Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
— Дзе там амерыканцы! Французы на другім баку, вось хто. Кажуць нават, што чужаземны легіён, брат. Я ж, пэўна, не разабраўся яшчэ, нікога не бачыў, але ж іншыя кажуць.
— Чужаземны легіён, кажуць?
— Няўжо ж...
— Дык там жа крымінальнікі з усяго свету...
— А чорт іх ведае, братка, хто там. Зрэшты, можа, яшчэ даведаемся й пабачым. Але цяпер слухай жа, што было далей.
— Ну, расказвай.
— Мінулі мы першы ўзгорак з правага боку каля дарогі. Там бачыў я нямецкія гаўбіцы — акапаныя стаялі.
* Як маецеся? (ням.)
Ажно падыходзім пад нейкую вёску (гэта была Балерсдорф на захад ад Альткірха). Загадана нам легчы й сачыць, што наперадзе робіцца. Відаць з правага боку пры дарозе касцельная вежа, там ці не назіральнік артылерыйны сядзеў толькі. Заўважылі нашы нейкіх падазроных людзей, рух наперадзе. «Давай,— кажа дружыновы,— папробуем». Чуваць было таксама воддаль каля дарогі ў кустах, як танкі равуць. Нашы кулямётчыкі давай псяюрыць па кустах, a мінамётчыкі — міны пускаць у ход. Але ж, братка, доўга й чакаць не давялося. Мусіць, з таго боку добра нас угледзелі, асабліва з той касцельнай вежы. Як сцягнулі мы на сябе агонь, ратуначку няма. Французы як прыпсяюрылі па тым узгорку, што мы мінулі з правага боку каля дарогі, дык гаўбіцы нямецкія ажно ўверх падскокваюць. Найгорш, што й нідзе схавацца няма, каб хаця дзе якую ямку выкапалі. Так нам прысмажылі, што я аж увесь са страху пачаў калаціцца. Братка ты мой, я й сам не ведаю дакладна, як і што сталася пасля. He помню, калі я пастанавіў уцякаць і ці наогул я пастанаўляў. Мусіць, ногі самі мяне адтуль панеслі. Адно апамятаўся тады, як ужо пару кіламетраў назад зрабіў і перад Рэшатавым апынуўся.
— Як гэта — перад Рэшатавым? Дык ён так далёка застаўся ззаду?
— Так, братка. Ён зусім з намі не хадзіў. 3 падафіцэрамі наперад пхнуў, а сам ззаду застаўся, маскалюга пракляты.
-— Дык які з яго тады камандзір? Ці Вінніцкі яму дазволіў? Гэта ж камандзіры звязаў на першыя пазіцыі разам з войскам мусяць ісці.
— Кажу табе, што з намі не пайшоў, а ззаду застаўся.
— Вось які ваяка, значыцца.
— Ён ваяка толькі з канюхамі, а не на фронце.
— Ну добра, расказвай далей.
— Дык тут і пачалося самае цікавейшае. Як пабачыў мяне й іншых Рэшатаў ды як запеніўся, як пачаў раўці, то я думаў, што застрэліць на месцы. «Караткевіч! — раве на мяне.— Дызерцір ты! Дзе твая зброя, амуніцыя? Як ты смеў усё на полі пакінуць?!» Але ж і запеніўся. Я не на жарты перапалохаўся. I ведаеш што? Загадвае мне, каб я йшоў назад і ўсю мною пакінутую амуніцыю й стрэльбу прынёс. Я тлумачыў, што там ужо нікога з нашых няма, бо й сам жа ён бачыў, што ўсе паўцякалі, дык нічога не памагае. «Ідзі! — раве.— Прынясі назад стрэльбу й амуніцыю, a то
застрэлю зараз, як сабаку». Што ж было рабіць? Мне прыйшло ў галаву, што ці ад Рэшатава кулю дастаць, ці ад французаў, дык фактычна няма розніцы. He мог я сказаць, што не выканаю загаду. Дык і паплёўся я назад па тую амуніцыю, ізноў мне аж той дзіцячы возік прыпомніўся. У канцы канцоў,— думаю,— як ужо траплю да французаў у палон, дык таксама не прайграю. Тут надыходзіў ужо й вечар, дык, думаю, пакуль дайду, то й сцямнеецца. Іду, й лыткі мае ад страху дрыжаць. Дзе пабачу які куст ці які цень — хоць тых ценяў і не было, бо дробны дожджык імжыў,— дык мне здаецца, што за кожным француз сядзіць. Ізноў жа — як я туды зайшоў, як знайшоў тое месца, як прыцягнуў назад тую амуніцыю з возікам, дык і сам не цямлю. Адно што, здаецца, каб другі раз мне так нехта загадаў, дык і не пайшоў бы. Вось, браце, як я ваяваў. Можаш сабе ўявіць.
