• Газеты, часопісы і г.д.
  • Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

    Змагарныя дарогі

    Кастусь Акула

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 572с.
    Мінск 1994
    158.06 МБ
    IV
    Калі яны сціхлі, а Сянкевіч крыху адпачыў, наважыўся ісці далей. Было ўжо па абедзе. Па нейкай раскіданай чыгунцы выбраўся з лесу й пайшоў полем. Чаму ішоў, чаму не сядзеў на месцы? — на гэтае пытанне не змог бы адказаць не толькі ў той час, але й ніколі пазней у сваім жыцці. Магчыма, што поўнасцю не змог перанесці ўдару таго моманту, калі немцы вялі яго на расстрэл, калі так нечакана стаў на парозе смерці... Магчыма, што цяпер яшчэ не верыў, што ён жывы й цэлы. Як-ніяк, а за гэных паўгадзіны ці болей ад часу, калі, знайшоўшы ягоныя дакументы, пачаў аплявушваць яго нямецкі сяржант у пуні, аж да часу, калі, уцёкшы ад нямецкіх жаўнераў, прытаіўся ў лесе, Віктар перажыў адразу некалькі гадоў. Калі б юнак здольны быў рацыянальна думаць, першае, што пастанавіў бы адразу пасля ўцёкаў, было б пасядзець, ахаладзець, адпачыць і добра абмеркаваць наступны крок. Замест таго Віктар зусім без ніякае развагі ўстаў і пайшоў.
    Каля гадзіны пятай па абедзе, зрабіўшы кіламетры найменш чатыры, пабачыў ён воддаль нейкую вёску й туды накіраваўся. Здавалася, што яму зусім не рабіла розніцы, ці там будуць немцы, ці хто іншы. I толькі падышоў да
    першае хаты, як прымеціў нямецкага жаўнера з біноклямі ў руках. Гэты цэлы час немец сачыў за Віктарам і чакаў ягонага прыбліжэння. Уцякаць не было куды, дык Віктар абыякава накіраваўся ў хату. Там былі тры дзяўчыны ў школьным веку й старая, што, як здалося Сянкевічу, была іхняй маткай. Першае, што спытаўся Віктар, гэта — ці далёка былі «Aniericains». Яму адказалі, што амерыканцы былі зусім недалёка, што фактычна тут цяпер прабягала нямецкая франтавая лінія — самыя перадавыя пазіцыі. Віктар папрасіў есці, й яму адно паспелі даць два яблыкі, як у хату ўваліліся тры немцы: два радавыя й адзін падафіцэр. Радавыя ўміг схапілі Сянкевіча за рукі, а падафіцэр стаў крычаць на ўсю глотку:
    — Ты, пракляты «швайнэгунд»! Ты думаеш, што ты раз уцёк ад нашых, што цябе не застрэлілі, дык ізноў уцячэш?! Ты пракляты «унтэрмэнш», дэзерцір! Марш! Застрэліць яго зараз жа, як сабаку!
    Адзін з жаўнераў пры гэткіх падафіцэравых словах ляснуў замком.
    — He тут! He тут! Du verfluchte Mensch!* Вядзі на двор ды адыдзіся якіх метраў пяцьдзесят ад будынкаў.
    — lawohl, Herr Feldvebel!**— гаркнуў адзін з жаўнераў, а Сянкевіч, папхнуты магутным штуршком руля ад стрэльбы, ледзь носам не занурыў каля парога.— М-ааар-р-р-рш! — крыкнуў ззаду немец. Калі Віктар кінуў вокам навокал, выйшаўшы з хаты, у яго не было найменшай надзеі на ратунак. Нідзе ані кусціка, ані дрэўца — вялікі роўны луг. Тут каб і ўцякаць пачаў, каб і страусавы ногі меў, дык цяжка лічыць было на поспех. Але дапамога прыйшла, адкуль Сянкевіч зусім яе не спадзяваўся. Адышліся не больш як метраў трыццаць; Віктар — ідучы наперадзе, а два немцы ззаду. Раптам навокал пасыпаліся снарады.
    — Hinliegen!***— крыкнулі абодва немцы й прылеглі да зямлі.
    Сянкевіч, з маланкавай хуткасцю пастанавіўшы выкарыстаць момант, прасіў Бога, каб дадаў сілы ў нагах. Ён нырцом кінуўся праз узрывы й енк снарадаў. Толькі пасля Віктар меркаваў, што амерыканцы, пабачыўшы, як два немцы вялі нейкую цывільную асобу на расстрэл, наўмысля
    ♦ Ты, пракляты! (ням.)
    ** Слухаюся, гер фельдфебель! (ням.)
    ♦** Кладзіся! (ням.)
