліжаўся ў ягоным кірунку.
    — Спадар маёр, па вашаму загаду...
    — Ты куды страляў? — насупіўся Мураўёў.
    — Уверх.
    — А куды было загадана страляць? Ты...— тут маёр
    вылаяўся зацяжным маскоўскім трохпавярховым матам,— сукін сын!
    Пры гэтых словах, як трымаў у правай руцэ скураныя рукавіцы, з усёй сілы сцебануў імі хлапца па твары. Толькі пярэдняя стрэшка Сымонавага шлема крышку затрымала ёмкі ўдар.
    — Ты знаеш, што на тым баку шмат народу пры акопах працуе? — дзёрся Мураўёў.— А што, калі ты каго з іх забіў? Ты разумееш гэта ці не, дурак? Каму гэта даваўся загад спыніць стральбу?
    У Сымона ад страху аж павукі забегалі па спіне й знядужалі ногі.
    — Зараз абяззброіць яго й адвесці ў бункер! — крычаў камандзір.— Адправім у працоўны лагер, а калі прыйдуць весткі з таго боку Рэйна, што ёсць забітыя, застрэлім, як сабаку, перад фронтам цэлага батальёна. Забраць яго, адвесці!
    Да Сымона падбег капрал з ягонае ж роты, што выконваў цяпер ролю лучніковага. Узяў юнакову стрэльбу, пас з патранташамі й шлем ды загадаў: «Ну, пайшлі!»
    Зайшоўшы ў свой барак, Сымон расказаў аб выпадку старшыні роты. Старшынёй быў добры чалавек — украінец Налепа. Ён надта ж па-людску абыходзіўся з жаўнерамі роты. Дазваляў ім вечарамі хадзіць у яблыкі, табаку, бульбу. Вядома, што чалавекам з начальства, які можа зрабіць найбольш прыкрым або прыемным аднастайнае жыццё жаўнера, бывае старшына роты. Налепу жаўнеры паважалі й слухалі, добра ацэньваючы ліберальнае дачыненне да іх. Выслухаўшы Сымона, Налепа сказаў, што не было нічога так страшнага, як хлапец уявіў, што яго, пэўна, патрымаюць да вечара й пусцяць. Сымон з лягчэйшым сэрцам, падбадзёраны, павандраваў з капралам у бункер. У адной каморцы бункера сядзела чатыры чалавекі. Сымона пасадзілі самога ў другой. Пры бункеры стаялі два вартавыя.
    Сымон захапіў у бараку кніжку і, крышку памеркаваўшы, прыйшоў да выснаву, што надта не выпадае бедаваць, бо, пэўна, усё добра скончыцца. Узяўся за чытанне. Але й чытаючы, колькі разоў хаця-нехаця вяртаўся да трывожнага пытання: «А што, калі возьміць і застрэліць? Чорт яму верыць, маскалюгу гэтаму!»
    Яшчэ ніколі раней не сустрэўся Сымон лоб у лоб з пытаннем аб магчымай смерці. Нават калісь пад вагонамі пад час тога пекла ў Вільні, калі жыўцом гарэлі параненыя сябры, ніяк не прыходзіла ў галаву, што яго могуць
    забіць. Калісьці й дзесьці — а дзе дакладна, дык не патрапіў бы й сказаць — ён пастанавіў, што не павінен дарма прапасці ў гэтай вайне, а мусіць перажыць яе за ўсякую цану. Трэба ж было яшчэ так шмат зрабіць для сваіх родных і Бацькаўшчыны. Ці ж ён, малады, здаровы, поўны сіл, сведамы сваёй беларускасці юнак, мог дараваць усе крыўды, што ворагі зрабілі ягонаму народу? О, не! Сто разоў не! Як і што ён будзе рабіць — Сымон не ведаў, ды ці й быў цяпер час над тым думаць. Галоўнае вось, каб жыццё захаваць, а там дзесь ужо неяк праясніцца й будзе відаць, што рабіць трэба. Дык усё й зводзілася да захавання жыцця.
    I цяпер Сымон аж жахнуўся пры думцы, што так лёгка й зусім за дурніцу мог налажыць галавой. Але гэта былі толькі хвілінныя, як джала, пякучыя думкі, што хутка адыходзілі й не пакідалі па сабе следу. He верыў жа юнак, што сапраўды за нейкі дурны патрон могуць яго застрэліць.