— Як той ваяка Швэйк.
— Падобна.
Караткевіч змоўк. Гутарка адбывалася надвечар другога дня пасля Віктаравых прыгодаў, у Гальфінгэне на сене ў пуні.
— А што там чуваць пра вынікі баёў іншых? — спытаў пасля кароткага маўчання Сымон.
— Якія там наогул баі! Нашы людзі, братка, наогул баёў унікаюць. Ужо дзе калі прыпруць і выхаду няма, дык адбіваюцца.
— Дык усе, значыцца, так, як ты, адразу драпака смарганулі?
— Ды не ўсе. Былі сутычкі ў іншых. Але ўсе адступілі. На заходнім прадмесці Альткірха, ужо пазней ноччу, першая наша рота адзін танк французскі знішчыла, але такіх паважнейшых і большых баёў не было, адно сутычкі. Нашы ўцякаюць, бо папраўдзе дык і ваяваць няма чым. Ну як ты затрымаеш танкі? Кулаком? На адну роту далі па чатыры панцырфаўсты. Дык добра ж, калі яшчэ пападзеш, а то й напуста пусціш каторы. Дык і ўцякалі. Колькі ўжо ў пілон да французаў папалася...
— I ў палон ужо?
— О, так. Ужо многіх не далічыліся.
— Дык дзе ж цяпер нашае войска?
— Ужо на гэтым баку Альткірха, па гэтым беразе рэчкі ў вёсцы Асбах загадана акопвацца. Увесь батальён тут.
— Слухай, а чаму ж ты аж сюды прыбег? Ці над табою
добрае сэрца Рэшатава змілавалася ды адпусціў цябе на адпачынак?
— Смяешся? Уцёк я, вот і ўсё.
— А ты знаеш, што цябе чакае, як зловяць?
— Дык я ж пры сваім абозе. Што ж яны зробяць? Адпачну й пайду назад.
— Але ж з цябе й ваяка. Ты ж без загаду, самадумам нічога не павінен рабіць. Што ты — маленькі, ці што?
— Ат,— махнуў рукою Віктар,— неяк будзе. Вось давай лепш паспім, а тады буду бачыць, што рабіць. Можа, Рэшатаў нават і не ведае, што я тут...
тЯк то не ведае?
— Мо ўжо думае, што я да французаў папаўся. He аднаго ж мяне не стае.
— Ну, глядзі. He кажы, што я цябе не папярэдзіў.
Але змучаны Віктар, выпрастаўшыся на сене, ужо драмаў. Сымон перастаў яго турбаваць. Знадворку чуваць было конскае хрупанне й частае фырканне, а з захаду лёгкі восеньскі вецер часценька прыносіў глухі гул гарматаў. Сымон лёг каля сябра і, перадумаўшы ўсё расказанае Віктарам, заснуў.
V
Прыйшла ў абоз у Гальфінгэн вестка, што два французскія танкі заехалі назад у вёску Гаймсбрун і, заняўшы пазіцыі на могільніку пры шашы, перасеклі адну з галоўных артэрыяў сувязі фронту з тылам. Вёска Гаймсбрун ляжала ў адлегласці трох кіламетраў проста на поўнач ад Гальфінгэна і кіламетраў восем на захад ад Мюльхаўзена. Лінія фронту, што бегла па рэчцы Іл ад швейцарскай мяжы ды лукам абгінала з захаду Мюльхаўзен, зусім блізка падыходзіла да Гаймсбруна. Танкі выканалі зручны манеўр, адрэзаўшы адзін шлях сувязі й даставаў. He было ніякай мовы аб праездзе немцамі дарогай цераз Гаймсбрун на фронт.
Шаша лёгкай дугой абгінала могільнік. Адзін танк, заняўшы пазіцыю на адным краі, сачыў за дарогай на поўдзень, другі ж, стаўшы на другім баку,— за дарогай на поўнач. Тут жа, насупраць могільніка, на другім баку вуліцы, стаяў касцёл. На званіцу паслалі французы пару кулямётчыкаў, што назіралі за дарогамі, а пры дапамозе пераноснага радыё паведамлялі танкістам унізе аб усякім руху, што адбываўся на шашы.