    адкрылі агонь з мінамётаў. Так і не спасцярог, што сталася з двума жаўнерамі, якія мелі быць ягонымі экзекутарамі — ці засталіся ляжаць, ці даганялі, ці былі пакалечаныя амерыканскім агнём. Адышоў кіламетры тры ў кірунку гор. Быў у такім стане фізічнага й духоўнага напружання, што ўсё навокал пачало здавацца яму паўрэальным. Два разы стаяў на парозе смерці й выратаваўся. Сведамасць адмаўлялася гэтаму верыць. Заміж таго, каб цяпер узяць нейкія меры асцярожнасці, каб зрабіць выснавы, паставіць тую кропку над «і», Сянкевіч, быццам наўмысля, яшчэ раз выклікаў на выпрабаванне свой лёс. Тое, што з ім нядаўна два разы сталася, выдавалася яму па-за межамі ўсялякай заканамернасці, рэальнасці, нават логікі. Быццам учадзеяы, колішні менскі кадэт цяпер зусім, як кажуць, не шманаў, што з ім далей будзе. Ішоў наперад і не ведаў куды, быццам у імгле...
    На падыходзе да ракі перад Віктарам раптоўна вырасла зялёная замурзаная фігура старога жаўнера.
    — Гальт! — крычаў немец.— Куды йдзеш?
    Удаючы маладога француза, што крыху ведае нямецкую мову, Віктар тлумачыў немцу, што амерыканцы разбілі ягоную вёску, забілі сваякоў і што ён проста ўцякае ад небяспекі. Стары, здаралася, паверыў, тым больш што нядаўна бачыў пажар у тым кірунку, адкуль з’явіўся Сянкевіч. Ён не толькі не затрымаў хлапца, але яшчэ перасцярог яго, сказаўшы, што той ходзіць па самай лініі фронту. Віктар падзякаваў старому й пайшоў да рэчкі. Была гэта рака Дуб, у гэтым месцы даволі шырокая. Доўга не думаючы, Віктар кінуўся ў ваду й перабраўся на другі бок. Невядома чаму здавалася яму, што ўжо ніякая небяспека аднікуль не пагражала.
    Там-сям уздоўж рачной даліны чуваць былі стрэлы, недзе ў гарах сакатала аўтаматычная зброя. Віктар, сеўшы пад дрэвам, распрануўся, павыкручваў ваду з вопраткі, павыліваў яе з чаравікаў. Адпачываў мо паўгадзіны, пасля пайшоў пад горы. Заглыбіўся ў гушчар лесу і, прымасціўшыся сяк-так пад кустом, заснуў. Ноччу прачынаўся ад грукату артылерыі, што была вельмі актыўнай. Падпоўзшы пад вялізны дуб, прасядзеў там да абеду наступнага дня.
    Устаўшы, пайшоў шукаць яды. 3 другога боку гары знайшоў некалькі дзічак-ігруш і так добра «паабедаў». Калі артылерыя зусім сціхла, Сянкевіч зноў наважыўся йсці шукаць недзе прытулку. Адылі гэтым разам юнак
    цвёрда пастанавіў трымацца воддаль ад будынкаў, перш асачыць, ці няма немцаў. Калі з узбочча гары заўважыў хаты, наважыў завярнуць назад і абгледзець лепш ваколіцу. Скруціўшы направа, зрабіў пару кіламетраў і наткнуўся на пустыя нямецкія акопы. Усё паказвала на тое, што тут нядаўна было войска й што наспех адсюль уцяклі. Параскідваныя навокал валяліся шлемы, шынялі, кацялкі, амуніцыя. У адным месцы знайшоў Віктар кавалак размяклага хлеба, які спажыў з вялікім смакам.
    Адышоўшы крыху ад акопаў, ён наткнуўся на вялікую яму. Пачаў шукаць у памяці й прыгадаў старога маскаля, які некалі расказваў пра яму, у якую трэба было б уцякаць на выпадак небяспекі. Гэта ж і была тая яма, каля якой знаходзілася некаторы час уся група Грамыкі. Віктар прыгледзеўся ўважней і нават распазнаў некаторыя раней знаёмыя месцы. Калі так, то побач і была тая вёска, што на працягу колькіх дзён утрымоўвала харчамі Грамыкавых людзей.
    Да вушэй Віктара Сянкевіча дабеглі нейкія зусім новыя, даўно ўжо нячутыя ім гукі: вясёлы смех і спеў дзяўчат, радасны гоман, шум матораў... Хлапец меркаваў, што ў вёсцы, напэўна, ужо ёсць амерыканцы, й неадкладна туды накіраваўся. Наваколле было зрытае бомбамі. Пад дрэвамі зусім неспадзявана Віктар спасцярог француза, які, седзячы, здаецца, драмаў, з аўтаматычным пісталетам на жываце, і якога распазнаў як колішняга шэфа, што апекаваўся групай Грамыкі.