    «Вось, пэўна, настрашыць яму ўздумалася. I Налепа ж казаў, што, пэўна, вечарам выпусцяць,— супакойваў сябе юнак.— Але ж чаму я такі легкадумны? Няхай бы ён ужо згарэў, той патрон. Як быў загад спыніць страляніну, дык чаму ж я не паслухаў? Калі ўжо неяк тут з гэтага клопату выкарабкаюся, дык трэба будзе пільней прыслухоўвацца да загадаў і падпарадкоўвацца. Такая ж во бязглуздзіца й да чаго можа чалавека давесці».
    Віктар прынёс Сымону кацялок зупы й «фарфлюктар». Пад’еўшы, хлапец ужо больш супакоіўся й амаль цэлае паабеддзе чытаў. Каля шостай гадзіны прыбег да бункера дзяжурны афіцэр.
    — Гэта ты сядзіш за дваццаты патрон? — спытаў Сымона.
    — Я.
    — Бяжы да маёра.
    Перад баракам стаяла група афіцэраў. Яны пакурвалі, жартавалі. Вечар быў сонечны й цёплы. Сымон адразу спасцярог, што ўсе афіцэры, у тым ліку й Мураўёў, былі ў добрым настроі. Гэта яму дадало шмат адвагі.
    — Ты за што сядзеў? — пачаў Мураўёў.
    — За сённяшні выстрал,— бойка адказаў хлапец, хоць дрыжыкі ўсё яшчэ бегалі па лытках.
    — А ты куды страляў?
    — Уверх.
    — А куды было загадана страляць?
    — У насып.
    — Ці ж у насып? А не ў мішэні?
    Усе прысутныя афіцэры змоўклі й прыслухоўваліся. Усмешкі бегалі па некаторых тварах.
    — У мішэні,— згадзіўся Сымон.
    — Дык вось бачыш, якая рэч... На тым баку Рэйна працуе шмат людзей пры акопах, і толькі цяпер званілі мне, што ёсць адзін паранены.
    Калі б Сымон тады меў час думаць над тым, што сказаў камандзір батальёна, дык пазнаў бы хлусню. Бо й як жа, каб з такой колькасці людзей, ды яшчэ й дзесь далёка за тым Рэйнам, якраз ягоны, Сымонаў, нефартунны стрэл некага параніў? Эх, ужо ж і не ўмеў Мураўёў выдумляць.
    — Праўда,— прадаўжаў маёр,— уверх стралялі й іншыя... Але што я цяпер павінен з табою зрабіць? Як ты думаеш? Ці, па-твойму, вінаваты ты, ці не?
    — Вінаваты.
    — Дык што я павінен з табою зрабіць? Як пакараць? Ты прыдумай сам — якую б ты даў сабе кару?
    Сымон маўчаў. Мураўёў паўтарыў пытанне.
    — Маё ўяўленне, спадар маёр, занадта абмежаванае, каб прыдумаць сабе кару,— адпаліў Сымон.
    — Эх ты, хітрун! Ну ладна. На гэты раз дарую. Глядзі, каб у будучым слухаў загадаў. Уматвайся ў роту!
    Сымон як скаблянуў адтуль у свой барак, дык аж костачкі бразджэлі.
    Такая была гісторыя з дваццатым патронам.
    V	X
    Каб бліжэй пазнаёміцца з людзьмі, што складалі батальён Мураўёва, варта нам, паважаны чытач, прыслухацца да адной даволі цікавай гутаркі, якая аднойчы адбылася ў бараку другой роты, да якой належалі Сымон і Віктар.
    Каля даўгога стала сядзеў старшына роты сяржант Налепа й каля дзесятка хлапцоў, што чысцілі зброю, рыхтуючыся йсці на варту. У ліку іх з колішняй афіцэрскай школы БКА былі Пісаронак, Войнік, Віктар Караткевіч, Жылякоўскі й Сымон Спарыш. Усе іншыя служылі ў Беларусі ў паліцыі. Да іх належаў Курленя, што, паводле ягоных жа словаў, быў калісьці капралам у польскім войску, Земет — зусім неадукаваны селянін-паляшук, Шэ-
    мет, якому таксама варта было б скончыць, прынамсі, пачатковую школу й які вырозніваўся адно высокім ростам і даўгімі нагамі, ды Гвардзейчык — малажавы хлапец, што вельмі любіў парадак і чысціню, як у вопратцы, так і ўсюды.
    Гаварылі аб дробных штодзённых справах. Гутарка не вязалася.
    — Але ты, Гвардзейчык, гаворыш па-расейску, якраз як паляк,— сказаў Сымон.— Можа, ты й ёсць паляк? — спытаў ён.