У той дзень, 24 лістапада, калі немцы наважылі зліквідаваць непрыяцельскія танкі, у абоз канюхоў у вёску Гальфінгэн з’явіўся Вітвіцкі. Ён прыйшоў мабілізаваць канюхоў для выканання баявога задання. Сабраў восем чалавек, у іх ліку й нашых двух герояў, уручыў ім два панцырфаўсты, кулямёт, і такі баявы аддзел накіраваўся ў Гаймсбрун.
Хто ж быў Вітвіцкі? У нашай аповесці ён і выступае ўсяго адзін раз, але варта з ім бліжэй пазнаёміцца хаця б таму, што гэты вырадак пакінуў крывавыя сляды й папялішчы па ўсёй Глыбоччыне. Доўга не забудуцца пра яго сяляне Глыбоцкае акругі як пра аднаго з перадавых гітлераўскіх катаў-нелюдзяў.
Пасля смерці будаўніка версальскае Польшчы маршала Пілсудскага ў 1935 годзе польскія акупанты Заходняе Беларусі наважыліся замацаваць памяць «дарагога маршалка» на Віленшчыне пабудовай на казённы кошт сотні пачатковых школаў, параскіданых па ўсім Віленскім ваяводстве. Адна такая сямікласная школа імя Пілсудскага — двухпавярховы шэры цагляны будынак — вырасла й на станцыі Каралеўшчына. Пад школу быў адведзены вялікі пляц, навокал абгароджаны плотам. 3 заходняга боку, крокаў на пяцьдзесят воддаль ад школы, вырасла абабітая шалёўкамі малая трохпакаёвая хатка, крытая гонтам. Гэта было памяшканне для школьнага вартаўніка.
Віктар Караткевіч і Сымон Спарыш пачалі наведваць новую школу ад пятага класа. Апрача шматлікіх дзяцей мясцовых польскіх ураднікаў, чыгуначнікаў, асаднікаў і панкоў, што вучыліся тут, амаль палова дзяцей былі беларусы з навакольных вёсак. I ў гэтай школе Сымону й Віктару першы раз давялося сустрэцца з Вітвіцкім. Як школьнікі сустракаюцца з вартаўніком? Проста бачаць яго дый часамі ўцякаюць ад яго, калі ўлезуць, дзе забаронена, а той выганяе. Так і нашы два героі ведалі Вітвіцкага адно з выгляду.
Фізіяноміяй сваёй ён належаў да людзей, пабачыўшы якіх, не забудзецеся ніколі. Перадусім — нос. Што гэта за hoc! Гарбаты й даўгі, як сланоў хобат, тырчаў ён далёка наперад на вузкім твары й плоскай галаве. Блізенька носа з двух бакоў сядзела пара зялёна-рудых вачэй. Доўгія хвалістыя валасы ападалі аж на шыю. Трэба прыгадаць і густа зморшчаны, не зусім нізкі лоб ды асабліва ж вусны: рот быў вузкі, а вусны таўстыя. Калі Вітвіцкі гаварыў, то здавалася
вам, што голас дзесь выходзіць з даўгога гарбатага носахобата, а таўстыя кароткія вусны вось так адно для гульні неяк дзіўна скручваюцца ў трубку, каб не пахваліцца, што за ім размясціліся падобныя да конскіх іклы й калаваты, быццам маленькае палена, язык.
Асабліва Сымон цікавіўся тым носам-хобатам. Бывала, ідучы з верхняга паверха на двор на перапынак, здалёк заўважыць Вітвіцкага каля знадворных дзвярэй і вялікага акна. Той звычайна пабрыньквае ў правай руцэ вялікім званком, прыглядаецца, як вучні выходзяць на двор. Сымон, бывала, зойдзе збоку ды так угледзіцца ў нос-хобат, што нарэшце й сам вартаўнік заўважыць ды, жартуючы, сыкне на хлапца, каб напалохаць. Гаварыў Вітвіцкі хутка, адрывіста й неяк зусім не так, як мясцовыя палякі. Здавалася, што польскія словы вымаўляе з вялікай цяжкасцю.
Вітвіцкі ажаніўся з беларускай дзяўчынай з недалёкіх Міхалёў, дзяцей не меў і, пэўна ж, сядзеў бы й працаваў пры школе яшчэ доўгі час, калі б не прыход балыпавікоў. Раптоўна Вітвіцкі прапаў. Гаварылі людзі навокал, што быццам трапіў у вязніцў ў Бярэзвечах, дзе ў былым кляштары над возерам бальшавікі трымалі сотні людзей. Гаварылі ўсяк, але напэўна ніхто не ведаў. Дый хто там надта цікавіўся былым школьным вартаўніком. Пагутарылі й хутка змоўклі.