    — Monsieur!*— гукнуў Віктар. Той ускочыў, быццам падпалены агнём, наставіўшы на Віктара аўтамат.
    — Alleniagne?**
    — No, non Alleniagne!***— станоўка й шчыра запярэчыў аброслы барадой, аблеплены балотам, галодны юнак. Француз не мог прыгадаць Віктара, калі той стараўся давесці, што ён належаў некалі да групы беларусаў, якімі апекавалася суседняя вёска й гэты самы «мусье». Недзіва, бо раней чалавек быў у нямецкай вайсковай вопратцы, а цяпер — у цывільнай. «Мусье» завёў Віктара ў крайнюю хату да маладой жанчыны й папрасіў, каб накарміла яго. Віктар чакаў хвілін пятнаццаць. На стале з’явіўся белы хлеб, а да яго — яечня, віно, фрукты. Галодны й фізічна
    * Месье! (франц.)
    ** Немец? (франц.)
    *** He, не немец! (франц.)
    зусім вычарпаны юнак не ведаў, на што перш кінуцца. Выпіў шклянку віна й адразу асалавеў. Страўнік, што да гэтага часу працаваў на слімаках і дзічках, быў зусім збянтэжаны ад прыплыву чырвонай вадкасці, што давала ўздым і цеплыню.
    Добра пад’еўшы, Віктар аж па пояс згінаўся ў падзяках шчодрай гаспадыні. Яна перадала госця ў рукі карлаватаму, з вялікім кругленькім пузам, старэйшаму дзядзьку, што, здавалася, не ішоў на кароценькіх ножках, а каціўся, быццам бочачка. Той павёў Сянкевіча да амерыканцаў, якіх была поўная вёска. «Джып», зрабіўшы пару кіламетраў, затрымаўся перад вялікім будынкам, ранейшай школай. Адчыніўшы дзверы, Віктар убачыў вялікую грамаду дарагіх людзей — усіх сяброў з групы Грамыкі. Кінуліся вітацца й цалавацца. Сыпаліся пытанні й урывістыя адказы. Кастусь Дзежка прытуліў Віктара, быццам роднага брата. Калі ўсё навокал сунялося, яму першаму апавядаў Сянкевіч на працягу пару гадзін, як немцы ніяк не маглі яго застрэліць...
    Амаль усе сябры з групы Грамыкі даўно былі пэўнымі, што Віктар Сянкевіч падарожнічае дзесь на іншым свеце...
    V
    На наступны дзень транспартныя машыны павезлі групу Грамыкі на захад. Праехаўшы некалькі кіламетраў, амерыканцы выладавалі людзей каля паўразбуранай фермы. Непадалёк знаходзіўся вайсковы абоз і склады. Калі ўсю групу завялі ў хлеў, высланы свежай саломай, і сказалі, што ад гэтага часу ён будзе з’яўляцца для іх жыллёвым памяшканнем, калі навокал паставілі канвойных, калі беларусы даведаліся, што ад заўтрашняга дня пачнуць працаваць з рыдлёўкамі, як магільшчыкі, расплюшчыліся ў былых менскіх кадэтаў вочы.
    — Гэта здрада! Гэта праклятыя макісы нас, як палонных, амерыканцам аддалі! — жаліўся адзін.
    — Вось табе й хаўруснікі! Ты бачыў такую нечысць, што зрабілі! — падтрымліваў другі.
    — Нам не трэба было зброі аддаваць. Дурніцу зрабілі. Гэта Грамыка ўсё вінаваты, вось што!
    — I што б ты рабіў з той зброяй, калі б не аддаў французам? Ваяваў бы з імі й амерыканцамі?
    — Я, братцы, плюю на гэткіх хаўруснікаў. Гэта проста сволач, дый годзе!
    — I толькі падумайце сабе: прыйшлі самі да іх са зброяй у руках. Разам нядолю дзялілі, а яны вось што... Гэта самая звычайная подласць. Цьфу!
    — Як яны маглі нас так аддаць, быццам сваіх палонных?
    Гнеў быў усеагульны. Нянавісць.да макісаў узрастала. Колішнія кадэты з Менска не надта ведалі, чаго яны чакалі ад хаўруснікаў. Кожны меркаваў, што будуць з імі амерыканцы лічыцца, як з хаўруснікамі, што, мабыць, пусцяць як вольных людзей, што атрымаюць магчымасць выбараў далейшых шляхоў у жыцці. Ніхто не спадзяваўся, што здраджаныя французскімі макісамі, перададзеныя амерыканцам, як быццам палонныя, апынуцца ў нейкім хляве, каб займацца пахаваннем трупаў на суседнім могільніку... Гэтага аніяк ніхто не спадзяваўся.