    Гвардзейчык ледзь заўважна пачырванеў.
    — Адкуль ты ўзяў, што я гавару, як паляк? — адказаў пытаннем. '
    — Акцэнт дык у цябе, братка, якраз як у паляка, што вось толькі што наламаўся па-расейску. Вось няхай жа іншыя скажуць.— Пры гэтых словах Спарыш зірнуў уважна на сяброў, быццам спадзеючыся іхняй падтрымкі.
    — Чорт яго знае,— адказаў Гвардзейчык,— язык змяшаўся, й сам не ведаеш, як гаворыш.
    — Ты кажаш,— звярнуўся да Сымона Земет,— што ён гавора, як паляк. А ты ж як гаворыш?
    — Па-беларуску.
    — Так, ты гаворыш па-беларуску... Ты сам не ведаеш, як гаворыш.
    — Ён-то ведае,— падтрымаў Сымона Віктар.— Ён гавора па-беларуску. Але ты ведаеш? Наогул, ці ведаеш, хто ты ёсць?
    Земет натапырыўся.
    — Я гавару так, як усе гавораць, а па якому...
    — Ты й сам не ведаеш,— дакончыў за яго Пісаронак, і ўсе навокал засмяяліся.
    — Нейкай ломанай мовай,— казаў далей Земет,— пэўна ж, і не па-беларуску. Чорт яе тую беларускую мову ведае. Гаварыць гэтак, як цяпер пісалі ў беларускіх газетах, дык можна й язык паламаць. Нейкі ж дурань такое выдумаў.
    — Дурань, кажаш, выдумаў? — заатакаваў Земета Віктар Караткевіч.— Ці ведаеш ты, такі разумны, сам хто ты ёсць?
    — А цікава, ці ведаеш, хто ты ёсць? — памог Пісаронак.
    — 3 якога ты гэта народу?
    — Як быў дома, дык казаў, што тутэйшы, а тут дык і не ведаю,— тлумачыў паляшук.
    — А цяпер, мусіць, таксама тутэйшы! — укінуў сваю капейку Гвардзейчык. Усе голасна зарагаталі.
    — Эх, брат, дык, мусіць, твая нацыянальнасць тады залежыць ад месца жыхарства, калі ты ўсюды тутэйшы,— рагатаў Жылякоўскі.
    — Беларусь ваша...— умяшаўся Курленя.— Вы, як сядзелі там на месцы, тады, мусіць, і Беларусь будавалі, а як самім давялося пацярпець, дык, мусіць, і нічога не здабудзеце. Як немец устанавіў быў нейкую там Беларусь, дык тады й начальнікаў хоць адбаўляй. Тады яны былі ласымі на гатовенькае. А саветы як ударылі, дык усе, як мышы, паразбягаліся. Дзе ж ваш Астроўскі? Чаму аб Кушалю нічога не чуваць? Дык цяпер нас, дурненькіх, ваяваць выпраўляюць, а начальнічаць, дык іх было поўна.
    Гэту тыраду Курлені падтрымлівалі Шэмет і Земет. Варта заўважыць, што, згодна з апавяданнямі іншых, брат Земета пайшоў у польскія партызаны ў раёне Лідчыны.
    — А ты, мусіць, хацеў, каб Астроўскі ці Кушаль з табою пад адным вашывым коцам спалі? — адпаліў Курленю Сымон. Некаторыя засмяяліся.— Ці твой прымітыўны розум можа хаця ўявіць клопаты тых людзей?
    — А якія ж яны маюць клопаты? Зашыліся недзе ў спакойны куток і сядзяць, як мышы пад мятлою. Клопаты ў іх! He маюць чаго рабіць, дык няхай бы хоць сюды пару слоў сказаць прыехалі.
    — Але ж, але! Чулі вы? — перадражніваў Курленю Віктар.— Курленя, важная персона, загневаўся, што да яго Астроўскі на пацеху й падтрымку штаноў не прыехаў.
    Усе зарагаталі.
    — Чаго ты смяешся, дурань ты! — Пры гэтых словах Курленя сакавіта лаяў. Старшына Налепа ад некаторага часу сядзеў на сваёй пасцелі насупраць стала й моўчкі прыслухоўваўся да гутаркі.
    — Астроўскі — вялікі пан! — цягнуў Курленя.— Нідзе аб ім і не чуваць. Калі вы яго бачылі ці чулі ад яго хоць адно слова?